Вы тут

Усе фарбы жыцця — праз прызму белага і чорнага,


або Два колеры дзёрзкай маладосці.

«Преподаватель Найден». Такі подпіс можна пабачыць пад імёнамі студэнтаў-дызайнераў, калі апошнія здаюць на праверку свае працы. Зрэшты, на занятках у Руслана Найдзена — выкладчыка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — можна знайсці не толькі яго самога, але і новыя магчымасці светабачання. Нядаўна ў Музеі сучаснага мастацтва прайшла выстава студэнцкіх работ, у якіх першакурснікі асэнсоўвалі вечныя пытанні з дапамогай аркушаў белай і чорнай паперы. Экспазіцыя, прысвечаная 100-годдзю УНОВІСа («Сцвярджальнікі новага мастацтва»), створанага ў Віцебску Казімірам Малевічам авангарднага мастацкага аб'яднання, вымушала да разваг. І аўтараў, і наведвальнікаў.

10-25

Мы вырашылі сустрэцца з тым самым выкладчыкам, што прымушае студэнтаў думаць і сам выдумляе праекты кшталту «Белае Чорнае. Black Whіte».

— Скажыце, як ідэі «Сцвярджальнікаў новага мастацтва» і работы сучасных студэнтаў з кафедры графічнага дызайну змаглі аб'яднацца ў адзін праект?

— УНОВІС быў даволі бунтарскім праектам, і сёння, калі адсутнічае дыстанцыя паміж выкладчыкам і аўдыторыяй, сумесны занятак таксама ператвараецца ў арт-працэс. Студэнт захапляецца, і язык не паварочваецца называць яго работы «вучэбнымі». Гэта закончаны твор, які з поўным правам можа выйсці за сцены навучальнай установы.

[caption id="attachment_100162" align="alignnone" width="600"]10-26 «Мер­ка­ван­няў шмат, а іс­ці­на ад­на». Аў­тар Ма­рыя Кі­рыль­чык.[/caption]

— Праект анансаваны як штогадовы. Гэта азначае, што плануюцца яшчэ выставы?

— Увогуле гісторыя з праектам даволі дзіўная. У 2008 годзе ў вучэбным раскладзе на першым курсе з'явіўся новы прадмет «Плакат». Я лічу гэтую дысцыпліну складанай і для першага курса непрыдатнай, бо трэба асвоіць камп'ютар, фатаграфію, шрыфт, экспазіцыю, колеразнаўства, іншымі словамі, усё тое, чым першакурснікі валодаць ніяк не маглі. І вось тут прыйшла ідэя дадаць у занятак элемент гульні: на прыёме кантрасту паміж чорным і белым візуалізаваць нейкую думку. Студэнты атрымалі заданне і два аркушы паперы, хоць я сам яшчэ не ведаў, ці атрымаецца з гэтай задумы што-небудзь. І здзівіўся, калі першакурснікам такая праца спадабалася, яны пачалі прапаноўваць ідэі, спрачацца і аналізаваць. Гэта было цікава, бо нават адарваўшы кавалак аркуша, можна было стварыць нейкі вобраз. У выніку шэсць гадоў мы эксперыментавалі. Сабралася цэлая калекцыя — 54 работы, і я адчуў, што гэта гатовы праект, які можна паказаць. На экзаменацыйных праглядах работы бачаць толькі выкладчыкі, а праз выставу яны «выйшлі» да іншых гледачоў.

Першай выставай была «Белае Чорнае» — работы першакурснікаў перыяду 2008—2015 гадоў. Другі курс працаваў у гэты час над «Шрыфтавым плакатам», трэці — проста над «Плакатам». Чацвёрты займаўся такімі цікавымі праектамі, як «Яйка» і «Арт-упакоўка». Студэнты ператварылі яйка памерам 50х70 міліметраў са шкла, дрэва, пластмасы ў твор мастацтва і прыдумлялі ўпакоўку, па знешнім выглядзе якой можна здагадацца, які прадмет пакладзены ўсярэдзіну. Пяты курс займаўся «Візітнай карткай». Плануецца, што ўсе гэтыя шэсць праектаў будуць праходзіць па адным на год. Такім чынам, у кожнага пакалення вучняў будзе свая выстава. Апошняя адбудзецца ў 2019 годзе, калі будзе адзначацца 100-гадовы юбілей УНОВІСа. Спадзяюся, усё атрымаецца.

— Калі глядзіш на плакаты, іх хочацца назваць сацыяльнымі. Перадаць праз пэўны вобраз СНІД, адзіноту, вайну, суіцыд — ці не занадта складаная задача для першакурснікаў?

— У многіх работах, сапраўды, відаць сацыяльны кантэкст. Паўтаруся, брацца за плакат трэба на трэцім курсе. Тады, з улікам атрыманых ведаў, ён будзе выкананы па ўсіх правілах. А вось гульня ў «Белае Чорнае» лепш падыходзіць якраз для першага курса, калі студэнт яшчэ малады, нявопытны, дзёрзкі, мае жаданне ствараць нешта новае і пераварочваць асновы. Выказаць праз два колеры рэчы, з якімі мы так ці інакш сутыкаемся, — гэта якраз для іх.

[caption id="attachment_100163" align="alignnone" width="600"]10-27 "Гэ­та жыц­цё". Аў­тар На­стас­ся Мяс­ні­ко­ва.[/caption]

— Вы неяк казалі, што не абмяжоўвалі навучэнцаў у творчасці. Можна было ўзяць сподачак, наліць туды фарбы...

— І мазануць па паперы. Зрэшты, некаторыя так і рабілі.

— І ўсё ж, што больш важна ў малюнку: як яго можна зразумець з першага позірку, ці тое, як гэты малюнак можна патлумачыць, прычым часам толькі з дапамогай дадатковай падказкі?

— Калі мы толькі распачыналі працу, я казаў: «Сябры, прыёмы могуць быць самыя розныя: графіка, шрыфты, аплікацыя, малюнак і нават метад жывапісу. Але дамінантай заўсёды будзе сэнс, дакладней, яго расшыфроўка». Ёсць такія работы, дзе наогул дваістае чытанне, але ж у тым іх і вартасць, калі аўтар пакідае месца для разваг. З ім, аўтарам, можна нават не згаджацца...

— А вы часта не згаджаецеся з прапановамі студэнтаў?

— Імкнуся выступаць на занятках у ролі апанента. Калі не падабаецца нешта ў прапанаванай ідэі, заўсёды тлумачу, чаму яна здалася мне недакладнай альбо некарэктнай. У такіх спрэчках мы вучымся адно ў аднаго. І ў гэтым уся інтрыга і кайф, калі студэнт прыносіць работу і відаць, што з ёй можна зрабіць далей. Вядома, прасцей сказаць у лоб: «Робім так і так», але ж цікава даваць падказкі і назіраць, як вучань сам «выруліць» да новай ідэі.

— Побач, а то і на самім плакаце ёсць подпіс у выглядзе выслоўя або цытаты. Гэта таксама вобразатворны ход? Наогул, ці патрэбны візуальнаму вобразу тлумачальны подпіс?

— Вельмі важны момант, калі да работы ёсць тэкставы каментарый. Многія з іх студэнты бралі з інтэрнэту. Цікавыя фразы станавіліся цудоўнай тэмай для візуалізацыі. Зрэшты, пошукі былі толькі ўступнай часткай, потым пачыналася выяўленчае ўвасабленне слоў у вобраз. Не дзіўна, што некаторыя плакаты, калі не даць ім каментарыя з фразы-першаасновы, ператвараюцца ў рэбус.

— Падзяліцеся назіраннямі: у якіх жыццёвых «фарбах» студэнты бачаць свет вакол сябе?

— Наконт студэнтаў-першакурснікаў можна сказаць, што яны надзвычай сталыя для сваіх гадоў. Яны здатныя разважаць і мысліць, вылучаць сур'ёзныя і глыбокія рэчы, а потым ствараць па-сапраўднаму класныя работы. Успамінаю сябе ў іх узросце і здаецца, што мне тады яшчэ падобныя думкі ў галаву не прыходзілі. Студэнты ўдзельнічаюць у конкурсах, напрацоўваюць вопыт і загадзя плануюць кар'еру. Хоць маладосць усё ж бярэ сваё: яны імклівыя, жадаюць апярэджваць усё, што павінна рухацца сваім шляхам, у тым ліку і вучэбны працэс.

— Большасць ідзе на дызайн, бо прэстыжна, ці па «голасе сэрца»?

— Часам з першага ж занятку адчуваеш — студэнт «загарэўся». А іншых даводзіцца цягнуць, падбадзёрваць, а то і прымушаць. Аднак лічу, што за пяць гадоў вучобы любоў да прафесіі абавязкова з'явіцца.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.