Вы тут

Сяргей Грыцавец. Майстар сакалінага ўдару


...Чэрвеньская раніца. Вялікі, чырвоны шар сонца паволі выпаўзае з-за сопак. Вузкая, звілістая стужка ракі ў высокіх берагах ярка блішчыць, блікуе ў яго промнях. Цішыня, якая панавала да гэтага моманту, раптам узарвалася. Шматгалосае стракатанне запоўніла сабой усё неба. Дзявятка шэра-зялёных самалётаў з чырвонымі зоркамі на крылах імкліва пранесліся над поймай Халхін-Гола на ўсход, насустрач сонцу.

16-2

Эскадрыллю савецкіх знішчальнікаў І-153 вёў маёр Сяргей Грыцавец. Гэта былі зусім новыя самалёты, яны толькі-толькі паступілі на ўзбраенне палка. Лётчыкі назвалі іх «чайкамі» — праз кароткія насы, падобныя на дзюбы гэтых шумных, галасістых птушах. Але гэта былі птушкі іншага кшталту: праведзеныя выпрабаванні паказалі, што ў савецкіх лётчыкаў з'явілася магчымасць атрымаць па ўсіх мерках выдатны знішчальнік. Самалёт валодаў цудоўнай хуткасцю набору вышыні (на 5 кіламетраў забіраўся ўсяго за 6 хвілін) і рэкордным часам віражу (8 секунд). На вышыні 3 кіламетраў лёгка разганяўся да хуткасці 350 км/г, што хоць і не з'яўлялася рэкордныя паказчыкам, але для вядзення бою было больш чым дастаткова. Да гэтага ў зоне канфлікту ўдзельнічалі лёгкія аднаматорныя знішчальнікі І-16. Іх называлі «ішачкамі» — назва таксама красамоўная. Але справа не ў гэтым.

Ужо ў першым баявым вылеце на «чайках» Грыцавец вырашыў пайсці на хітрыкі. Яго эскадрылля наблізілася да групы японскіх знішчальнікаў з... непрыбранымі шасі: так ляталі толькі ціхаходныя «ішачкі» — гэта ўсе ведалі. У «чаек» шасі прыбіралася, што дабаўляла ім хуткасці і манеўранасці. Японцы ж з такімі самалётамі яшчэ не сустракаліся: яны самаўпэўнена ўступілі ў бой. Перад атакай шасі «чаек» былі прыбраны, японцы заўважылі гэта, але было ўжо позна. Дзявятка Грыцаўца з першага ж заходу збіла чатыры варожыя І-97, астатнія рассыпаліся хто куды.

У кожным баявым вылеце групу «чаек» узначальваў Сяргей Грыцавец, і кожны раз яна выходзіла пераможцай. У тым ліку і 25 жніўня 1939 года, калі напружаныя баі разгарнуліся як на зямлі, так і ў паветры. Сем па-сапраўднаму гарачых паветраных сутычак завязаліся ў той дзень. У адной з іх бралі ўдзел больш за 200 савецкіх і японскіх самалётаў. Бой разгарнуўся на вышыні шасці тысяч метраў: над далінай ракі раўлі маторы, грымелі кулямётныя чэргі, падалі ўніз падбітыя самалёты. І ў гэтым калаўроце вылучалася «чайка» Сяргея Грыцаўца.

У разгар бою лётчык заўважыў, як да хваста машыны яго таварыша Леаніда Арлова прыстроіўся японскі знішчальнік. Наш лётчык, захоплены атакай, не бачыў гэтага, і тады Сяргей пайшоў у лоб на японца. Той не вытрымаў сустрэчнай атакі і ўзняўся ўверх. Грыцавец даў кароткую прыцэльную чаргу. Варожы пілот кінуў сваю машыну на гэты раз у крутое піке, прыкінуўся, што падбіты і падае. Хітрыкі не прайшлі, яны былі добра знаёмы Грыцаўцу яшчэ па баях у Іспаніі. Яго машына імкліва нырнула ўніз за самураем, дагнала яго і з блізкай адлегласці расстраляла. Японскі знішчальнік, не выходзячы з піке, урэзаўся ў пясчаны бархан.

У баях у раёне ракі Халхін-Гол Сяргей Грыцавец збіў 12 японскіх самалётаў і давёў колькасць сваіх паветраных перамог да 42...

Але ўсё гэта было значна пазней. А 1 жніўня 1936 года малады ваенны лётчык у новенькай форме са скрыпучымі рамянямі і невялікім фанерным чамаданчыкам у руцэ, стоячы на прыпынку, чакаў, калі падыдзе трамвай №13, або, як яго тут называлі, «авіяцыйны», каб ехаць з вакзала «Адэса-Галоўная» ў бок Люстдорфа — прыморскай дзіцячай кліматычнай станцыі. Надыходзіў яшчэ адзін спякотны дзень, але раніцай пакуль не прыпякала, і лётчык адчуваў сябе бадзёра і лёгка, з асалодай удыхаў свежае і вільготнае марское паветра. Настрой быў выдатны.

Вагон, амаль парожні ў такі ранні час, прыняў самотнага пасажыра, з грукатам пабег па пустых вуліцах, засаджаных каштанамі ўперамешку з субтрапічнымі пальмамі. Перад Люстдорфам трамвай павярнуў на Ульянаўку і спыніўся недалёка ад кантрольна-прапускнога пункта авіяцыйнай школы. Сяргей Грыцавец, а гэта быў ён, выйшаў з вагона. Чуліся родныя гукі аэрадрома...

[caption id="attachment_100986" align="alignnone" width="600"]16-1 С.І. Грыцавец і выратаваны ім ка­ман­дзі­р 70-га зні­шчаль­на­га авія­пал­ка ма­ё­р В.М. За­ба­лу­е­ў.[/caption]

Ядром адэскай школы найвышэйшага пілатажу была авіяцыйная эскадрылля спецыяльнага прызначэння. Таленавітыя кадравыя лётчыкі ВПС Чырвонай Арміі пад кіраўніцтвам вопытных інструктараў-метадыстаў адточвалі тут майстэрства вядзення паветранага бою, павышалі меткасць паветранай стральбы, словам, авалодвалі поўным курсам прымянення ў баі найноўшага самалёта — знішчальніка І-16. Грыцавец з кожным днём лятаў усё больш упэўнена, адпрацоўваў прыдзірліва і старанна кожны манеўр. І чым больш лятаў, тым больш строга ставіўся да сябе, таму што ведаў: толькі так можна стаць уладаром неба, а быць у небе выпадковым чалавекам ён не хацеў... Наогул, трыццатыя гады беспамылкова можна назваць «крылатымі». Акрамя таго, што з'явіліся першыя Героі, савецкія лётчыкі здзейснілі працяглыя замежныя палёты: іх сустракаў увесь свет. Краіна любіла сваю авіяцыю, ганарылася ёю. Хлапчукі, ледзьве навучыўшыся трымаць аловак, малявалі самалёты, ведалі, чым адрозніваюцца легендарныя «АНТы» ад гіганцкіх «Максімаў Горкіх», бегалі з урокаў на кінафільмы «пра лётчыкаў», будавалі ў дамах піянераў мадэлі лятаючых машын, запісваліся ў авіяклубы, вучыліся лятаць на планёрах, як толькі падрасталі. А стаўшы «чырвонымі авіятарамі», з усіх сіл даказвалі, што ім давяраюць, што на іх спадзяюцца недарэмна. Яны разумелі, што час выпрабаванняў набліжаецца імкліва.

Да канца ліпеня 1936 года ў Адэскую школу паветранага бою з'ехалася большасць лётчыкаў-знішчальнікаў першага набору.

Сяргей пісаў у Маскву брату Івану:

«З 1 жніўня я знаходжуся ў Адэсе і вучуся ў школе. Між іншым, вельмі добра даюць тэорыю. Лятаю на новым знішчальніку. Працаваць даводзіцца вельмі шмат: з сямі гадзін працоўны дзень і ў пазашкольны час займаемся да 1-2 гадзін ночы. Наша вучоба, аказваецца, разлічана на год, а кажуць яшчэ так, што пры ўзмоцненых тэмпах вучобы скончым школу за 6-8 месяцаў. Гэта было б вельмі добра. Калі так будзе, то Галя на гэты час застанецца жыць у маці, праўда, сумнавата будзе паасобку жыць, але нам з ёй не прывыкаць. Вось так справа ідзе ў нас. Пакуль усяго добрага. Твой брат Сярожа».

Пасля заканчэння школы Грыцавец служыў у розных авіяцыйных часцях. У званні старшага лейтэнанта выконваў абавязкі камандзіра звяна 8-й Адэскай школы пілотаў Кіеўскай ваеннай акругі, рыхтаваў да паветраных баёў у тым ліку і іспанскіх лётчыкаў-рэспубліканцаў, а сам пісаў рапарты з просьбай накіраваць яго ў Іспанію, якая змагалася з фашызмам. Нарэшце, у чэрвені 1938 года ён з замежным пашпартам на імя Горава Сяргея Іванавіча ў складзе групы з 34 лётчыкаў-добраахвотнікаў уступае ў шэрагі рэспубліканцаў.

ДАВЕДКА. У чэрвені 1936 года ў Іспаніі ўспыхнуў ваенны мяцеж супраць рэспубліканскага ўрада, яго ўзначаліў генерал Франка. Пачалася грамадзянская вайна. Дапамогу франкістам аказалі Германія, Італія, Партугалія, некаторыя іншыя дзяржавы. На дапамогу рэспубліканцам прыйшлі добраахвотнікі з 50 краін свету, у тым ліку больш за 160 лётчыкаў з Савецкага Саюза. У Іспаніі ўпершыню сутыкнуліся погляды на тактыку прымянення ВПС двух галоўных праціўнікаў у Другой сусветнай вайне — СССР і Германіі. Камандаванне люфтвафе разглядала грамадзянскую вайну ў Іспаніі як добрую магчымасць выпрабаваць авіятэхніку. Гэтая задача была ўскладзена на лётчыкаў так званага Легіёна Кондар і Вернера Мёльдэрса — галоўнага распрацоўшчыка «новай тактыкі» нямецкай знішчальнай авіяцыі. Такую ж задачу ставіла перад сабой і камандаванне савецкіх ВПС. Удзельнічаючы ў баявых дзеяннях, як казаў камкар Якаў Смушкевіч, «мы змаглі праверыць нашых людзей, праверыць матэрыяльную частку і, галоўным чынам, паглядзець, што з сябе ўяўляе вораг, праціўнік, з якім нам давядзецца біцца».

За 116 дзён знаходжання на іспанскай зямлі камандзіру эскадрыллі знішчальнікаў С.І. Грыцаўцу давялося ўдзельнічаць у 57 паветраных баях. Там яго называлі псеўданімамі «Серхіа» і «Камандор Серж».

У баях з варожай авіяцыяй у няроўных умовах, калі часцяком суадносіны паміж рэспубліканскімі і франкісцкімі самалётамі былі 1:5, ён прыйшоў да пераканання, што адзіна правільнай тактыкай барацьбы можа быць толькі групавы «сакаліны ўдар» — раптоўная атака ворага ўсёй эскадрылляй зверху, ззаду, збоку.

14 жніўня 1938-га група самалётаў, якой ён камандаваў, упершыню ў паветраным баі выкарыстала гэты новы тактычны прыём. Удар быў настолькі нечаканым і ашаламляльным для ворага, што непрыяцельская група страціла кіраванне. На зямлю ўпала некалькі варожых машын, ахопленых полымем. Група Грыцаўца ў поўным складзе вярнулася на аэрадром.

Усяго ў небе Іспаніі Сяргей Грыцавец здзейсніў 88 баявых вылетаў з агульным налётам 115 гадзін, у 42 (па іншых даных у 24) паветраных баях збіў 30 самалётаў саперніка (6 асабіста і 24 у складзе групы). Лётчыкі групы пад яго кіраўніцтвам збілі 85 самалётаў. Вестка аб адным з яго баявых вылетаў абляцела ўвесь свет... Паветраны бой з нямецкімі і італьянскімі асамі завязаўся ў даліне ракі Эбро над пазіцыямі корпуса Лістэра, на назіральны пункт якога ў той дзень былі запрошаны іспанскія і замежныя журналісты.

[caption id="attachment_100987" align="alignnone" width="600"]16-18 Маршал Харлагійн Чойбалсан уручае Сяргею Грыцаўцу мангольскі ордэн Баявога Чырвонага Сцяга.[/caption]

Лінію фронту перасеклі 60 бамбардзіроўшчыкаў франкістаў. Яны ўпэўнена ішлі на Мадрыд. Але іх стройныя рады парушыліся адразу ж пасля таго, як іх атакавала група знішчальнікаў Грыцаўца. Сам ён з першай атакі заваліў флагманскі самалёт. З блізкай адлегласці ўдарыў прыцэльнай чаргой спачатку па правым маторы «юнкерса», потым па кабіне лётчыка. Бамбардзіроўшчык клюнуў носам, заваліўся на бок і падставіў пад удар крыло. А пасля яшчэ чатыры пылаючыя варожыя самалёты паляцелі да зямлі. І хоць савецкіх І-15 і І-16 было два звяны, пілоты «юнкерсаў», развярнуўшыся, пачалі ліхаманкава кідаць бомбы, прычым і на пазіцыі франкістаў, абы хутчэй паляцець. А «кірпатыя» і «мошкі» — «чатас» і «москас», як з сімпатыяй называлі іспанцы знішчальнікі І-15 і І-16, — працягвалі насядаць, збіўшы ў наступных нападах яшчэ пяць «юнкерсаў». На наступны дзень бамбардзіроўшчыкі франкістаў яшчэ раз паспрабавалі прарвацца да горада, але, страціўшы чатыры самалёты, зноў былі вымушаны рэціравацца. І ў гэты раз шлях ім перарэзала група Сяргея Грыцаўца. Лётчыка, які атрымаў баявое хрышчэнне ў небе Іспаніі ў самы напружаны перыяд баявых дзеянняў, у 1938-м, калі ў коле аблогі быў ужо і Мадрыд, і які ў лічаныя дні стаў вядомым асам.

Аб гэтай няроўнай сутычцы цэнтральная газета іспанскіх камуністаў «Мунда Абрэра» паведамляла: «Сяргей, адважны пілот Рэспублікі, верны воінскаму абавязку, гераічна змагаючыся, за адзін баявы вылет збіў 7 (сем!) фашысцкіх самалётаў (з іх 5 «фіятаў» CR-32), але і яго машына была сур'ёзна пашкоджана».

Пра гэта пісалі і многія замежныя газеты. Сярод іх — англійская «Дэйлі Ньюс», карэспандэнт якой назіраў паветраны бой і нават здолеў даведацца сапраўднае імя «камарада Сяргей». Газета выйшла з кідкім загалоўкам: «Рускі лётчык Сяргей Грыцавец — чалавек дзівоснай адвагі».

Асабліва вызначыўся Сяргей Грыцавец у заключных і самых цяжкіх баях за Эбро, дзе немцы выкарыстоўвалі доследныя «месеры», узброеныя гарматамі, якія значна пераўзыходзілі І-16 у хуткасці. Толькі за 20 дзён жніўня 1938-га савецкімі і іспанскімі лётчыкамі былі збіты 72 варожыя самалёты.

У адным з баёў 13 жніўня 1938 года ў пары з іспанскім лётчыкам сяржантам Луісам Маргалефам Грыцавец падбіў і прымусіў прызямліцца на рэспубліканскай тэрыторыі новы нямецкі бамбавік Не-111, чый экіпаж быў узяты ў палон.

18 жніўня 1938 года — у Дзень авіяцыі — ён збіў 2 італьянскія «фіяты». Са сваімі лётчыкамі Грыцавец часам залятаў без кіслародных прыбораў на вышыню да 7 кіламетраў, каб адтуль абрынуць удар на праціўніка.

Апошні раз пілоты групы Сяргея Грыцаўца ўдзельнічалі ў баі 15 кастрычніка 1938-га, калі было паднята ў паветра адразу каля 100 рэспубліканскіх самалётаў у складзе 7 эскадрылляў. Тады над ракой Эбро ў напружанай паветранай сутычцы сумеснымі намаганнямі савецкіх і іспанскіх лётчыкаў былі збіты 8 самалётаў праціўніка. Нашы страты склалі 3 самалёты (усе лётчыкі выратаваліся на парашутах).

Аднак да часу заканчэння 113-дзённай бітвы за Эбро, з 34 савецкіх лётчыкаў, якія прыбылі разам з Грыцаўцом у чэрвені 1938-га, засталося ў страі толькі сямёра.

22 лютага 1939 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прыняў Указ, у якім гаварылася аб тым, што за ўзорнае выкананне спецыяльных заданняў урада па ўмацаванні абароннай моцы Савецкага Саюза і праяўленыя пры гэтым асабістую мужнасць і адвагу старшаму лейтэнанту С.І. Грыцаўцу прысвойваецца званне Героя Савецкага Саюза. Сам Міхаіл Іванавіч Калінін уручыў Грыцаўцу Грамату аб прысваенні гэтага высокага звання. Варта адзначыць і той факт, што капітанам Сяргей Грыцавец ніколі не быў: са старшага лейтэнанта ён стаў адразу маёрам (адбылося гэта акурат 31 снежня 1938 года).

Адмовіўшыся ад прапанаванай пасады начальніка Барысаглебскай ваеннай авіяцыйнай школы пілотаў, ён накіроўваецца ў страявую часць на Далёкі Усход.

У поўную сілу моцныя бакі характару і лётнага майстэрства Сяргея Грыцаўца выявіліся і ў небе Халхін-Гола летам 1939 года: вокамгненная знаходлівасць, вострая назіральнасць, пачуццё таварыскай выручкі, віртуознае валоданне тэхнікай пілатавання.

ДАВЕДКА. 28 мая 1939 года Японія пасля захопу часткі Кітая і ўтварэння на гэтай тэрыторыі марыянеткавай дзяржавы Маньчжоў-Го падвяла свае войскі да межаў Мангольскай Народнай Рэспубліка і пачала ваенныя дзеянні ў раёне ракі Халхін-Гол. Савецкі Саюз, выконваючы Пратакол аб узаемнай дапамозе паміж СССР у МНР 1936 г., па просьбе мангольскага ўрада увёў свае войскі ў рэспубліку і пачаў ваенныя дзеянні. Японская авіяцыя да таго часу сваімі налётамі разграміла вядомыя ёй аэрадромы на тэрыторыі МНР, дзе было спалена шмат савецкіх самалётаў. На чале японскай авіяцыі тады стаяў адзін з вядомых асаў Марымота. З японскага боку ў паветраных баях прымалі ўдзел знішчальнікі Накадзіма AN-1 і «боінг-281» (ліцэнзійны варыянт амерыканскага самалёта). Потым у бой былі ўведзеныя найноўшыя знішчальнікі Міцубісі S-00 «зэк» (І-97). У гарызантальным манеўры і хуткапад'ёмнасці І-97 пераўзыходзілі савецкія знішчальнікі І-16. Таму ў пачатку чэрвеня СССР накіраваў у МНР падраздзяленні знішчальнікаў І-16 апошніх тыпаў і новыя манеўраныя знішчальнікі І-153 «чайка». Былі накіраваны і лётчыкі, якія мелі за плячыма вопыт баёў у Іспаніі і Кітаі.

У паветраных баях Сяргей Грыцавец асабіста і ў складзе групы збіў 12 японскіх самалётаў. Разам з ім з далёкага Пірэнейскага паўвострава сюды прыбылі Іван Лакееў, Яўген Сцяпанаў, Барыс Смірноў, іншыя савецкія паветраныя асы, з Кітая — лётчыкі Рыгор Краўчанка, Леанід Арлоў і іх калегі, якія мелі ў актыве перамогі над японскімі пілотамі, з Масквы — лётчык-выпрабавальнік Віктар Рахаў. І нават сярод гэтай кагорты, якую ўзначальваў «генерал Дуглас» (камкар Якаў Смушкевіч), Сяргей Грыцавец быў зоркай.

26 чэрвеня 1939 года ў раёне возера Буір-Нур завязаўся паветраны бой з японцамі, які доўжыўся каля дзвюх гадзін і скончыўся поўнай перамогай савецкіх лётчыкаў. Вораг страціў 15 самалётаў. У гэты дзень Сяргей Грыцавец здзейсніў подзвіг, які стаў вядомым на ўсю краіну.

У баі быў збіты самалёт камандзіра 70-га знішчальнага авіяпалка маёра В.М. Забалуева, і ён спусціўся на парашуце на тэрыторыю, занятую праціўнікам. Усё гэта бачыў Сяргей Грыцавец. Нядоўга думаючы, адважны пілот пасадзіў сваю машыну непадалёк ад таварыша, дапамог яму забрацца ў кабіну і ўзляцеў пад агнём японскай пяхоты. Гэта быў першы падобны выпадак у сусветнай авіяцыі.

[caption id="attachment_100989" align="alignnone" width="600"]16-3 Першы Герой Савецкага Саюза А.В. Ляпідзеўскі.
Першы двойчы Герой Савецкага Саюза С.І. Грыцавец.
Першы тройчы Герой Савецкага Саюза А.І. Пакрышкін.[/caption]

«Быў у нас паветраны бой з японцамі. Не стану вам апісваць яго. Ворагу мы ўсыпалі выдатна і гналі яго далёка. Раптам заўважаю я, што Забалуева няма. А біліся мы побач. Раблю круг, шукаю яго спачатку ўверсе, потым унізе. Бачу: Забалуеў сядзіць на зямлі. А зямля — чужая, маньчжурская. Ад мяжы кіламетраў 60. На гарызонце ўжо горад відаць — Ганьчжур. Дахі дамоў, слупы тэлеграфныя, грузавыя машыны... І ўжо я нічога не адчуваю, ні пра што не думаю. Адна думка ў мяне: забраць камандзіра і паляцець. Пачынаю спускацца. Увесь час, не адрываючыся, гляджу на Забалуева. І бачу: ён выскачыў з самалёта і бяжыць. Бяжыць і на хаду ўсё з сябе скідае — парашут, рэмень, ну, словам, усё цяжкае. Бяжыць з пісталетам у руцэ. Я так думаю: застрэліўся б ён. Не такі чалавек Забалуеў, каб дацца жывым у рукі ворага.

Расказваю я гэта вам доўга, а падумаць — тысячная доля секунды. У гэты час бачу, што ён махае мне рукой: маўляў, узлятай, не важдайся са мной! Ён, вядома, не ведаў, што гэта я. Ён думаў, што нехта з нашых лётчыкаў праглядае мясцовасць і трошкі заблудзіўся. І вось цікава: здавалася б, не да гэтага, а раптам я ўспомніў, як ён напярэдадні пра свайго сынка маленькага расказваў. І я тады падумаў: «Можа, загінем абодва, але выручыць цябе паспрабую!»

Заходжу на пасадку і, ведаеце, так спакойна саджуся — ну нібы на свой аэрадром. Разлічваю пры гэтым так, каб сесці як мага бліжэй да Забалуева. Бо тут кожная секунда дарагая. Вы не забыліся — мы на варожай тэрыторыі.

Прызямляюся. Самалёт ужо бяжыць па зямлі. Скача. Месца куп'істае. Вядома, была небяспека паломкі. Ну што ж, засталіся б удваіх, усё ж лягчэй. А ён ужо бяжыць мне напярэймы. Машына спынілася. Момант рашучы. Трэба было дзейнічаць неадкладна, секунда вырашала ўсё. Бяру пісталет і вылажу на правы борт. Сам азіраюся: ці не відаць японцаў? Усё баюся: збягуцца, праклятыя, на шум матора.

Забалуеў ужо каля самалёта. Лезе ў кабіну. Гаварыць няма часу. Ліхаманкава думаю: «Куды б цябе, дарагі, змясціць?» Самалёт жа аднамесны.

Неяк уціснуў яго паміж левым бортам і браняспінкай. Раптам матор пачаў чхаць. Забалуеў у гэтай цеснаце захапіў газ і прыціснуў яго на сябе. Вось-вось і вінт спыніцца. А павярнуцца ні адзін з нас не можа. Во момант! Бо калі матор заглухне, завесці яго тут будзе немагчыма!

Але тут я нейкім цудам націскаю ўсё ж на газ, і самалёт у мяне як ірвануўся і пабег, пабег!

Новая бяда. Не адрываемся. Ужо здаецца палову адлегласці да Ганьчжура прабеглі, а не адрываемся. Разумееце! Думаю: «Толькі б купіна пад кола не трапілася...» Нарэшце адарваліся! Цяпер новае мяне мучыць: хапіла б гаручага. Груз у машыне — двайны. Вышыні я не набіраю, іду нізенька зусім, каб не заўважылі. Такім манерам слізгалі мы над зялёнай маньчжурскай травой. Як дайшлі да рэчкі, лягчэй стала. Тут і фронт паказаўся. Узяў машыну «на набор». Узняліся. Ну, ліха на яго, як быццам выкараскаліся.

Знайшоў я свой аэрадром, сеў, выскачыў.

— Ну, — крычу ўсім, — выцягвайце багаж дарагі!

Ніхто не зразумеў, думалі, што японца прывёз. Вось і ўся гісторыя!»

У небе Халхін-Гола С.І. Грыцавец здзейсніў 138 баявых вылетаў. У паветраных баях збіў 12 самалётаў праціўніка (па адных звестках — 10 асабіста і 2 у групе, па іншых — усе 12 асабіста).

9 жніўня 1939-га за перамогі ў паветраных баях і выратаванне камандзіра Сяргей Іванавіч Грыцавец быў узнагароджаны другім медалём «Залатая Зорка» Героя Савецкага Саюза. Ён быў не толькі слаўным паветраным байцом, але і выдатным настаўнікам. Дзясяткі маладых лётчыкаў вучыліся ў Грыцаўца майстэрству паветранага бою. Ён праводзіў з імі разборы палётаў, заняткі па тактыцы, вучыў спалучаць манеўр і агонь. «Толькі секунда адводзіцца лётчыку на прыцэльную чаргу, — казаў ён. — Толькі адна секунда!»

Ён і на самай справе ўмеў першым даць чаргу, на якую долю секунды апярэджваючы ворага. Атакаваў заўсёды нечакана, ніколі не дапускаючы шаблону ў тактыцы. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны менавіта Грыцавец быў самым выніковым савецкім лётчыкам-знішчальнікам, маючы 42 паветраныя перамогі!

У пачатку верасня 1939 года маёр С.І. Грыцавец разам з групай лётчыкаў, якую узначальваў камкар Я.В. Смушкевіч, выехаў у Маскву. Ён быў прызначаны саветнікам адной з авіябрыгад Беларускай асобай ваеннай акругі. Меўся быць паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Украіну і Заходнюю Беларусь.

16 верасня Грыцавец з групай лётчыкаў прысутнічаў на пасяджэнні Ваеннага савета акругі ў Мінску. Вярталіся на свой аэрадром пад Оршай у прыцемках. Грыцавец прызямліўся першым. Маёр П.І. Хара, які ішоў на пасадку другім, не разглядзеўшы выкладзеную літару «Т», пачаў садзіцца з процілеглага боку аэрадрома і на вялікай хуткасці ўрэзаўся ў машыну Грыцаўца, якая ўжо стаяла. У выніку сутыкнення абодва самалёты былі разбіты, Хара атрымаў сур'ёзныя траўмы, Грыцавец загінуў. Так недарэчная выпадковасць стала прычынай гібелі выдатнага савецкага лётчыка. Жыццё падарыла яму толькі трыццаць гадоў.

Нарадзіўся Сяргей Іванавіч Грыцавец 19 ліпеня 1909 года ў вёсцы Бараўцы (цяпер Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці) у сям'і селяніна. У гады Першай сусветнай вайны сям'я падалася ў бежанства — пераехала ў Паўднёвае Заўралле. У 1927 годзе будучы лётчык скончыў Шуміхінскую чыгуначную 7-гадовую школу, працаваў некаторы час чорнарабочым у службе пуцей на чыгунцы, у «Льногандлі», вучнем слесара ў цэху механічнага завода ў Залатавусце. Скончыў ФЗВ. З 1931 года ў радах Чырвонай Арміі, па камсамольскай пуцёўцы паступіў у Арэнбургскую ваенную школу пілотаў, пасля заканчэння якой служыў у часцях знішчальнай авіяцыі лётчыкам, камандзірам звяна, атрада і палка, лётчыкам-інструктарам у ваенным вучылішчы. У 1936 годзе скончыў Адэскую школу паветранага бою.

З 10 чэрвеня па 26 кастрычніка 1938 года ў якасці добраахвотніка прымаў удзел у нацыянальна-рэвалюцыйнай вайне іспанскага народа супраць прафашысцкага рэжыму Франка. Быў камандзірам 2-й эскадрыллі, а потым групы знішчальнікаў І-16. Выканаў 88 баявых вылетаў, у 42 паветраных баях збіў 30 самалётаў праціўніка.

За ўзорнае выкананне спецыяльных заданняў урада і праяўлены пры гэтым гераізм 22 лютага 1939 года ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

З 29 мая па 7 верасня 1939-га ўдзельнічаў у баях з японскімі мілітарыстамі на рацэ Халхін-Гол. Быў камандзірам асобнай эскадрыллі знішчальнікаў 70-га авіяцыйна-знішчальнага палка. Здзейсніў 138 баявых вылетаў. За збітыя там 12 японскіх самалётаў, выратаванне свайго камандзіра ў крытычнай сітуацыі і праяўлены пры гэтым выключны гераізм 29 жніўня 1939 года быў удастоены другой Залатой Зоркі Героя Савецкага Саюза. Стаў першым у краіне, каму гэтае званне было прысвоена двойчы.

16 верасня 1939 года маёр С.І. Грыцавец загінуў пры выкананні службовых абавязкаў. Пахаваны ў вёсцы Балбасава Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Яго імя прысвоена Харкаўскаму вышэйшаму ваеннаму авіяцыйнаму вучылішчу лётчыкаў, вуліцам у Маскве, Мінску, Кургане, Оршы і Баранавічах. Бронзавы бюст усталяваны ў горадзе Баранавічы, абеліск — на месцы гібелі ў вёсцы Балбасава, помнік і мемарыяльная дошка — у Мінску. Узнагароджаны ордэнамі Леніна (двойчы), Чырвонага Сцяга (двойчы), а таксама мангольскім ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга.

 

 

ДАВЕДКА. Савецкія паветраныя асы трыццатых гадоў: 1. Сяргей Грыцавец — 42 самалёты (вайна ў Іспаніі, баі на Халхін-Голе) 2. Пётр Казачэнка — 15 (япона-кітайская і савецка-фінляндская войны) 3. Іван Лакееў — 12 (вайна ў Іспаніі) 4. Віктар Рахаў — 8+6 у групе (баі на Халхін-Голе) 5. Сцяпан Данілаў — 8 (баі на Халхін-Голе) 6. Анатоль Сяроў — 8 (вайна ў Іспаніі) 7. Аляксей Благавешчанскі — 7+2 у групе (япона-кітайская вайна) 8. Арсень Варажэйкін — 6 (баі на Халхін-Голе) 9. Павел Караткоў — 6 (вайна ў Іспаніі) 10. Павел Рычагоў — 6 (вайна ў Іспаніі).

У ліку савецкіх асаў трыццатых гадоў — лётчыкі Антон Губенка, Рыгор Краўчанка, Георгій Захараў, Аляксандр Асіпенка, Сцяпан Супрун, Іван Яроменка, Віктар Бадроў, Сяргей Дзянісаў, Яўген Сцяпанаў... Кожны з іх знішчыў, па інфармацыі некаторых даследчыкаў, больш за 5 самалётаў праціўніка. Аднак дакладных даных аб усіх іх паветраных перамогах няма.

Анатоль СЛАНЕЎСКI

slaneuski@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».