Вы тут

Час пажыць для сябе


Нядаўна мая сяброўка паведаміла прыемную навіну: «Выходжу замуж за іншаземца!». Нявесце 56 гадоў, яна маладая пенсіянерка. Вопытнай прафесіяналцы наймальнік прапаноўваў прадоўжыць кантракт, але Людміла катэгарычна адмовілася: хопіць, пара пажыць для сябе.

Пенсія ў яе па сучасных мерках нядрэнная: на хлеб з маслам хапае. Акрамя таго, да выхаду на заслужаны адпачынак яна рыхтавалася: адкладвала грошы. У банку ў яе захоўваюцца валютны і рублёвы ўклады. Працэнтаў, што здымае кожны месяц, хапае, каб цікава і карысна бавіць вольны час. Жаніх таксама забяспечаны, мае невялікае прыватнае прадпрыемства, якое прыносіць стабільны прыбытак. Пазнаёміліся яны праз інтэрнэт, і не праходзіць дня, каб не размаўлялі па «Скайпе». Вітас ужо гасцяваў у патэнцыяльнай жонкі, цяпер яна збіраецца да яго. «Маладыя» сумесна плануюць сваю будучыню: дзе будуць жыць, ці заключаць шлюбны кантракт.

— У мяне было не жыццё, а суцэльны стрэс, — прызнаецца сяброўка.

Зрэшты, я добра ведаю пра яе лёс. Выйшла замуж у студэнцкія гады. Нарадзіўся сын, па размеркаванні яе і мужа накіравалі на працу ў раённы цэнтр. Маладых пасялілі ў аварыйным бараку, які планавалася з цягам часу знесці. Зімой тэмпература ў памяшканні не перавышала 12 градусаў цяпла, з усіх куткоў задзімаў снег, не дапамагалі і абагравальнікі. Дзіця часта хварэла. Маці разрывалася паміж работай і малым. Заробкаў дваіх маладых спецыялістаў катастрафічна не хапала. І сямейная лодка, як той казаў, пайшла на дно. Засталася мая сяброўка адна з дзіцем на руках. Сёстры, што жылі ва Украіне, паклікалі да сябе. Пераехала, вывучыла ўкраінскую мову, уладкавалася па спецыяльнасці ў гарадскую газету. Затым узначаліла прэс-службу металургічнага камбіната з вельмі добрай на той час зарплатай, атрымала двухпакаёвую кватэру, з часам купіла яшчэ адну. Здавалася б, жыццё наладжвалася. Але тут сын-падлетак пачаў адбівацца ад рук. Шмат сіл, слёз, здароўя давялося патраціць маці, каб выцягнуць яго з дрэннай кампаніі.

У 35 гадоў Людміла выйшла замуж другі раз. Прыгажун, разумнік, вельмі добры, спагадлівы, гасцінны... Схільнасць да гарэлкі Сяргею спачатку ўдавалася ўтойваць. А потым пайшло-паехала.... Дзесяць гадоў жыцця мінулі, як у нядобрым сне: лячыла свайго любага ў псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў, нарколагаў, выклікала брыгады хуткай дапамогі. Акрыяе — клянецца, што больш не будзе піць. Ды яго абяцанняў хапала ненадоўга. Чарговы раз ён так і не выйшаў з запою, сэрца спынілася. На той час жонка была ў камандзіроўцы, ледзьве паспела на пахаванне.

Цяжка застацца ў 50 гадоў адной: сын вырас, вывучыўся, завёў сваю сям'ю, жыве асобна. Шкадавала сябе, плакала, — распавяла жанчына. — А аднойчы сказала: хопіць, пенсіянерка, трэба пачынаць жыццё з пачатку. Пачала працаваць над сваёй знешнасцю: касметолаг, педыкюр, манікюр, прычоска, запісалася на фітнес, аэробіку. І цяпер мае знаёмыя сцвярджаюць, што я выглядаю лепш, чым была ў 20 гадоў. Ды і сама стала сябе паважаць. А яшчэ з'явіўся час падарожнічаць, зарэгістравалася ў сацыяльных сетках, дзе знайшлося шмат цікавых для мяне людзей і нават прэтэндэнтаў на руку і сэрца. Не перабольшваю, выбар шырокі, але спынілася на адным. Фліртаваць ды падаваць надзею іншым не хачу.

— У нашым грамадстве лічыцца, што выйсці замуж у 18 гадоў — вельмі рана, у 40 — запозна. Нават трыццацігадовую цяжарную жанчыну ў паліклініках называюць «старой», — працягвае Людміла. — Вось і лезем мы са скуры, каб некаму даказаць, што ў нас усё як у людзей: своечасова пабраліся шлюбам, своечасова нарадзілі дзяцей, своечасова вывучыліся, зрабілі кар'еру. Калі ж да пэўнага ўзросту не атрымліваем таго, што «належыць», значыць, жыццё не ўдалося. Цяпер я ведаю: гэта стэрэатып, які абвяргаюць вядомыя людзі, што дабіліся поспеху і прызнання ў сталыя гады. Напрыклад, Гаген пачаў пісаць свае творы ў 40 гадоў. Кінг Жылет вынайшаў бяспечную брытву таксама ў 40 і заснаваў кампанію «Жылет», якая вядомая ва ўсім свеце. І такія прыклады можна прыводзіць бясконца.

І ў 30 гадоў можна быць старым, стомленым, цынічным чалавекам без бляску ў вачах, плыць па волі лёсу. Мая сяброўка нядаўна закончыла курсы бізнесу і марыць адкрыць сваю, хоць невялікую, справу. Ідэй, задум у яе шмат. Таму, як бачыце, на пенсіі жыццё толькі пачынаецца! Было б жаданне...

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.