Вы тут

Дзе лекі таннейшыя?


У рэдакцыю паступіў ліст з пытаннем аб кошце лекавых сродкаў у аптэках дзяржаўнай і недзяржаўнай формаў уласнасці горада Віцебска. Вось вытрымкі з пісьма:

«...Да вас звяртаюцца жыхары самага буйнога мікрараёна Білева г. Віцебска. Мы бачым, што ў нашым мікрараёне ў апошні час адчыняецца ўсё больш аптэк... Цікава, што дзяржаўных удвая больш, чым камерцыйных... Мы жадаем лячыцца нашымі айчыннымі таблеткамі, яны больш надзейныя і павінны танней каштаваць. Але! Чамусьці кошт на беларускія лекі ў дзяржаўных аптэках (у нашым мікрараёне) вышэйшы, чым у камерцыйных. І гэта пры тым, што арэндная плата ў дзяржаўных аптэк значна ніжэйшая, чым у камерцыйных. Калі лічыць, што арэнда — асноўны артыкул затрат любога прадпрыемства, нам незразумела, адкуль тады такія цэны на лекі...».

Тэма, закранутая ў лісце, вельмі актуальная і можа быць цікавай для іншых чытачоў, таму мы прадастаўляем адказ на яго. Аднак ліст аказаўся непадпісаным, а таму надалей нагадваем вам, шаноўныя чытачы, парадак звароту. Паводле артыкула 23 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» ад 18.07.2011 № 300-3 (са зменамі і дапаўненнямі), ананімныя звароты не разглядаюцца, паколькі не змяшчаюць прозвішча, імя і імя па бацьку або ініцыялы, адрас месца жыхарства або знаходжання, месца працы, вучобы.

22-25

Тлумачэнні дала намеснік генеральнага дырэктара Віцебскага РУП «Фармацыя» Ірына ДРУЖЫНІНА:

— Сёння ў Віцебску функцыянуюць 54 аптэкі нашага прадпрыемства і 91 аптэка недзяржаўнай формы ўласнасці. Для забеспячэння даступнай і якаснай лекавай дапамогі жыхарам мікрараёна Білева арганізавана работа трох дзяржаўных аптэк:

— аптэка № 300 — пр. Маскоўскі, 109-2;

— аптэка № 288 — пр. Маскоўскі, 99;

— аптэка № 267 — вул. Багатырова, 20А.

Функцыянуюць у гэтым мікрараёне і тры аптэкі недзяржаўнай формы ўласнасці:

— аптэка № 53 ТАА «Іскамед» — вул. Багатырова, 28-109;

— аптэка № 10 ЗАТ «Кампанія «Інтэрфарм» — вул. Багатырова, 10/2;

— аптэка № 18 ТДА «Фарм-Прадукт» — пр. Маскоўскі, 130-1.

Фарміраванне цэн на Віцебскім РУП «Фармацыя» ажыццяўляецца згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11.08.2005 № 366 «Аб фарміраванні цэн на лекавыя сродкі, вырабы медыцынскага прызначэння і медыцынскую тэхніку» (са зменамі і дапаўненнямі) без прымянення лімітава дапушчальных гандлёвых надбавак. Дадаткова ажыццяўляецца пастаянны маніторынг цэн на лекавыя сродкі, у тым ліку айчыннай вытворчасці, ва ўсіх аптэках Віцебска і Віцебскай вобласці.

Трэба заўважыць, што інфармацыя, прадстаўленая ў звароце, не адпавядае рэчаіснасці, бо з прыведзеных прыкладаў цэн толькі дзве пазіцыі (мукасат, аспірын) датычацца аптэкі, размешчанай у мікрараёне Білева (аптэка №53 ТАА «Іскамед», вул. Багатырова, 10/2). Усе астатнія датычацца аптэк, размешчаных у самых розных раёнах горада, і лекавыя сродкі па коштах, указаных на сайце tabletka.by, там фактычна адсутнічаюць, а ў наяўнасці ж — па коштах больш высокіх. Звесткі па наяўнасці і цэнах на лекі на згаданым сайце носяць азнаямленчы характар і ў кожным канкрэтным выпадку патрабуюць удакладнення па званку ў аптэку.

Кошт на ўказаныя ў звароце лекі ва ўсіх аптэках мікрараёна Білева прыблізна аднолькавы, і ў большасці выпадкаў у дзяржаўных аптэках Віцебскага РУП «Фармацыя» ён ніжэйшы, чым у суседніх аптэках недзяржаўнай формы ўласнасці.

Віцебскае РУП «Фармацыя» для забеспячэння даступнасці розным слаям насельніцтва і прыярытэтнасці цэн у дзяржаўным сектары ўкараніла сістэму зніжак на медыцынскія тавары для малазабяспечаных слаёў насельніцтва (інваліды, пенсіянеры, шматдзетныя сем'і) у памеры 10 працэнтаў ад рознічнага кошту па больш як 400 гандлёвых найменнях лекавых сродкаў айчыннай вытворчасці. Зніжка прадастаўляецца цягам усяго працоўнага часу ва ўсіх аптэках прадпрыемства пасля прад'яўлення пацвярджальнага дакумента.

Пытанне максімальнага набліжэння якаснай і даступнай лекавай дапамогі жыхарам Віцебска, у тым ліку новага мікрараёна Білева, знаходзіцца на пастаянным кантролі. Ніякіх прэферэнцый у першачарговым прадастаўленні плошчаў для арганізацыі работы новых аптэк або зніжэнні арэнднай платы Віцебскае РУП «Фармацыя» не мае.

Атрымаць інфармацыю аб наяўнасці і кошце лекавых сродкаў у аптэках Віцебскага РУП «Фармацыя» можна па нумары даведачнай службы 169.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.