Вы тут

Медыяцэнтр — гід і навігатар БДУ


Па звестках міжнародных рэйтынгавых агенцтваў, БДУ ўваходзіць у два працэнты найлепшых універсітэтаў свету, займаючы высокія пазіцыі сярод 30 тысяч ВНУ. Такі паказчык — вынік шматгадовай працы як супрацоўнікаў, так і студэнтаў. Акрамя гэтага, імідж аднаго з галоўных універсітэтаў краіны фарміруюць яго актыўнасць, інфарматыўнасць і адкрытасць у дачыненні да сваёй аўдыторыі. З гэтымі задачамі апошнія паўтара года добра спраўляецца медыяцэнтр БДУ, аб дзейнасці, функцыях і праектах якога «Чырвонцы. Чырвонай змене» расказаў яго начальнік Павел Салаўёў.


Ка­лек­тыў ме­ды­я­цэнт­ра БДУ.

— Ва ўніверсітэце наспела неабходнасць аб'яднаць структуры, якія выконвалі б розныя, але ў той жа час аднолькавыя функцыі. Быў неабходны адзіны «штаб», які займаўся б распрацоўкай і рэалізацыяй канкрэтных праграм, скіраваных на фарміраванне станоўчага іміджу ўніверсітэта ў якасці адукацыйнага, навуковага, даследчага цэнтра сусветнага ўзроўню, вядучай вышэйшай навучальнай установы ў Беларусі. Нам было неабходна забяспечыць інфармацыйную прысутнасць БДУ ў сродках масавай інфармацыі. Рэгуляванне ўнутраных і знешніх інфармацыйных плыняў ва ўніверсітэце таксама павінна была ўзяць на сябе новая структура.

— Як удаецца спраўляцца з такой колькасцю задач?

— Медыяцэнтр складаецца з трох аддзелаў: прэс-службы ўніверсітэта, аддзела ўнутрыўніверсітэцкіх камунікацый і аддзела вэб-праектаў і стратэгічных камунікацый. Менавіта такі падзел дазваляе нам усё паспяваць. Прэс-служба, напрыклад, збірае інфармацыю са структурных падраздзяленняў, якія арганізуюць тое ці іншае мерапрыемства. Далей гэтыя звесткі рассылаюцца па сродках масавай інфармацыі, становяцца матэрыялам для сайта БДУ.

На выпуску газеты «Універсітэт» зараз засяроджаны аддзел унутрыўніверсітэцкіх камунікацый. Ён жа займаецца і напаўненнем сайта газеты. Зусім нядаўна мы зрабілі яго рэдызайн, каб карыстанне было больш зручным, а знешні выгляд — прэзентабельным. Варта адзначыць, што сайт газеты «Універсітэт» не з'яўляецца поўным адпаведнікам друкаванага выдання. На сайце ёсць магчымасць рабіць кросмедыйныя, мультымедыйныя публікацыі, і мы актыўна гэтым карыстаемся.

Аддзел вэб-праектаў і стратэгічных камунікацый займаецца спецпраектамі, накіраванымі на прасоўванне іміджу БДУ ў сусветнай інфармацыйнай прасторы, а таксама падтрымкай акаўнтаў універсітэта ў сацыяльных сетках. Сёння БДУ прысутнічае ва ўсіх сацсетках, дзе ёсць нашы студэнты. Напрыклад, група Белдзяржуніверсітэта «УКантакце» зараз налічвае 20 тысяч чалавек. Разлічваем, што ў хуткім часе нас стане яшчэ больш — далучацца першакурснікі. Facebook мы вядзём на рускай, беларускай мовах і асобна — на англійскай (акаўнт на ёй запатрабаваны ў міжнародных партнёраў).

На YouTube ў Белдзяржуніверсітэта ёсць уласны канал з велізарнай колькасцю відэа. Шмат яго рубрык прысвечаны дзейнасці БДУ, абітурыентам, кароткім апытанням накшталт «Як вы правялі лета?» або «На якой спецыяльнасці навучаешся?». Такія ролікі карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод студэнтаў.

— Відэаролік «Study іn Belarus», які прапагандуе навучанне ў Беларусі, сабраў больш за 11 тысяч праглядаў. Якімі яшчэ відэапраектамі ганарыцца медыяцэнтр БДУ?

— Год назад знялі ролік «Супраць спайсаў», дзе ў мастацкай манеры з запрашэннем каманды па амерыканскім футболе «Lіtwіns Mіnsk», групы падтрымкі «DanStart» БДУ, а таксама нашых студэнтаў мы паспрабавалі сказаць, што курыльныя сумесі — гэта не тое, на што варта марнаваць сваё жыццё. Відэа набрала больш за 15 тысяч праглядаў, што для сацыяльнага роліка — вельмі добры вынік. Наконт эфектыўнасці такіх відэа я магу адказаць так: калі наш ролік спыніў ад ужывання спайсу нават аднаго чалавека — яго варта было рабіць. Такія відэаролікі звычайна здымаюцца без бюджэту, гэта ўласная ініцыятыва супрацоўнікаў БДУ і студэнтаў.

— Напярэдадні сёлетняй уступнай кампаніі медыяцэнтрам БДУ быў створаны асобны сайт для абітурыентаў...

— Нам здаецца, што сайт — удалы прыклад камунікацыі з канкрэтнай мэтавай аўдыторыяй. Гэта магчымасць для абітурыентаў хутка атрымаць патрэбную інфармацыю ў зручнай форме. Сайт адаптаваны пад прагляд на любых прыладах: гэта можа быць манітор і камп'ютара, і планшэта, і смартфона. Сайт «Абітурыент БДУ» атрымаўся настолькі карысным і зручным, што нам далі за яго галоўную ўзнагароду ў катэгорыі «Адукацыя» інтэрнэт-прэміі TІBO-2015. Гэта, напэўна, і ёсць найлепшае пацвярджэнне таго, што мы ведаем патрэбы і густы сваёй аўдыторыі. Вельмі важныя для нас водгукі, рэтвіты, рэпосты студэнтаў і вялікая колькасць праглядаў.

— Павел Леанідавіч, медыяцэнтр універсітэта нельга ўявіць без студэнтаў. Ці прыцягваеце іх да працы?

— Абавязкова, часцей, праўда, на пазаштатных умовах. Шмат студэнтаў БДУ прыходзіць да нас на практыку. Тым не менш рабіць па-сапраўднаму якасны прадукт павінны прафесіяналы з адпаведнымі ведамі і адукацыяй. Таму дзверы медыяцэнтра для тых маладых спецыялістаў, хто сапраўды хоча працаваць на карысць роднага ўніверсітэта, заўсёды адчыненыя. Што датычыцца студэнтаў, то яны актыўна публікуюцца ва ўніверсітэцкай газеце, удзельнічаюць у здымках відэаролікаў і распрацоўцы цікавых праектаў.

— Якія творчыя планы на гэты навучальны год?

— Да першага верасня мы запусцілі спецпраект «Гід першакурсніка», каб дапамагчы ўчарашнім школьнікам прыстасавацца да «новага жыцця» ва ўніверсітэце. Сайт патрабуе раскруткі і ўдасканалення. Імідж універсітэта вымагае і выдатнай візуальнай падтрымкі. Зараз мы вядзём актыўную распрацоўку брэндбука БДУ. Гэта будуць рэкамендацыі па выкарыстанні фірменнага стылю Белдзяржуніверсітэта. У брэндбуку будзе сабрана ўся сімволіка ўніверсітэта, застаўкі на маніторы, візіткі супрацоўнікаў і сувенірная прадукцыя.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт сустрэўся з Рамзанам Кадыравым

Прэзідэнт сустрэўся з Рамзанам Кадыравым

Кадыраў наведвае нашу дзяржаву ўпершыню.

Грамадства

Чым здзівіць турыстаў?

Чым здзівіць турыстаў?

Зялёнае кола, «дарожныя гісторыі» і сакрэты ваколіц.

Спорт

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Пра выступленне беларускіх дзяўчат на чэмпіянаце Еўропы па валейболе і вынікі чарговага тура чэмпіянату краіны па футболе.

Грамадства

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

Пра гэта ўчора казалі высокія госці на ўрачыстым мерапрыемстве, прымеркаваным да юбілею газеты.