Вы тут

Ласункі далёкага дзяцінства...


 

Цяпер не кожнае дзіця можна спакусіць нават шакаладнай цукеркай. У гонар дня нараджэння немаўляці (як быццам яно будзе есці) бацькі часта не проста купляюць, а заказваюць эксклюзіўны торт па адмысловым рэцэпце. Для хлопчыкаў і дзяўчатак дзетсадаўскага ўзросту на свята ладзяцца калектыўныя паходы з сябрамі ў дзіцячую кавярню ў забаўляльным цэнтры, для крыху старэйшых — ужо ў «МакДональдс». Кішэнныя грошы ідуць на чыпсы, салодкую газіроўку, шакаладныя батончыкі. Такую карціну можна назіраць пасля заканчэння заняткаў у школе ў любой навакольнай да навучальнай установы краме штодня: купкі вучняў старанна падлічваюць рэсурсы каля кас. А чым ласаваліся некалі мы?

 

Калі гаварыць пра тыя ж цукеркі, дык у паўсядзённым жыцці гэта былі карамелькі ды ірыскі. Шакаладныя чамусьці асацыююцца толькі з Новым годам, калі бацькам на працы ад прафсаюза выдавалі святочныя падарункі. І тут мае ўспаміны, мабыць, мала будуць адрознівацца ад вяртання ў мінулае равеснікаў. Што рабіла з пачастункам большасць? Напачатку пакрысе з'ядаліся простыя цукеркі кшталту тых жа карамелек. «Красная шапочка», «Грыльяж», «Сталічныя», «Мішка на паляне», «Суфле» адкладваліся на потым. Вернешся пасля заняткаў са школы, залезеш у запаветную маляўнічую кардонную каробачку і разважаеш сам з сабой: якую б сёння з'есці? Ці, можа, адразу дзве? Праўда, калі ў сям'і было двое і больш дзяцей, хітрэйшы (і не факт, што абавязкова малодшы) мог найперш з'есці самыя лепшыя дарагія прысмакі, а потым кругамі хадзіць вакол брата ці сястры ў спадзяванні яшчэ разжыцца пачастункам. А бацькі, вядома, былі на баку «пакрыўджанага»: трэба дзяліцца!.. Была некалі і такая традыцыя. Цукеркі з навагодняга падарунку за нітачкі вешаліся на ёлку як упрыгажэнні. З'еўшы якую з іх, пустую абгортку акуратна вярталі на галінку... Успаміны пра мандарыны — таксама найперш навагоднія.

Летам падчас канікул самым распаўсюджаным перакусам паміж бясконцымі гульнямі на вуліцы — каб не затрымлівацца дома — была звычайная луста чорнага хлеба, намазаная маслам і пасыпаная зверху цукрам. Яе ж можна было акуратна абмакнуць у ваду і таксама прысыпаць цукрам. Смакоцце! Вяртаешся ў кампанію, а там ужо заўсёднае ад сяброў-таварышаў: «Дай адкусіць!» Дарэчы, пра хлеб. Сёння такога назіраць не даводзіцца, а ў нашым дзяцінстве адправяць цябе ў краму па яго, ты вяртаешся і пакрысе адшчыпваеш гарачую пясочна-карычневую скарынку ад цаглінкі фармавога бохана... Пакуль дадому дойдзеш, «абскубеш» яго добра з аднаго боку (праўда, мякіш не чапаеш, бо бацькі забаранілі есці яго гарачым, каб не было шкоды здароўю)... Папулярнымі некалі былі смажаныя семкі: зрэдку гарбузовыя, часцей — сланечніку. Насыплеш з патэльні ў кішэню яшчэ гарачых, крышку прысоленых, потым абавязкова падзелішся з кампаніяй — і ўсе сядзяць на лаўцы, лузгаюць задаволеныя, нагамі целяпаюць. Няма семак — возьмеш сушаных яблыкаў або груш. А яшчэ мы часта хадзілі на рыбалку. Наловім дробных акунькоў, ёршыкаў, верхаводак, і солім-сушым іх. Трэба было пачакаць хаця б з тыдзень, каб можна было есці ўлоў, але самыя нецярплівыя выцягвалі яго на вуліцу паласавацца ледзьве не праз тры дні пасля рыбалкі, маўляў, і так смачна...

 

Улетку, вядома ж, лазілі ў чужыя сады — прыватныя, калгасны. Калі па вішні-слівы, калі па яблыкі. Нават калі дома былі свае, чужыя ж смачнейшыя! Ды яшчэ колькі адрэналіну, калі недзе побач быў вартаўнік ці чуўся брэх сабакі! Рабілі наскокі на калгасную кукурузу ці гарох. Расчараваннем было, калі апошні аказваўся несалодкім кармавым. Яшчэ была адна дзіўная на сённяшні погляд «гастранамічная» асаблівасць у нашай вулічнай кампаніі. Мы чамусьці ўпадабалі зялёны, яшчэ не выспелы агрэст. Залезеш у кусты, якія раслі проста на вуліцы ўздоўж агароджы, нарвеш за пазуху ягад, што кашуля на жываце ўздыбіцца, а потым ясі, аж за вушамі трашчыць. Бедная Вера Паўлаўна, насупраць дома якой праз дарогу раслі тыя кусты агрэсту, ушчувала нас за гэта (ёй, вядома, не ягад тых шкада было, проста перажывала, каб з намі нічога не здарылася пасля такога пачастунку). Але маладым страўнікам усё хоць бы што, не памятаю, каб з гэтай нагоды нехта потым жыватом мучыўся...

Раней у кожнай хаце рэгулярна гатавалася сваё печыва. На выхадныя маці, напрыклад, магла зрабіць вялікую місу «хрушчоў», пасыпаных молатым цукрам. Або некалькі блях смачнага пячэння, цеста якога прапускалася праз мясарубку і ў такім выглядзе запякалася. І мы з задавальненнем бралі ўдзел у тым працэсе. Былі такія шматлікія металічныя формачкі з дзвюх палавінак: пад печыва ў выглядзе арэшкаў, грыбочкаў, вавёрачак, нейкіх геаметрычных выяў. У адну палавінку кладзеш цеста, накрываеш другой — і на газавую пліту. А потым раскрываеш за ручкі форму, і ў міску вывальваецца гатовая смаката. Падобным жа чынам з растопленага цукру гатавалі «пеўнікаў», для якіх загадзя трэба было настругаць палачак на ручкі. «Пеўнікі» маглі быць рознакаляровымі, значыць, дабаўлялі нейкія фарбавальнікі, а вось якія — ужо не памятаю.

 

Тых жа «пеўнікаў» можна было купіць у, як іх тады называлі, кааператараў. Чамусьці па маіх успамінах такімі прадпрымальнымі грамадзянамі былі выключна прадстаўнікамі паўднёвых народаў. Яны з'яўляліся ў пасёлку неяк нечакана, літаральна на некалькі дзён, а потым гэтак жа раптоўна знікалі. Свае тавары «карабейнікі» выстаўлялі ранкам на «стратэгічным» шляху дзяцей у школу. З боку майго дома гэта быў высокі ганак «Кулінарыі». Трэба было спыніцца некаму аднаму з вучняў, як імгненна ўтвараўся натоўп — і гандаль кіпеў... Запомніў, што так у нас аднойчы гандлявалі цукровай ватай. Менавіта дзякуючы такім кааператарам-грузінам трохі пазней я паспытаў першыя чыпсы. Больш правільна іх было б назваць правобразам сучаснай бульбы фры. Гэта былі невялікія зялёныя пакецікі па 15 капеек з кавалачкамі падсмажанай і падсоленай бульбы. Здаецца, нічога больш смачнага з таго часу не каштаваў...

Працягну «кулінарную» тэму. У нашым дзяцінстве, юнацтве будзённым, але ў той жа час пачэсным пачастункам была печаная ў вогнішчы бульба. Як толькі на ўчастку ўвосень бацькі палілі бульбоўнік, мы тут жа імкнуліся падсунуць пад яго некалькі клубняў. На сельгасработах, якія былі некалі звыклымі для школьнікаў сярэдніх-старшых класаў цягам верасня-кастрычніка, падчас перапынкаў таксама пяклі бульбу. Летам ішлі на рыбалку, цягнулі з сабой дровы або шукалі нейкае галлё на месцы, каб потым пад вуголлем схаваць дзясятак невялікіх клубняў. А потым выхопліваць іх гарачымі, перакідваць з рукі на руку, апякаючы пальцы, таропка чысціць, дзьмуць, пасыпаць соллю, калі не забыліся прыхапіць, і асцярожна кусаць... Не бачыў і не чуў, каб сучасныя дзеці, для якіх розныя бацькоўскія барбекю — звычайная справа, зараз імкнуліся б спячы бульбу менавіта ў вуголлі... Можа, таму, што цяперашніх школьнікаў больш не прыцягваюць увосень для дапамогі сельскагаспадарчым прадпрыемствам? Дарэчы, цікава, а ці ведаюць яны, што такое заечая капуста? Як выглядае, дзе расце, а галоўнае, якая на смак?..

 

 

Калі нас летам адпраўлялі на нейкі час пагасцяваць да сталічных родных, надыходзіў час гарадскіх прысмакаў. Бацькі давалі тры-пяць рублёў — сапраўднае багацце, калі траціць яго толькі на смакоцце! Фруктовае марожанае, напрыклад, каштавала 7 капеек. Было або на палачцы, або ў кардонным кубачку, у камплекце з якім ішла драўляная палачка, каб можна было ласавацца салодкім лёдам. Пламбір у шакаладнай глазуры, самы любімы, каштаваў ужо 28 капеек. Пасля з'явіўся пламбір па такім жа кошце, але ў жоўтай сметанковай глазуры. А трубачкі з заварным крэмам па 22 капейкі?!.

Цяперашнія пакаленні бачаць аўтаматы па продажы газіраванай вады хіба толькі ў старых савецкіх фільмах. О, як іх, на мой погляд, не хапае! Мы бегалі да гэтых «шафаў» не толькі каб папіць, гэта было дзейства! Напачатку трэба было прыціснуць гранёную шклянку донцам угору на спецыяльным прыстасаванні — і струмені вады мылі яе знутры. Ужо забава! Потым перастаўляеш тую шклянку на суседнюю пляцоўку ў апараце і вырашаеш: папіць проста газіраванай вады за адну капейку ці з сіропам за тры? Вядома, з сіропам! За адну капейку «заказвалі» вадзічку хіба толькі з-за цікаўнасці да працэсу: ставіш шклянку, кідаеш у шчыліну манетку і назіраеш, як посуд напаўняецца бурбалкамі... Дарэчы, бывала, што гранёных шклянак неставала, бо аматары скеміць «на траіх» у тыя часы не замарочваліся пошукам посуду, а накіроўваліся адразу да апаратаў па продажы газіраванай вады. І яшчэ ведаеце што? Вядома, што ніякага пластыку яшчэ не было, але ніхто не звяртаў увагі і не пужаўся, што адной шклянкай карысталася мноства людзей. Тое ж можна сказаць і пра кафетэрыі. Тады ж сокі там таксама налівалі ў гранёныя «малянкоўскія» шклянкі. Баюся, маладыя пакаленні зноў жа не зразумеюць, як гэта было смачна: свежая булачка з макам (тады мак быў проста макам, у вырабы яго клалі шчодра) і шклянка халаднаватага густога падсоленага таматнага соку! Соль стаяла на сталах і тут жа — яшчэ адна шклянка з чыстай вадой, у якой трымалі чайную лыжачку. Апошняй бралі з сальніцы соль, размешвалі ў сваім посудзе сок з ёй і вярталі назад у ваду. Ніхто не грэбаваў... Смачным было спалучэнне коржыка з бярозавым сокам. А марожанае з батонам каштавалі? Ці батон з кавуном? А свежыя агуркі з мёдам?.. З напояў яшчэ вельмі яскрава запомніліся «Байкал» і «Тархун». Пасля звыклых «Дзюшэсаў» і «Бурацінаў» гэта было нешта элітнае, хоць і каштавалі яны недзе ў паўтара раза даражэй за апошнія! Дзівам дзіўным было, калі ўпершыню пабачылі «Беласнежку» ў бутэлечках 0,33 літра. Дагэтуль усе напоі прадаваліся ў шкляных «піўных» бутэльках ёмістасцю 0,5 літра (паўтараю, ніякага пластыку тады нават блізка не было).

Якім ён быў яшчэ, смак дзяцінства майго пакалення? З апельсінавым ці клубнічным водарам ад прыбалтыйскіх жавальных гумак. Яны былі ў выглядзе пласцінак, якія прадаваліся ва ўпакоўцы па пяць штук. Са смакам майго любімага «Кішынёўскага» хлеба за 16 капеек, які прадаваўся толькі ў горадзе і здзіўляў яшчэ і нязвыклай на той час «каравайнай» формай. З адкрыццём балгарскага кетчупу, чаю «са сланом» і індыйскай распушчальнай кавы. З найсмачнейшымі бутэрбродамі з «гарадскіх» мяккіх батонаў і «Доктарскай» каўбасы. З кефірам у шкляной бутэльцы з зялёнай накрыўкай на рыльцы з фольгі і трохкутнымі кардоннымі пакетамі малака. Апошнія пасля можна было крыху надзьмуць і тупнуць зверху нагой — атрымліваўся імправізаваны выбух-пакет. З пончыкамі з яблычным павідлам па пяць капеек са школьнай сталоўкі, якія смажыліся ў фрыцюры. Са смакам шніцэля адтуль жа, які, мабыць, быў ці не напалову з хлеба. Але праз гады ён падаецца самым лепшым, самым смачным...

Можна, канешне, паіранізаваць, што раней і дрэвы былі больш высокімі, і трава зялёнай, і цукар саладзейшы. Усё так... Але нельга аспрэчваць, што некалі смак прадуктаў быў сапраўды зусім іншы, натуральны. Пра гэта памятаюць і спажыўцы, пра тое добра ведаюць і вытворцы. Невыпадкова апошнія ўвесь час прапануюць нам нешта «са смакам дзяцінства». Толькі я так скажу: колькі ні старайцеся, свайго вы не даб'яцеся. Гэта немагчыма, бо немагчыма зноў трапіць у дзяцінства. Таму што толькі ў ім луста хлеба, пасыпаная зверху цукрам, была сапраўдным ласункам...

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Іншыя матэрыялы рубрыкі "Узровень-40":

Мае настаўнікі

Світанкі новага жыцця пад гукі вечна маладога вальса…

«Камкі», «мальвіны» і скураныя курткі з «ліхіх 90-х», або ад «Візітнай карткі пакупніка» і талонаў да валютных секцый

Пакаленне дэфіцыту, ці Што насілі і як выглядалі дзеці ў савецкія часы

Першы прыклад у жыцці

Даць бы многім чарнільную ручку…

Мае Арбузік і Бябешка, ці Як «Па­лес­кія ра­бін­зо­ны» ў па­ход ва­дзі­лі

Цацкі і забавы савецкага дзяцінства

Смаленне вепрука, або Чаго не ведае пакаленне-ХХІ

Бульба, яблыкі, каменне, або «Сельгасрамантыка» колішніх школьнікаў і студэнтаў

Верасень, які пахне драўнінай і сокам…

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».