Вы тут

Студэнт, разважай! Цябе слухаюць


Чарговыя адкрытыя дэбаты БРСМ «Выбірай.by!» прайшлі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. На гэты раз моладзь абмяркоўвала тэму студэнцкага самакіравання. Лідары пярвічных арганізацый БРСМ устаноў вышэйшай адукацыі з усіх рэгіёнаў краіны сабраліся, каб падыскутаваць аб тым, як сёння працуе студэнцкае самакіраванне, чаго яму не хапае і ў якім кірунку яму трэба развівацца. У якасці экспертаў выступілі міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Андрэй Белякоў, а таксама рэктары сталічных ВНУ Сяргей Абламейка (БДУ), Наталля Баранава (МДЛУ), Станіслаў Князеў («МІТСО») і іншыя.


24-12

Каманды ўдзельнікаў («Актыў.by» і «Perpetuum Mobіle») ствараліся літаральна напярэдадні. Спецыяльна да дэбатаў ніхто не рыхтаваўся, ды і асаблівай патрэбы не было: хлопцы і дзяўчаты ўваходзяць у студэнцкае самакіраванне ў сваіх ВНУ, таму гэтая тэма для іх не новая. Але кожны меў сваё бачанне, свае прыклады і ідэі.

Так, каманда «Актыў.by» сфармулявала наступнае паняцце: «Студэнцкае самакіраванне — гэта першы крок на шляху да твайго поспеху, магчымасць быць пачутым, самарэалізацыя, фундамент для асобы будучага кіраўніка, дэмакратыя ў дзеянні».

Падчас дыскусіі ўдзельнікі прыйшлі да думкі, што пра эфектыўнасць самакіравання можна меркаваць па тым, з якой хуткасцю вырашаюцца праблемы ва ўніверсітэце. Студэнты, як правіла, бачаць недахопы знутры. Іх галоўная задача — растлумачыць кіраўніцтву ВНУ сутнасць праблемы і, магчыма, прапанаваць варыянты яе рашэння.

Паколькі студэнцкае самакіраванне існуе ва ўсіх ВНУ Беларусі, была закранута і тэма яго ўніфікацыі. Студэнцкія лідары прыйшлі да думкі, што гэта немагчыма, паколькі кожная навучальная ўстанова мае свае традыцыі.

24-21

Падчас дэбатаў міністр адукацыі неаднаразова выказваў думку, што мэта студэнцкага самакіравання заключаецца не толькі ў тым, каб арганізоўваць нейкія культурна-масавыя або спартыўныя мерапрыемствы. Міхаіл Жураўкоў падкрэсліў: неабходна, каб студэнты актыўна ўплывалі і на адукацыйны працэс, былі неабыякавымі да таго, што і як яны вывучаюць.

— Апошнім часам мяне хвалюе сацыяльная інфантыльнасць моладзі, — прызнаўся міністр. — Створаны цудоўныя ўмовы для развіцця маладога пакалення, аднак многія перастаюць цаніць гэта і ўспрымаюць як належнае, нібыта дзяржава ім павінна.

Эксперты не толькі каментавалі выказванні студэнцкіх лідараў і давалі ім парады, але і задавалі пытанні. Андрэй Белякоў нечакана запытаўся ў моладзі: «Ці хацеў бы хто-небудзь з вас у будучым стаць рэктарам?» Такое пытанне дазволіла ўдзельнікам дэбатаў на некаторы час адысці ад сур'ёзных разважанняў і крышачку памарыць.

— Дэбаты атрымаліся плённымі і для нас, лідараў студэнцкіх арганізацый, і для экспертаў, таму што ва ўсіх была магчымасць выказацца і паслухаць. Увогуле, пасля падобных мерапрыемстваў у мяне з'яўляецца шмат ідэй, якія я магу рэалізаваць у сваім універсітэце. Напрыклад, прагучала думка, што неабходна аб'ядноўвацца лідарам розных студэнцкіх арганізацый, якія існуюць у ВНУ, для больш эфектыўнага самакіравання, — расказаў Аляксандр СЯНЧУК, сакратар БРСМ Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Таксама падзялілася ўражаннямі Хрысціна Кіслова, сакратар БРСМ Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта:

— Мне было цікава не толькі самой паразважаць на тэму студэнцкага самакіравання, але і пачуць меркаванні экспертаў, паколькі яны ўспрымаюць яе з іншага пункту гледжання. Я задумалася і пра тое, як праводзяцца выбары лідараў студэнцкіх арганізацый. Напэўна, было б карысна ва ўніверсітэцкім асяродку ладзіць перадвыбарныя кампаніі.

Вынікі дэбатаў Міхаіл Жураўкоў падвёў адной ёмістай фразай пра ўдзельнікаў: «Вы іншыя, але вы класныя!»

Ганна КУРАК, студэнтка ІV курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».