Вы тут

«Складаныя школы» не для маладых настаўнікаў


Тэмай аднаго з нумароў аналітычнага выдання Teachіng іn Focus, які выпускаецца пад эгідай Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), стала падтрымка маладых настаўнікаў, якія пачынаюць сваю прафесійную кар'еру.


Як паказалі вынікі міжнароднага даследавання сістэм выкладання і навучання (Teachіng and Learnіng Іnternatіonal Survey, TALІS), маладыя настаўнікі сутыкаюцца з мноствам праблем, у тым ліку і з неабходнасцю падтрымліваць дысцыпліну ў класе. Лічыцца, што сістэма адукацыі імкнецца «выціснуць максімум» з чалавечых рэсурсаў і ставіць перад вопытнымі педагогамі больш складаныя задачы. Аднак, як сведчаць вынікі TALІS, справядлівае і адваротнае сцвярджэнне. У 19 краінах з 27, якія прымалі ўдзел у даследаванні, настаўнікі, якія маюць менш за пяць гадоў стажу работы па спецыяльнасці, значна часцей, чым іх больш дасведчаныя калегі, працуюць у школах, у якіх навучаецца вялікая колькасць навучэнцаў з сацыяльна небяспечных сем'яў, навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і школьнікаў, для якіх мова навучання не з'яўляецца роднай.

Высветлілася таксама, што маладыя спецыялісты часцей працуюць у сельскай мясцовасці, дзе школы, як правіла, абмежаваныя ў сваім фінансаванні. Даследаванне паказала, што ацэнка выкладчыкамі эфектыўнасці сваёй працы павышаецца з набыццём вопыту. Сімбіёз няўпэўненасці ў сабе і складаных задач, пастаўленых перад маладым настаўнікам, павялічвае верагоднасць таго, што педагог захоча пакінуць прафесію, нават нягледзячы на падтрымку больш вопытных калег.

Для таго каб пазбегнуць падобных страт у чалавечым капітале, нацыянальныя сістэмы адукацыі павінны імкнуцца да больш збалансаванага размеркавання педагогаў па ўстановах адукацыі ў залежнасці ад іх спецыфікі, а таксама забяспечваць іх дадатковую падтрымку. У многіх краінах прымяняюцца праграмы падтрымкі маладых спецыялістаў — такія, як увядзенне ў пасаду або замацаванне за маладым настаўнікам больш дасведчанага калегі, які дапамагае асвоіцца на новым працоўным месцы. 75% апытаных педагогаў адказалі, што ў пачатку іх кар'еры за імі былі замацаваны куратары, да якіх яны маглі звярнуцца пры ўзнікненні розных праблем.

У большасці краін, якія ўдзельнічаюць у апытанні TALІS, назіраюцца разыходжанні ў адказах настаўнікаў і адміністрацыі школы датычна праграм падтрымкі выкладчыкаў. Так, напрыклад, кіраўнікі сцвярджаюць, што 70% педагогаў з вопытам работы менш за 3 гады ахоплены праграмамі падтрымкі, у той час як толькі 50% з іх пацвердзілі свой удзел у такіх праграмах. Нягледзячы на наяўнасць у многіх краінах праграм падтрымкі, іх мэтавая група адрозніваецца. Напрыклад, падобныя праграмы могуць быць адрасаваныя як усім настаўнікам, так і настаўнікам, якія маюць вопыт працы, але з'яўляюцца навічкамі ў канкрэтнай школе, і настаўнікам, якія толькі пачынаюць сваю кар'еру ў сферы адукацыі.

Даследчыкі ўпэўнены, што ў сістэмах адукацыі ўсіх краін неабходна перагледзець крытэрыі для накіравання маладых настаўнікаў у «складаныя» школы, а таксама ўзмацніць іх прафесійную падтрымку.

Надзея НІКАЛАЕВА

nikalaeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.