Вы тут

Гіпермаркетаў стала зашмат?


Сёння новыя буйныя крамы сталіцы рэальна выкарыстоўваюць толькі чвэрць сваіх плошчаў.

Менавіта таму галоўны мегаполіс краіны сёлета сутыкнуўся з масавым пераносам тэрмінаў уводу ў эксплуатацыю і адкрыцця гандлёвых цэнтраў. Большасць заяўленых на гэты год аб'ектаў, хутчэй за ўсё, «пераедзе» ў 2016 год. Такую думку выказаў вядучы спецыяліст аднаго з найбуйнейшых агенцтваў нерухомасці Мінска Аляксандр Вялікі.

25-46

Перанасычанасць рынку гандлёвымі плошчамі прывяла да ўзмацнення канкурэнцыі і павелічэння свабодных плошчаў. Практычна ўсе аб'екты адчуваюць дэфіцыт арандатараў. У першую чаргу праблема актуальная для новых гандлёвых цэнтраў. Так, на рынку стала нормай адкрыццё галерэі, якая запоўнена крамамі толькі на 25-30%.

Прадуктовым гандлярам не хапае сродкаў

Многія гандлёвыя цэнтры, якія планавалі адкрыцца ў Мінску сёлета, вымушаны пераглядаць свае планы. Як правіла, гэта звязана з адсутнасцю якарных арандатараў або іх нечаканай стратай. У першую чаргу складанасці ўзнікаюць з прадуктовымі рытэйлерамі, якім у цяперашняй эканамічнай сітуацыі стала складаней адшукваць сродкі на адкрыццё новых супер- і гіпермаркетаў.

У адрозненне ад усіх астатніх аператараў, прадуктовы супермаркет не проста арандуе плошчу — ён інтэграваны ў аб'ект на ўзроўні праектнай дакументацыі. Пакуль арандатар не ўстановіць прадугледжанае праектам абсталяванне (халадзільныя камеры, печы, спецыяльнае асвятленне), увесь гандлёвы цэнтр не можа быць здадзены ў эксплуатацыю. «Калі прадуктовы аператар адмаўляецца ад дагавора, то ў забудоўшчыка застаецца толькі два варыянты — альбо набыць і ўстанавіць абсталяванне за свой кошт, альбо ўнесці змены ў праект, якія выключаюць наяўнасць харчовай крамы. Але тады ў будучыні, калі прадуктовы рытэйлер усё ж знойдзецца, давядзецца рабіць асобны праект і зноўку праходзіць усе ўзгадненні», — тлумачыць сітуацыю Аляксандр Вялікі.

Недахоп вядомых брэндаў

Яшчэ адна праблема — дэфіцыт аператараў моднай вопраткі. У Мінску слаба прадстаўлены вядомыя брэнды. Большасць буцікаў адкрываецца на ўмовах франшызы на невялікіх плошчах 40-150 квадратных метраў, а брэнды ўзроўню Zаrа пакуль сур'ёзна не разглядаюць магчымасць прыходу ў нашу краіну.

Разам з тым некаторыя дэвелаперы пайшлі іншым шляхам: развіваюць уласныя сеткі і брэнды. Гандлёвыя цэнтры, такія як «Карона» і «Е-сіці», робяць стаўку на свае крамы і, такім чынам, у меншай ступені залежаць ад «чужых» арандатараў. На думку спецыяліста, чым большую ролю дэвелапер адыгрывае ў фарміраванні трафіку, тым вышэйшы ў яго шанц як мага хутчэй запоўніць гандлёвы цэнтр.

Выйграюць спецыялізаваныя крамы

У якасці альтэрнатывы — стварэнне тэматычных аб'ектаў, што цяпер вельмі папулярна. Сярод яркіх прыкладаў — мэблевыя гандлёвыя цэнтры «Трум» і «Град», якія за кароткі час былі запоўнены аператарамі. Такі фармат стаў сапраўды запатрабаваным сярод спажыўцоў, паколькі дазваляе за адзін раз ахапіць адразу некалькі крам і прыцаніцца. «Услед за мэблевымі цэнтрамі ў сталіцы павінны з'явіцца і іншыя цікавыя аб'екты са свежай канцэпцыяй», — адзначыў эксперт агенцтва нерухомасці.

Разам з тым, спецыялісты адзначаюць, што сёлета ў зоне рызыкі апынуліся гандлёвыя цэнтры гіганцкіх памераў — плошчай ад 50 тысяч «квадратаў» і больш. Існуючыя ў краіне рытэйлеры здольны запоўніць толькі палову плошчаў. Таму без буйных замежных брэндаў такім аб'ектам будзе практычна немагчыма асвоіць большую частку сваіх памяшканняў.

Хлеба і відовішчаў

Каб прыцягнуць наведвальнікаў, кіраўнікі кампаній імкнуцца развіваць забаўляльны складнік сваіх аб'ектаў. У гандлёвых цэнтрах адкрываюць кінатэатры, сямейныя цэнтры вольнага часу, боўлінг, лядовыя каткі і нават кантактныя заапаркі. «Магчыма, яны і не прыносяць якога-небудзь адчувальнага даходу ўласніку памяшканняў, але іх прысутнасць станоўча ўплывае на інтэнсіўнасць пешаходных патокаў. Гандлёвыя цэнтры Мінска ўсё больш пачынаюць нагадваць сучасныя вядучыя еўрапейскія комплексы», — падсумаваў спецыяліст.

З пачатку года арэндныя стаўкі ў гандлёвых цэнтрах у сярэднім знізіліся на 27%. Сёння яны складаюць ужо да 24 еўра з ПДВ за «квадрат». На кошт арэнды ўплываюць месцазнаходжанне гандлёвага цэнтра і памер арандаванай плошчы, інтэнсіўнасць трафіку і спецыялізацыя аператара. Найбольш плацяць за арэнду аптэкі, ювелірныя і касметычныя крамы, размешчаныя ў самых прахадных месцах гандлёвага цэнтра.

Гандлёвым сеткам «падрэжуць крылы»

Заўважым, што крыху раней пазіцыю горада на гэты конт агучыў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Дамарацкі. Сапраўды, у найбліжэйшы час у Мінску адкрыецца каля дзясятка новых гіпермаркетаў. Але гэта будуць апошнія крамы сеткавага гандлю ў межах кальцавой дарогі.

Ён адзначыў, што ў горадзе ўжо больш за 30 буйных гандлёвых кампаній. Дастаткова, каб пакуль дазволаў на будаўніцтва падобных гандлёвых аб'ектаў у межах кальцавой дарогі не выдаваць. А вось невялікія крамкі крокавай даступнасці горад будзе падтрымліваць. Яны патрэбныя, зручныя і заўсёды побач. Сёння мэрыя плануе дапамагаць магазінам крокавай даступнасці за кошт зніжэння арэндных ставак. Акрамя таго, цяпер Мінск стварае вялікую дзяржаўную сетку харчовых крамаў. У дзяржпрадпрыемстваў адчужаюцца ўсе дробныя разрозненыя гандлёвыя аб'екты, якім мала надавалася ўвагі і, адпаведна, узровень абслугоўвання пакідаў жадаць лепшага. Сёлета пад крыло дзяржаўнай сеткі пад брэндам «Радзівілаўскі» аб'яднаюць 30 магазінаў, з іх 20 ужо фактычна перададзены новаму гаспадару.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.