Вы тут

Да Міхала


Дзень нараджэння Агінскага: вітанне з радзімы.

Яму 250 — і ўявіце: гэта свята для ўсяго свету. Для самога Агінскага тое ніколькі не было б дзіўным. Увесь свет быў адкрыты для яго пры жыцці: арыстакрат, дзед і бацька якога былі віленскімі ваяводамі, дзядзька Міхал Казімір Агінскі быў віленскім ваяводам і вялікім гетманам літоўскім. І сам ён пачаў палітычную кар'еру яшчэ ў 19 гадоў: дэпутат сейма, потым пасол Рэчы Паспалітай у Галандыі і Вялікабрытаніі, падскарбій Вялікага Княства Літоўскага. Яго прымалі манархі Еўропы. І нават Кацярына ІІ не адмаўляла сабе ў асалодзе паслухаць музыку Агінскага, да якога асабіста ставілася з прыязнасцю, хоць і разумела, што гэты ліцвін застанецца пры сваіх поглядах. Ён быў чалавекам і па-чалавечы імкнуўся клапаціцца пра сябе і сям'ю (калі адстойваў у імператрыцы маёнткі), але мог ахвяраваць усім, што меў, дзеля самых высокіх мэт: падтрымаў паўстанне нязгодных з падзеламі Рэчы Паспалітай 1794 года матэрыяльна, маральна, духоўна і нават фізічна — камандаваў атрадам. Ахвяраваў на паўстанне, разумеючы, што яго жонка Ізабэла прывыкла да раскошнага жыцця і можа не дараваць. І хоць пасля паўстання Касцюшкі ў іх нарадзіліся двое сыноў, сям'я ўсё адно распалася. Другі шлюб з італьянкай Марыяй Нэры быў больш працяглы (і чацвёра дзяцей), але таксама скончыўся разводам. Надзеі (і спробы) на разуменне пазіцыі часткі ліцвінскай шляхты з боку імператара Аляксандра І таксама не прынеслі плёну. Не жыццё, а суцэльнае расчараванне (нездарма ж з'ехаў з Залесся ў Фларэнцыю), неяк так падаецца.

Ды ну... Як жа тады яму ўдалося прымусіць танцаваць пад свае мелодыі нават ворагаў і цэлы свет? Ці не ёсць гэта сведчанне перамогі яркай асобы, ідэі якой застаюцца актуальнымі на некалькі стагоддзяў? Ідэі могуць быць выкладзены словамі: у Агінскага шмат мемуараў. Але ў яркай канцэнтраванай форме яны могуць выяўляцца ў некалькіх нотах — прыгожых і сумных, якія адгукаюцца ў сэрцы. Ідэаліст, летуценнік, рамантык Агінскі быў верны сабе нават тады, калі яму засталася музыка, у якой можна было самому ствараць сваю краіну. Краіну мар. Але хто ведае, ці ёсць тэрмін даўнасці на здзяйсненне мар? І, можа быць, для таго, каб яны аднойчы здзейсніліся, павінен быць нехта, хто закіне іх у вялікую прастору Сусвету? Колькі часу яна будзе ТАМ разглядацца і чыімі рукамі ўвасобіцца, ужо іншая размова. Аднак Агінскі ўсім сваім няпростым і пакручастым лёсам увасабляў гэтую мару. І вось — КРАІНА ўдзячная Агінскаму.

25-32

Час Агінскага, поўны падзей, надзей, авантур і вялікіх спраў, людзей, якія ўсведамлялі сябе грамадзянамі і засталіся ў гісторыі асобамі. Пра іх пойдзе гаворка ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі 25 верасня, у дзень нараджэння Міхала Клеафаса. Канцэрт-прынашэнне падрыхтаваў Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь. Праграма «Час Агінскага: таленты і геніі» патлумачыць, з якімі геніямі ён кантактаваў у жыцці і якія на яго ўплывалі — пра гэта паклапацілася даследчыца жыцця і творчасці Агінскага, кандыдат мастацтвазнаўства Святлена Немагай. Дырыжор канцэрта, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Фралоў, мастацкі кіраўнік фестывалю «Год Агінскага ў Залессі» распавядае:

— Мы ўзялі тыя творы, якія могуць быць цікавыя для вялікай залыі з яе аўдыторыяй. Таму ў праграме ёсць маштабныя аркестравыя творы. Найперш — самога Міхала Клеафаса Агінскага. А ён, у прыватнасці, быў аўтарам оперы «Зэліс і Валькур, альбо Банапарт у Каіры». Паводле музыкі Міхала Клеафаса да гэтай оперы зроблена сімфанічная сюіта. Рэдакцыю гэтай музыкі, арыгінал якой уяўляе з сябе, хутчэй, накіды, ператварыў у асобны цэльны твор малады кампазітар Павел Шведаў. Мы канцэптуальную оперу сціснулі, зрабілі «экстракт» вобразаў, тэм, цікавых нумароў.

Опера была навеяна рамантычнымі надзеямі Агінскага, думкамі пра вызваленне краіны (але да напалеонаўскіх абяцанняў яшчэ было далёка), яго, хутчэй, захапляла моцная асоба, якая натхняла многіх творцаў, і яшчэ не было расчаравання... Але сярод вялікіх палотнаў у праграме ёсць маленькія перлінкі, дыяменцікі. Сярод іх — музыка самога Міхала Клеафаса, але яшчэ яго настаўніка музыкі Восіпа Казлоўскага і дзядзькі Міхала Казіміра Агінскага. Мы зрабілі яе максімальна прадстаўнічай па жанрах і стараліся напоўніць архіўнымі знаходкамі. Гэта праграма адкрыццяў — і з пункту гледжання факталогіі, якая павінна ўзмацніць адчуванне саміх твораў.

— Таму што трэба будзе тлумачыць, напрыклад, чаму ў гэты вечар гучыць твор Моцарта?

— Так, яго Сімфонія №21 напісана (а значыць, і выконвалася, бо Моцарт у стол не пісаў) у 1772 годзе, калі Андрэй Агінскі (бацька Міхала Клеафаса) з сям'ёй адпраўляецца ў Вену з найважнейшай дзяржаўнай місіяй — перамовы з аўстра-венгерскай каронай пра захаванне альбо пераўтварэнне нашай агульнай з Польшчай дзяржавы Рэчы Паспалітай. На гэтыя перамовы вельмі спадзяваўся Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які накіраваў Андрэя Агінскага як свайго спецыяльнага пасла — з надзвычайнай місіяй. Нам вядомы наступствы гэтых перамоў, што ўсё-такі не ўдалося захаваць дзяржаву ў яе цэласнасці, адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай. Але доўгі час, пакуль сям'я жыла ў Вене, Андрэй Агінскі спрабаваў дамовіцца, у рэшце рэшт прыйшлося ісці на кампраміс дзеля прымірэння, даць адкусіць кавалак, каб не з'елі ўсё цалкам. Акрамя таго, што 21-я сімфонія напісана ў гады прыезду ў Вену, яна ілюструе вясёлае, радаснае падарожжа дзіцяці, якое яшчэ не заклапочана сур'ёзнымі праблемамі старэйшых.

Міхалу Клеафасу ішоў тады сёмы год, і ён мог ужо нешта ўсведамляць. Я думаў, якую сімфонію Моцарта выбраць, але яго твор быў неабходны для гэтай праграмы. Па-першае: Моцарт — гэта Моцарт, ён заўсёды стварае непаўторны настрой. Але важней тое, што эпоха Моцарта — гэта эпоха Агінскага, і наадварот. Яны жылі ў розных прасторах, але часам іх дарогі перасякаліся ў прамым і пераносным сэнсе. Уплыў Моцарта быў грандыёзны, ён уразіў Агінскага. Моцарт — гэта сімвал эпохі класіцызму, увасабленне атмасферы Вены, у якой правёў шмат часу Андрэй Агінскі з дзецьмі, а потым і сам Міхал Клеафас, а таксама Міхал Казімір бываў тут. Кантакты з культурай, авеянай Моцартам, былі сталымі і грунтоўнымі. Для нас важна было даць адчуць на слых смак Вены, яе культуры, можа быць, адчуць паралелі музыкі тых аўтараў, якія сустрэліся на нашым канцэрце.

—Інтрыгуе яшчэ адно імя — Ёзэф Вёльфль...

— Гэта кампазітар, з якім Міхал Клеафас сустрэўся ўжо маладым чалавекам, якому быў патрэбны выдатны настаўнік музыкі. Ён запрашае аднаго з самых вядомых аўстрыйскіх кампазітараў, вучня Леапольда Моцарта (бацькі Вольфганга Амадэя), які становіцца вельмі папулярным, запатрабаваным настаўнікам для арыстакратаў. Удалося знайсці ўнікальную рэч — яго Першы канцэрт для фартэпіяна з аркестрам. А ў гэтым канцэрце ўсе інтанацыі эпохі, венскіх класікаў, таго ж Моцарта. Але ў фінале сімфоніі классіцызму, у трэцяй частцы, мы чуем паланэз. Амаль што ўнікальная з'ява, таму што гэта ўжо не бахаўскі паланэз... І мне здаецца, што тут вельмі блізкая паралель з Агінскім. Таму што і сам вучань ужо быў цікавым чалавекам — такі адукаваны, такі арыстакратычны з фенаменальнымі ведамі па розных навуках. З такім вучнем сустракаецца юны настаўнік Вёльфль. І хто ў каго больш узяў? Можа быць, з тэхнікі руху пальцаў, кампазіцыі — Агінскі. Але нейкія ідэі, творчыя задумы, у прыватнасці думка стварыць трэцюю частку паланэзам, як зрабіў Вёльфль у гэтым канцэрце, могуць быць сведчаннем уплыву Агінскага. Сенсацыйная знаходка, але і найпрыгажэйшы канцэрт. Гэта прэм'ера, таму што дагэтуль у нас быў толькі рукапіс, партытуры не існавала, толькі галасы. Усё гэта мы доўга і рупліва збіралі ў аркестравы твор.

Але ёсць у праграме і сучасны твор — балет, які напісаў беларускі кампазітар Вячаслаў Кузняцоў. Ён створаны на тэмы танцаў Міхала Клеафаса, якія для нас не столькі танцы для ног, колькі танцы для душы. Харэограф Наталля Фурман з артыстамі праз рухі выяўляе ідэі — гэта ў духу Агінскага. Праграма насычана мастацкімі і музычнамі навінкамі.

— Які твор стаў для вас асабіста сенсацыяй ці адкрыццём?

— З мініяцюр мяне вельмі ўразіў твор не Міхала Клеафаса (іх я ведаў усе), а знаходка твора Міхала Казіміра Агінскага «Што з табой, о, Таміра?». Пампезны, у стылі класіцызму, у той жа час вельмі характэрны вобраз, які ў нашым канцэрце будзе прадстаўлены выдатным барытонам, народным артыстам Беларусі Уладзімірам Пятровым. І цікавая музыка ў рэдакцыі Паўла Шведава. Для мяне гэта было маленькае па форме, але вялікае па значнасці адкрыццё, таму што твораў Міхала Казіміра захавалася не так многа, мы ведаем, што ён пісаў оперы, балеты, працаваў у розных жанрах. Такія знаходкі — каштоўныя крупінкі, якія даюць магчымасць адчуць, наколькі адораны талентамі былі прадстаўнікі гэтага роду.

Міхал Клеафас быў адзін з Агінскіх. Ён акумуляваў усе спадзяванні і надзеі, уласцівыя некалькім пакаленням грамадзян адной краіны, многія сталі ў выніку грамадзянамі свету.

Госці «Паўночных Афін»

Дыпламат Агінскі нават цяпер спрыяе дыялогу людзей і паразуменню народаў. У яго «рэзідэнцыю» ў Залессе прыехалі сёння прадстаўнікі дыпламатычных місій Літвы, Польшчы, Расіі, Францыі, Італіі і іншых краін — павіншаваць гаспадара (няхай яго сядзіба належыць народу) з днём народзінаў. Асаблівая ўвага да Агінскага з боку тых, хто ўвасабляе ў нашы дні яго радзіму: гэта беларускія дыпламаты, якія працуюць за мяжой, супрацоўнікі дзяржаўных структур, у тым ліку Міністэрства культуры Беларусі.

Юбілей святкуецца пад патранатам ЮНЕСКА. Але ёсць народы, кожны з якіх можа лічыць яго спадчыну «сваёй», гэта ўжо не падстава для спрэчак нават для навукоўцаў, якія сабраліся ў Залессі на міжнароднай канферэнцыі «Спадчына М.К. Агінскага ў культуры трох народаў».

Годнаму чалавеку — годны юбілей. А што, калісьці тут умелі прымаць гасцей. Агінскі з сям'ёй стварылі ў сядзібе такую атмасферу, што сюды завітвалі выдатныя людзі эпохі, нават проста дзеля таго, каб правесці час для душы, памузіцыраваць разам — былы дзяржаўны дзеяч, калі адышоў ад спраў, працягваў увасабляць эліту краіны. Святкаванне дня народзінаў у сядзібе, дзе прайшлі апошнія гады на радзіме, доўжыцца 5 дзён, і нават з удзелам яго нашчадкаў, якія павінны прыехаць з Польшчы. У іх ёсць магчымасць адчуць дух сядзібы, таму што цяпер, як тады: сустрэчы з сябрамі, інтэлектуальныя размовы, тэатралізаваныя дзеі, музыка. Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі творы Агінскага іграў у розных гарадах, але 25 верасня іх гукі напоўняць Залессе. 27 верасня ансамбль салістаў «Класік-авангард» таксама нагадае пра класіка, які дагэтуль у авангардзе іншых творчых асоб Беларусі. І, вядома, баль у Агінскіх — з мазуркамі, вальсамі, паланэзамі.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?