Вы тут

Адлятаюць гусі


Трывожнай журбою напаўняецца асенняе неба штогод. Клінам, ланцужком, чарадою цягнуцца птушкі ў вырай. Іх самотная пераклічка нагадвае кароткі развітальны спеў над родным краем. Тут яны з'явіліся на свет, тут прадоўжылі свой род і цяпер гэтую зямлю... пакідаюць. Наперадзе шлях — доўгі, нялёгкі, для жыцця выпрабавальны. Ці давядзецца ім вярнуцца сюды вясною?..

У песні «Адлятаюць гусі» Аляксандра Лягчылава і Уладзіміра Будніка канкрэтызуецца момант развітання. У небе чуваць маркотны кліч гусей. А яны — птушкі пралётныя для нас. Працяглы час ляцяць яны з поўначы ў паўднёвым напрамку. На нашых лугах у верасні-кастрычніку яны адпачываюць, падсілкоўваюцца; тут да іх далучаюцца невялікія беларускія чароды (з Паазер'я, Палесся). Чаму паэт для лірычна-філасофскага тэксту выбраў гусей? (Аўтарскага адказу не даведаемся, бо дзесяць гадоў таму, 21 верасня, Аляксандра Лягчылава не стала.) Сімвалічнае значэнне гусей асэнсоўваецца па-рознаму. Дзікі гусак сімвалізуе пільнасць, мужнасць, любоў, вернасць, шчасце ў шлюбе; у сувязі з пералётамі ўспрымаецца як сонечны знак адукаванасці, свабоды, адвагі, як сімвал вясны і восені (сонечнай пазітыўнасцю сімвалізм дзікага гусака супадае з сімвалізмам лебедзя). А свойскі гусак падаецца празмерна ганарлівым, крыху ганарліва-пыхлівым, часам абмежаваным, але па-сямейнаму клапатлівым.

Выкананне песні «Адлятаюць гусі» заслужанай артысткай Беларусі Наталляй Тамелай дакладна перадае аўтарскую задуму: трэба любіць свой родны край і верыць у яго ўзнёсла-адважных, моцных духам, дасведчана-спрактыкаваных насельнікаў. Чарада вытрымае ўсе выпрабаванні на небяспечным шляху, калі яна моцная адзінствам усіх птушак, а грамада дасягне росквіту толькі ў творчай супольнасці.

26-2

Верш Аляксандра Лягчылава           

Музыка Уладзіміра Будніка

Надвая разрэжуць

Неба клінам гусі,

Над зямлёй жалобна

Кінуўшы «Бывай!»

Хіба гэта, мусіць,

Плач па Беларусі,

Ці сказаць хацелі:

«Родная, чакай!»

Прыпеў:

Можа, ўсё — так,

Можа быць — не,

Толькі свой край

Як жа вам не любіць.

Можа, ўсё — так,

Можа быць — не,

Адлятаюць гусі,

Толькі Беларусі не забыць.

Мы ляцім, як гусі,

Ўслед за чарадою

І чамусьці верым

Толькі важакам.

І сабе мы хлусім

У сваёй спакусе:

Хто ўзляцець гатовы —

Крылы знойдзе сам.

Прыпеў.

Падрыхтаваў Міхась Шавыркін

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.