Вы тут

Бяспечны «холад»


Айчынныя прадпрыемствы адмаўляюцца ад выкарыстання фрэонаў.

Выбіраючы халадзільнік, вы наўрад ці задумваецеся, які холадагент у ім выкарыстоўваецца. Тэхніка «марозіць» дзякуючы фрэонам альбо гідрахлорфторвугляродам (далей — ГХФВ). Праўда, ёсць у гэтых рэчывах адзінае «але»: яны разбураюць азонавы слой атмасферы, тым самым падвяргаюць паверхню планеты ўздзеянню ўльтрафіялетавых сонечных промняў. Менавіта таму прадпрыемствы паступова адмаўляюцца ад выкарыстання фрэонаў і пераходзяць на больш экалагічныя тэхналогіі. Як гэта адбываецца ў Беларусі?

[caption id="attachment_102915" align="alignnone" width="600"]За­праў­ка ха­ла­дзіль­ні­ка іза­бу­та­нам. За­праў­ка ха­ла­дзіль­ні­ка іза­бу­та­нам.[/caption]

Самая вялікая работа ў гэтым кірунку была праведзена на Мінскім заводзе халадзільнікаў ЗАТ «АТЛАНТ». Да 1993 года тут выпускалі халадзільнае абсталяванне, якое працавала на фрэонах R-12 і R-11. У пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя на прадпрыемстве была распрацавана праграма па вывадзе азонаразбуральных рэчываў. Іх замянілі на менш шкодныя ГХФВ R-134а. Ужо з 2002 года «Атлант» пачаў выпускаць халадзільнікі і маразільнікі з бяспечным холадагентам R-600а (ізабутан). Для запраўкі сабранага агрэгата патрабуецца ўсяго 40-80 грамаў газу. Спецыялісты адзначаюць: прыродны газ ізабутан з'яўляецца пажаранебяспечным. Пераход з аднаго холадагента на іншы даўся няпроста.

— Ізабутан і R-134а — гэта прынцыпова розныя кампаненты. Замяніць адзін другім немагчыма, бо першы з іх з'яўляецца прыродным растваральнікам, у другога такіх якасцяў няма, — распавядае галоўны канструктар бытавой тэхнікі ЗАТ «Атлант» Канстанцін СЯРЖАНАЎ. — Большая частка абсталявання можа працаваць на адноўленым хладоне альбо павінна быць выведзена з эксплуатацыі. Дзякуючы супрацоўніцтву з навукоўцамі мы за два гады цалкам змянілі тэхналогію.

Як праводзіцца ўтылізацыя холадагентаў?

— У 1993 годзе прадпрыемства атрымала абсталяванне для рэцыклінгу і збору фрэонаў, якія выкарыстоўваліся доўгі час. Нашы спецыялісты аднаўлялі гэтыя рэчывы і запраўлялі іх у халадзільнікі паўторна, — адзначае кіраўнік бюро экалагічнага кантролю «Атланта» Вадзім МІКУЛІЧ. — Апошні раз мы аднаўлялі фрэон у 2012 годзе. Аднак, калі ёсць патрэба, мы можам сабраць стары фрэон і аднавіць яго на вытворчасці ды паўторна заправіць у халадзільнік спажыўца. Дарэчы, калі стары халадзільнік перастае марозіць, даю 95%: у сістэме з'явілася «дзірка», праз якую газ вылецеў.

Апісваючы сітуацыю з фрэонамі ў Беларусі, спецыялісты адзначаюць: у краіне ствараюцца ўмовы для таго, каб выкарыстанне шкодных рэчываў скарачалася.

— У нас уведзена падатковая плата за ўвоз азонаразбуральных рэчываў. Кожны кілаграм фрэонаў «каштуе» прыкладна 80 тысяч беларускіх рублёў, што, адпаведна, дадаецца да кошту тавару, — адзначыла кансультант аддзела рэгулявання ўздзейнічання на атмасфернае паветра і азонавы слой Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы наваколля Наталля КЛІМЕНКА. — Заправіць халадзільнік азонаразбуральным рэчывам выйдзе даражэй, чым бяспечным газам.

Нагадаем: Беларусь узяла на сябе абавязацельствы Манрэальскага пратакола па рэчывах, якія разбураюць азонавы слой. У 2020 годзе наша краіна цалкам адмовіцца ад спажывання фрэонаў: гэта азначае, што ГХФВ больш не будуць да нас увозіцца. За апошнія пяць гадоў іх спажыванне ў Беларусі скарацілася на 40%, што сведчыць пра пэўны прагрэс у гэтай галіне.

Экалагічная эканомія

Цяпер у Беларусі рэалізуецца праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі Праграмы развіцця ААН і Глабальнага экалагічнага фонду (ГЭФ) «Садзейнічанне ў рэалізацыі паскоранага вываду з ужытку гідрахлорфторвугляродаў у краінах з пераходнай эканомікай». У яго рамках на мінулым тыдні на Давыд-Гарадоцкім электрамеханічным заводзе было ўведзена новае абсталяванне для ачысткі і прамыўкі дэталяў пускавога і ахоўнага рэле, якімі камплектуюцца халадзільнікі і маразільнікі «Атланта». У працэсе ачышчэння дэталяў задзейнічаны альтэрнатыўныя азонабяспечныя растваральнікі.

У 1995 годзе «Атлант» набыў патрыманае японскае абсталяванне для абястлушчвання дэталяў, якое пасля было перададзена ў Давыд-Гарадок. У якасці растваральніку выкарыстоўвалася азонаразбуральнае рэчыва — ГХФВ-141b. Старое абсталяванне ў хуткім часе знасілася, таму ў апошнія гады дэталі прамываліся ўручную ў адкрытых ёмістасцях. Пры гэтым вялікая колькасць азонаразбуральнага растваральніку папросту выпаралася, і прадпрыемства губляла каля 7 тон рэчыва за год. Да таго ж гэта не дазваляла выконваць экалагічныя і санітарныя нормы. Дзякуючы праекту на заводзе з'явілася дыстыляцыйная ўстаноўка для рэцыклінгу растваральнікаў і ўстаноўка для ўльтрагукавой паравой ачысткі/абястлушчвання механічных дэталяў.

— Абсталяванне дазволіць нам працаваць без уцечак азонаразбуральнага рэчыва, а эканомія складзе каля 600 мільёнаў рублёў за год, — адзначыў дырэктар прадпрыемства Эдуард СЦЯПУРА.

— Для краіны гэта другі вялікі праект, які рэалізуецца за сродкі ГЭФ: першы быў звязаны з вывадам хладонаў R-11 і R-12, рэалізаваны ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Адзначу, што Беларусь пайшла па шляху стварэння цэласнай сістэмы: мы робім дэманстрацыйныя праекты, закупляем кантрольнае абсталяванне, ствараем сістэму для рэцыклінгу адпрацаваных фрэонаў, займаемся падрыхтоўкай кваліфікаваных спецыялістаў. У краіне будуць створаны чатыры цэнтры па рэцыклінгу і аднаўленні азонаразбуральных рэчываў, — расказаў кіраўнік упраўлення рэгулявання ўздзейнічання на атмасфернае паветра і водныя рэсурсы Мінпрыроды Сяргей ЗАЎЯЛАЎ. — Яшчэ адным дасягненнем краіны ў гэтым кірунку я лічу стварэнне «Асацыяцыі прадпрыемстваў індустрыі мікраклімату і холаду», якая аб'яднала ў сабе ўсе буйныя кампаніі па гэтай тэматыцы.

Кацярына РАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».