Вы тут

Зямля пад «панэлькі» — без аўкцыёнаў


На мінулым тыдні кіраўніком нашай дзяржавы быў падпісаны ўказ №400, нормы якога вызначаюць парадак засялення грамадзян у пабудаваныя жылыя дамы, забяспечваюць загрузку і павышаюць эфектыўнасць работы арганізацый буйнапанэльнага домабудавання. Патлумачыць нормы новага ўказа «Звязда» папрасіла начальніка ўпраўлення жыллёвага будаўніцтва Мінбудархітэктуры Аляксандра Горваля.

Не толькі ключы, але і адсутнасць заўваг

Прынятым дакументам уносяцца дапаўненні ва ўказ №26 «Аб мерах па ўдасканаленні будаўнічай дзейнасці». Цяпер для будучых жыхароў вызначаюцца канкрэтныя ўмовы, пры адначасовым захаванні якіх грамадзянін лічыцца заселеным у жылое памяшканне. Сёння гэта не толькі атрыманне ключоў ад кватэры, забеспячэнне доступу і магчымасці карыстання ёю па прызначэнні, але і адсутнасць заўваг у кліента па якасці выкананых работ. На практыцы падобны алгарытм існаваў і раней, аднак нейкія магчымыя недахопы ў новай кватэры будаўнічыя арганізацыі выпраўлялі тады, калі чалавек (сям'я) ужо афіцыйна лічыўся заселеным у такое жыллё.

Уводзяцца таксама нарматыўныя прадпісанні для заказчыкаў, забудоўшчыкаў па забеспячэнні ўмоў для засялення грамадзян у месячны тэрмін з дня зацвярджэння акта прыёмкі шматкватэрнага жылога дома ў эксплуатацыю. Гэта таксама значны плюс для людзей, бо забудоўшчык будзе вымушаны не проста хуценька здаць жылы дом у эксплуатацыю, але і адначасова больш актыўна варушыцца з неабходнымі дакументамі, каб ужо праз месяц існавала рэальная магчымасць засялення.

Чужыя даўгі дольшчыка не турбуюць

Змены прадугледжаны таксама ва ўказ №263 «Аб долевым будаўніцтве аб'ектаў у Рэспубліцы Беларусь». Скарачаюцца тэрміны перадачы дольшчыку канчатковага разліку кошту аб'екта долевага будаўніцтва і дакументаў для дзяржаўнай рэгістрацыі права ўласнасці на пабудаваны аб'ект — з аднаго каляндарнага месяца да 25 каляндарных дзён і да 2 дзён адпаведна.

Але, галоўнае, дакументам прадугледжваецца, што кліенту, які цалкам аплаціў цану аб'екта, гэтае жыллё будзе перадавацца незалежна ад наяўнасці іншых дольшчыкаў, якія маюць запазычанасць перад забудоўшчыкам.

Танных «панэлек» стане больш

Дапаўненні ўносяцца таксама ва ўказ №667 «Аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў» у частцы выдзялення арганізацыям буйнапанэльнага домабудавання ўчасткаў для будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў у Мінску і абласных цэнтрах без правядзення аўкцыёнаў.

Аляксандр Горваль упэўнены, што гэтая норма дазваляе заводам БПД будаваць стандартнае і бюджэтнае жыллё без дадатковых выдаткаў. Спецыяліст удакладніў, што да гэтага часу такія арганізацыі атрымлівалі будаўнічыя пляцоўкі на агульных падставах разам з камерцыйнымі забудоўшчыкамі на аўкцыёнах. Цяпер ім будуць даваць участкі бясплатна. Гэта, у сваю чаргу, павінна знізіць канчатковы кошт кватэр для малазабяспечаных катэгорый насельніцтва. «А зніжэнне кошту паспрыяе павелічэнню попыту на такое жыллё, якога, у выніку, будзе будавацца больш», — лічыць начальнік упраўлення.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».