Вы тут

Трэці ўзрост — перыяд пазнання


Пенсіянеры актыўна асвойваюць камп'ютар і вывучаюць замежныя мовы.

У наступныя пяць гадоў пажылых беларусаў стане амаль на 200 тысяч больш. Мінпрацы прагназуе: да 2020 года доля пажылых людзей у краіне павялічыцца да 27 працэнтаў. Тэндэнцыя ў многім абумоўлена ростам працягласці жыцця, якая з 2010 года павялічылася на тры гады. З аднаго боку, гэты паказчык сведчыць аб паляпшэнні сацыяльнага і медыцынскага абслугоўвання ў краіне. З іншага — прымушае больш старанна распрацоўваць меры падтрымкі пажылых людзей, бо яны тычацца кожнага сёмага жыхара рэспублікі.

Сёння праца сацыяльных службаў накіравана на тое, каб дапамагчы старому чалавеку як мага далей заставацца актыўным, самастойным. Замест ложка-месца ў стацыянары адзінокім пенсіянерам (такіх у краіне больш за 126 тысяч) прапаноўваюць новыя варыянты: зімоўкі, дамы часовага самастойнага пражывання, прыёмныя і гасцявыя сем'і. «Гэтыя формы выгадны і дзяржаве, і чалавеку, — мяркуе намеснік міністра Аляксандр РУМАК. — Людзі атрымліваюць добрыя ўмовы пражывання, і ў іх з пенсіі яшчэ застаюцца грошы на асабістыя пакупкі».

Важнымі застаюцца і пытанні адукацыі пажылых грамадзян. У аддзяленнях дзённага знаходжання ТЦСАНаў (летась было створана 46 такіх аддзяленняў) пенсіянеры не толькі займаюцца самадзейнасцю, але і асвойваюць камп'ютары, вывучаюць замежныя мовы. Папулярнымі сталі ўніверсітэты трэцяга ўзросту. Конкурс у тры чалавекі на месца, які склаўся ў мінскай адукацыйнай установе для пажылых, таму пацвярджэнне. Да працы са старымі людзьмі актыўна падключаюцца студэнты: сацыяльная служба і інтэрнаты супрацоўнічаюць з універсітэтамі і каледжамі. Але, на думку Аляксандра Румака, варта заахвочваць да валанцёрства і саміх пенсіянераў. «Калі чалавеку дапамагае хтосьці яго ўзросту — гэта больш эфектыўна. Да валанцёра, роўнага па статусе, прыслухоўваюцца», — тлумачыць сваю пазіцыю намеснік міністра.

За першае паўгоддзе 2015 года сталым жыхарам краіны была аказана матэрыяльная падтрымка на суму 48 мільярдаў рублёў (гэта сродкі з Фонду сацыяльнай абароны і мясцовых бюджэтаў). 163 тысячы грамадзян атрымалі грошы на рамонт дамоў, печаў, гаспадарчых пабудоў.

— У пытаннях матэрыяльнай падтрымкі мы перайшлі ад катэгарыяльнага прынцыпу да адраснага. Кожную сітуацыю разглядаем індывідуальна, — гаворыць начальнік упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Мінпрацы Анатоль РАЖАНЕЦ.

Каб дапамагчы старым у вёсках апрацоўваць участкі, пры тэрытарыяльных цэнтрах сацабслугоўвання насельніцтва дзейнічаюць гаспадарчыя брыгады. Работнікі прыходзяць праполваць грады, калоць дровы, касіць траву. Брыгады размяшчаюцца максімальна блізка да населеных пунктаў, дзе жывуць іх падапечныя, каб пенсіянеры ў любы дзень маглі разлічваць на дадатковыя рабочыя рукі.

«Гэтая сфера хутка развіваецца. Тыя ж зімоўкі і дамы сезоннага пражывання з'явіліся літаральна за два гады. Многае з таго, што мы сёння бачым у сістэме сацыяльнага абслугоўвання, — гэта не загад зверху, а творчасць на месцах. Таму мы заўсёды падтрымліваем ініцыятыву ў рэгіёнах», — каментуе Аляксандр Румак.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.