Вы тут

Такое кіно


Культавыя героі Квенціна Таранціна і энергічны танец Афоні. Сцэна сыходу доктара ў «Люстэрку» Андрэя Таркоўскага і трукі Бруса Лі. Калі ад гэтага пераліку вам захацелася ў кіно — ідзіце ў тэатр.

1-34

Чаго хоча моладзь?

На пачатку восені ў Маскве прайшоў ІІІ маладзёжны тэатральны форум-фестываль «АРТМІГРАЦЫЯ». Мэта фестывалю — сабраць найлепшыя спектаклі, створаныя маладымі рэжысёрамі, што закончылі слынныя тэатральныя навучальныя ўстановы Масквы ды Санкт-Пецярбурга і не пабаяліся паехаць працаваць у рэгіёны Расіі. Глядзець іх збіраюцца не толькі маскоўскія гледачы, але і ўдзельнікі форуму з краін СНД, Балтыі і Грузіі, што ўмацоўвае ідэю творчай мабільнасці і наладжвання творчых кантактаў, закладзеную ў назву — «Артміграцыя».

Нагод для разваг пасля «Артміграцыі» ўзнікае шмат. Напрыклад, хочацца прымераць вопыт расійскага Саюза тэатральных дзеячаў да нашага тэатральнага працэсу: наколькі здольныя творча міграваць рэжысёры і акцёры пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў? Чым найперш стане такі вопыт для іх — шанцам праявіць сябе ў менш агрэсіўным канкурэнтным асяродку ці выпрабаваннем на стойкасць і крэатыўнасць у імклівай распрацоўцы жыццёвага плана «Як адсюль збегчы?»

Трапляе ў фокус увагі і пэўная змена цікавасці маладых рэжысёраў да драматургіі. У праграме «Артміграцыі-2014» выразна дамінавала сучасная расійская драматургія: чатыры спектаклі з пяці. Сёлета ж фестываль аб'яднаў спектаклі, пастаўленыя па культавых тэкстах савецкага самвыдату («Школа для дурняў» Сашы Сакалова і «Масква — Петушкі» Венядзікта Ерафеева), казку Карла Гоцы, новую драму Васіля Сігарава і сцэнар Квенціна Таранціна.

Аднак самай цікавай, на мой погляд, з'яўляецца выразная тэндэнцыя звароту маладых рэжысёраў да выкарыстання мовы кіно ў тэатры. І менавіта праз тыпалогію тэатральных кінавыказванняў хочацца разгледзець усе пяць спектакляў асноўнай праграмы «Артміграцыі».

Шэсць адценняў крыві

Нам вядома безліч прыкладаў, калі тэатральная п'еса станавілася добрай кінастужкай. Адваротны парадак пераўтварэння, здавалася б, не такі характэрны для сучаснага мастацтва. Аднак у сучасным працэсе ўзаемадзеяння тэатра і кіно папулярнасць набываюць абодва варыянты. Тэатразнаўцы ўсё часцей адзначаюць такую рысу сучаснай драматургіі, як кінематаграфічнасць; часопіс «Искусство кино» з нумара ў нумар звяртаецца да сучаснага тэатральнага працэсу, разглядаючы яго праз «кінаоптыку». Іван Вырыпаеў увасабляе свае тэатральныя тэксты ў тым ліку і як кінарэжысёр. А Кірыл Сярэбранікаў ладзіць у «Гогаль-цэнтры» серыю пастановак паводле сцэнарыяў еўрапейскіх фільмаў (напрыклад, «Ідыёты» Ларса фон Трыера). У такім кантэксце зварот рэжысёра Сяргея Чэхава да кінадраматургічнага матэрыялу і пастаноўка ў Незалежнай тэатральнай кампаніі-лабараторыі «Асфальт-тэатр» (Новасібірск) спектакля паводле сцэнарыя дэбютнага фільма Квенціна Таранціна «Шалёныя сабакі» ўспрымаецца як працяг пэўнай традыцыі, уласцівай расійскаму тэатральнаму працэсу.

Шасцёра мужчын з мянушкамі-колерамі рабуюць ювелірную краму, але ў пэўны момант ідэальная схема злачынства дае збой і ўсё пачынае ісці не так. Паводле Таранціна гэта значыць: з літрамі крыві, адрэзанымі часткамі цела і асаблівым гумарам. Сяргей Чэхаў захоўвае фірменны таранцінаўскі стыль, заліваючы падлогу лужынамі штучнай крыві, і дакладна, да падрабязнасцяў касцюма, узнаўляе «Шалёных сабак» у прасторы камернай чырвонацаглянай пляцоўкі «Баярскіх палат».

Бадай, адзінае, што адрознівае спектакль ад фільма, — пачатак, які, на мой погляд, і з'яўляецца ключом да тлумачэння тэатральнага пераказу вядомай кінагісторыі. На пачатку героі ў звычайнай паўсядзённай вопратцы выходзяць да гледачоў і распавядаюць некалькі рэальных дваровых гісторый: дзе, што і як курылі; дзе і з кім біліся. Гэтымі гісторыямі яны нібыта сцвярджаюць сваю далучанасць да сусветнай хлапечай супольнасці, у якой хлапечыя гульні, у прынцыпе, не змяняюцца, але зброя, на жаль, з драўлянай пераўтвараецца ў рэальную. Героі рыхтуюцца да рытуальнага пераказу гісторыі і імкнуцца, пераказваючы, не адыходзіць ад канона.

Так не бывае, але бывае

Вядомая тэатральная легенда сцвярджае, што Карла Гоцы прыдумаў свае славутыя ф'ябы (тэатральныя казкі для дарослых) у выніку спрэчкі з драматургам Карла Гальдоні, падчас якой імкнуўся давесці калегу: камедыя масак і досыць просты сюжэт, нягледзячы ні на якія змены часу і эпох, будуць мець поспех у гледачоў. Здаецца, пры выбары драматургічнага матэрыялу рэжысёр Іван Арлоў кіраваўся падобнай гарэзлівасцю. І рэдкае глядацкае сэрца не падпадзе пад абаянне спектакля «Крумкач» паводле п'есы Карла Гоцы, які Арлоў паставіў на сцэне новасібірскага тэатра «Глобус».

Мне здаецца, да месца тут будзе ўзгадаць яшчэ адну легенду, кіношную. Пабачыўшы, як на паказ стужкі «Чужая Белая і Рабы» ў залу зганяюць салдат, каб запоўніць вольныя месцы, рэжысёр Сяргей Салаўёў паставіў перад сабой мэту: зняць такое папулярнае ў гледача кіно, каб у залу было не прабіцца. Культавую «Асу» Салаўёў, па яго ўласным сведчанні, стварыў паводле законаў індыйскага кіно. Іван Арлоў ва ўвасабленні «Крумкача» не супраціўляўся законам папулярнасці. Сюжэт ф'ябы падобны да галівудскай меладрамы? Значыць, на сцэне будзе Галівуд. З сапраўднымі цітрамі на пачатку і ў фінале спектакля. Саўндтрэкамі Дэвіда Боўі. Цытатамі з фільмаў Таранціна, братоў Коэнаў (так, незалежнаму кіно таксама знойдзецца месца ў тэатральным Галівудзе) і ўсіх, каго вы здолееце распазнаць. І выразна падкрэсленым пасылам фінальнай пятай часткі дзеяння «Так не бывае», але хэпі-энд па законах жанру непазбежны...

Пакажы мне дарогу да наступнай цытаты

Для адных эпоха постмадэрнізму скончылася, для іншых — нават і не пачыналася. Аднак, нягледзячы ні на што, адным з самых папулярных спосабаў узаемадзеяння кіно і тэатра застаецца выкарыстанне цытат. «Артміграцыя» сцвердзіла, што ў маладых рэжысёраў у пашане прамое цытаванне відэафрагмента. Часцей як зварот да калектыўнай свядомасці ці выяўлення архетыпічнага вобраза.

Так, напрыклад, у спектаклі «Гупёшка» Васіля Сігарава (рэжысёр Вікторыя Пячэрнікава, Калужскі абласны драматычны тэатр) адным з персанажаў стаў тэлевізар, на экране якога да пачатку дзеяння і часткова падчас дзеяння дэманстравалася нарэзка з самых вядомых праграм, тэлесерыялаў і фільмаў дзевяностых: «Каханне з першага погляду», «Качыныя гісторыі», Брус Лі, Сярожа з поўным ротам «Мамбы» ды іншыя.

А ў спектаклі «Школа для дурняў» паводле рамана Сашы Сакалова (рэжысёр Максім Сакалоў, Пермскі тэатр юнага гледача) з дапамогай кінацытат часткова вырашаецца праблема ўвасаблення адмысловай рэальнасці, створанай пісьменнікам, дзе няма ні пэўнага часу, ні пэўнай прасторы, ні пэўнай асобы, якая іх апісвала б. І ўманціраваны ў дзеянне фрагмент фільма Андрэя Таркоўскага «Люстэрка», дзе Анатоль Саланіцын у ролі доктара сыходзіць па хвалістай траве, выглядае як першае знікненне з гэтай зямлі географа Нарвегава (потым ён знікне яшчэ раз) і ўдалае сцэнічнае ўвасабленне аднародных членаў сказа, якія так даспадобы Сашы Сакалову.

Пастаноўка «Масква — Петушкі» па Венядзікту Ерафееву (рэжысёр Дзяніс Азараў, Расійскі дзяржаўны акадэмічны тэатр драмы імя Фёдара Волкава), апроч культавага самвыдатаўскага тэксту, увасобленага ў хоры Венічак, прапануе гледачам кароткую гісторыю савецкага кінаалкагалізму. Дзеянне спектакля рытмізавана музычнымі нумарамі ў стылі кабарэ. На фоне экрана, дзе дэманструюцца фрагменты п'янак і іх наступстваў («Масква слязам не верыць», «Афоня» і г.д.), пад жывую музыку адзін з акцёраў выконвае песні кшталту «Alabama song» Брэхта і Вайля, якая шырокаму слухачу больш вядома ў выкананні «The Doors». Такім чынам, кінафрагменты адначасова спрацоўваюць як архетыпічныя вобразы, ствараюць пэўную ілюзію асаблівага цячэння часу, неабходную для спектакля, і выступаюць элементамі сцэнаграфіі.

Новае кіно ў тэатры

Вядома, з'яўленне мовы кіно на тэатральнай сцэне не навіна. Безліч рэжысёраў карыстаюцца, напрыклад, экранам, відэапраекцыямі ці прынцыпамі кінамантажу. Аднак праграма «Артміграцыі», дзе «кінападабенства» пастаноўкі не з'яўлялася крытэрыем адбору, выявіла заўважнае выкарыстанне мовы экрана, заставіла задумацца пра істотнае абнаўленне адносін паміж кіно і тэатрам ды з увагай сачыць за далейшым развіццём падзей.

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ

Фота Андрыса РУЦІНЬША

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».