Вы тут

Сацыяльная абарона і эканамічныя стымулы


У восеньскую сесію можа быць разгледжана каля 60 законапраектаў.

Самай важнай падзеяй бліжэйшай сесіі беларускага парламента, якая адкрыецца 2 кастрычніка, традыцыйна стане прыняцце бюджэту краіны на наступны год. Але самым новым для нашай краіны дакументам, які будуць разглядаць дэпутаты і сенатары, называюць праект закона аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве. Учора на Савеце Палаты прадстаўнікоў падвялі вынікі работы дэпутацкага корпуса за апошнія тры месяцы і звярсталі папярэдні план работы на восень-зіму.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА адзначыў, што задачы, якія былі пастаўлены перад дэпутатамі на міжсесійны перыяд, выкананы. Напярэдадні адкрыцця восьмай сесіі ў парламенцкім партфелі на разглядзе знаходзіцца каля 60 законапраектаў, з іх 36 ужо ўключаны ў парадак дня. Пры гэтым бюджэтны блок, які павінен быць разгледжаны народнымі абраннікамі да канца года, яшчэ не паступіў у парламент, але яго змест не стане для дэпутатаў поўнай навіной, бо парламентарыі ўдзельнічаюць ва ўрадавых рабочых групах па яго распрацоўцы.

— Цэнтральнае месца на сесіі зойме разгляд рэспубліканскага бюджэту, карэкціроўка падатковага і бюджэтнага заканадаўства, — сказаў спікер Палаты прадстаўнікоў на пасяджэнні Савета. — Мы цесна працуем з урадам над дакументамі, частка прапаноў дэпутатаў ужо ўлічана, і наша задача — захаваць сацыяльную накіраванасць бюджэту, стварыць эфектыўныя стымулы для развіцця эканомікі, у тым ліку за кошт новых падыходаў у дзяржаўным планаванні і прагназаванні.

У законапраекце «Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве» таксама ўлічаныя рэкамендацыі, выпрацаваныя падчас парламенцкіх слуханняў у лістападзе мінулага года. Гэты дакумент будзе разгледжаны ў першым чытанні ўжо 2 кастрычніка.

— Была праведзена дастаткова вялікая падрыхтоўчая работа, мы сустракаліся ў тым ліку і з міжнароднымі экспертамі. У нас ёсць аснова, і думаю, што адразу пасля прыняцця ў першым чытанні мы актыўна пачнём яго дапрацоўку, каб да канца года мець канчатковы праект для ўхвалення ў верхняй палаце, — сказаў журналістам старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Віктар ВАЛЮШЫЦКІ. — Гэта вельмі навацыйны законапраект, які, найперш за ўсё, зніжае нагрузку на бюджэт па вырашэнні інфраструктурных праблем у дзяржаве. Разам з тым ён выбудоўвае схему рэалізацыі інфраструктурных праектаў такім чынам, каб гэта было выгадна і дзяржаве, і бізнесу.

На восьмай сесіі працягнецца кадыфікацыя заканадаўства, гэтым разам у сферы культуры, лесакарыстання, судаўладкавання і судавытворчасці.

— Праект Кодэкса аб культуры — вельмі ёмісты дакумент, які прыводзіць у парадак усю заканадаўчую базу Беларусі ў сферы культуры, шмат увагі ў ім надаецца эканамічнаму боку: магчымасці зарабляць у культуры і магчымасці дапамагаць ёй, развіваць мецэнацтва і фундатарства, — заўважыў старшыня профільнай камісіі Аляксандр СЯГОДНІК. — Безумоўна, шмат увагі надаецца і кіраванню, каб прыняцце важных рашэнняў адбывалася больш аператыўна і адказна.

Да канца года Палата прадстаўнікоў разгледзіць законапраекты па пытаннях малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, працоўнай міграцыі, прамысловай бяспекі. Плануецца ратыфікаваць вялікі блок міжнародных дагавораў Беларусі: пагадненне з Кітаем, Тайландам, Індыяй, Пакістанам, Грузіяй, Сірыяй і іншымі дзяржавамі.

Старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Генадзь ГРЫЦКЕВІЧ дадаў, што будуць таксама разгледжаны Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 жніўня 2015 года №5 «Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе» і шэраг кадравых пытанняў.

Сярод дакументаў, якія рэгулююць сацыяльную сферу, у Авальнай зале адбудзецца галасаванне па карэкціроўках законаў па пытаннях пенсійнага забеспячэння і дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, аховы здароўя, пахавання, санітарна-эпідэміялагічнай бяспекі насельніцтва.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

medvedeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».