Вы тут

Вось вам і глыбінка...


3-27

Зямля — шар. І калі глядзець на яе з космасу, адкуль не ўбачыш ні хмарачосаў, ні схаваных у падлесках хутароў, то як вызначыць, дзе на ёй цэнтр зямной цывілізацыі, а дзе глухамань? Усё аднолькавае. Як па мне, дык яно і сапраўды так — дзе знаходзіцца чалавек, там для яго і цэнтр цывілізацыі.

Нядаўна адзін знаёмы ашаламіў мяне пытаннем. Маўляў, ты ж прызнаны пісьменнік, журналіст, рэдактар, дык чаму жывеш не ў сталіцы, а ў маленькім глухім гарадку? У той момант ледзь стрымаўся, каб не пакрыўдзіць яго нецэнзуршчынай. Як можна штодзень бачыць непаўторную прыгажосць роднага горада і лічыць усё гэтае хараство глушшу?

Магчыма, нехта сапраўды марыць жыць толькі ў вялікім горадзе. Магчыма, хтосьці, дасягнуўшы гэтай мэты (і ніякіх іншых!), тым і ганарыцца, і хваліцца... Але я з іранічнай усмешкай уяўляю, з якой з'едлівасцю адрэагавалі б на гэтую хвальбу многія жыхары самай аддаленай глыбінкі — сапраўдныя гаспадары, якія жывуць адначасова і ў працы, і ў раскошы, радуюцца жыццю і здзіўляюцца, як у горадзе жыццё можа быць шчаслівейшым, чым у вёсцы.

У гэтым маім уяўленні, натуральна, прысутнічаюць мае землякі — тыя, хто пражывае ў закуточках Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, што мяжуе з Украінай. Іх, дарэчы, я ведаю вельмі добра, таму што як рэдактар мясцовай райгазеты «Чырвоная звязда» з нумара ў нумар змяшчаю на старонках публікацыі пра самыя аддаленыя і маленькія вёсачкі ў аўтарскім праекце «Ускраіна» і непасрэдна пра вяскоўцаў пад рубрыкамі «Найлепшае ветэранскае падвор'е», «Уладар сяла» (пра маладыя вясковыя сем'і, іх падвор'і) і г.д. У памяці, такім чынам, сотні і сотні сем'яў, якія грунтоўна ўладкаваліся ў тых аддаленых куточках і адчуваюць сябе куды больш камфортна, чым многія жыхары вялікіх гарадоў. І ўжо не трэба быць надта прадбачлівым, каб зразумець, што ў вёсцы можна жыць нашмат лепш і мець значна большы дабрабыт (і грашовы прыбытак, і натуральных прадуктаў колькі заўгодна), чым у горадзе. Праўда, з адной агаворкай — калі ты не лайдак і не алкаголік. А калі яшчэ і апантаны жывымі ідэямі па развіцці сваёй гаспадаркі альбо бізнесу, то гэтая так званая «глуш» — сапраўдны кландайк, залатая мясціна, дзе можна рэалізаваць самыя запаветныя мары. Хіба ж гэта не цэнтр цывілізацыі?

Прыклад? Калі ласка: самая аддаленая ў паўночны бок вёска Іванаўскага раёна Тышкавічы. Тут адна толькі фермерская гаспадарка «Знаходка Палесся» (гаспадыня Таццяна Мікалаеўна Каткавец) штогод вырошчвае і рэалізуе ад пятнаццаці да дваццаці тысяч цюльпанаў, не кажучы пра гародніну ды іншыя культуры. Тут жа дзейнічаюць яшчэ не менш чым дзясятак падобнага кшталту прыватных гаспадарак, якія аказваюць самыя разнастайныя паслугі, найперш аграэкатурыстычныя. А які Дом культуры! Не дом, а палац. Тут штогод ладзіцца міжнародны фестываль «Фальклор без межаў» і мноства іншых культурных мерапрыемстваў.

Другі прыклад: самыя аддаленыя ў паўднёвы бок мясціны раёна, якія мяжуюць з Украінай. Цэнтр — аграгарадок Адрыжын. А ў ім — шыкоўная, велічэзная, з усімі выгодамі (ад спартыўных пляцовак да саўны і памяшкання, у якім праводзь хоць вяселле, хоць любое іншае масавае мерапрыемства) аграсядзіба «Прыазёрная», якая прытулілася да велічнага возера Пясчанае на ўездзе ў аграгарадок. А які шыкоўны басейн у гэткай жа шыкоўнай школе!

Вось яна якая — глыбінка беларускага Палесся. Я знарок узгадаў самыя далёкія пункты раёна. А ў тых, якія размешчаны бліжэй да райцэнтра, умовы жыцця яшчэ лепшыя. Пра тое, як па-майстэрску і з фантазіяй вяскоўцы ўладкоўваюць свае сядзібы, пісаць можна бясконца. Гэта мноства дэкаратыўных раслін — кветкі, кусты, дрэвы, гэта выкладзеныя каменем сцяжынкі, гэта сажалачкі і малыя архітэктурныя формы. І мы пішам, пішам, пішам... Адных толькі нечуваных да гэтага часу назваў кветак пералічыў у газеце не адну сотню. Вось бы рэспубліканскім СМІ зрабіць праект накшталт нашай «Ускраіны», у рамках якога паказваць, як заможна жывуць беларусы, сапраўдныя гаспадары сваёй зямлі ў самых далёкіх ад цэнтра сельсавета (не кажучы пра райцэнтр, а тым больш пра сталіцу) маленькіх вёсачках, ды нават хутарах, што захаваліся да сённяшняга часу. Улетку ды восенню збірай ды здавай грыбы, ягады, іншыя дары лесу, гародніну, садавіну... Гэта ж такі заробак, што гараджанін пазайздросціць! Ды і ў любую пару года знойдзецца занятак, а значыць, і прыбытак.

Вёска — наша найперш духоўнае, але ў немалой ступені і матэрыяльнае багацце, стрыжань нашай грамадзянскасці-беларускасці. Тут святы заварожваюць сваёй маляўнічасцю, разнастайнасцю народных промыслаў, перанятых праз многія пакаленні. Тут такія прыгожыя сядзібы — у кветках, зеляніне, з усялякай іншай аздобай! Вядома, трапляюцца і старэнькія хаткі — з увагнутымі дахамі, зарослыя хмызам. Што ж, жыццё такое — нешта нараджаецца, а нешта памірае. Тое, што адмірае, мясцовая ўлада імкнецца як мага хутчэй прыбраць, каб на гэтым месцы закрасавала прыгажосць. Але ж не ўсе справы — у адзін момант. Галоўнае — дынаміка ёсць. А найгалоўнейшае — моладзь пачала разумець, што сёння вёска — найпрыдатнейшы куточак для жыцця. Дзетак і ў школу завязуць, і дахаты прывязуць, розныя льготы, культурнае жыццё віруе (у Іванаўскім раёне падзеям культурнага жыцця адной толькі невялічкай вёскі Залядынне Адрыжынскага сельсавета, да якой амаль 40 кіламетраў ад райцэнтра, у райгазеце адводзяцца ледзь не старонкі, і заслужана), дарожная ды іншая інфраструктура ўдасканальваецца... Сапраўды, не тое што ў горад не хочацца перабірацца, а якраз з горада карціць уцячы ў тую «глухамань», якая насамрэч самы прывабны куточак на зямлі.

Людзі, грамадства пакуль толькі пачынаюць усё гэта ўсведамляць. Але тэндэнцыя ўжо набірае абароты. Тыя, хто вярнуўся ў бязлюдныя вёсачкі і зрабіў на роднай зямлі сябе і сваю справу, даюць прыклад іншым: глядзіце, колькі тут магчымасцяў — горад іх столькі не прапануе!

Думаю, пагодзіцеся са мной: жыць жыццём краіны сёння можна і на самым яе ўскрайку, а можна перабрацца ў мегаполіс — і нібыта не жыць. Дык выбіраем жыццё?

Анатоль КРЭЙДЗІЧ, пісьменнік, журналіст

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».