Вы тут

Нам ёсць што паказаць,


або Навуковы падыход да харчавання.

На ЭКСПА-2015 у Мілане падчас Дзён беларускай навукі высадзіўся паважны дэсант айчынных навукоўцаў на чале са старшынёй Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандрам Шуміліным

Кожны з удзельнікаў дэлегацыі — найлепшы ў сваёй сферы, якая ў той ці іншай ступені мае дачыненне да тэмы Сусветнай харчовай экспазіцыі: «Накармі планету. Энергія жыцця».

[caption id="attachment_103812" align="alignnone" width="600"]Пад­час фо­ру­му. Пад­час фо­ру­му.[/caption]

Пляцоўка ЭКСПА дала магчымасць беларускім навукоўцам шырока прэзентаваць свае дасягненні і перадавыя інавацыйныя распрацоўкі. І гэта дарагога вартае, бо, як адзначыў Аляксандр Шумілін: «Беларусь у навуковай сферы можа вельмі многае, але пакуль, на жаль, не многія пра гэта ведаюць... Як паказвае практыка, на сёння Еўропа не найлепшым чынам дасведчаная аб высокіх паказчыках нашай краіны, а нам ёсць чым ганарыцца і ёсць што прапанаваць знешняму свету, тым больш еўрапейскім суседзям...»

Напэўна, мала хто ведае нават у самой Беларусі, што кожны год наша краіна робіць 3-5 навуковых адкрыццяў сусветнага ўзроўню. І гэта не мяжа.

Навуковая дэлегацыя на ЭКСПА ў Мілане ў першую чаргу прадаставіла магчымасць сваім замежным калегам ацаніць поспехі нашай краіны ў галіне вытворчасці прадуктаў харчавання. Адзін важны паказчык, які нязменна выклікае павагу ў нашых замежных партнёраў: 80 працэнтаў прадуктаў харчавання пад маркай «Зроблена ў Беларусі» — натуральныя і вырабляюцца без хімічных дабавак. Такі падыход дзяржавы, калі гаворка ідзе пра харчовую бяспеку, цяжка пераацаніць.

Беларускія навукоўцы распавялі, як іх адкрыцці дапамагаюць вырошчваць экалагічна чыстую гародніну, садавіну, збожжавыя, а потым перапрацоўваць іх. Вось лічбы, якія кажуць самі за сябе: цяпер краіна экспартуе прадуктаў харчавання больш чым на шэсць мільярдаў долараў! Для такой невялікай краіны, як наша, з яе не самымі спрыяльнымі прыроднымі ўмовамі гэта сур'ёзнае дасягненне. Як вядома, у сучасным свеце канкурэнцыя ў галіне вытворчасці і збыту харчавання найвышэйшая, а таму купляюць толькі тое, што сапраўды вартае ўвагі. Сёння смела можна сказаць: Беларусь сябе накарміла і цяпер дапамагае карміць іншых.

Шмат гаварылася на форуме аб тым, што наша краіна адкрыта для кантактаў і гатова дзяліцца сваімі распрацоўкамі, а таксама пераймаць вопыт іншых. Мы плённа супрацоўнічаем у галіне навукі больш чым з 50 краінамі, з большасцю з якіх дзейнічаюць міжурадавыя і міжведамасныя пагадненні аб узаемадзеянні ў навукова-тэхнічнай сферы.

— Цікава было абмяняцца думкамі з нашымі замежнымі калегамі, прадстаўнікамі бізнесу і кіраўнікамі навуковых СМІ Італіі. Акрамя таго, падчас наведвання міланскага тэхнапарка, які спецыялізуецца ў галіне біятэхналогій, мы ўсталявалі кантакты на будучыню, — адзначыў Аляксандр Шумілін.

А генеральны дырэктар італьянскага навуковага аб'яднання «Tecnoservіzі» Арманда Дзекі ў сваю чаргу падкрэсліў: «Італія мае цесныя сувязі з вашай краінай у самых розных сферах, аднак патэнцыял двухбаковага супрацоўніцтва далёка не вычарпаны. І такія сустрэчы, у тым ліку на пляцоўцы ЭКСПА, дазваляюць многае адкрыць і даведацца адзін пра аднаго. Беларусь — прасунутая краіна і шмат у чым дамаглася поспеху. Напрыклад, мы ведаем, што беларусы маюць нямала дасягненняў у галіне ачысткі і выкарыстання прэснай вады. Нам цікавы гэты вопыт, і мы хацелі б узаемадзейнічаць больш актыўна і як мага часцей сустракацца...»

Апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі праводзіцца актыўная дзяржаўная палітыка па прасоўванні эканомікі ведаў і ўкараненні інавацыйных распрацовак у жыццё. Асноўныя яе напрамкі: стварэнне эфектыўнай нацыянальнай інавацыйнай сістэмы, садзейнічанне развіццю рынку інавацый і дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў навукова-інавацыйнай сферы, павелічэнне долі нацыянальнага інавацыйнага бізнесу на сусветных рынках, паляпшэнне якасці адукацыі і г.д.

Міжнародныя арганізацыі, у тым ліку ААН, адзначаюць высокі ўзровень развіцця чалавечага патэнцыялу ў нашай краіне. А па даных Сусветнага банка, Беларусь займае 58-е месца ў Глабальным індэксе інавацый. Па выніках інавацыйнай дзейнасці ў 2014 годзе мы — на 30-м месцы па паказчыку «Прырост новых ведаў і тэхналогій» і на 13-м па паказчыку «Стварэнне новых ведаў».

У апошнія гады экспарт навукаёмістай і тэхналагічнай прадукцыі вылічаецца мільярдамі долараў. А таму на сёння адна з галоўных задач для беларускіх навукоўцаў і дзяржавы — гэта актыўна рэкламаваць і прасоўваць свае дасягненні.

Таццяна УЛАДЗІМІРАВА

Фота аўтара

Мілан

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».