Вы тут

Усе адценні айчыннай бульбы


Белая, жоўтая, крэмавая — яна па-ранейшаму застаецца ўлюбёнай стравай беларусаў.

Бульба — гэта той прадукт, ад якога ў пэўнай ступені залежыць харчовая бяспека Беларусі. Зараз у краіне ў самым разгары ўборка «другога хлеба». Аграрыі сабралі ўжо больш за палову ад запланаванага аб'ёму. Нягледзячы на засушлівы год, спецыялісты абяцаюць добры ўраджай. Пра ход уборкі, новыя сарты бульбы, першую міжнародную спецыялізаваную выставу «Еўразійская бульба — 2015», якая прайшла зусім нядаўна, і многае іншае расказаў намеснік генеральнага дырэктара па навуковай працы навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве Вадзім МАХАНЬКО.

3-26

Найлепшы клімат — умераны

Бульбы ў Беларусі сёлета пасадзілі на 10 тысяч гектараў больш, чым у мінулым годзе.

— Аднак важкае слова сказала надвор'е. Глеба на тэрыторыі краіны адчувала недахоп вільгаці. І калі на збожжавыя гэта ўплывае менш, то бульба — якраз тая культура, якая патрабуе вялікай яе колькасці. Для фарміравання толькі аднаго кілаграма сухой масы бульбы неабходна каля
500 л вады, — растлумачыў намеснік генеральнага дырэктара.

З-за засухі ўраджай бульбы панёс некаторыя страты, у цэлым ураджайнасць аказалася ніжэйшай за леташнюю.

— Аднак у тых гаспадарках, дзе ажыццяўлялася пасадка кандыцыйным насеннем і дзе ўнеслі поўную дозу мінеральных і арганічных угнаенняў, правялі ўсе неабходныя ахоўныя мерапрыемствы, засуха крытычна не паўплывала. У прыклад можна прывесці Талачынскі кансервавы завод, які ўваходзіць у склад нашага цэнтра. На асобных участках гаспадаркі збіралі па 50 тон з гектара, а самы вялікі ўраджай далі беларускія сарты «Брыз» і «Уладар» — на ўзроўні 58—59 т/га, — падкрэсліў Вадзім Маханько.

Год для бульбаводства вельмі складаны яшчэ і таму, што ўмовы надвор'я мінулага года паўплывалі ўжо на сёлетнія вясеннія пасадкі. Летась былі высокія тэмпературы, бульба перагравалася, а дзе-нідзе нават адбылося пераўшчыльненне глебы.

— Бульба — гэта культура ўмеранага клімату. Аптымальная тэмпература для яе росту і развіцця складае ад 14 да 17 градусаў. І тыя тэмпературы, якія апошнія дзесяць гадоў пануюць у краіне, не лепшым чынам уплываюць на ўраджай, — выказаў сваю думку намеснік генеральнага дырэктара.

Тым не менш ён адзначыў, што ўборачная кампанія ідзе па графіку, і сёлета да яго складання падышлі больш дакладна і дыферэнцыравана. Летась частка гаспадарак не зрэагавала на павышаную тэмпературу і пачала ўборку бульбы ў звычайныя тэрміны. Пазней гэты ўраджай дрэнна захоўваўся. У гэтым годзе большасць дачакаліся зніжэння тэмпературы, калі бульба астыла ў глебе.

І ўсё роўна выгадна!

Бульбаводства заўсёды мае на ўвазе вялікую колькасць выдаткаў. Каб пачаць вырошчваць бульбу, неабходна мець велізарную суму грошай. Сховішча нават сярэдняга класа будзе каштаваць каля 1 мільёна долараў. Далей камбайн — каля 100 тысяч еўра. Для пасадкі неабходна 3,5 тоны насеннага матэрыялу з разліку на 1 га плошчы. Кошт насеннага матэрыялу элітнай бульбы ў 2015 годзе складаў 4,5 тысячы беларускіх рублёў за адзін кг. Выдаткі на адзін гектар, якія ўключаюць усе неабходныя працэдуры, складаюць да 3,5 тысячы долараў. Карціну таксама можна дапоўніць велізарнымі транспартнымі выдаткамі і іншымі, — па той жа складской інфраструктуры, а гэта дазваляе смела дадаць яшчэ 300-400 тысяч долараў. І ўсё ж такія затраты больш чым апраўданыя, бо ў выніку аддача ад кожнага гектара вышэйшая, чым ад збожжавых.

Ад бульбы не паўнеюць

Старых сартоў у краіне засталося зусім мала. Як адзначыў Вадзім Маханько, сёння ў рэестры Беларусі самым старым з'яўляецца «Ласунак», які быў занесены ў рэестр яшчэ ў 1988 годзе.

— Мы прытрымліваемся таго пункту гледжання, што замена сартоў больш эфектыўная, чым іх абнаўленне, калі стары гатунак працягваюць усяляк падтрымліваць. А вось у Еўрасаюзе выкарыстоўваюць да 60% сартоў, якія створаны 50 і больш гадоў таму! Калі ўзяць канец 70-х — пачатак 80-х гадоў, то беларускія сарты займалі кожны чацвёрты гектар пасадак ў СССР. І тыя вынікі, якія былі атрыманы па «Тэмпу» і «Лошыцкім», можна свабодна занесці ў Кнігу рэкордаў Гінэса. Але ж з тых часоў селекцыя не стаіць на месцы. Рынак бульбы моцна адаптуецца да новых умоў надвор'я, якія пастаянна змяняюцца. Змены датычацца і «геаграфіі» шкоднікаў, і бульбяных хвароб. Напрыклад, 25 гадоў таму паўночная мяжа каларадскага жука супадала з геаграфічнай мяжой Беларусі. Сёння гэтая мяжа знаходзіцца на тэрыторыі паўднёвай Карэліі, што прымушае перастройваць селекцыйную праграму, — адзначыў спецыяліст.

Вадзім Маханько згадаў, што яшчэ 30 гадоў таму беларусы любілі есці бульбу з белай мякаццю, круглай формы. Сёння 75% беларусаў аддаюць перавагу жоўтай бульбе авальнай формы з крэмавай мякаццю, а 10-15% насельніцтва свядома ўжываюць бульбу кулінарнага тыпу «А», якую трэба рэзаць нажом.

— Кажуць, што там менш крухмалу і ад яе цяжка распаўнець. Хачу вас запэўніць, што ад бульбы не паўнеюць. Гэта адбываецца ад спалучэння бульбы з мясам, — удакладніў спецыяліст.

Самы папулярны сорт

У Беларусі гэта — «Скарб». Ён і сёння займае каля чвэрці ўсіх бульбяных пасадак у нашай краіне. На другім месцы — «Брыз». Ён дае добры ўраджай штогод і практычна ў кожнага гаспадара. Многія фермеры адзначаюць, што пачыналі свой бульбяны бізнес менавіта з яго. З 12 асноўных сартоў, якія даюць 75-80% вала бульбы ў Беларусі, толькі 3 — імпартныя.

Дарэчы, кажучы аб ураджайнасці, айчынныя гатункі не саступаюць у большасці параметраў замежным. Пры аднолькавых умовах яны будуць даваць ураджай таго ж узроўню і з той жа якасцю. Таму беларуская бульба можа свабодна ісці на экспарт у Еўропу. Але з-за шмат якіх фактараў, у тым ліку і дзякуючы абароне ўласнага вытворцы ў Еўропе, Беларусь не можа экспартаваць туды свой другі хлеб. Таму практычна ўсё сёння па-ранейшаму рухаецца ў бок Расіі.

Каб вывесці адзін толькі сорт бульбы, які будзе стабільна прыносіць ураджай, штогод неабходна мінімальна атрымліваць 100 тысяч новых узораў і 10 гадоў выпрабоўваць. У рэестры Беларусі 45 айчынных гатункаў. Усяго ж афіцыйна на тэрыторыі нашай краіны зарэгістравана 135 сартоў бульбы. Напрыклад, у рэестры Галандыі — каля 150 сартоў бульбы, Германіі — 220, Расіі — каля 400. Па ўсім свеце іх налічваецца да 15 тысяч.

А як жа чыпсы?

Крыху парадаксальным з'яўляецца тое, што ў нашу бульбяную краіну да гэтага часу імпартуюць велізарную колькасць чыпсаў. Сёння ў Беларусі вырабляюць чыпсы з бульбяной мукі. Еўрапейскія ж чыпсы робяцца з суцэльнай бульбы. У цэлым самыя лепшыя чыпсы ў свеце робяцца з 4-5 сартоў. У Беларусі вытворчасць чыпсаў з суцэльнай бульбы сёння немагчымая з прычыны адсутнасці дастатковай сыравіннай зоны і тэхнічных умоў. Цяпер у гэтым кірунку таксама вядзецца праца. У наступныя некалькі гадоў сітуацыя павінна змяніцца на карысць спажыўца.

Новыя кантракты

Па словах Вадзіма Маханько, першая міжнародная спецыялізаваная выстава «Еўразійская бульба — 2015» прайшла паспяхова.

— Для Беларусі гэта важнае мерапрыемства, бо мы краіна з развітым бульбаводствам. Нам ёсць што паказаць і прапанаваць. У арганізацыі выстаўкі актыўны ўдзел прынялі наш цэнтр і Нацыянальная акадэмія навук. Яна праводзілася па трох напрамках: сартавы і насенны матэрыял, тэхналогіі і машыны, а таксама сродкі аховы, угнаенні, стымулятары росту. Мы прадставілі ўсё самае перадавое: больш за 60 сартоў, шэраг тэхнікі, некалькі тэхналогій захоўвання... Вынікам сталі новыя кантракты на пастаўку харчовай і насеннай бульбы ў розныя рэгіёны Расіі.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

 

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?