Вы тут

«Дзякуй» ад вучня дорага каштуе»


У краіне ёсць педкалектывы, якія напалову складаюцца з колішніх выпускнікоў.

Вось ужо другі год запар у Міністэрстве адукацыі з задавальненнем канстатуюць рост цікавасці з боку выпускнікоў да педагагічных спецыяльнасцяў. Сёлета амаль усе яны ўкамплектаваліся яшчэ ў першую хвалю і абвяшчаць дадатковы набор не спатрэбілася. З чым звязана новая тэндэнцыя, ці ўдалося разбурыць стэрэатып, які склаўся ў грамадстве наконт непрэстыжнасці прафесіі настаўніка, і наколькі якасным атрымаўся набор — пра ўсё гэта мы гутарым з рэктарам БДПУ Аляксандрам Жуком. 3-23 Дыягназ — педагог — Аляксандр Іванавіч, ці задаволены вы сёлетнім наборам? — Не буду ўтойваць: вынікі прыёмнай кампаніі нас парадавалі. Па-першае, мы выканалі бюджэтны набор на дзённай і завочнай форме навучання, прычым з першай спробы. Цалкам выканалі і мэтавы набор. Больш за тое, на мэтавыя месцы ў нас нават склаўся конкурс. На навучанне на ўмовах аплаты ў БДПУ было пададзена на 30% больш заяў, чым летась: на 1300 платных месцаў прэтэндаваў 1571 чалавек. На многія спецыяльнасці змаглі паступіць не ўсе ахвотныя. Па–другое, радуе якасць нашага набору: жаданне атрымліваць педагагічную адукацыю выказалі 132 медалісты і ўладальнікі дыпломаў з адзнакай, што амаль на траціну больш, чым летась. Да таго ж у конкурсе за права быць студэнтам БДПУ ўдзельнічалі 270 выпускнікоў ліцэяў і гімназій, што на 40% больш, чым у папярэднім годзе. Абітурыенты пайшлі на педагагічныя спецыяльнасці, і мы гэта бачым не толькі на прыкладзе БДПУ, але і на прыкладзе іншых ВНУ, дзе таксама рыхтуюць педагагічныя кадры. У чым прычына? Мы ўсе адчуваем, што ў грамадстве, нарэшце, пачынае змяняцца стаўленне да прафесіі педагога. Мы і самі сталі больш актыўна прапагандаваць гэту прафесію; да таго ж падключыліся і сродкі масавай інфармацыі. І мы ўдзячныя «Звяздзе» за тое, што яна асвятляе дзейнасць педагогаў на самых розных узроўнях адукацыі... Безумоўна, адыграў сваю ролю і стагадовы юбілей найстарэйшай педагагічнай ВНУ краіны, які мы адзначылі напрыканцы мінулага года і дзякуючы якому ўдалося прыцягнуць да сябе ўвагу грамадскасці. Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт наведаў кіраўнік нашай дзяржавы, сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі, і ўсе пачулі яго пазіцыю — прафесія педагога надзвычай важная. Прэзідэнт сам педагог па адукацыі і вельмі тонка адчувае гэтыя моманты. Да юбілею было прымеркавана адкрыццё скульптурнай кампазіцыі «Настаўніца першая мая», якая ўжо паспела стаць брэндам горада. — А ці спраўдзіліся вашы чаканні з прыходам ва ўніверсітэт медалістаў? Наколькі «якасныя» атрымаліся з іх першакурснікі? — Мы вывучылі вынікі і зімняй, і летняй сесіі студэнтаў, якія дзякуючы наяўнасці школьнага медалю былі залічаны летась без экзаменаў. Па выніках дзвюх сесій іх сярэдні бал склаў 7,4. Больш паспяхова медалісты навучаюцца на гістарычным факультэце (8,5 бала) і на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій (вышэй за 8 балаў). Больш складана вучоба даецца тым, хто навучаецца на факультэце прыродазнаўства і фізіка-матэматычным. Гэта і зразумела. Але для нас вось што важна ў першую чаргу: медалісты — тыя школьнікі, якія прызвычаіліся сістэмна працаваць па ўсіх прадметах, і нават калі яны дзесьці недацягваюць, то іх працаздольнасць і звычка да сістэматычнай разумовай працы ўсё роўна прынясуць плён — для навучання ў ВНУ гэтыя якасці вельмі важныя. Ім трэба толькі дапамагчы, і яны будуць расці. Упэўнены, што рашэнне прапанаваць медалістам ільготы пры паступленні было правільным і своечасовым. — На ўсіх спецыяльнасцях і ва ўсіх ВНУ ёсць выпадковыя людзі. Але калі такі выпадковы чалавек трапіць у педагагічны ўніверсітэт, ці можна спадзявацца, што за гады вучобы з яго вырасце педагог? — Шанцы — пяцьдзясят на пяцьдзясят. Усё ж такі, калі ў чалавека няма схільнасці і інтарэсу да педагогікі, то наўрад ці з яго штосьці атрымаецца. Вось чаму мы зацікаўлены ў як мага больш ранняй прафарыентацыі, каб выбар быў свядомы, а не спантанны. У гэтым навучальным годзе ў розных рэгіёнах краіны створана больш як 100 педагагічных класаў і груп, у якіх будуць навучацца каля 1,5 тысячы дзесяцікласнікаў. Усе яны цягам двух гадоў паралельна з вывучэннем на павышаным узроўні пэўных прадметаў (матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, гісторыі Беларусі і г.д.) будуць асвойваць факультатыўны курс «Уводзіны ў педагагічную прафесію». Мы ўжо ўнеслі ў Міністэрства адукацыі прапанову, каб гэтыя вучні маглі паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без экзаменаў пры выкананні дзвюх умоў: наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага калектыву ўстановы адукацыі, дзе яны навучаліся, і адзнак 7 (сем) і вышэй балаў па ўсіх прадметах вучэбнага плана. Факультатыўны курс дапаможа вучням «дыягнаставаць» свае педагагічныя здольнасці, а педагагічнаму калектыву — аб'ектыўна ацаніць прафесійную прыдатнасць навучэнцаў да педагагічнай дзейнасці. Яго змястоўнае поле ўключае чатыры модулі: «У свеце педагагічнай прафесіі», «Чалавек, які пазнае: практычная псіхалогія пазнання», «Я ў педагагічнай прафесіі» і «Пазнай самога сябе». Плюс вучні педагагічных класаў будуць прыцягвацца да працы з малодшымі школьнікамі, каб у іх была магчымасць ацаніць, наколькі гэта для іх блізка і цікава. 1 Найлепшая прафарыентацыя — сам настаўнік — Скажыце, а ці шмат сярод сёлетніх першакурснікаў мінчан? — Прафесіі настаўніка даводзіцца сёння канкурыраваць на рынку працы з новымі прафесіямі, якія абяцаюць высокі заробак, мабільнасць і імклівы кар'ерны рост. Яны на слыху, і моладзь (асабліва сталічная) гатова ісці туды, дзе можна атрымаць хуткія і вялікія грошы. Мінчане ў сёлетнім наборы складаюць крыху больш як пятую частку. Гэта няшмат. А лідзіруе ў нас Мінская вобласць — прадстаўнікі сталічнага рэгіёна ў агульнай колькасці першакурснікаў складаюць 33 працэнты. Мінск жа пакуль недапрацоўвае. Недапрацоўваюць і Камітэт па адукацыі, і раённыя аддзелы адукацыі, і самі педагогі, якія не клапоцяцца пра падрыхтоўку змены. Самая лепшая прафарыентацыя — гэта сам настаўнік, звычайны настаўнік у школе. А ў нас педагогі — як той шавец без ботаў. З самага пачатку, з дзіцячага садка педагогі навучаюць і выхоўваюць дзяцей, але пры гэтым не бачаць у іх будучых настаўнікаў. Калі мы, педагогі, не будзем прапагандаваць сваю прафесію сярод вучняў, не будзем шукаць таленавітых хлопцаў і дзяўчат і іх падтрымліваць, то заўтра ў школе не будзе каму працаваць. А ў Мінску вельмі высокая патрэба ў кадрах. Горад падаў нам заяўку амаль на 1,5 тысячы маладых спецыялістаў, а мінчан сярод нашых выпускнікоў было ўсяго 140 чалавек. Між іншым, у Мінску — 250 школ, і калі б кожная з іх даслала хоць бы па чатыры выпускнікі, гэта была б ужо тысяча педагогаў. Не такая ўжо складаная задача — убачыць гэтых дзяцей і правільна іх скіраваць. Нават педагагічныя класы фарміруюцца ў сталіцы неактыўна. Я лічу, што інфармацыя наконт ільгот, якія будуць мець выпускнікі такіх класаў, не была своечасова даведзена да дзесяцікласнікаў і іх бацькоў. Таму задача нумар адзін для ўсіх педагагічных калектываў — арыентацыя на прафесію настаўніка. 2 — Ведаю, што ваш універсітэт шукаў школы, педагагічны калектыў якіх больш чым на 30% складаецца з колішніх выпускнікоў. Які плён прынеслі вашы пошукі? — У краіне ёсць школы, педагагічны калектыў якіх амаль напалову складаецца са сваіх выпускнікоў. Напрыклад, у педагагічным калектыве Ашмянскай сярэдняй школы №1 былыя яе вучні складаюць 47 працэнтаў, у Ліцэі БДУ — 30 працэнтаў. Нас цікавіла, чаму вучні, атрымаўшы педагагічную спецыяльнасць, вяртаюцца ў родныя сцены? Заробкі ў настаўнікаў адрозніваюцца неістотна, значыць, ёсць нейкія іншыя фактары. Мяркуем, што гэта асаблівая атмасфера ў навучальнай установе, дзе настаўнік з'яўляецца ключавой фігурай і карыстаецца бясспрэчным аўтарытэтам у вучняў. Плюс асаблівае стаўленне да маладога настаўніка ў калектыве, яго ўсебаковая падтрымка. Лічым, што гэты феномен патрабуе дадатковага вывучэння. Трэба працаваць з такімі школамі, каб прапагандаваць і распаўсюджваць іх вопыт на ўсю краіну. — Яшчэ Чэрчыль казаў, што школьныя настаўнікі валодаюць уладай, пра якую прэм'ер-міністры могуць толькі марыць. Але сітуацыя змянілася: інтэрнэт па сіле ўплыву на маладых людзей істотна пераўзыходзіць магчымасці сучаснага настаўніка. І як педагогу ў сучасных умовах заваяваць аўтарытэт у дзяцей? — Інфармацыйныя тэхналогіі наступаюць. Дзеці валодаюць многімі навыкамі нават лепш за сваіх педагогаў, таму наша задача — сфарміраваць у сваіх выпускнікоў ІТ-кампетэнцыі, навучыць іх працаваць у інфармацыйным грамадстве. Я маю на ўвазе не толькі карыстанне камп'ютарам для прэзентацый, але і арганізацыю сеткавага ўзаемадзеяння, працу на аддаленым доступе, рэалізацыю праектных тэхналогій... Гэта новы пласт прафесійных кампетэнцый педагогаў, які патрабуе паскоранага засваення, інакш мы адстанем ад дзяцей. Зараз наш універсітэт распрацоўвае прафесійны стандарт педагога, у якім мы прапісваем новыя кампетэнцыі, звязаныя з ІТ-тэхналогіямі і працай з сям'ёй у новых умовах. У апошнія гады назіраецца крызіс сям'і, у нас шмат няпоўных сем'яў. Усё гэта трэба ўлічваць у падрыхтоўцы педагогаў. І трэці новы напрамак — гэта інклюзіўная адукацыя: кожны педагог павінен быць гатовы да працы з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця і іх бацькамі. Я ўпэўнены, што перш чым вучыць дзяцей, іх трэба палюбіць. Настаўнік — унікальная прафесія, якая патрабуе ад яе ўладальніка мэтанакіраванасці і самаадданасці, незвычайнай душэўнай шчодрасці, павагі і, самае галоўнае, любові да сваіх вучняў. Веды нельга даць: задача настаўніка — стварыць на ўроку такую атмасферу, каб вучні хацелі іх браць: ці таму, што веды дае іх любімы настаўнік, ці таму, што ім даходліва патлумачылі, навошта гэтыя веды патрэбны. Імідж настаўніка залежыць ад таго, наколькі ён адпавядае патрэбам часу. Сучасны настаўнік павінен выкарыстоўваць на сваіх уроках такія методыкі і педагагічныя прыёмы, каб дзецям было цікава вучыцца. Навучыцца абуджаць цікавасць да свайго прадмета і да навучання ўвогуле — адна з галоўных задач педагога.   3 «Першы» ў кожнага свой — Калісьці кінастужка «Дажывём да панядзелка» выклікала ў савецкім грамадстве не менш бурную палеміку, чым расійскі серыял «Школа» ці кінастужка «Географ глобус прапіў». Нядаўна выйшаў яшчэ адзін неадназначны расійскі фільм «Вучылка». Ва ўсіх гэтых работ ёсць як прыхільнікі, якія дзякуюць за тое, што кінематограф прыцягвае ўвагу грамадства да праблем сучаснай школы, так і апаненты. А якой думкі прытрымліваецеся вы? — Я лічу, што фільмы ўзроўню «Дажывём да панядзелка», «Расклад на паслязаўтра», «Вялікі перапынак» павінны здымацца сучаснымі рэжысёрамі, бо ў цэнтры ўсеагульнай увагі аказваецца асоба настаўніка. Такога настаўніка, якіх не хапае ў школах. У Дзень ведаў наш выпускнік Паша Радкевіч (адзін з самых лепшых маладых педагогаў сталіцы) прывёў сваіх вучняў на ўрок ва ўніверсітэт. Я пацікавіўся ў пяцікласнікаў, якім яны бачаць настаўніка? Дзяўчынка кажа: «Справядлівым». Пытаюся: «А што гэта азначае?» «Ён павінен нам ставіць такія адзнакі, якія мы заслугоўваем». Іншая кажа: «Ён павінен быць разумным. Так тлумачыць матэрыял, каб нам было ўсё зразумела». Хтосьці сказаў, што настаўнік павінен быць творчым: і на гітары іграць, і спяваць, і танцаваць... Любоў да школы ў многіх дзяцей звязана з асобай першага, і ў прыватнасці з першай настаўніцай. Чаму мы прысвяцілі скульптурную кампазіцыю на ўваходзе ў педагагічны ўніверсітэт менавіта першай настаўніцы? Таму што ролю першага настаўніка ў жыцці кожнага з нас пераацаніць немагчыма. — А каго са школьных настаўнікаў памятаеце вы і чаму? — Я вучыўся ў 93-й сталічнай школе. Мая першая настаўніца Галіна Мікалаеўна Яблыкава была сапраўдным педагогам. Дзякуючы ёй я, не паспеўшы пачаць, кінуў курыць яшчэ ў трэцім класе (смяецца). Прызнаюся, што быў вельмі актыўным хлопчыкам і з дысцыплінай у мяне не ўсё было у парадку. А яна вельмі цярпліва і беражліва працавала са мной. Ужо ў сярэдніх класах моцны ўплыў на мяне аказаў мой настаўнік працоўнага навучання Ігар Яўгенавіч Перагуд: ён захапіў мяне сваім прадметам, навучыў працаваць на станках, з металам і драўнінай. Я нават быў прызёрам гарадской алімпіяды па працоўным навучанні, хоць захапляўся спортам. Вельмі ўдзячны нашаму класнаму кіраўніку ў 10-м класе Ганне Яўсееўне Камінскай. Яна працавала з намі ўсяго год, але дала мне і маім аднакласнікам больш, чым многія настаўнікі за папярэднія гады, таму я і па сённяшні дзень віншую яе і з 8 Сакавіка, і з Днём настаўніка. — Аляксандр Іванавіч, вы працавалі і са школьнікамі, калі ўзначальвалі Ліцэй БДУ, і са студэнтамі. А з кім працаваць больш складана? — А яшчэ я сем гадоў узначальваў Акадэмію паслядыпломнай адукацыі. У мяне бясцэнны вопыт (смяецца). Паўсюдна свая спецыфіка. У ліцэй прыходзяць адораныя, мэтанакіраваныя і матываваныя падлеткі, але яны збіраюцца ў адным месцы, і тут ужо сярод іх зноў выяўляюцца лідары. Гэта трэба абавязкова ўлічваць у рабоце. У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі даводзілася сутыкацца з дарослымі людзьмі, а з прафесіяналамі так, як са студэнтамі, працаваць не будзеш. Студэнты, з аднаго боку, гэта ўчарашнія школьнікі, а з другога — заўтрашнія педагогі. Значыць, трэба фарміраваць іх асобасныя якасці. Зараз мы выстройваем сістэму метадаў і тэхналогій (сучасных, інтэрактыўных, праблемна-арыентаваных), каб вучэбны працэс мадэляваў будучую прафесійную дзейнасць, каб ужо на занятках яны паглыбляліся ў педагагічныя сітуацыі, з якімі давядзецца сутыкацца ў працэсе сваёй работы. Жыццё настаўніка няпростае, але цікавае, бо ён фарміруе ў дзецях асобу. І калі, пакідаючы школу, яны гавораць табе «дзякуй», гэта вельмі дорага каштуе. Цяжка сказаць: быць настаўнікам — гэта прызванне, дар Божы ці штосьці іншае. Але калі ў чалавека гэты дар ёсць, то ён абавязкова павінен яго рэалізаваць! Гутарку вяла Надзея НІКАЛАЕВА nіkalaeva@zvіazda.by Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА і Надзеі НІКАЛАЕВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».