Вы тут

Дом на курыных нагах


ЯСКЕВІЧ

Пётр — чалавек зусім нестары. Не назавеш яго і асацыяльнай асобай. Знешні выгляд не кажа пра тое. Ён разважае лагічна, часам дасціпна жартуе. У пакоі за шклом старога серванта стаяць фотаздымкі яго сыноў. Хлопчыкі сфатаграфаваны з татам, маладым і прыгожым... Але гаспадар гэтай кватэры, калі яшчэ знаходзіцца ў ёй, то апошнія дні, якія яму пакінулі, каб сабраць пажыткі. Упершыню ў нашай краіне суд вынес рашэнне аб продажы з аўкцыёну прыватызаванай кватэры. Аднапакаёўку ў адным з мікрараёнаў Брэста прададуць за даўгі.

Як шматзначна заўважае Пётр, сямейнае жыццё не склалася праз розніцу характараў. Пры гэтым фактар сваіх асаблівых адносін з гарэлкай суразмоўца сціпла замоўчвае. Але пра гэта няцяжка здагадацца. Хоць кватэра не зарасла брудам, не выглядае канчаткова запушчанай, сцены са шпалерамі 30-гадовай даўніны яскрава сведчаць пра адсутнасць рамонту як мінімум у азначаны перыяд. Мэбля па выглядзе мае яшчэ больш працяглую гісторыю, чым рамонт. Але ж па-рознаму жывуць людзі. І шануючы пастулат Канстытуцыі аб тым, што жытло недатыкальнае, ніхто прэтэнзій гаспадару не прад'яўляў бы ў выпадку своечасовай аплаты за кватэру. Ды ўласнік прыватызаванай жылплошчы ўжо некалькі гадоў не абцяжарваў сябе камунальнымі плацяжамі. Даўгоў назбіралася каля 20 мільёнаў. І ЖЭС звярнуўся ў суд.

Праўда, да гэтага нядбайнага жыльца ўгаворвалі, давалі тэрміны на пагашэнне доўгу, адтэрміноўкі. Потым зноў. Не памагло. 49-гадовы Пётр на работу ўладкоўвацца не збіраецца, што і паўплывала на рашэнне кватэру прадаць. Ну колькі можна важдацца?

Ён жа не зломак, не інвалід. Мае пасведчанні вадзіцеля тралейбуса, электразваршчыка. Любіць імі патрэсці і артыстычна ўсклікнуць: «Дайце мне работу, я буду працаваць!». Але яго працоўная біяграфія вельмі багатая на адрасы ўстаноў і арганізацый. Наш герой доўга нідзе не затрымліваўся, апошні запіс у працоўнай кніжцы датаваны 2012 годам. Калі ж былы работнік крыху адыходзіць ад сваёй прывычнай рыторыкі, то ўжо значна цішэй паведамляе: «За два мільёны я працаваць не буду, хай дурні робяць». Трэба думаць, горды.

6-2

Ёсць у Пятра і сяброўка, як цяпер кажуць, сужыцелька. Яна рэгулярна мые падлогу ў ягонай кватэры, не без задавальнення бегае ў краму па выпіўку і закуску, калі ёсць грошы. А вось паўплываць станоўча на сябра не здолела. Хоць жанчына, варта адзначыць, рашуча выказваецца супраць яго перасялення ў сельскую мясцовасць. Яна нават прапаноўвала свае зберажэнні ў якасці аплаты часткі доўгу. Пётр не захацеў. Ну які сапраўдны мужчына возьме грошы ў жанчыны? Гэта не ў яго правілах.

На пытанне, за якія сродкі жыве, брастаўчанін адказвае няпэўна, стараецца змяніць тэму альбо перавесці яе ў іншае, агульнафіласофскае рэчышча. Калі ж пацікавіліся, ці прадае ён сувеніры, якія робіць, Пётр адказаў адмоўна. «Не прадаю, я іх дару добрым людзям». Хоць супрацоўніца ЖЭСа, якая наведвае гэтую кватэру перыядычна па абавязку службы, сумняваецца. Яна лічыць, што свае вырабы мужчына прадае і мае за гэта хоць сяды-тады якую капейку. А робіць ён вельмі сімпатычныя домікі з прыродных матэрыялаў. Фішкай гэтых сувеніраў з'яўляюцца самыя сапраўдныя курыныя ногі, на якіх і мацуецца хацінка. Дзе толькі бярэ такі спецыфічны матэрыял майстар, даводзіцца толькі здагадвацца. Але дамкі атрымліваюцца ў Пятра такія вясёлыя, казачныя і жыццесцвярджальныя адначасова. Мог бы іх рабіць партыямі і прадаваць, напрыклад, у якасці рамесніка. Мог бы, вядома, калі б захацеў.

Зараз Пётр рыхтуецца перамяніць сваё жыццё. Ён ужо разлічыў: пасля продажу кватэры і пагашэння даўгоў купіць дамок у вёсцы за тысяч пяць долараў, астатнія пакладзе на дэпазіт на чорны дзень. З працэнтаў будзе плаціць «падатак на дармаедства», і зробіцца паўнапраўным сельскім жыхаром. Невядома, радавацца ці спачуваць яго будучым вясковым суседзям. З аднаго боку, ён шмат што ўмее рабіць рукамі і мог бы аказваць паслугі па гаспадарцы, доглядзе агарода пенсіянерам, якія ў гэтым маюць патрэбу. Ну а калі стане вадзіць кампаніі з аматарамі выпіць, якіх цяпер у кожнай вёсцы хапае, і хата яго зробіцца месцам зборышчаў адпаведнага кантынгенту, суседзям не пазайздросціш.

Пакуль сам гаспадар ужо не сваёй кватэры так далёка наперад не заглядвае. Некаторыя, як бачым, жывуць проста, без лішніх клопатаў і перажыванняў. Вось так: дзень — да вечара, затым зноў: раніца — вечар. І атрымліваецца ж.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.