Вы тут

Верай і праўдай


Не стала Алеся Савіцкага. Гэтая трагічная навіна ашаламіла сваёй нечаканасцю і непрыхаванай жорсткасцю. Вядома, кожны з нас смяротны. Дый узрост у Алеся Ануфрыевіча быў такі, якога ўдаецца дасягнуць далёка не кожнаму. Але ад усведамлення гэтага яшчэ больш балюча. Бо ўсе, хто ведаў яго, даўно звыкліся з тым, што ён абавязкова павінен быць поруч. Мудры, сардэчны, разважлівы. Са сваёй нязменнай густой чупрынай, якая з гадамі ўсё больш пакрывалася серабром.

7-37

У астатнім жа заставаўся гэткім жа, як і дзесяць, дваццаць, трыццаць гадоў назад. Па-ранейшаму валодаў зайздроснай памяццю. Мог без перапынку чытаць вершы многіх і многіх паэтаў. І не толькі беларускіх. Як з паўнюткага рога, з яго вуснаў так і сыпаліся розныя гісторыі. А які шчыры, усмешлівы ён быў!

Так, ужо быў. Калі што і засталося пасля яго, дык наша памяць. Дый, яшчэ, безумоўна, ягоныя творы. Яго ж творчасць — творчасць патрыярха беларускай літаратуры — надзіва шматгранная. Аднолькава плённа ён працаваў у розных жанрах. Гэтаксама з аднолькавым майстэрствам закранаў самую розную тэматыку. Аднак асаблівае важкае слова сказаў, асэнсоўваючы падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта заканамерна: талент заўсёды ярчэй раскрываецца тады, калі аўтар піша пра найбольш блізкае яму, а тым больш звяртаецца да падзей, непасрэдным удзельнікам якіх з'яўляўся сам. А. Савіцкі ж гераічна змагаўся з нямецкім фашызмам: партызан, камандзір падрыўной групы, вызваляў Літву, Польшчу, прымаў удзел у баях за ўзяцце Берліна.

Такое ніколі не забываецца. Тым больш калі ты пісьменнік. Ведаеш, як пра ўсё гэта пісаць. Праўдзіва, таленавіта, бескампрамісна. Так ён і пісаў. Часам на мяжы сваіх магчымасцяў, калі, здавалася, балюча, нясцерпна балюча было не толькі ягоным героям, а і яму самому. Асабліва ў раманах «Зямля не раскажа», «Верай і праўдай», «Літасці не чакай», «Памерці заўсёды паспееш», «Верасы», «Обаль». Пасля Савіцкага засталося нямала і твораў, прысвечаных сучаснасці, а таксама кніг для дзяцей, за якія яму была прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь.

Алесь Ануфрыевіч належаў да тых людзей, якія могуць стаць героем серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі». Верыцца, што з цягам часу такая кніга абавязкова з'явіцца. Пакуль жа хочацца сказаць: «Бывай, наш дарагі старэйшы таварыш! Бывай, цудоўны чалавек і выдатны пісьменнік. Няхай пухам будзе табе родная зямля, якую ты мужна, гераічна абараняў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і якую праславіў у сваіх творах...»

Алесь Марціновіч, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Калектыў РВУ «Выдавецкі дом «Звязда» выказвае шчырае спачуванне родным і блізкім Алеся Ануфрыевіча Савіцкага.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.