Вы тут

Калі ведаць мову камянёў...


Геолагі шукаюць не толькі тое, што блішчыць.

Так атрымалася, што нашы веды пра каштоўныя камяні абмяжоўваюцца ў асноўным фотаздымкамі ў кнігах і кадрамі з кінафільмаў. Ну не жадаюць капрызныя прыродныя цуды знаходзіцца пад нагамі, як звыклая галька ці пясок! І калі сярод знаёмых няма аматара-калекцыянера мінералаў, цягу да прыгожага дапаможа наталіць музей землязнаўства
пры геаграфічным факультэце БДУ. Яго загадчыца Валянціна Смалякова расказала, што можна назваць жамчужынай экспазіцыі, якое багацце хаваецца ў беларускай зямлі
і што шукаюць студэнты-геолагі на летняй практыцы.


Загадчыца музея Валянціна Смалякова дэманструе экспанаты.

Палюбавацца камянямі прыходзяць маладыя людзі з розных факультэтаў. Пасля заняткаў можна бачыць і студэнтаў-географаў, і геолагаў. Апошнія тут займаюцца і справай. Паколькі выстава «Каменная казка», арганізатарам якой выступае музей, мае навукова-асветніцкі характар, пастаянна працуе вучэбная гемалагічная экспрэс-лабараторыя. Студэнты дапамагаюць вызначаць, які канкрэтна камень прынёс чалавек. Для наведвальнікаў такая магчымасць асабліва цікавая: часам пацеркі і завушніцы аказваюцца зробленымі зусім не з тых мінералаў, пра якія казаў прадавец, а непрыкметны кавалачак адшуканага каменя можа аказацца ўнікальным археалагічным адкрыццём.

У музеі каля 20 тысяч адзінак захоўвання. І большая частка з іх падаравана нашымі выкладчыкамі, выпускнікамі, сабрана студэнтамі ў розных мясцінах. Звычайна з трэцяга курса ў іх пачынаецца вытворчая практыка. Раней лета студэнты маглі правесці на кар'ерах ці ў гарах Каўказа, Урала, у Забайкаллі, на Кольскім паўвостраве, пасля чаго адтуль прывозілі багатыя калекцыі камянёў. Цяпер з такімі падарожжамі больш складана, бо трэба афармляць візы, калі выязджаеш у іншую краіну. Аднак, напрыклад, сёлета мы мелі дагавор на паездку з экспедыцыяй у Туркменістан. Наогул, студэнты — людзі вынаходлівыя і могуць сабраць калекцыю мясцовых мінералаў нават падчас адпачынку за мяжой.

— Якая мэта ў студэнцкіх экспедыцый?

— Памылкова думаць, што геолаг абмежаваны толькі вывучэннем камянёў. Так, літасфера — яго асноўны аб'ект даследаванняў. Аднак у прыродзе ўсё ўзаемазвязана, таму хочаш не хочаш патрэбна ведаць асаблівасці і атмасферы, і гідрасферы. Геолаг знаёміцца з вышэйшай матэматыкай, фізікай і хіміяй. Калі студэнты выязджаюць у экспедыцыю, яны даследуюць пэўную мясцовасць. Вядуцца пошукі магчымых карысных выкапняў, палеанталагічныя і археалагічныя раскопкі, апісваюцца помнікі прыроды. Тыя, хто не трапіў у замежную экспедыцыю, падарожнічаюць па Беларусі. У нас яшчэ не было такога, каб экспедыцыі некалькі разоў запар праводзіліся на адным і тым жа месцы, па адной і той жа праграме. Напрыклад, сёлета пад увагай Гродзенская вобласць: яе кар'еры, прыродныя помнікі (тыя ж валуны), сыравіна для будоўлі. Усё гэта патрэбна, і ўсё фіксуецца менавіта студэнтамі. Быў выпадак, калі наша выпускніца знайшла пад Бабруйскам акамянелую дрэвападобную папараць. Яна расла 360 мільёнаў гадоў таму, і, здавалася б, не магла ніякім чынам захавацца. Тым не менш цуд здарыўся, і цяпер гэтая папараць — шэдэўр нашага музея, наўрад ці знойдзецца такі ж экспанат у Беларусі.

— Якія падземныя прыродныя скарбы ёсць у нашай краіне?

— У нас багата аб'ектаў палеанталогіі. У Беларусі можна знайсці акамянелыя рэшткі аманітаў, каралаў, трылабітаў — істот, што жылі раней за дыназаўраў. Распачаў пошукі выкапняў наш навуковец Аляксандр Мікалаевіч Матузка. Да яго ніхто ў краіне гэтым дасканала не займаўся, а потым быццам адкрыўся новы свет для даследаванняў. На ўнікальныя экспанаты нам шанцуе. Неяк з Кіева прывёз чалавек рэдкага акамянелага аманіта — малюска, што жыў яшчэ ў мезазойскі перыяд, 150 мільёнаў гадоў таму. Палеантолагі яго даследавалі і высветлілася, што ў музей трапіў унікальны экспанат. Звычайна акамянеласці гэтага віду распадаюцца на фрагменты, а наш аманіт быў цэлы, чым асабліва каштоўны.
Рэд­кі ака­мя­не­лы ама­ніт — ма­люск, што жыў 150 міль­ё­наў га­доў та­му.

— Калі кажуць пра самацветы, адразу ўяўляюцца горы...

— Каштоўныя камяні можна знайсці і ў Беларусі. Праўда, на нашай тэрыторыі яны госці, якіх прынеслі ледавікі. Россыпам залягаюць прыгожыя яшмоіды, халцэдоны. Даволі шмат гранату, ёсць золата, хоць усё гэта не здабываецца ў прамысловых маштабах. На Брэстчыне залягае бурштын, яго калекцыю прывозяць на выставу штогод. А яшчэ на поўдні краіны былі знойдзены піропы — гэта мінеральныя ўтварэнні, якія сустракаюцца разам з алмазамі. Такіх патэнцыяльных месцаў з каштоўнымі камянямі налічваецца каля 30. Вось толькі трэба доўга і цяжка бурыць грунт, каб натрапіць на алмазную «трубачку», і таму здабыча неперспектыўная ў эканамічным плане.

— Калі не каштоўнымі камянямі, дык чым багатыя нашы нетры?

— Геолагі шукаюць не толькі тое, што блішчыць у пацерках ці рэжа шкло на заводах. Не менш важныя карысныя выкапні: вугаль, нафта, будаўнічыя матэрыялы. У нас ёсць гліна і мел, а яшчэ — мергель. Апошні проста прыродны падарунак для цэментнай прамысловасці, бо змяшчае ўсе неабходныя для цэментных сумесяў кампаненты ў ідэальнай прапорцыі. Як будаўнічы матэрыял выкарыстоўваецца трэпел. У Глушкавічах і Мікашэвічах знаходзяць дыярыты, граніт — цудоўныя абліцовачныя камні. Пясчана-гравійныя сумесі ідуць на будаўніцтва дарог, а госці з Закаўказзя нам нават зайздросцяць, калі бачаць беларускую кераміку: гліну можна знайсці ў нас ледзь не ў кожным раёне. Нельга не ўзгадаць і нашы паклады торфу.

— Што можна назваць беларускай «каменнай жамчужынай»?

— Давайце аддадзім гэта званне крэменю. Ён у нас самы разнастайны і самы вядомы. Прырода надала экспанатам, што захоўваюцца ў музеі, дзіўныя формы: ад «аленевых рагоў», ідэальных па форме шароў да сапраўдных скульптур казачных істот. Ёсць і асаблівая разнавіднасць гэтай пароды, яе выкарыстоўваюць як прыродны фільтр для вады.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт сустрэўся з Рамзанам Кадыравым

Прэзідэнт сустрэўся з Рамзанам Кадыравым

Кадыраў наведвае нашу дзяржаву ўпершыню.

Грамадства

Чым здзівіць турыстаў?

Чым здзівіць турыстаў?

Зялёнае кола, «дарожныя гісторыі» і сакрэты ваколіц.

Спорт

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Пра выступленне беларускіх дзяўчат на чэмпіянаце Еўропы па валейболе і вынікі чарговага тура чэмпіянату краіны па футболе.

Грамадства

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

Пра гэта ўчора казалі высокія госці на ўрачыстым мерапрыемстве, прымеркаваным да юбілею газеты.