Вы тут

Што хаваецца за прыгожымі словамі?


Кампанія па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь амаль дасягнула свайго фіналу. Ужо стартавала датэрміновае галасаванне, а праз некалькі дзён Цэнтральная выбарчая камісія пачне абвяшчаць вынікі. Хутка і гэтыя выбары стануць гісторыяй, а дзяржава вернецца да жыцця ў звычайным рэжыме.

Евгений

Евгений

 

Кандыдаты на галоўную пасаду ў краіне і іх каманды выкарыстоўваюць апошнія дні кампаніі, каб камунікаваць з выбаршчыкамі, даносіць да іх свае ідэі і прапановы, пераконваць у тым, што іх праграмы лепшыя за праграмы іншых кандыдатаў.

Гэта ў ідэале, гэтак павінна быць. Але ці назіраем мы з вамі такую барацьбу ідэй і праграм падчас сёлетніх выбараў?

Кожныя выбары, асабліва прэзідэнцкія, з'яўляюцца адлюстраваннем грамадскага жыцця і тых інтэлектуальных, ідэйных працэсаў, што ў ім адбываюцца. Таму і важна ацэньваць выбары не толькі па розных фармальных паказчыках: хто перамог, колькі працэнтаў галасоў атрымалі кандыдаты, якая была яўка і г.д. Для разумення таго, куды рухаецца краіна, якая будучыня ее чакае, неабходна звяртаць увагу на змест выбарчых кампаній, іх ідэйнае напаўненне. Кажучы навуковай мовай, важна рабіць кантэнт-аналіз таго, пра што гавораць палітычныя канкурэнты.

Хаця нярэдка можна пачуць меркаванне, што праграмы падчас выбараў нікога ўвогуле не цікавяць. Маўляў, хто іх чытае? І таму навошта над імі працаваць, калі можна проста «дзеля птушачкі» нешта там на паперцы надрукаваць і хай сабе ляжыць для значнасці. Калі раптам спатрэбіцца, то скажам, што вось яна — наша праграма, якую распрацоўвала вялікая каманда найлепшых прафесіяналаў.

Вельмі прыкра, што такое дзіўнае меркаванне ў нашым грамадстве сёння мае шырокае распаўсюджанне. Прынамсі, сярод саміх кандыдатаў, іх штабоў і рознага кшталту паліттэхнолагаў. Бо гэта не проста велізарная непавага да саміх сябе і сваіх выбаршчыкаў, але ж яшчэ і сапраўдная міна запаволенага дзеяння для будучыні краіны.

У 2010 годзе, падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі, Цэнтр аналітычных ініцыятыў «Ліберальнага клуба» рабіў адмысловае даследаванне, у якім аналізаваў змест праграм кандыдатаў і так званыя электаральныя меседжы. Іншымі словамі, тэзісы, якія прэтэндэнты на пасаду №1 даносілі да людзей і дзякуючы якім намагаліся пераадолець канкурэнтаў.

Па выніках даследавання мы тады падрыхтавалі аналітычную запіску, якую назвалі «Поснае начынне ў вострай абгортцы». Назва адлюстроўвала нашу галоўную выснову: нягледзячы на высокую эмацыянальнасць той кампаніі, самыя розныя падзеі падчас яе правядзення, так бы мовіць, «спецэфекты», змястоўна яна была вельмі бляклай. Праграмы ў абсалютнай большасці кандыдатаў былі надзвычай слабыя, а ў некаторых увогуле адсутнічалі.

Гэтым разам мы вырашылі такое даследаванне не праводзіць. Па-першае, таму што застаўся непрыемны асадак ад 2010 года і відавочна, што ніякіх пазітыўных зрухаў з ідэямі і праграмамі, з якімі кандыдаты ідуць да людзей, не адбылося.

Па-другое, на працягу 2011-2013 гадоў мы рабілі больш маштабнае даследаванне, у якім вывучалі эканамічныя праграмы абсалютна ўсіх палітычных суб'ектаў у Беларусі: зарэгістраваных і незарэгістраваных палітычных партый, рознага кшталту рухаў і аб'яднанняў, што не хаваюць сваіх палітычных амбіцый, а таксама органаў дзяржаўнага кіравання. Не буду падрабязна спыняцца на яго выніках, але ж выснова кожны раз атрымлівалася нават горшая, чым пры аналізе праграм кандыдатаў у 2010 годзе.

Толькі ўявіце: з недзе 25-30 палітычных суб'ектаў Беларусі нешта больш-менш падобнае да сапраўднай праграмы ёсць толькі ў чатырох-пяці.

Мы нават былі вымушаны канстатаваць: «Вынікі даследавання недвухсэнсоўна сведчаць пра тое, што галоўная праблема беларускай сучаснасці заключаецца ў катастрафічна нізкім узроўні інтэлектуальнага забеспячэння грамадска-палітычнага жыцця». Кажучы больш проста, у краіне няма паўнавартаснай дыскусіі паміж прадстаўнікамі розных ідэалогій і палітычных плыняў пра тое, як і ў якім кірунку мусіць развівацца Беларусь.

Няма такой дыскусіі таму, што ні дзяржава, ні апазіцыя асабліва не жадае яе развіваць. Кожны са сваіх прычын.

Ад прадстаўнікоў урада можна нярэдка пачуць, што яны не бачаць, з кім у апазіцыі можна сур'ёзна размаўляць на складаныя эканамічныя ці, напрыклад, знешнепалітычныя тэмы. І, сапраўды, у большасці выпадкаў гэта так і ёсць. А ад розных апазіцыйных структур звычайна чуеш, што сёння праграмы не з'яўляюцца для іх прыярытэтам: больш важна абараняць правы чалавека ці проста неяк выжываць у сітуацыі, калі ў грамадстве няма сур'ёзнай падтрымкі.

На жаль, натуральны вынік усяго гэтага мы пабачылі падчас і гэтай прэзідэнцкай кампаніі. Самы яскравы прыклад — тэлевізійныя дэбаты трох кандыдатаў. Не ведаю, як каму, а асабіста мне проста сорамна было іх глядзець. Гаворка нават не пра тое, што кандыдаты не маглі амаль нічога змястоўнага сказаць па сутнасці сваіх жа праграм. Гэта заўсёды можна спісаць на хваляванне ці фармат дэбатаў.

Але ж калі кандыдат на пасаду кіраўніка краіны не ведае розніцы паміж вывучаемымі ў школе паняццямі «датацыі» і «інвестыцыі», то гэта ўжо сапраўднае fіnіtа lа соmеdіа.

І можна з усяго гэтага, вядома, проста пасмяяцца. Дарэчы, шмат хто ў сацыяльных сетках ці прыватных размовах і робіць. Але ж хто тут з каго мусіць смяяцца? Хто ў выніку вінаваты ў такім стане грамадска-палітычнай дыскусіі?

Самае галоўнае: хто ад гэтага больш за ўсё пакутуе?

Адказ, на жаль, відавочны. Пакутуем усе мы, усё беларускае грамадства. І вінаваты ў такім стане грамадскай дыскусіі таксама мы ўсе разам, без выключэнняў.

І калі мы ўсё ж такі не хочам адмаўляцца ад нармальнай будучыні (а ў грамадства без асэнсаванай агульнай дыскусіі не можа быць напоўненай сэнсам будучыні), то з гэтай праблемай тэрмінова трэба нешта рабіць. Вось тут, а не на нейкіх штучных акцыях ці імпрэзах усе і мусяць дэманстраваць сапраўднае грамадскае лідарства. І патрабаваць такога ж лідарства і адказнасці ад усіх тых, хто ўдзельнічае ў палітычным жыцці Беларусі.

Яўген ПРЭЙГЕРМАН, дырэктар па даследаваннях Грамадскага аб'яднання «Дыскусійна-аналітычная супольнасць «Ліберальны клуб»

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.