Вы тут

Як запусціць «рухавік» вясковага жыцця?


Развагі маладога інжынера сельскагаспадарчага ААТ.

Часам размеркаванне ўспрымаецца моладдзю як бессэнсоўна страчаны час. Але галоўны інжынер ААТ «Месціна», што ў Бярэзінскім раёне, 26-гадовы Яўген КАРАЛЁЎ не толькі не збіраецца з'язджаць з «глыбінкі» пасля адпрацоўкі, але і ўвогуле не прамяняў бы сваё жыццё на гарадское.

8-16

Мы сустракаемся з хлопцам у невялікай альтанцы на мехдвары — наўкол прыпаркавана некалькі трактароў, камбайнаў, грузавікоў. Частка з іх чакае рамонту, менавіта гэта непасрэдны абавязак галоўнага інжынера. За час размовы да яго некалькі разоў падыходзяць механізатары — кансультуюцца, як лепш «прааперыраваць» сваю тэхніку.

Будучы інжынер нарадзіўся не вельмі далёка ад свайго цяперашняга месца працы — у вёсцы Навасёлкі пад Беразіно. Пасля школы хлопец атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю ў каледжы, потым паступіў у Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт. Яму пашчасціла — выбар месцаў для размеркавання быў даволі вялікі, сярод іх і Месціна.

— Жыццё ў горадзе ніколі не вабіла, — кажа Яўген. — Сам я вясковы хлопец, мяне цягне да прыроды. Гэта, дарэчы, абумовіла і цікавасць да будучай прафесіі — бацька працаваў механізатарам. Таму я з дзяцінства бачыў, што такое буйная тэхніка. Яшчэ да таго, як атрымаў пасведчанне кіроўцы, корпаўся ў «масквічы», «запарожцы», разбіраўся, што да чаго. Ды і ў школе неяк больш атрымлівалася з такімі навукамі, як матэматыка, фізіка, чым з мовамі.

Цяпер Яўген жанаты, і нават ужо бацька — менш як год таму ў яго нарадзілася дачка. На «падыходзе» — другое дзіця. Разам з жонкай яны здымаюць кватэру ў Беразіно. Абыходзіцца гэта зусім не дорага, асабліва калі параўноўваць са сталічнымі цэнамі, — 750 тысяч. Летам, калі ў кватэры стаіць спёка, уся сям'я часова пераязджае да бацькоў Яўгена. На працу інжынер ездзіць на аўтобусе, калі атрымліваецца — карыстаецца аўтамабілем. 40 кіламетраў — няблізкі свет, хоць і адзін раён.

— Заробак у мяне залежыць ад сезона, — распавядае малады спецыяліст. — Ды і сёлета ёсць праблемы са збытам, у Расіі набываюць менш нашай прадукцыі, таму ў параўнанні з мінулым годам зарплаты знізіліся. Летам атрымліваю каля 6-і мільёнаў, узімку — ад 4-х. Летась маглі і восем зарабіць. Дарэчы, я заўважаю нават па сваіх знаёмых, аднакурсніках — заробак у сельскай гаспадарцы практычна ўсіх задавальняе. Але ў працы ёсць мінусы, якія нярэдка прымушаюць людзей звальняцца адразу пасля адпрацоўкі ці нават выплачваць грошы за свабоднае размеркаванне. Гэта, у першую чаргу, адсутнасць выхадных — на адпачынак часу амаль не застаецца. А вы ж самі разумееце, наколькі гэта важна для маладых людзей. Нават узімку ў нас адзін выхадны — нядзеля.

8-17

Можа, менавіта таму моладзі ў гаспадарцы няшмат? Па словах Яўгена, каля 20 працэнтаў.

Абавязкі галоўнага інжынера — даглядаць усю тэхніку. Прычым рукамі працаваць даводзіцца няшмат, у асноўным трэба разбірацца ў складанасцях і падказваць механізатарам, якога рамонту яна патрабуе. Затое хапае папяровай працы. Малады спецыяліст займаецца заказам запчастак, афармленнем усіх адпаведных дакументаў.

— Галоўнае, што я лічу цяжкасцю ў такой рабоце — стаўленне некаторых механізатараў. Паверце мне на слова, калі чалавек сам не беражэ тэхніку, не даглядае яе, нават самы якасны рамонт не дапаможа. Праз некалькі тыдняў усё зноў зламаецца, прыйдзецца перарабляць. На жаль, у нас многія людзі ставяцца да працоўнай тэхнікі, як да чужой; іх не турбуе, што пасля на ёй яшчэ некаму працаваць. Але ёсць і такія, хто працуе на трыццацігадовых «машынах», і яны ў іх у шыкоўным стане, усё, як той казаў, «шэпча».

Дарэчы, колькасць «падапечных» у інжынера пастаянна расце. Ледзь не кожны сезон у гаспадарцы з'яўляецца новая тэхніка. Сёлета вось набылі «МАЗ».

— Амаль уся тэхніка ў нас беларуская, — расказвае Яўген. — Толькі нешта з навяснога (касілкі, граблі) часам бывае польскай ці нямецкай вытворчасці. Нярэдка, калі разам з іншымі інжынерамі цэнтралізавана нешта набываем у Мінску, хлопцы з іншых гаспадарак быццам бы з гонарам кажуць, што ў іх амаль нічога беларускага няма. Але я з імі не згодны — калі нашу тэхніку глядзець, яна працуе выдатна.

Акрамя гэтага, Яўген выконвае абавязкі галоўнага энергетыка, займаецца электрыфікацыяй гаспадаркі. Ён шчыра прызнаецца, што ў гэтай сферы валодае толькі базавымі ведамі, таму гэта самы цяжкі для яго аспект працы.

— Я не магу сказаць, што такая праца не надакучвае. Вядома, стамляешся ад бясконцых дэталяў, папер... Няма ўжо той цікавасці, што калісьці была, бо займаешся адным і тым жа штодзень. Але і не варта чакаць ад работы іншага — на тое яна і работа. Галоўнае для мяне — добрасумленнасць. Важна заўсёды ведаць, што ты зрабіў усё, што ад цябе залежала.

Яўген — аматар актыўнага адпачынку. Калі вольная хвілінка ўсё ж выпадае, ён накіроўваецца на Бярэзіну — лавіць рыбу. Вядома, як і для большасці рыбакоў, улоў для яго не галоўнае. Як сапраўдны бацька, інжынер шмат гуляе — па горадзе з каляскай. Узімку, калі вольнага часу больш, разам з калегамі Яўген арандуе залу для міні-футбола.

Маладога спецыяліста не пужае перспектыва ўсё жыццё адпрацаваць на пасадзе галоўнага інжынера, а ў вялікім горадзе бываць толькі наездамі. На развітанне пытаемся, якога лёсу ён хацеў бы для сваіх дзяцей.

— Тое, што я вырас у глыбінцы, ніякім чынам не зрабіла мяне горшым за равеснікаў з горада. Паміж вёскай і горадам цяпер няма вялікай розніцы. Тут таксама можна добра жыць — мае бацькі штогод ездзяць на адпачынак за мяжу, былі ў Грэцыі, Турцыі, іншых краінах. Акрамя таго, на маю думку, у горадзе моладзь часта псуецца, звязваецца з алкаголем, наркотыкамі. Тут жа ўсе заўжды пры справе, цяжэй схавацца ад дарослых вачэй. Хапае цікавых заняткаў, наўкол прырода, прыгажосць. Таму, безумоўна, я падтрымаў бы жаданне дзяцей застацца на Бярэзіншчыне. Спадзяюся, што так яно і атрымаецца.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Мінск — Бярэзінскі раён — Мінск

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.