Вы тут

Вышэйшая адукацыя — любой цаной


або За якімі прафесіямі будучыня?

У многіх краінах свету распаўсюджванне вышэйшай адукацыі разглядаецца як прыярытэтная задача на дзяржаўным узроўні. У Еўрасаюзе імкнуцца да таго, каб да 2020 года ў кожнай дзяржаве, што ўваходзіць у яго, 40% маладых людзей ва ўзросце ад 30 да 34 гадоў мелі б вышэйшую адукацыю. ЗША ставяць за мэту да 2020 года дасягнуць пазіцыі сусветнага лідара па колькасці выпускнікоў каледжаў, а для гэтага іх лік да канца дзесяцігоддзя павінен павялічыцца ў нацыянальным маштабе на 50%. 8-28 Дыплом ці веды? У эпоху «эканомікі, заснаванай на ведах» шырокае распаўсюджанне вышэйшай адукацыі цяжка назваць нечаканасцю. Разам з тым узнікае шэраг заканамерных пытанняў. Наколькі павелічэнне працоўных рэсурсаў з вышэйшай адукацыяй будзе адпавядаць патрэбам рынку працы? І якія магчымасці для працаўладкавання будуць у выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі? За апошняе дзесяцігоддзе густы ў моладзі мала змяніліся: гуманітарныя, сацыяльныя навукі і юрыспрудэнцыя карыстаюцца значна большай папулярнасцю ў параўнанні з прыродазнаўчымі навукамі, тэхналогіямі, інжынерыяй і матэматыкай (STЕM-адукацыя). А ў некаторых краінах выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў, якія спецыялізуюцца на гэтых навуках, прыблізна ўтрая больш, чым выпускнікоў сферы STЕM. Міжнародныя эксперты канстатуюць, што фармальны факт атрымання вышэйшай адукацыі яшчэ зусім не азначае якасці набытых навыкаў. Згодна з міжнародным даследаваннем, фактычны ўзровень ведаў і навыкаў уладальнікаў дыпломаў аб вышэйшай адукацыі істотна адрозніваецца ад таго, што змяшчаецца ў кваліфікацыйных патрабаваннях. Даследаванне ўключала ў сябе ацэньванне наступных кампетэнцый: разуменне пісьмовых тэкстаў, матэматычную адукаванасць, рашэнне задач у тэхналагічна насычаным асяроддзі. Цікава, што ў Японіі і Нідэрландах маладыя людзі ва ўзросце ад 25 да 34 гадоў прадэманстравалі больш высокі ўзровень разумення пісьмовых тэкстаў у параўнанні з выпускнікамі вышэйшых навучальных устаноў Італіі і Іспаніі той жа ўзроставай групы. У Расіі асобы з вышэйшай адукацыяй паказалі ніжэйшыя вынікі, чым у сярэднім па краінах Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), а людзі з сярэдняй прафесійнай адукацыяй — наадварот, больш высокія. «Лішнія» студэнты Па колькасці студэнтаў у разліку на 10 тысяч насельніцтва Беларусь мела ў 2013/2014 навучальным годзе самы высокі паказчык сярод краін СНД — 417 студэнтаў. Рэкордная колькасць студэнтаў была ў нас у 2011 годзе — 445 600 чалавек. Але затым гэта лічба пачала імкліва зніжацца ў сілу дэмаграфічных прычын. Праўда, колькасць месцаў у ВНУ (як на платнай, так і на бюджэтнай форме навучання) скарачалася больш маруднымі тэмпамі, чым колькасць выпускнікоў школ, таму стаць студэнтам стала зусім проста. Напрыклад, прыватныя ўстановы вышэйшай адукацыі выканалі план прыёму сёлета толькі на 46,3%. Фактычна адзіным рэгулятарам масавасці і ўсеагульнай даступнасці вышэйшай школы застаецца мінімальны парог на цэнтралізаваным тэсціраванні — не пераадолеўшы яго, замахнуцца на званне студэнта праблематычна. Але для другой профільнай дысцыпліны парог на ЦТ усё ж такі быў у гэтым годзе зніжаны, што спрасціла слаба падрыхтаваным абітурыентам задачу... Ёсць у нашай вышэйшай школы і яшчэ адна характэрная адметнасць — каля паловы ад агульнай колькасці беларускіх студэнтаў атрымліваюць вышэйшую адукацыю на завочнай форме навучання. А да якасці ведаў завочнікаў ёсць прэтэнзіі. Калі ж паглядзець на прыхільнасці моладзі, то ў трэндзе ў беларускіх абітурыентаў (як і ў маладых еўрапейцаў) гуманітарныя спецыяльнасці, ІТ-сфера, правазнаўства і медыцына. У Беларускім дзяржаўным універсітэце на некаторых спецыяльнасцях сёлета былі зафіксаваны проста фантастычныя прахадныя балы. На спецыяльнасці «міжнароднае права» — 383, «журналістыка (аўдыявізуальная)» — 382, «міжнародныя адносіны» — 378, на «сусветнай эканоміцы» — 367, на спецыяльнасці «эканамічнае права» — 362, «менеджмент (напрамак — менеджмент у сферы міжнароднага турызму)» — 358, «лінгвакраіназнаўства» — 377. На сённяшні дзень прыкладна два дзясяткі беларускіх ВНУ рыхтуюць студэнтаў па аналагічных спецыяльнасцях, такіх, напрыклад, як «фінансы і крэдыт», «бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт» і іншых. Таму выказваюцца прапановы «інвентарызаваць» падрыхтоўку спецыялістаў па некаторых масавых прафесіях у асобных рэгіёнах і ВНУ — так бы мовіць, адпаведна патрэбам. Тым больш, што ў эканоміцы Беларусі колькасць працоўных месцаў для людзей з вышэйшай адукацыяй складае толькі 27,4% ад агульнай. 8-29 Патрабуюцца інжынеры Паколькі наша краіна з'яўляецца экспартна арыентаванай, то для Беларусі выключна важнае значэнне мае тэхнічная адукацыя. Патрэба ў высокакваліфікаваных спецыялістах расце, а патрабаванні да ведаў і прафесійных навыкаў становяцца ўсё больш жорсткімі. На шчасце, у апошнія гады вяртаецца цікавасць з боку беларускай моладзі да вышэйшай тэхнічнай адукацыі. Аднак выкладчыкі канстатуюць, што абітурыенты тэхнічных ВНУ менш ведаюць пра выбраную спецыяльнасць, чым нацэленыя на паступленне ў медыцынскія, педагагічныя, сельскагаспадарчыя і творчыя ВНУ. Яны не могуць ацаніць уласныя здольнасці да інжынерна-тэхнічнай дзейнасці і маюць вельмі аддаленае ўяўленне пра будучую прафесію. Гучала прапанова вызначыць аптымальную прапорцыю ў размеркаванні студэнтаў па канкрэтных галінах навучання: гуманітарныя навукі, тэхнічныя, прыродазнаўча-навуковыя, эканамічныя і гэтак далей. Толькі якой павінна быць гэта прапорцыя? У Фінляндыі штогод выпускаецца на 1 тысячу насельніцтва 17,4 інжынера, у Швецыі — 17, у Сінгапуры — 16,8, а ў Беларусі — 7. Але да вызначэння тэмпаў росту падрыхтоўкі спецыялістаў па тэхнічных і прыродазнаўча-навуковых напрамках і профілях патрабуюцца навукова абгрунтаваныя падыходы. Будучыя «пенсіянеры» Складана прадказаць, якія кампетэнцыі і навыкі будуць запатрабаваны, напрыклад, праз 10-20 гадоў. У Расіі абяцаюць у кастрычніку апублікаваць даведнік запатрабаваных на рынку працы, а таксама новых і перспектыўных прафесій. Сёння ў дзясятцы самых высокааплатных спецыяльнасцяў у Расіі 8 пазіцый займаюць «тэхнары». Пры гэтым амаль кожны другі непрацаўладкаваны выпускнік мае юрыдычную або эканамічную адукацыю. Напрыклад, перспектыўнай для рынку працы лічыцца прафесія мехатроніка — спецыяліста, які валодае ведамі на стыку механічных і электронных прылад. Ключавая роля на рынку працы належыць праграмістам, распрацоўшчыкам мультымедыйных праграм, спецыялістам у сферы мабільнай робататэхнікі і зборшчыкам электронных сістэм. Актыўна развіваецца сфера тэлекамунікацый. Але і без цырульнікаў і кухараў пакуль таксама немагчыма абысціся: прафесіі, звязаныя са сферамі харчавання і абслугоўвання, востра запатрабаваны наймальнікамі. Міжнародная практыка сведчыць, што базу прафесій трэба абнаўляць прыкладна раз на дзесяцігоддзе: за кошт прарыву ў сферы тэхналогій яна можа змяніцца на 10-20 працэнтаў. Працэс выхаду прафесіі «на пенсію» адбываецца паступова: спачатку з'яўляюцца «першыя ластаўкі» ў выглядзе эксперыментаў па замене прафесій новымі тэхналагічнымі рашэннямі (найбліжэйшыя 5 гадоў), затым працэс становіцца масавым (наступныя 10-15 гадоў), а яго заканчэнне можа расцягнуцца на дзесяцігоддзі. Экзатычнай прафесіяй можна лічыць, напрыклад, сушыльшчыкаў чаю, але ў Краснадарскім краі такія спецыялісты пакуль запатрабаваныя. Ёсць меркаванне, што некаторыя прафесіі пакінуць рынак пад ціскам аўтаматызаваных і робатызаваных сістэм і першымі пачнуць знікаць тыя, якія прасцей за ўсё аўтаматызаваць, а таксама прафесіі, сутнасць якіх заключаецца ў пасрэдніцтве паміж рынкам і спажыўцом тавараў і паслуг. Пад пагрозай знікнення знаходзяцца стэнаграфісты, капірайтары, турагенты, лектары, бібліятэкары і архіварыусы, білецёры, паркоўшчыкі, выпрабавальнікі, аператары саll-цэнтра, ліфцёры і паштальёны. Надзея НІКАЛАЕВА nіkalaeva@zvіazda.by Фота Анатоля КЛЕШЧУКА і Фота Надзеі НІКАЛАЕВАЙ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.