Вы тут

Муха ў электрычным полі


Муха ў электрычным полі

Пытанне на засыпку: ці ведаеце вы, што такое тытан? Не хто такі, а менавіта што такое?

Для людзей больш маладога веку патлумачу: тытан — гэта воданагравальны агрэгат, які награваецца дровамі ці брыкетам і, пры адсутнасці цэнтральнага ацяплення, абагравае жытло. Абагравае, трэба сказаць, да пары, бо нішто ж не вечна пад месяцам. У майго калегі, напрыклад, у гэтым самым тытане прагарэла неяк рашотка, на якую складваюць дровы, — трэба было шукаць новую. А дзе?

Барыса хоць на нейкі час, але выручыла прыродная мужыцкая кемлівасць. Рэч у тым, што ў нашым жа будынку на першым паверсе знаходзілася тэлевізійная майстэрня, і з яе работнікамі мы былі ў добрых суседскіх адносінах — адзін аднаго выручалі, заходзілі ў госці.

Падчас такога візіту вочы майго калегі і ўгледзелі металічную накрыўку да самай вялікай лямпы ў лямпавым жа тэлевізары (былі такія, калі хто забыўся). А яна, тая накрыўка, і сапраўды нагадвала рашотку, бо спрэс была ў невялічкіх дзірачках, каб да лямпы праходзіла паветра і тая, адпаведна, не перагравалася.

Узрадаваўся калега: дык гэта ж тое, што трэба! Выпрасіў, прынёс у кабінет, паклаў на стале, разглядае...

У гэты час заходзіць у пакой яшчэ адзін наш супрацоўнік, пытае:

— Барыс, а што гэта за цацка?

— Ды ведаеш, брат, гэта...

(Калега думаў, а таму і марудзіў.)

— Гэта... мухалоўка!

Ад здзіўлення ў мяне, што называецца, адвісла сківіца, але ж Барыс таго не бачыў, бо толькі што народжаная ім «ідэя» чакала свайго развіцця:

— Бачыш гэтыя дзірачкі? — пачаў тлумачыць ён. — Дык вось, ставіш рашотку ў акно, і ўсе мухі, што імкнуцца да цябе ў пакой, гінуць.

— З чаго б гэта? — не верыць госць.

— Элементарна, Ватсан! Да гэтай рашоткі падключаецца батарэйка. З яе дапамогай ствараецца электрамагнітнае поле, і калі якая кузурка ў яго трапляе, ёй адразу ж капут. Зразумеў?

— Ну дык, само сабой, — адгукнуўся госць, хоць на твары было напісана, што ўсе тлумачэнні для яго цёмны лес. — Добрая прылада. А дзе ты ўзяў?

— У тэлемайстэрні... Падыдзі да хлопцаў, можа, і табе за бутэльку ўступяць?

...Недзе праз паўгадзіны наш візіцёр зноў з'явіўся ў кабінеце — ужо з... «мухалоўкай»:

— Вось, — сказаў, — далі. За бутэльку...

Вечарам пасля працы Барыс з тэлемайстрам яе раздзялілі. І мне крыху перапала. Як сведку.

А. П.

г. Беразіно.

Вось такі... блін

Кожны раз, прачытаўшы чужыя «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі», мы з мужам збіраліся расказаць сваю. Нарэшце прыйшоў час.

Пачаць трэба з таго, што вырасла я ў досыць незвычайнай сям'і. Мой бацечка ўсё жыццё выкладаў у школе хімію, мама — беларускую мову і літаратуру. Удваіх, на пару, фізік і лірык, яны дагэтуль могуць гадзінамі чытаць вершы, пад настрой і на два галасы вельмі хораша спяваць. Абое любяць музыку, усім цікавяцца, шмат чытаюць...

А яблычак ад яблынькі недалёка падае. Мае аднакласніцы ўжо ва ўсю падкручвалі спаднічкі, каб карацейшыя былі, фарбавалі пазногці, шапталіся пра хлопчыкаў і нават круцілі з імі раманы, а я ўсё чытала кніжкі ды лунала ў аблоках. Ва ўсялякім разе думкі не дапускала, што магу сустракацца з кімсьці не такім разумным і прыгожым, як мой тата, што пасябрую з хлопцам, які будзе хадзіць у брудным абутку ці пакамечанай кашулі, што ад яго можа патыхаць цыгарэтамі альбо перагарам. Пра брыдкаслоўе, мусіць, і казаць не варта: мяне да глыбіні душы абражала нават прамоўленае некім слова «блін», бо тата неяк сказаў, што яго ўжываюць замест іншага — на гэтую ж літару...

Вось так я пражыла амаль да 20 гадоў. Магчыма, і пазней не спусцілася б на зямлю з аблокаў, калі б не стала хварэць мама, калі б яна пры кожнай сустрэчы не пачала казаць, што мне трэба звяртаць увагу на хлопцаў, прыглядацца да іх ды выходзіць замуж, а то яна, крый Божа, памрэ, так і не дазнаўшыся, з кім я звяжу свой лёс... Ну і гэтак далей...

Гэта маміна трывога і прымусіла мяне прызямліцца, хоць не адразу, але ж знайсці сабе сябра-хлопца, з якім разам гулялі на вяселлі: ён — з боку жаніха, я — з боку нявесты. Мы з ім абмяняліся тэлефонамі, ён часцяком стаў пазвоньваць, сустракаць мяне з заняткаў, запрашаць на каток, на розныя канцэрты і спектаклі, у кіно. Ён не курыў, вельмі акуратна апранаўся, з ім заўсёды было пра што пагаварыць і з чаго пасмяяцца...

Пра гэта я, вядома ж, расказвала дома сваім бацькам, Сяргей — сваім. Яго сям'я хацела пазнаёміцца са мной, мая — з ім. Таму, узяўшыся за рукі, мы ўжо бегалі па крамах у пошуках цікавых падарункаў, бо не з пустымі ж рукамі ўпершыню прыходзіць у хату...

Мы ўжо нават вырашылі, што пачнём з маіх бацькоў. А напярэдадні...

Сорам прызнавацца, амаль тры гады правучыўшыся ў Мінску, я ні разу не была ў Батанічным садзе. Сяргей паабяцаў звадзіць. Ён сустрэў мяне ля ўвахода ў метро на станцыі Кастрычніцкай. Разам мы спусціліся да кас — ён купіў жэтонаў, даў мне. Я першай прайшла праз турнікет, хлопец крочыў следам. Прынамсі павінен быў, але...

За спінай у мяне штось гучна бразнула.

— Блін... — гучна сказаў чамусь затрыманы турнікетам Сяргей.

І ўсе людзі, што былі паблізу (як мне падалося) павярнулі галовы — сталі глядзець на яго, на мяне, закаханую дурніцу, якая паверыла, што гэты хлопец не такі, як іншыя, што ён выключны... А, высвятляецца, не!

Гэта «адкрыццё» сарвала мяне з месца, прымусіла пабегчы, паспець у апошні вагон і паехаць.

Сяргей — бачыла — кінуўся даганяць, не дагнаўшы, — адразу ж стаў абрываць тэлефон, але я выдаліла яго кантакт...

Пазваніла тату, папрасіла, каб сустрэў з электрычкі. Ён ніяк не здзівіўся, бо рабіў гэта заўжды.

І вось я прыехала, адчыніла дзверцу яго машыны, села...

Усё астатняе адбылося ў лічаныя імгненні: тата завёў машыну, крануўся з месца, спытаў:

— Дык чаму без Сяргея?

— З ім усё скончана, — адрэзала я.

— Во блін! — раптам сказаў мой тата(?!) і, відаць, знячэўку націснуў на тормаз. Факт, што я, не паспеўшы прышпіліцца, стукнулася галавой у лабавое шкло і (вы не паверыце!) сказала... тое ж.

Пасля гэтага наша машына хвілін з дзесяць стаяла пасярод дарогі. Мы з татам, здаецца, ніколі так не смяяліся — да ікаўкі, да слёз...

Што далей было, расказваць, мусіць, не варта. Я неяк здолела набраць тэлефон Сяргея, праз смех сказала яму, у колькі адпраўляецца чарговая электрычка, з якой мы з татам яго будзем чакаць. Заінтрыгаваны такім перападам у маім настроі, ён, вядома ж, прыехаў. І вельмі спадабаўся маім бацькам, а я потым — ягоным. Праз паўгода мы распісаліся.

З таго дня прайшло амаль 15 гадоў. У нашай сям'і падрастаюць дзве дачушкі. Два дзядулі і дзве бабулі (за што ім шчыры дзякуй!) дапамагаюць іх гадаваць. Хоць ужо і не такімі рамантычнымі, як некалі мяне. Ці, дакладней, нас з мужам.

А. Б., г. Барысаў.

Бойка з цывілізацыяй

Старонка гісторыі: у 1953 годзе ў нас за грошы калгаса быў набыты радыёвузел. Людзі дружна сталі купляць дынамікі і чакаць, калі ж скончыцца мантаж абсталявання, калі тыя чорныя «талерачкі» нарэшце загавораць? Ці не кожны хацеў пачуць іх першым. Але ж не ўсё тое збываецца, на што чалавек спадзяецца: момант гэты ці не ўсе прапусцілі, бо падключэнне адбылося недзе ў канцы лета, а час гэта вельмі гарачы: хто не ў полі быў, той на лузе. У вёсцы заставаліся хіба малыя ды зусім старыя.

Бабцы Хадорцы, напрыклад, ногі дужа балелі, чула слаба ды і не бачыла ўжо некалькі гадоў. Таму ў добрае надвор'е яна з ранку сядзела на дварэ каля сцяны, драмала...

А тут раптам чуе — нехта загаманіў... І досыць моцна...

Бабцы здалося, што ў двор зайшлі цыганкі.

— Вазьміце сабе груш з кошыка ды ідзіце адсюль, — скамандавала ім гаспадыня.

Аднак «цыганкі» не паслухаліся: яны працягвалі пра нешта гаварыць, а потым, набраўшыся нахабства, нават песню нейкую зацягнулі!

— Сціхнеце! — закрычала бабуля. — І без вас галава трашчыць...

Тыя — каб падумалі!

Тады старая намацала побач свой кій, паднялася, зрабіла некалькі крокаў у той бок, адкуль ішла гамонка, і ў апошні раз, што называецца, дабром папрасіла:

— Людцы, ідзіце з хаты, а то...

Не паслухалі, не пайшлі! Горш за тое — гучна аб'явілі:

— А зараз прагучыць песня з цыкла...

— Якая яшчэ «сцыкла»?! — закрычала старая і давай размахваць кіем.

Махала яна доўга, аж пакуль не трапіла па той чорнай талерцы, што вісела ў куце, аж пакуль тая прылада, адарваўшыся ад сцяны, не ляснула аб падлогу і нарэшце не сціхла.

Бабка Хадорка была задаволена: як-ніяк выгнала тых чужаніц з хаты, задала ім перцу з імберцам — болей наўрад ці сунуцца!

А таму яна зноўку паклыпала ў двор, зноўку прысела на лаўку, прывалілася да сцяны. Падумала яшчэ, што як ні круці, а стары чалавек у хаце таксама патрэбен! Вось не было б яе дома, дык гэтыя ж прыхадні са сваімі песнямі ўсё пакралі б!.. А так пашумелі, галаву падурылі ды і пайшлі сабе. Ужо, мусіць, далёка, раз галасоў не чуваць? Значыць, ёй можна разняволіцца ды і падрамаць — вось тут, на сонейку.

Уладзімір Пугач, аграгарадок Навасёлкі, Петрыкаўскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.