Вы тут

Чэмпіёнскі ўзровень


Яшчэ ў савецкія часы невялічкі горад Жодзіна славіўся на ўсю краіну не толькі сваімі «БелАЗамі», але і выдатнай спартыўнай школай веславання на байдарках і каноэ. Тут, на вадасховішчы цеплаэлектрацэнтралі, свае першыя спробы пад наглядам трэнераў рабілі вядомыя Мікалай Астапковіч, Уладзімір Тайнікаў, Валерый Чамеза — спартсмены, якім было наканавана стаць чэмпіёнамі, прызёрамі міжнародных спаборніцтваў. Якімі праблемамі жыве вядомая школа сёння? Чым яна можа пахваліцца? Колькі дзяцей займаюцца веславаннем? З гэтымі пытаннямі карэспандэнт «Звязды» і адправіўся ў сталіцу беларускага машынабудавання.

10-22

На ўздыме

— Гадоў 15 нашы выхаванцы не заваёўвалі значных узнагарод, але сёння школа зноў на ўздыме, — кажа Валерый Смольскі, намеснік дырэктара школы. — Ірына Ганчук (Памелава) у складзе байдаркі-чацвёркі стала бронзавай прызёркай Алімпіяды ў Лондане. Упершыню наша выхаванка здабыла алімпійскі медаль! За падрыхтоўку Іры абласное ўпраўленне спорту і турызму перадала нам сем трэнажораў і адну байдарку. Аляксандра Грышына, яшчэ адна наша дзяўчынка, таксама выступае за зборную краіны і з'яўляецца кандыдаткай на ўдзел у Гульнях у Рыа-дэ-Жанейра. Два гады запар яна становіцца сярэбраным прызёрам чэмпіянату свету. Не хочацца сурочыць, але ў Сашы вялікі патэнцыял. Цяпер ідуць размовы аб тым, што ў наступныя Алімпійскія гульні, магчыма, уключаць новую дысцыпліну — жаночае каноэ. У гэтых спаборніцтвах наша выхаванка Вольга Клімава нядаўна стала пераможцай маладзёжнага чэмпіянату Еўропы. Акрамя іх, у нас таксама хапае моладзі, якая можа ў будучыні дасягнуць добрых вынікаў. Колькі яшчэ гэты ўсплёск будзе працягвацца, не ведаем. Але працуем на перспектыву і імкнёмся да таго, каб у нас з'яўлялася як мага больш здольных спартсменаў.

— Аднак сёння вы можаце пахваліцца не толькі добрымі вынікамі, але і добраўпрадкаванай школай.

— Будынак школы адрэстаўравалі. Яна стала больш утульнай, цёплай. А дагэтуль, калі вяліся рамонтныя работы, нашы дзеці наогул пераадзяваліся ў пераабсталяваным халодным вагончыку. Што тычыцца іншых змен, нам на баланс перадалі гульнявую пляцоўку, якую пабудавала федерацыя футбола сумесна з гарадскімі ўладамі. І мы ёй актыўна карыстаемся. Наша галоўная праблема — інвентар. Ён усё ж такі каштуе дорага. За невялічкія грошы якасныя лодкі набыць складана.

— У самой назве ўстановы — школа алімпійскага рэзерву — закладзена галоўная мэта. Ці часта жодзінскія весляры пераходзяць ад вас у абласныя і рэспубліканскія вучылішчы алімпійскага рэзерву?

— Амаль кожны год. Сёлета трое спартсменаў пайшлі на павышэнне. Трэніруюцца цяпер у барысаўскім філіяле плешчаніцкага вучылішча алімпійскага рэзерву. Яны жывуць у інтэрнаце, вучацца ў Барысаве і паралельна трэніруюцца на Бярэзіне.

— Жодзіна — горад не самы вялікі. І веславанне тут далёка не папулярны від спорту. Ці адчуваеце інтарэс сярод дзяцей?

— Акрамя веславання, у Жодзіне развіваюць футбол, самба, дзюдо, цяжкую атлетыку. Нядаўна ў горадзе адкрылі лядовы каток, і ў перспектыве плануюць выдаткаваць дзве стаўкі для трэнераў па хакеі. З наборам нам сапраўды стала цяжкавата. Увогуле веславаннем на байдарках і каноэ ў Жодзіне сёння займаюцца 240 чалавек, з якімі працуюць 8 трэнераў.

— Акрамя падрыхтоўкі спартсменаў, вы, калі не памыляюся, штогод праводзіце мемарыял Мікалая Астапковіча...

— Мікалай памёр у 1999 годзе, і спаборніцтвы, прысвечаныя яму, мы пачалі праводзіць праз два гады. Спачатку на вадасховішчы збіраліся людзі, якія асабіста яго ведалі, ветэраны, спаборнічалі паміж сабой. Паступова падключылі моладзь —
і спаборніцтвы сталі маштабнымі. Сёлета ў іх удзельнічалі звыш
140 маладых спартсменаў. На адкрыцці турніру сабраліся ўсе нашы славутыя выхаванцы. Дарэчы, спаборніцтвы супалі з юбілейнай датай. Роўна 50 гадоў таму Міхаіл Элімелах, першы трэнер Астапковіча, ганаровы жыхар горада Жодзіна, зрабіў дэбютны набор у школу веславання. Прысутнічаў на гонках і Георгій Жукоўскі, першы дырэктар школы, які ўзначальваў яе да 2001 года.

Лепшага месца не знайсці

У асноўным трэнеры школы — мясцовыя спецыялісты, але ёсць сярод іх і «легіянеры». Напрыклад, Віталь Быкаў, які прыехаў працаваць у Жодзіна з Брэста, дзе функцыянуе адзін з найлепшых у Еўропе вяслярных каналаў.

— Пераехаў у Жодзіна па сваім жаданні, — кажа Віталь. — Адпрацаваў у Брэсце шэсць гадоў, паступіла прапанова пераехаць бліжэй да Мінска, і я пагадзіўся. Не шкадую. Умовы для працы тут добрыя, і пераязджаць у іншае месца я не планую. У бытавым пытанні таксама ніякіх праблем. Жыву ў інтэрнаце.

Шчыра кажучы, многія не могуць пахваліцца такімі дасягненнямі, якія ёсць у жодзінскай школы.
У Жодзіне пачыналі шмат добрых мясцовых спартсменаў. І, як бачым, вынікі толькі паляпшаюцца.

— І як вам умовы пасля шыкоўнага брэсцкага канала?

— Для груп пачатковай падрыхтоўкі лепшага месца для трэніровак не знайсці. Вецер амаль адсутнічае. Штыль. Акваторыя добра праглядваецца. Маем катары для суправаджэння юных весляроў. Але галоўнае для нас — кемлівыя, здольныя дзеці, а каналы — справа другасная. Калі школа моцная, хопіць і невялічкага азярца.

— Веславанне ўжо гістарычна ўкаранілася ў Жодзіне, — далучаецца да размовы Аляксей Лукашэвіч, калега Віталя, які працуе ў школе ўжо 16 гадоў. — У нас ёсць дзеці, патэнцыял, з якім трэба працаваць. Веславанне было тут раней, і яно ў Жодзіне будзе надалей.

— А ці адчувае горад значнасць веславання?

— Безумоўна. Са старэйшага пакалення амаль кожны прайшоў праз школу, — працягвае Аляксей. — Жыхары памятаюць пра яе, не забываюцца. І ніхто вам не скажа, што ў Жодзіне веславання няма. У нас вельмі развіты ветэранскі рух. Так, рака ў нас не такая буйная. Але на ёй куюцца прызёры і чэмпіёны міжнародных спаборніцтваў.

Хочацца толькі пажадаць, каб так было і надалей.

Тарас ШЧЫРЫ

taras@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.