Вы тут

Учора, сёння, заўтра


Падставы для рыўка.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ўпэўнены: за гады незалежнасці краіна набыла моц для паспяховага пераадолення крызісаў.

10-30

Віктар ШЧЭЦЬКА, старшыня Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы:

— Беларусь за перыяд сваёй незалежнасці сапраўды стала краінай у поўным сэнсе гэтага слова — самастойнай, паўнавартаснай дзяржавай, якая не з'яўляецца нічыім прыдаткам.

Усе разумеюць, што калі б мы пайшлі адразу пасля развалу Савецкага Саюза па шляху Расіі або краін Прыбалтыкі, то не змаглі б падняцца ніколі. Мы захавалі нашы заводы — Мінскі трактарны, Беларускі аўтамабільны... Мы не закінулі сельскую гаспадарку — нават у Расіі яна прыйшла ў заняпад, і цяпер велізарныя сродкі там укладваюцца, каб яе аднавіць. Наша сельская гаспадарка — вялікае дасягненне ўвогуле. Калі б мы не захавалі яе, то аднавіць не змаглі б, бо не маем такіх рэсурсаў, як суседзі.

Што да будучыні, то хацелася б, каб нарэшце сітуацыя наладзілася ва Украіне, у Расіі, і яны зноў змаглі ў ранейшых аб'ёмах закупаць нашу прадукцыю.

10-31

Валерый КОКАШ, член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі:

— Раскажу, як змянілася мая акруга, а гэта Смаргонскі і Астравецкі раёны. Калісьці ў вёсцы Солы на Смаргоншчыне была буйная фабрыка па вытворчасці індычынага мяса. Пасля яна прыйшла ў заняпад. Сёння ж гэта зноў адна з лепшых фабрык у вобласці.

Што да Астраўца, то там прайшла значная частка майго жыцця. Раней там жыло прыкладна шэсць тысяч чалавек, аднак горад будуецца, развіваецца — і ў хуткім часе колькасць жыхароў у ім перавысіць 30 тысяч. Паралельна будаўніцтву атамнай электрастанцыі развіваецца інфраструктура горада і раёна. Сёлета на будаўніцтва ў Астраўцы жылля, аб'ектаў культуры і быту выдзелены адзін трыльён трыста мільярдаў рублёў. У хуткім часе колькасць будаўнікоў у горадзе дасягне 9,5 тысячы, у будучыні ж на самой станцыі будуць працаваць 2,2 тысячы чалавек. З увядзеннем у эксплуатацыю абодвух блокаў АЭС — першага ў 2018-м, другога — у 2020 годзе дзяржава зможа сэканоміць на электраэнергіі прыкладна 1,8 мільярда долараў у год.

10-32

Міхаіл САВАНОВІЧ, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах:

— Што хочацца адзначыць, дык гэта добраўпарадкаванне, рост нашых гарадоў. Нядаўна быў у Слуцку — дык яго не пазнаць: прыгожы, чысты і ўтульны горад. Што да Мінска, то ён таксама вельмі змяніўся, з'явілася шмат новых мікрараёнаў. Яшчэ не так даўно на Каменнай Горцы расла капуста — сёння гэта велізарны раён. На тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца Нацыянальная бібліятэка, калісьці рос сад. Сёння ж там — новы мікрараён з бібліятэкай і комплексам «Маяк». Маскоўскі раён таксама разросся, акрамя Малінаўкі, там цяпер ёсць такія мікрараёны з новабудоўлямі, як Грушаўка, Міхалова, Брылевічы... Да непазнавальнасці змяніўся праспект Дзяржынскага.

Што да будучыні, то хутка цяперашні крызіс скончыцца. Улічваючы той факт, што мы захавалі нашы прадпрыемствы, праз пару гадоў усё пачне цудоўна развівацца, і наша краіна стане адной з найлепшых краін Еўропы.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.