Вы тут

Акадэмік Пётр Нікіценка: «Малая радзіма — самая блізкая і любімая»


На пытанні нашага карэспандэнта адказвае саветнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэмік, доктар эканамічных навук, прафесар, стваральнік беларускай міжнароднай навуковай школы інавацыйнага і наасфернага ўстойлівага развіцця, эксперт Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН Пётр Нікіценка.

10-15

— Нядаўна ў рамках аднаго міжнароднага экалагічнага праекта разам з іншаземцамі з розных краін свету, у прыватнасці з прадстаўнікамі расійскай Рэспублікі Комі, мне давялося наведаць палескую глыбінку. Іх рэакцыя была адназначнай: убачанае і пачутае пераўзышло іх чаканні.

— Відаць, гасцей больш за ўсё ўразілі нашы дарогі?

— Так, асабліва ў райцэнтрах, пасёлках і нават у вёсках.

— Я не здзіўляюся. Аб узроўні жыцця жыхароў любой краіны, ступені яе эканамічнага развіцця можна меркаваць па дарогах, у тым ліку і па мясцовых. Мне прыемна адзначыць, што па якасці дарог Беларусь выглядае лепш за некаторыя еўрапейскія краіны, напрыклад, Польшчу. І што характэрна, паступова дарогі ў глыбінцы падцягваюцца да сучасных стандартаў. Вядома, тут яшчэ вялікае поле дзейнасці для паляпшэння і ўдасканалення, але ў цэлым нашы дарогі нармальныя, а прыдарожныя тэрыторыі пастаянна добраўпарадкоўваюцца і набываюць цывілізаваны выгляд. Увогуле, мне давялося наведаць нямала еўрапейскіх краін, неаднаразова бываў у Германіі, праехаў дарогамі Амерыкі і Аўстраліі. І магу канстатаваць: узровень іх дарог адпавядае напаўненню іх крам.

— А ў нас адпавядае?

— Вядома. Калі збочыць з трасы і завітаць у сучасную краму, то мы ўбачым запоўненыя разнастайнымі харчовымі і прамысловымі таварамі паліцы. Так, можна скардзіцца на тое, што цэны часам кусаюцца, але дэфіцыту і абрыдлых у савецкія і першыя паслясавецкія часы чэргаў няма. Праблема харчовай бяспекі ў нас вырашана цалкам. Хочацца адзначыць поўную забяспечанасць сем'яў дзіцячым харчаваннем з натуральных інгрэдыентаў. Гэта бясспрэчнае дасягненне.

Усё пазнаецца ў параўнанні. Я дзіця вайны. Мая малая радзіма Віцебшчына. Таму мне відаць станоўчыя змены ў жыцці нашага народа: ад голаду, нястачы, разрухі — да сённяшняга дабрабыту. Асабліва хачу адзначыць перыяд пасля набыцця незалежнасці. Хоць яго пачатак быў надзвычай складаны, супярэчлівы, нярэдка нагадваў асобныя моманты першых пасляваенных гадоў: татальны дэфіцыт, мізэрныя зарплаты, разруха на вытворчасці і ў галовах і г. д. Тым не менш той перыяд быў паспяхова пераадолены, і сёння мы маем беларускую дзяржаву, якая за 20 гадоў прайшла шлях ад савецкай рэспублікі да самадастатковай суверэннай краіны. У ёй забяспечана суверэннае развіццё і мірная стваральная праца. Назіраецца практычна поўная занятасць насельніцтва, станоўчы дэмаграфічны трэнд, прырост назапашвання чалавечага розуму і якасці жыцця народа. Дынаміка росту валавога ўнутранага прадукту на 100 працэнтаў адбываецца на аснове інтэнсіўных і інавацыйных фактараў: развіцця навукі і навукова-тэхнічнага прагрэсу.

— Часам можна чуць скаргі на тое, што нашы нетры бедныя, вельма мала карысных выкапняў...

— На мой погляд, гэта разважанні людзей недасведчаных. Акрамя вуглевадародаў і прыроднага газу, чалавецтву патрэбны іншыя рэсурсы, на якія багатая наша зямля. Напрыклад, вада. Яна — магутны рэзерв будучых пакаленняў беларусаў. Ад якасці вады ў значнай ступені залежыць здароўе чалавека, яго фізічнае і разумовае развіццё. Беларусь валодае значнымі запасамі прэснай вады. У яе нетрах ёсць усе віды мінеральнай вады. Нашы нямецкія партнёры нам з зайздрасцю так і кажуць: «Вы да канца не ўяўляеце, якім багаццем валодаеце».

Бясспрэчна, з часам вада будзе станавіцца ўсё больш важным рэсурсам, чым нафта. Ваду можна будзе не толькі экспартаваць. Сёння даволі выгаднай справай становіцца медыцынскі турызм. Дык чаму б на нашых прыродных водах не развіваць яго? Праўда, для гэтага прыйдзецца ствараць у глыбінцы санаторна-курортныя ўстановы. А на гэта і інвестыцыі патрэбны, і кадры адпаведнай кваліфікацыі. Аднак можна выкарыстоўваць патэнцыял аграсядзіб, мясцовых медыцынскіх устаноў. Галоўнае — захацець распачаць новую справу.

— Але часам намаганні і памкненні людзей разбіваюцца аб рэаліі жыцця. Напрыклад, няма стартавага капіталу для пачатку ўласнай справы, а крэдыты ў банку дарагія. Як дапамагчы ў гэтай сітуацыі?

— Мне здаецца, што ў кожным рэгіёне павінна быць свая дакладная стратэгія развіцця мясцовай эканомікі. І тычыцца яна павінна не толькі прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці. Акцэнт варта зрабіць на ўсебаковай падтрымцы індывідуальнага прадпрымальніка, сямейнага бізнесу як у вытворчасці, так і ў сферы паслуг. Сёння вядзенне хатняй гаспадаркі, клопаты па выхаванні дзяцей павінны стаць прыярытэтным напрамкам дзейнасці мясцовай улады, годна аплачвацца, уваходзіць у працоўны стаж і лічыцца нармальнай занятасцю.

— Жыццё пасля выбараў, трэба спадзявацца, набудзе новы подых і новыя арыенціры. Што, на ваш погляд, неабходна зрабіць у эканоміцы ў першую чаргу?

— Для ўсіх суб'ектаў гаспадарання стварыць аднолькавыя ўмовы. І ў сталіцы, і ў абласных і раённых цэнтрах, і ў глыбінцы. Падатковая сістэма павінна быць адзінай для ўсіх. Адзіныя падаткі павінны быць і на дабаўленую вартасць, прычым прымальныя падаткі — не больш за адну траціну ад створанай вартасці. Трэба плаціць грошы за працу не па тарыфах і ад займанай пасады, а ад эфектыўнасці вытворчасці, арганізацыі, установы. Для гэтага даць прадпрыемствам свабоду, якая наўпрост залежыць ад падатковай сістэмы.

Падаткамі можна так заціснуць любое прадпрыемства, што яно перастане дыхаць. А дадайце сюды шматлікія праверкі, штрафы і г. д. Іх таксама неабходна абмежаваць.

— Апошнім часам гучаць прапановы і выказваюцца думкі аб пераасэнсаванні ролі і месца банкаў у эканоміцы краіны. Што вы думаеце з гэтай нагоды?

— Своечасовая дыскусія. У банках многіх краін свету працэнты за крэдыты для бізнесменаў-пачаткоўцаў мінімальныя, нярэдка зусім нулявыя. Таму надышоў час і нашым банкам заняць больш канструктыўную пазіцыю.

Грашова-крэдытную сістэму неабходна максімальна прыстасоўваць да патрэб эканомікі, якая з'яўляецца крытэрыем эфектыўнасці сацыяльна-арыентаванай мадэлі беларускай дзяржавы, важнай умовай яе ўстойлівага інавацыйнага развіцця. Нашым банкам трэба працаваць на інвестыцыйным працэнце. Гэта значыць, фінансава ўдзельнічаць у стварэнні бізнесу, мець сваю долю даходу, а не жыць выключна на працэнты ад высокіх крэдытаў. Іх трэба паварочваць да інтарэсаў рэальнай эканомікі.

Увогуле, час заўсёды дыктуе народу арыенціры захавання суверэннай жыццядзейнасці. Нам трэба жыць сваім розумам, з апорай на ўласныя сілы, без пазык.

Гутарыў Леанід Тугарын

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Ці спросціць «Электронная школа» жыццё педагогам і як гэта адаб'ецца на якасці ведаў?

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.