Вы тут

Цяпло з абярэгам


Быў час, калі беларусы наогул не абыходзіліся без розных там абярэгаў і талісманаў. Ведалі, што гэта нейкім чынам абароніць іх ад розных бед. Пра народныя традыцыі вырашыў нагадаць айчынны вытворца газавага абсталявання — завод «Віктары». Бо хто, як не яны, клапоціцца пра надвор'е ў доме? Акрамя таго, стужкі з беларускімі арнаментамі прыдаюць тавару нацыянальны каларыт. Спажыўцам гэта падабаецца.

[caption id="attachment_104946" align="alignnone" width="600"]10-18 Кат­лом лёг­ка кі­ра­ваць з да­па­мо­гай ма­біль­ні­ка.[/caption]

Кіраваць тэмпературай праз мабільнік

— У нас цэлая калекцыя абярэгаў — на любы густ, — усміхаецца маркетолаг прадпрыемства Аксана Коваль. — Вось гэта сімвал багатага чалавека, а ёсць яшчэ сімвал жаночай долі, маці-берагіні, Купалля. Сёння шмат хто жыве «па фэншуі», а мы вырашылі звярнуцца да славянскіх каранёў. Дорым гэтыя налепкі нашым спажыўцам, каб яны ведалі, што мы сапраўды клапоцімся пра іх.

Наогул прадпрыемству ёсць чым ганарыцца. Нядаўна яны сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу «Лепшы айчынны прадукт года-2015». Перамогу прынёс кацёл з дыстанцыйнай сістэмай кіравання пры дапамозе мабільнага тэлефона. Падобнымі фішкамі можа пахваліцца далёка не кожны замежны брэнд. З дапамогай амаль любога мабільніка можна на адлегласці павышаць або паніжаць тэмпературу, атрымліваць інфармацыю аб праблемах.

— Мы пастаянна знаходзімся ў пошуку, — кажа дырэктар завода ацяпляльнага абсталявання «Віктары» Уладзімір Сысун. — На сёння выпускаем газавыя катлы магутнасцю ад 18 кілават да 33, як з адным цеплаабменнікам, так і з двума. Прапаноўваем таксама газавыя калонкі, якія прымяняюцца і ў прыватным сектары і пры ацяпленні кватэр. У распрацоўцы 50-кілаватны кандыцыйны кацёл. Гэта больш новая мадэль, сучасная ў сэнсе энергазберажэння, экалогіі. Яна прызначана для прамысловых збудаванняў, дзе ў ацяпленні маюць патрэбу вялікія плошчы.

Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі

Праграма імпартазамяшчэння сёлета актуальная, як ніколі. Каму гэта не ведаць, як магілёўскаму вытворцу газавага абсталявання. Бо прадпрыемства і стваралася як імпартазамяшчальнае. Сваю функцыю яно выконвае. Але барацьба за месца пад сонцам ідзе самая што ні на ёсць жорсткая.

— У нас ёсць свае прыярытэты, — аргументуе Уладзімір Сысун. — Жаданне прабіцца ўперад падахвочвае нас смялей выкарыстоўваць новыя тэхналогіі. Тая лінейка, якую мы выпускаем, адна з самых сучасных. Сэнсарная панэль кіравання, прыгожы дызайн, розныя «фішкі» накшталт абярэгаў і дыстанцыйнага кіравання. Мы таксама практыкуем камп'ютарную дыягностыку катла. Няма неабходнасці разбіраць яго, каб паглядзець, што там не так. Дастаткова далучыць блок, і ён выдасць, у чым прычына.

Па праграме імпартазамяшчэння пры газіфікацыі прыватнага сектара насельніцтву на 2 гады выдзяляюць ільготны крэдыт пад 3% гадавых. Раней пад гэтую праграму набывалі ў тым ліку і імпартныя катлы. Цяпер, калі чалавек жадае займець замежны тавар, ён пазбаўляецца льготы.

— І гэта вельмі справядліва, — лічыць дырэктар «Віктары». Чаму наша краіна павінна падтрымліваць чужую эканоміку? Трэба ствараць новыя працоўныя месцы не за мяжой, а на радзіме. Мы гэтым і займаемся. Камітэт дзяржкантролю дасканала праверыў нашу вытворчасць і зрабіў выснову, што мы не саступаем замежным брэндам.

[caption id="attachment_104947" align="alignnone" width="600"]10-16 Вось та­кія сім­ва­лы мож­на ўба­чыць на кат­лах «Вік­та­ры».[/caption]

Майстар-клас на колах

Тэрмін жыцця любога катла — 15-20 гадоў. Але ад памылак у рабоце абсталявання ніхто не застрахаваны. Магілёўскі завод ацяпляльнага абсталявання атэставаны па ўсіх відах работ, неабходных для падключэння і абслугоўвання катла. Тут арганізавалі сэрвіснае абслугоўванне па ўсёй краіне. У Магілёве і Мінску кругласутачна працуе 2 дыспетчарскія пункты. Папулярызаваць прадукцыю дапамагае спецыяльны інфамабіль, абсталяваны ўсім неабходным. Іншымі словамі, гэта наглядны прыклад, як кацёл функцыянуе ва ўмовах сярэднестатыстычнай кухні. Спецыяліст паказвае, як ім кіраваць. Народ нават можа памацаць рукамі ўбудаваную ў сістэму батарэю, праверыць, за які час яна награваецца, шуміць або не. А заадно паглядзець відэаролік.

— Калі паставіць побач імпартны кацёл і наш, людзі нярэдка выбіраюць нас, — кажа Уладзімір Сысун. — Канкурэнтам лягчэй за нашай спінай выступаць, маўляў, яны ўсё прыдумляюць, нічога ў іх катлах цікавага няма.
Таму мы знялі ролік і паказваем, можна сказаць, на пальцах. Нават дэталі з сабой возім, каб прадэманстраваць, з чаго сабрана абсталяванне. Крыўдна, калі прадукт добры, а яго нельга прадаць. Як я ўжо казаў, людзі не ведаюць сваіх беларускіх вытворцаў і «купляюцца» на маркі вядомых брэндаў. Яны пры гэтым не задумваюцца, што ў выпадку, калі тавар будзе няякасны, прыйдзецца камусьці яго рамантаваць.

На свае катлы мы даем 5 гадоў гарантыі, бо ўпэўнены ў якасці камплектуючых. Прадукцыя праходзіць жорсткі кантроль у лабараторыі, пра яе якасць сведчаць сертыфікаты адпаведнасці Рэспублікі Беларусь і Мытнага саюза. Нашы катлы надзейныя, зручныя ў эксплуатацыі, маюць прэзентабельны знешні выгляд. Ідэальна падыходзяць пад памер кухні — іх глыбіня 30 сантыметраў, шырыня — 36. Замежнікам зусім не цікава пастаўляць сюды навінкі, а мы ўлічваем усе асаблівасці нашых дамоў. У ацяпляльныя прыборы ўбудавана сістэма ад перападаў напружання. Кацёл наладжваецца нават па пратоку вады. Мы настройваем яго пад любое памяшканне, колькасць жыхароў. Бо зацікаўлены ў тым, каб кліент застаўся задаволены, а дзяржава была багатай.

Каментар у тэму

Дзмітрый Захараў, начальнік упраўлення КДК Магілёўскай вобласці:

— Менавіта пры планавай праверцы гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства было паднятае пытанне аб задзейнічанні яго на поўную магутнасць. Бо пры наяўнасці ў Беларусі двух вытворцаў ацяпляльнага абсталявання (адзін з якіх завод «Віктары») ільготныя крэдыты пры газіфікацыі жыллёвага фонду выдаваліся ў тым ліку і на набыццё замежных аналагаў, якія саступалі айчынным як па цане, так і па асобных якасных характарыстыках.

У мэтах стварэння ўмоў для стымулявання айчынных вытворцаў ацяпляльнага абсталявання, скарачэння імпарту ў рэспубліку больш дарагіх аналагаў камітэтам былі ўнесены адпаведныя прапановы па выпраўленні сітуацыі, якая склалася. У выніку прапановы былі падтрыманы ўрадам. З мая гэтага года пры газіфікацыі жылфонду аб'ектам ільготнага крэдытавання можа быць ацяпляльнае абсталяванне толькі айчыннай вытворчасці або вытворчасці арганізацый краін — членаў ЕАЭС.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Фота аўтара

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача. 

Грамадства

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых...

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.