Вы тут

Расці вялікай, Ясенія!


95% немаўлят з нізкай вагой выжываюць дзякуючы сучаснаму лячэнню і догляду.

Дзяўчынка з незвычайным імем нядаўна з'явілася на свет разам з брацікам Святаславам у клінічным радзільным доме Мінскай вобласці. На момант выхаду артыкула дзетак разам з мамай ужо выпісалі. Юлія, 27-гадовая жыхарка пасёлка Бараўляны, нават не паспела напалохацца: «Не думала, што так хутка нараджу». Роды пачаліся на 33-м тыдні. Тэрмін заўчасны, а значыць, мама з немаўлятамі павінна была правесці нейкі час у клініцы, дзе ў апошнія гады прымяняюцца сусветныя тэхналогіі для выходжвання неданошаных і малаважкіх дзетак.

10-26

— Усе заўчасныя роды Мінскай вобласці з тэрмінам цяжарнасці менш за 32 тыдні адбываюцца, галоўным чынам, тут, дзе ёсць магчымасці для аказання меддапамогі ў такіх выпадках, — кажа загадчык аддзялення рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных Сяргей КАЧАН. — Гэта можа быць жанчына з Капыля або, напрыклад, з Дзяржынска. Але на ўзроўні гарадской ці міжраённай медустановы ёй не дапамогуць, у нас жа ёсць спецыяльныя прэпараты, якія ў некаторых выпадках дазваляюць «прытрымаць» роды і даць магчымасць дзіцяці ўнутрывантробна саспець. Аднак у шэрагу выпадкаў дзеці ўсё ж нараджаюцца раней за тэрмін, прадугледжаны прыродай...

Штогод у аддзяленні пралечваюцца каля 500 дзяцей, большасць з якіх — неданошаныя, у тым ліку з вельмі нізкай вагой, менш за 1,5 кг. Для выходжвання такіх немаўлят патрабуюцца адпаведнае абсталяванне, інкубатары, а таксама спецыяльна навучаны персанал. У цэлым такія ўмовы ёсць ва ўсіх абласцях і РНПЦ «Маці і дзіця».

— Такія дзеці павінны прайсці вельмі цяжкі шлях, каб пазбегнуць інваліднасці або захворванняў, якія праявяцца ў будучыні, — дадае Сяргей Эдмундавіч. — Для правядзення дыягностыкі з мэтай прызначэння правільнага лячэння прыцягваюцца самыя розныя вузкія спецыялісты — нейрахірургі, кардыяхірургі, афтальмолагі, неўролагі, урачы ўльтрагукавой дыягностыкі...

У дзіцяці, якое нараджаецца датэрмінова, увесь арганізм абсалютна няспелы — сятчатка, слыхавы аналізатар, лёгкія, печань, кішэчнік... І неабходна крок за крокам вырашаць кожную выяўленую праблему, што і робіцца, як толькі немаўля пасля ўлоння маці трапляе ў інкубатар, у якім ствараюцца неабходныя тэмпература і вільготнасць паветра, а таксама кругласутачна кантралююцца частата сэрцабіцця, насычэнне крыві кіслародам...

Менавіта ў такім інкубатары знаходзіцца дзіця, якое нарадзілася з цяжкай прыроджанай інфекцыяй — спачатку яго падключылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, але цяпер яно здольнае дыхаць ужо без «трубачкі». Другое дзіця, вагой 990 г, пачало дыхаць самастойна ўжо на другі дзень — дзякуючы спецыяльнай тэрапіі, лекаваму рэчыву сульфактант. Час знаходжання ў аддзяленні рэанімацыі залежыць ад стану дзіцяці. Быў выпадак, калі 520-грамовае немаўля выходжвалі цягам 3,5 месяца. Наогул вага, меншая за 1,5 кг, называецца вельмі нізкай, а калі менш за 1 кг — гэта ўжо экстрэмальна нізкая.

— У некаторых перынатальных цэнтрах краіны аснашчэнне лепшае, чым у нас, — нашым інкубатарам ужо 8 гадоў, — адзначае Сяргей Качан. — Аднак магчымасці выходжвання ва многім залежаць ад персаналу. А ў нас назапашаныя вельмі вялікі вопыт і навыкі ў тых жа медыцынскіх сясцёр, якія выдатна ўяўляюць, што неабходна рабіць. У выніку 95 працэнтаў нованароджаных з нізкай вагой выжываюць дзякуючы праведзеным лячэнню і догляду.

10-25

Унікальна, што матуль не выпісваюць асобна ад дзяцей, як гэта робяць у іншых перынатальных цэнтрах, — яны застаюцца тут, толькі паверхамі вышэй, і наведваюць малое адзін раз на дзень, а таксама перадаюць для кожнага кармлення грудное малако. Адначасова мамы навучаюцца таму, што і як рабіць, бо і пасля выпіскі малое патрабуе павышанай увагі. Скажам, дзіця, якое працягла знаходзілася на штучнай вентыляцыі лёгкіх, трапляе ў групу рызыкі па развіцці бронхалёгачнай дысплазіі, што з'яўляецца вельмі сур'ёзнай праблемай. Матуля павінна адсочваць і любыя змяненні з боку нервовай сістэмы — як малое рухаецца, як спіць, словам, шмат чаму трэба навучыцца, і такая магчымасць тут даецца.

Як толькі інтэнсіўная тэрапія праведзена і немаўля стала, кажучы мовай урачоў, стабільным па жыццёвых функцыях, яго пераводзяць у аддзяленне па выходжванні. У Мінскай радзільні яно разлічана на 25 ложкаў, хоць пацыентаў звычайна больш. За год праз аддзяленне праходзяць каля 270 неданошаных (гэта каля 70 працэнтаў усіх неданошаных дзяцей па вобласці).

— У нас знаходзяцца дзеці, якія ўжо не маюць патрэбы ў штучнай вентыляцыі лёгкіх, — тлумачыць загадчыца педыятрычнага аддзялення для нованароджаных з перынатальнай паталогіяй і неданошаных Іна ВАЛЕНЦЮКЕВІЧ. — Пачынаецца другі этап выходжвання. Кормім мы нашых немаўлят грудным малаком са спецыяльнымі дабаўкамі-«ўзмацняльнікамі» — яно больш якаснае, што якраз неабходна арганізму, які з 6 да 9 месяцаў расце надзвычай інтэнсіўна, а значыць, патрабуе адпаведнай колькасці калорый і спажыўных рэчываў. Крытэрыем для выпіскі становіцца стабільны стан дзіцяці — гэта прыблізна 36-ты тыдзень. Вага не з'яўляецца тут вызначальнай — мы выпісвалі і дзіця вагой 1 970 грамаў...

Некаторыя дзеткі знаходзяцца без матуль — яны толькі прыходзяць праз кожныя тры гадзіны, іншыя малыя — ужо ў палатах сумеснага знаходжання, разлічаных на дзвюх мам з дзецьмі. Гэта вельмі зручна, бо за маленькімі пацыентамі неабходна сачыць кожную хвіліну. У неданошанага дзіцяці можа быць і спыненне дыхання, ёсць пэўныя праблемы са страваваннем і г.д.

Юлія, мама Станіслава і Ясеніі, кажа, што спіць «адным вокам», не можа адарвацца ад малютак. «Я і настроіцца не паспела, — кажа Юля. — Трапіла ў аддзяленне паталогіі, а там сказалі што ўжо адышлі воды, і зрабілі экстраннае кесарава сячэнне». Яе суседка, 28-гадовая Тэрэза, пяшчотна прыціскае да сябе сваё малое: «З першым дзіцем не было ніякіх праблем — звычайная цяжарнасць, роды ў тэрмін і выпіска праз некалькі дзён, а тут... Мяне толькі паглядзелі, сказалі «вы ўжо ў родах» і адвезлі сюды... Гэта быў 32-гі тыдзень. Нарадзілася дзяўчынка — 1 670 грамаў, цяпер ужо, праўда, 2 100. Яшчэ крыху будзем расці, нас пакуль не выпісваюць».

У другой палаце можна ўбачыць, як дзіця знаходзіцца на маніторным назіранні — спецыяльны апарат памерам з маленькі тэлевізар дапамагае адсочваць дыханне і сэрцабіццё. А побач — немаўля на ложку з вадзяным матрацам «Рамонак», які выпускае беларускае прадпрыемства. Гэты цёплы матрац, які, дзякуючы сваёй форме, атрымаў ласкавую мянушку «гняздзечка», — вельмі карысная ў выходжванні рэч.

Сярэдняя колькасць неданошаных у свеце застаецца пастаяннай. З вельмі нізкай вагой нараджаецца каля 2 працэнтаў усіх нованароджаных, з экстрэмальна нізкай — 0,5. Сёння ва ўсіх гэтых дзяцей існуе шмат шанцаў выжыць, дзякуючы развіццю медыцынскіх тэхналогій.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Фо­та Над­зеі БУ­ЖАН

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.