Вы тут

Павятовыя рэцэпты і бабуліны агуркі


Стаўбцоўскія вытворцы перайшлі на імпартазамяшчэнне.

У стаўбцоўскім філіяле адкрытага акцыянернага таварыства «Гарадзейскі цукровы камбінат» рэалізаваны імпартазамяшчальны праект па вытворчасці фруктова-ягадных напаўняльнікаў для малочнай і кандытарскай прамысловасці коштам у 65 млрд рублёў. Сёння гэта адзінае ў нашай краіне прадпрыемства, якое выпускае такую прадукцыю.

Напаўняльнікі прымяняюцца для вытворчасці зерневага тварагу, глазураваных сыркоў, тварожнай пасты, кефіру, ёгурту, марожанага і іншых прадуктаў з малака. Усе напаўняльнікі натуральныя — з клубніц, вішні, чарніц, брусніц, маліны, груш, яблыкаў, чорных і чырвоных парэчак, журавін, чарэшні. Вырабы пастаўляюцца 13 малакаперапрацоўчым прадпрыемствам Беларусі. Калі раней напаўняльнікі цалкам імпартаваліся, то ў мінулым годзе пачалася іх пастаўка за межы краіны — у Расійскую Федэрацыю.

— Гэта стала магчымым дзякуючы маштабнай рэканструкцыі завода, якая прайшла ў сціслыя тэрміны — на працягу 2013 года. У выніку ўстаноўлена сучаснае тэхналагічнае абсталяванне, пабудаваны склады для захоўвання гатовай прадукцыі і паўфабрыкатаў, мадэрнізавана сховішча для агародніны, — расказаў дырэктар філіяла Сяргей Прасмыцкі.— Новыя тэхналогіі дазволілі адмовіцца ад прадукцыі ў састарэлых трохлітровых слоіках савецкай эпохі і перайсці на выпуск сокаў і нектараў у інавацыйнай упакоўцы bаg-іn-bох аб'ёмам 5 і 10 літраў. У такой ёмістасці спажыўцам прапануюцца розныя змяшаныя кампазіцыі сокаў на натуральнай аснове: бярозава-яблычны, бярозава-апельсінавы, бярозава-трапічны, бярозавы з дабаўленнем духмяных траў. Ацанілі пакупнікі і нектары: яблычны, з яблыкаў і клубніц, яблыкаў і морквы. Паводле дагавораў, бярозавік на прадпрыемства пастаўляюць лясгасы вобласці.

Сёлета пачаўся выпуск сокаў і нектараў аб'ёмам 0,25 літра ў шкляной тары. У ёй прадукцыя найлепшым чынам захоўвае свае харчовыя ўласцівасці працяглы час.

Вырабы рэалізуюцца як у Беларусі, так і за мяжой: Расія, Казахстан, Узбекістан, Арменія. Прапрацоўваецца прамая пастаўка сокаў у Кітай.

Усяго з пачатку года на экспарт адпраўлена прадукцыі на 1 млн долараў.

Тут таксама соляць агуркі, зялёныя памідоры, квасяць капусту па старых народных рэцэптах. Паступаюць яны ў продаж у вакуумнай упакоўцы па 400 і 600 грамаў. Пад брэндамі «Павятовыя рэцэпты» і «Вегетэль» адпаведна экспартуецца кабачковая ікра і нектары з морквы. Асвоілі на прадпрыемстве выпуск таматных соусаў, пюрэ.

Сыравіну пастаўляюць гаспадаркі раёна. Садавіна паступае таксама і з уласных падворкаў: «Сінява» і «Малева», дзе вырошчваюцца яблыкі, суніцы, маліны, чорныя і чырвоныя парэчкі, дурніцы.

У будучым на заводзе плануюць перапрацоўваць дары лесу: ягады і грыбы. Што, зрэшты, адкрывае добрыя перспектывы для лясных гаспадарак Міншчыны.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?