Вы тут

Урокі англійскай


Зразумела, апавяданне Навума Гальпяровіча, у тым ліку пра ўрокі англійскай мовы, якія знітоўваюць розныя перыяды жыцця лірычнага героя, і пра падлеткавае каханне, што, верагодна, павінна зацікавіць юнага чытача. Але разам з тым яно закранае вельмі важныя пытанні нашай камунікатыўнасці, калі ўнутраныя перакананні і суб'ектыўныя ацэнкі чалавека, надзеленага правам прымаць рашэнні ў дачыненні да іншых людзей, можа не лепшым чынам адбіцца на іх лёсе і крута памяняць яго. А гэта ўжо тэма, да якой неабыякавыя чытачы самых розных узроставых катэгорый.

Алесь Бадак

12-10

Выкладчыца нашых курсаў, высокая, крыху паўнаватая, прывабная такой спелай жаночай прыгажосцю, якая бывае ў кабет у трыццаць-трыццаць пяць гадоў, з цікавасцю паглядзела на мяне, бо сярод тых, хто здаваў экзамен за поўны цыкл навучання, я быў самы старэйшы. У нашай групе былі нават школьнікі-старшакласнікі, якія рыхтаваліся паступаць у лінгвістычны ўніверсітэт, маладыя бізнесмены, дзяўчаты, якія марылі пра замежныя падарожжы...

І толькі я, лысаваты і сівы, вылучаўся сваім знешнім выглядам, і калі наша куратарша на пачатку трохгадовых заняткаў пыталася ў кожнага, якая галоўная мэта прывяла вывучаць англійскую мову, я грубавата пажартаваў, што для мяне гэта — прафілактыка старэчага маразму, чым выклікаў вясёлую рэакцыю ў аўдыторыі. І вось цяпер настаў той момант, калі трэба было паказаць, як я засвоіў прадмет за час навучання.

— Еnglіsh іs mу еаrlу drеаm (англійская мова — мая даўняя мара), — пачаў я адказ, і ў вачах настаўніцы засвяцілася цікавасць. Я коратка, як змог, расказаў, што захапіўся англійскай яшчэ ў школе, нават паступаў першы год у інстытут замежных моў, але потым жыццё павярнула мяне на іншыя шляхі, і дзіцячая мара так і не спраўдзілася.

— Што ж, лепш позна, чым ніколі, — сказала мне на развітанне выкладчыца, паставіўшы «выдатна».

Ідучы дадому з атрыманым сертыфікатам, я ўзгадваў сваё полацкае дзяцінства і юнацтва, і тую цікавасць да незнаёмых слоў і выразаў, якая прыйшла да мяне літаральна з першых урокаў яшчэ ў пятым класе.

Але па-сапраўднаму далучацца да мовы я пачаў ужо ў восьмым класе, калі да нас прыйшла новая настаўніца Нэлі Іванаўна. Яна, відаць, нядаўна скончыла інстытут, маладая, танклявая, з белакурымі валасамі, і позіркі аднакласнікаў міжволі слізгалі на яе стромкую постаць, на прыгожыя загарэлыя ногі, якія адкрывала кароткая сукенка.

І голас у яе быў прыемны — нізкаваты, з ледзь улоўнай хрыпкай. Англійская мова ў яе вуснах гучала па-чароўнаму мілагучна, амаль так вабна, як у славутых «Бітлоў» — куміраў многіх маіх сучаснікаў.

Новая настаўніца адразу вылучыла мяне сярод аднакласнікаў, бо, шчыра кажучы, акрамя, бадай, мяне ніхто ў нашым класе да замежнай мовы сур'ёзна не ставіўся, зрэшты, як і былая выкладчыца Ала Пятроўна. А я спрабаваў нават самастойна чытаць па-англійску адаптаваныя дзіцячыя кніжкі, якія можна было набыць у нашай гарадской кнігарні.

Аднойчы новая настаўніца папрасіла мяне застацца пасля ўрока.

— Ты, я бачу, у многім апярэджваеш аднакласнікаў, — загаварыла яна. — Табе падабаецца англійская мова?

— Так, — адказаў, чамусьці чырванеючы, я. — Падабаецца.

— Тады з тваёй згоды мы будзем займацца па асобнай праграме. Ты хочаш паступіць у інстытут замежных моў?

Для мяне гэтыя яе словы прагучалі як чароўная музыка. Пра рэпетытарства тады ў нашым прыгарадзе яшчэ ніхто не ведаў, і дадатковыя заняткі з любімымі вучнямі выкладчыкі арганізоўвалі абсалютна бясплатна. Вышэйшай узнагародай для іх лічылася, калі іх гадаванцы паступалі ў ВНУ. Паколькі такіх у наш час, прынамсі ў нашай школе, было не надта многа, гэта служыла важкім доказам іх прафесійнага майстэрства.

Так вось і пачаліся нашы заняткі. Нэлі Іванаўна прыносіла мне незнаёмыя тэксты, часам нават давала выконваць заданні для студэнтаў-завочнікаў, я таксама дапамагаў ёй правяраць хатнія заданні вучняў. Займаліся мы звычайна ў класе пасля ўрокаў, балазе англійская была па раскладзе апошняй гадзінай. Але ў дзявятым класе ўрок перанеслі, і заставацца ў школе стала нязручна.

— Можна займацца ў мяне дома, — сказала мне неяк Нэлі Іванаўна. — Недзе гадзін у дванаццаць, у нядзелю. — Згодны?

Як мне было не згадзіцца? Пра такое я нават і марыць не смеў. Увогуле, у прысутнасці настаўніцы часта адчуваў нейкае дзіўнае хваляванне, лавіў сябе на тым, што міжволі адводжу погляд ад яе блакітных вялікіх вачэй, прыгожай сукенкі, ноздры салодка казыча пах яе парфумы.

Нэлі Іванаўна жыла ў цэнтры горада ў невялікім двухпавярховым доме яшчэ даваеннай пабудовы. Яна, відаць, здымала пакой у трохпакаёвай кватэры сталінскага тыпу, з высокай столлю, зашклёнымі дзвярамі з масіўнымі ручкамі.

На першыя заняткі я ішоў як на свята. Апрануў найлепшую кашулю, доўга змочваў вадой непаслухмяныя кудзеры, нават пашкроб бацькавым лязом вусікі, што праступалі над верхняй губой.

Гэтыя нашы спатканні былі самымі шчаслівымі гадзінамі ў маім жыцці. Увесь тыдзень я з нецярпеннем чакаў нядзелі, уяўляючы, як я, седзячы насупраць настаўніцы, буду прамаўляць вывучаную вусную тэму, бачыць яе прыгожы ветлы твар, чуць яе хрыплаваты голас...

Прайшоў год. У выпускным класе раптам мой аднакласнік, прыгажун і спартсмен Андрэй папрасіўся займацца разам са мной. Мову ён ведаў слаба, больш налягаў на дакладныя прадметы і фізкультуру, таму яго жаданне выглядала крыху дзіўнавата. Не ведаю, ці здагадваўся ён пра мае дадатковыя заняткі з настаўніцай, але тое, што Нэлі Іванаўну ён вылучаў сярод іншых «вучылак», было відавочна.

Я, зразумела, не мог асмеліцца папрасіць настаўніцу ўзяць яшчэ аднаго вучня, таму веды, атрыманыя ад дадатковых заняткаў, пераносіў на вучобу з Андрэем. Такім чынам, англійскай мовы ў маім паўсядзённым раскладзе стала ўдвая болей.

Сябрук на дзіва хутка асвоіўся і паказваў нават несумненныя поспехі. Ва ўсякім разе, «траяк» у першай чвэрці паспяхова замяніў на «чацвёрку», а ў трэцяй Нэлі Іванаўна гучна абвясціла, што мой таварыш смела можа прэтэндаваць на «пяцёрку» за год.

— Твая заслуга? — спытала потым яна. — Што ж, можа, будзе табе кампаньён, хаця, вядома, база ў яго пакуль слабаватая для паступлення.

Мне сапраўды было прыемна, што ў сваім захапленні я стаў не адзінокі. Мы з Андрэем нават сталі размаўляць па-англійску між сабой. Прыемна было лавіць зацікаўленыя позіркі тых, хто раптам чуў, як мы «спікалі» ў самых людных месцах.

Аднойчы трапілі на апошні сеанс у кінатэатр. Яшчэ не пагасла святло ў глядзельнай зале і людзі ўсаджваліся на свае месцы. І раптам Валодзя на ўсю залу гучна вымавіў: «lооk аrоund!» (паглядзі вакол!), а потым, калі я здзіўлена лыпнуў вачамі, удакладніў «lооk bаsk!» (азірніся!).

Я азірнуўся і ўбачыў нашу Нэлі Іванаўну з нейкім маладым чалавекам. Ён нешта ёй расказваў, а яна ўсміхалася ў адказ. Падалося, што, злавіўшы мой позірк, настаўніца раптам пачырванела. Стала прыкра і сорамна — ці ад таго, што ўбачыў, ці ад Андрэевых слоў, якія гучна азваліся ў зале.

Чакаў назаўтра, што настаўніца зробіць заўвагу, але яна прамаўчала.

Англійскую на атэстат сталасці мы абодва здалі на «выдатна». Асабліва камісіі спадабаўся мой адказ. Нэлі Іванаўна цвіла ад задавальнення, тым больш што дырэктрыса школы сказала, што мною можна ганарыцца, і яна, як і ўвесь педагагічны калектыў, не сумняваецца ў маёй бліскучай будучыні.

Рэальнасць жа аказалася зусім не такой. У Мінск мы паехалі з мамай, каб я мог падрыхтавацца да экзаменаў крыху раней. У яе там быў знаёмы па сумеснай рабоце ў саўгасе, які пераехаў у сталіцу: ён з'язджаў з сям'ёй на адпачынак і дазволіў мне пажыць, пакуль дадуць, як абітурыенту, інтэрнат, у сваёй кватэры, дзе заставалася яго маці — вясковая старая, якая пераехала жыць да сына.

Памятаю, як праводзіў маму з Мінска на вакзале. Я лічыў сябе ўжо дарослым, але тут раптам сэрца сціснула і на вачах навярнуліся слёзы. Мама стаяла такая маленькая, худзенькая, такая родная і мілая, а я заставаўся адзін, без яе, у чужым незнаёмым горадзе...

Яна таксама відавочна хвалявалася і ўсё казала:

— Ты ж, сынок, глядзі, займайся, позна не хадзі, слухайся бабулю...

Мне раптам захацелася дадому, як у дзяцінстве, калі я збег з піянерскага лагера літаральна праз тыдзень у сваю родную хату, пакінуўшы ў тумбачцы ля ложка ўсе свае рэчы, па якія потым бацька спецыяльна мусіў ездзіць, каб забраць і павініцца за такога «хатняга сыночка».

Але доўга пажыць мне ў маміных знаёмых не выпала, бо праз два дні ў Мінск прыехаў Андрэй. Жыць яму таксама не было дзе, і я прывёў яго на сваю часовую кватэру.

Старая выклікала мяне на кухню і, строга падціснуўшы вусны, сказала:

— Каго гэта ты прывёў? Арыштанта нейкага.

Андрэй сапраўды быў пастрыжаны «пад качан».

— Гэта мой сябар, аднакласнік, разам будзем паступаць у інстытут.

— Ніякіх такіх сяброў! Бач, да чаго дадумаўся! Дамаўляліся толькі пра цябе, — адрэзала старая.

Пакінуць аднаго сябра я не мог, і, сабраўшы чамадан, разам з ім выправіўся на вакзал, дзе мы пераначавалі і пайшлі шукаць сабе нейкае жытло.

Цэлы тыдзень да экзаменаў мы жылі ў бараку на ўскраіне горада, дзе разам з намі ў адным пакойчыку месціліся сама гаспадыня, яшчэ адзін хлопец-абітурыент і пляменніца гаспадыні, жанчына гадоў трыццаці, якая прыехала з вёскі шукаць у Мінску работу.

Але наступіла пара ўступных экзаменаў, нас пасялілі ў «ін'язаўскі» інтэрнат, і мы аджылі і павесялелі.

Тым больш што па сачыненні, якое было першым іспытам, я атрымаў «пяцёрку», а мой сябрук — «чацвёрку».

— Ну што, — казаў Андрэй, — цяпер ужо будзе лягчэй. Англійскую ўжо ты не баішся!

Я сапраўды прадчуваў добры вынік, бо па папярэдніх размовах з хлопцамі, што жылі разам з намі ў пакоі, адчуваў, што мову ведаю лепш, чым яны.

Мы з Андрэем апынуліся чамусьці ў розных групах, хоць прозвішчы нашы былі з ім на адну літару.

Такім чынам, я здаваў на дзень раней.

Бяды не прадказвала нічога. Білет аказаўся даволі лёгкі, вусную тэму я добра ведаў, з граматыкай справіўся хутка.

Але экзаменатары, а гэта былі суровага выгляду мужчына і паўнаватая кабета з вялікім шыньёнам на галаве, на дзіва не спяшаліся мяне адпускаць.

— Вось тут у вас была не вельмі выразная артыкуляцыя, — украдліва прабуркавала кабета, — каб паставіць «выдатна», давядзецца яшчэ задаць пару дадатковых пытанняў. Вы не супраць?

— Я гатовы, — паспешліва адказаў я.

Пытанняў аказалася далёка не пара. Я, узмакрэлы ад хвалявання, ледзь паспяваў адказваць, калі ў аўдыторыю зайшоў высокі, дагледжаны мужчына — як аказалася, сам рэктар.

Паслухаўшы крыху, ён холадна паглядзеў на мяне і раптам сказаў:

— Што вы катуеце чалавека? Думаю, свае тры балы ён цалкам заслужыў.

І пакуль выкладчыкі распісваліся ў экзаменацыйным лісце, паблажліва прамовіў:

— Ды і як у тым Полацку можна было падрыхтавацца? Там жа, відаць, нават курсаў няма. Пажывіце ў Мінску, пахадзіце на платныя курсы, і праз год прыходзьце.

Гэта быў прысуд. Андрэй, калі я яму ўсё расказаў, не мог паверыць.

— Калі ўжо ты «траяк» падчапіў, то што ўжо пра мяне казаць! Не пайду нават здаваць.

Але я яго ўгаварыў паспрабаваць.

— Ты ведаеш, — у захапленні расказваў потым мне сябрук, — я нават не ўсё ведаў, дык яны мне падказвалі, і вось — і ён паказаў мне ліст, дзе насупраць графы «англійская мова» акуратна было выпісана — «добра».

Дамоў мы вярталіся разам. Я, як той казаў «з гарбузом», ён — будучым студэнтам.

Праўда, правучыўся ён нядоўга. Спачатку нахапаў «хвастоў» за летнюю сесію, затым была нейкая бойка ў інтэрнаце, у якой ён прымаў удзел, і яго адлічылі.

А затым Андрэй увогуле з'ехаў некуды на Поўнач, і нашы жыццёвыя шляхі разышліся.

А я больш лёс не выпрабоўваў і мару стаць перакладчыкам закінуў назаўсёды. Хаця, шчыра кажучы, перадынстытуцкага запасу ведаў мне хапіла напоўніцу, каб лёгка атрымліваць найвышэйшыя ацэнкі па англійскай мове і ў інстытуце, куды я праз год паступіў, і ў аспірантуры.

І цяпер, праз шмат гадоў, пасля жаданага атрымання сертыфіката перакладчыка, я ўсё ж адчуваю, што лепш мову, чым тады, калі сямнаццацігадовым юнаком браў урокі ў незабыўнай Нэлі Іванаўны, я не ведаю, і таго высокага захаплення і радасці ад спазнання незнаёмай мне мовы не адчуваю.

Гэта як сустрэча з пастарэлым і даўно прайшоўшым першым каханнем.

А шкада.

Навум Гальпяровіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».