Вы тут

Зала № 7. Партызанскі рух і антыфашысцкая падпольная барацьба ў Беларусі. Удзел савецкіх грамадзян у еўрапейскім Супраціўленні


Народнае супраціўленне акупантам у гады Вялікай Айчыннай вайны — беспрэцэдэнтная з'ява не толькі ў гісторыі Беларусі, а ўвогуле ў сусветнай гістарыяграфіі. У партызанскіх атрадах з нямецка-фашысцкімі захопнікамі змагаліся 374 тысячы чалавек. Каля 70 тысяч патрыётаў, аб'яднаных у падпольныя групы і арганізацыі, ажыццяўлялі дыверсіі на прадпрыемствах і чыгунцы, ратавалі савецкіх ваеннапалонных і вязняў канцэнтрацыйных лагераў, вялі разведку для партызанскага камандавання і Чырвонай Арміі. Актыўнымі ўдзельнікамі еўрапейскага руху Супраціўлення сталі 40 тысяч савецкіх грамадзян. Усе, ад малога да вялікага, паўсталі на абарону сваёй зямлі — вялася ўсенародная барацьба супраць ворага.
[caption id="attachment_105350" align="alignnone" width="600"]12-4 На фо­та­здым­ках — пер­шыя мін­скія пад­поль­шчы­кі, у тым лі­ку тыя, хто да­па­ма­гаў пад­поль­най «Звяз­дзе» вы­хо­дзіць у свет.[/caption]

Калі ўваходзіш у залу, быццам трапляеш на вуліцу разбуранага горада. Гэта Мінск, акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Аб новых гаспадарах сведчыць манекен салдата вермахта, які з аўтаматам у руках стаіць каля шлагбаума — «кантралюе» ўваход у горад. Нямецкі матацыкл 1938 года выпуску, які стаіць побач, з Іванаўскай вобласці ў музей перадаў франтавік Мікалай Сцяпанаў. Баявы трафей у разабраным выглядзе прывёз з Аўстрыі, дзе сустрэў Перамогу. Да нядаўняга часу выкарыстоўваў яго ў хатняй гаспадарцы.

«Звязда» — пад носам у гітлераўцаў

Трапіць у сталіцу Беларусі, як і ў многія акупаваныя гарады, можна было толькі па спецыяльных пропусках. «Halt! Ausweіs» («Стой! Пропуск». — Аўт.) — папярэджвае шыльда. А побач — нумарны знак. Праўда, ужо са знаёмымі літарамі: Чарнышэўскага, 11. У гэтым доме падчас акупацыі Мінска з сям'ёй жыў Уладзімір Амельянюк, галоўны рэдактар першага падпольнага нумара газеты «Звязда», Герой Савецкага Саюза.

Падпольныя групы пачалі стварацца ўжо ў першыя дні вайны. Толькі ў Мінску ў гады акупацыі амаль 200 кватэр з'яўляліся канспіратыўнымі. Рызыкуючы жыццём, іх трымалі смелыя, самаадданыя людзі, у асноўным жанчыны. Адна з іх — Таццяна Якавенка, у доме якой летам 1942 года былі надрукаваны 2-гі і 3-ці падпольныя нумары «Звязды». Сёння пра гэта нагадвае помнік, які стаіць на месцы падпольнай друкарні. Часта па Выдавецкай праходзілі паліцаі і гітлераўцы (праз дарогу знаходзілася гестапа), але яны нават не здагадваліся, што ў іх пад носам — у суседнім доме — стваралася газета, друкарню якой яны так старанна шукалі!

Звяздоўскія рарытэты змешчаны ў імправізаванай канспіратыўнай кватэры, дзе, па сутнасці, магло друкавацца любое падпольнае выданне. Кожная рэч, прадстаўленая ў экспазіцыі, належала савецкім падпольшчыкам: самавар, насценны гадзіннік, вогнетушыцель служылі тайнікамі; пад гукі патэфона падпольшчыкі праводзілі нарады; радыёпрыёмнік старанна хавалі ў тумбачцы, а па начах слухалі зводкі Саўінфармбюро. Стол, крэсла і табурэт у 1967 годзе ў музей прынесла сама Таццяна Якавенка. Валік, які паліграфісты выкарыстоўвалі для адбітка газеты, фіранкі і газоўку таксама перадала гаспадыня канспіратыўнай кватэры. Валік ляжыць на стале, прыціскаючы ражок, відаць, толькі што аддрукаванай «Звязды» — і да гэтага часу на стале захаваліся сляды ад друкарскай фарбы.

12-2

Лёс журналістаў-падпольшчыкаў

«Звязда», як орган падпольнага гарадскога камітэта КП(б)Б, паведамляла аб падзеях на фронце і ў савецкім тыле, расказвала пра баявыя дзеянні партызанаў і падпольшчыкаў. Газету перадавалі з рук у рукі, чыталі ў многіх акупаваных куточках Беларусі. Арыгінальныя нумары «Звязды» за 1942 год з'явіліся ў музеі толькі ў 1950-х гадах. Захоўваюцца ў фондах і нумары газеты за 1941, 1943—1946 гады. У розны час сюды іх прынеслі неабыякавыя людзі.

Амаль усіх тых, хто дапамагаў падпольнай «Звяздзе» выходзіць у свет, напаткаў трагічны лёс. Помнік журналістам-падпольшчыкам узведзены на плошчы Незалежнасці, каля Чырвонага касцёла, — у тым самым месцы, дзе 26 мая 1942 года загінуў Уладзімір Амельянюк. У той дзень ён якраз ішоў у аптэку, каб купіць для партызанаў лекі. Толькі выйшаў з яе — і стрэл...

Фотаздымак Уладзіміра Сцяпанавіча змешчаны на стэндзе, стылізаваным пад цагляную сцяну. На нас пазірае малады, прыгожы юнак: яму толькі споўнілася 25 гадоў... Але, забіўшы рэдактара, гітлераўцы не знішчылі «Звязду». Побач — фотапартрэты тых, хто прымаў актыўны ўдзел у выпуску газеты. Пасля арышту многіх з іх газета спыніла свой выхад у акупаваным Мінску. Праўда, праз некаторы час зноў выйшла ў свет — у партызанскай зоне, сярод любанскіх балот.

[caption id="attachment_105349" align="alignnone" width="600"]12-3 Пры­клад­на так вы­гля­да­ла кан­спі­ра­тыў­ная ква­тэ­ра Тац­ця­ны Яка­вен­кі, у до­ме якой ле­там 1942 го­да бы­лі на­дру­ка­ва­ны 2-гі і 3-ці пад­поль­ныя ну­ма­ры «Звяз­ды».[/caption]

Адважны Кедышка і гаспадар аўсвайсаў

Шмат моладзі змагалася з ворагам у падполлі. Васямнаццацігадовым юнаком Мікалай Кедышка восенню 1941 года арганізаваў і ўзначаліў падпольную групу «Андруша». Падпольшчыкі распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро і антыфашысцкія лістоўкі, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных. Калі ў іх з'явілася зброя, юнакі здзяйснялі дыверсіі на прадпрыемствах, нападалі на нямецкіх салдат і афіцэраў, паліцаяў. 7 лістапада 1943 года Кедышка трапіў у засаду, якую на явачнай кватэры, што на Магілёўскай шашы, арганізавала гестапа. Абараняючыся, будучы Герой Савецкага Саюза атрымаў раненне, пасля чаго застрэліўся апошнім патронам. Прастрэлены кулямі дыван, які вісеў на сцяне той кватэры, можна ўбачыць у экспазіцыі.

Гаспадаром аўсвайсаў падпольшчыкі называлі Захара Гало. Перад вайной юнак скончыў мінскую школу. Паколькі добра валодаў нямецкай мовай, па заданні падпольнага гаркама ўладкаваўся ў бюро пропускаў гарадскога камісарыята. Захар забяспечваў падпольшчыкаў бланкамі пашпартоў і пасведчанняў, узорамі пячатак і подпісаў, перадаваў пропускі, якія захоўваў у слоіку. Гітлераўцы так і не вылічылі б падпольшчыка, каб не адна выпадковасць: да вайны юнак не паспеў уступіць у камсамольскую арганізацыю, таму напісаў заяву ўжо падчас акупацыі. Але яе ў партызанскі атрад сувязная не данесла... 25 кастрычніка 1943 года Захар Гало быў арыштаваны. Як расказвалі людзі, якія сядзелі з ім у турме, ад катаванняў з юнака падпольшчык ператварыўся ў старога. Не стала патрыёта ў лютым 1944 года. Пасмяротна ён быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені.

Гадзіннік спыніўся апоўначы...

За 1100 дзён акупацыі мінскія падпольшчыкі здзейснілі больш чым паўтары тысячы дыверсій. Адна з самых вядомых — аперацыя па знішчэнні генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. Пра гэта напісана не ў адной кнізе і публікацыі, рэальныя падзеі ў акупаваным Мінску ляглі і ў аснову сюжэта кінастужкі «Гадзіннік спыніўся апоўначы».

Нагадаем. Атрымаўшы магнітную міну ў партызанскім атрадзе, кіраўніца падпольнай групы Марыя Осіпава даставіла яе ў Мінск, затым перадала Алене Мазанік, якая працавала пакаёўкай у доме Кубэ. Паклаўшы міну ў сумачку пад хустачку, жанчына пранесла яе ў дом і схавала ў спальным пакоі генеральнага камісара. У ноч на 22 верасня 1943 года раздаўся выбух... Кубэ загінуў. Галоўныя гераіні знакамітай аперацыі — Марыя Осіпава, Алена Мазанік і Надзея Траян — былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Тую самую сумачку, а таксама свой гадзіннік Алена Мазанік перадала ў музей.

[caption id="attachment_105351" align="alignnone" width="600"]12-8 У ляс­ной дру­кар­ні.[/caption]

Подзвіг заслонаўцаў

Падпольны рух актыўна развіваўся і ў іншых гарадах Беларусі. Сваімі дыверсіямі праславіліся аршанскія падпольшчыкі на чале з Канстанцінам Заслонавым. У пачатку вайны ён эвакуяваўся ў Маскву, працаваў у дэпо імя Ільіча. Але ў кастрычніку 1941 года па асабістай просьбе быў накіраваны ў тыл ворага. Пад кіраўніцтвам дзядзькі Косці, як яго называлі падпольшчыкі, група чыгуначнікаў вырабляла вугальныя міны, макет якой прадстаўлены ў экспазіцыі. З іх дапамогай за тры месяцы — з лістапада 1941 па люты 1942 года — заслонаўцы пусцілі пад адхон 6 варожых эшалонаў, вывелі са строю 170 паравозаў. Пакінуўшы Оршу, Заслонаў арганізаваў партызанскі атрад, які вырас у партызанскую брыгаду. 14 лістапада 1942 года адважны камандзір загінуў у баі. Найвышэйшую ўзнагароду яму прысвоілі ўжо пасмяротна.

Ля вытокаў партызанскага руху

А вось рэчы тых, хто стаяў ля вытокаў партызанскага руху. Гімнасцёрка Ціхана Бумажкова, шашка і аўтамат Фёдара Паўлоўскага — у Палескай вобласці патрыёты стварылі атрад «Чырвоны Кастрычнік». Ужо ў жніўні 1941 года за арганізацыю партызанскага руху ім было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза — яны сталі першымі партызанамі, якіх удастоілі найвышэйшай узнагароды.

Запаветную зорку Героя атрымаў і Васіль Корж, пад камандаваннем якога быў праведзены першы партызанскі бой у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Бельгійскі пісталет «Браўнінг», палявую сумку, бінокль і кавалерыйскі бізун, якія належалі легендарнаму камандзіру, падарыла музею яго дачка. Тут жа — і ўзнагародны комплекс Васіля Захаравіча. Прадстаўлены ў экспазіцыі і ўзнагароды камандзіра Мінскага партызанскага злучэння Васіля Казлова, яго скураное паліто, брытва і партсігар, падораныя вядомаму дзяржаўнаму дзеячу ў 1942 — 1943 гадах.

У партызанах былі і чырвонаармейцы, якім пашчасціла ўцячы з нямецкага палону. Адзін з іх — Герой Савецкага Саюза Барыс Булат. У пачатку вайны асколкам снарада яму раздрабіла кісць рукі. З-за пагрозы заражэння правую руку ампутавалі ў шпіталі, які неўзабаве быў захоплены гітлераўцамі. Паранены і кантужаны, Булат трапіў у лагер для ваеннапалонных, з якога яму ўдалося ўцячы. Ужо ў маі 1942 года ён стварыў партызанскі атрад, які перарос у партызанскую брыгаду «Уперад», што дзейнічала ў Баранавіцкай вобласці. У няпростых лясных умовах партызанскія майстры зрабілі свайму камандзіру пратэз, які ў 1946 годзе Барыс Булат перадаў у музей. Пісталет «Вальтэр», люльку і гадзіннік пасля яго смерці прынесла жонка. Дарэчы, доўгі час — з 1951 па 1973 год — Барыс Адамавіч узначальваў кандытарскую фабрыку «Камунарка».

Падарункі, трафеі і савецкая сімволіка

Для цэнтралізаванага аператыўнага кіраўніцтва і каардынацыі дзеянняў партызанаў 30 мая 1942 года быў створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху, які ўзначаліў Панцеляймон Панамарэнка. У музеі знаходзяцца яго папруга, кабура, партупея, а таксама аўтамат пад мільённым нумарам, які сакратару КП(б)Б падарылі рабочыя Маскоўскага аўтамабільнага завода імя Сталіна.

Цікавы экспанат — трафейны акардэон HOHNER. Захоплены партызанамі атрада Дзіка 1-й Беларускай брыгады, ён быў перададзены ў Беларускі ансамбль песні і танца. У сваім суправаджальным лісце народныя мсціўцы пісалі: «Іграйце на ім, і няхай гукі будуць пахавальным маршам для Гітлера».

Музей багаты на ўнікальную калекцыю рукапісных часопісаў. Тыя, якія не ўвайшлі ў асноўную экспазіцыю, можна не толькі ўбачыць, а нават пагартаць. Праўда, у віртуальным выглядзе — з дапамогай інфатэрмінала. Рукапісны часопіс перыяду вайны — альманах партызанскага жыцця. Часопісы выпускаліся ў многіх партызанскіх атрадах і брыгадах. У іх былі адлюстраваны практычна ўсе аспекты баявой і палітычнай дзейнасці партызанаў, іх жыццё і побыт у лесе ва ўмовах варожага акружэння.

У красавіку 1942 года партызанскія атрады пачалі аб'ядноўвацца ў брыгады. У экспазіцыі можна ўбачыць самаробны сцяг 1-й Беларускай брыгады, якой кіраваў славуты Мінай Шмыроў, больш вядомы як бацька Мінай. З лютага па верасень 1942 года яго брыгада ахоўвала «Віцебскія вароты» — 40-кіламетровы разрыў у лініі фронту, праз які партызаны трымалі сувязь з Вялікай зямлёй.

[caption id="attachment_105352" align="alignnone" width="600"]12-9 Са­ма­роб­ная пар­ты­зан­ская гар­ма­та.[/caption]

У партызанскім лагеры

Па «лясной сцяжынцы», якую атачаюць шматвекавыя дрэвы, мы выходзім на паляну. Перад намі — імправізаваны партызанскі лагер. У кожнай з зямлянак кіпіць праца. Падышоўшы да адной, трапляеш у друкарню. За партатыўным станком стаіць мужчына. Побач — наборная ка́са, ка́са-кашуля. Паперу партызанам скідвалі ў спецыяльных авіяцыйных мяхах. Калі быў дэфіцыт, друкавалі на бяросце. Сваю друкаваную прадукцыю выпускаў кожны падпольны абкам. Увогуле за гады акупацыі ў партызанскай зоне выдавалася каля 170 газет!

Не толькі сем'ямі, а і цэлымі вёскамі ішлі ў лясы да партызанаў сяляне. Зямлянкі сталі іх другім, а камусьці адзіным домам. Печка, у якой яны пяклі хлеб, жорны, ступа, маслабойка — гэтыя і іншыя прадметы дазваляюць уявіць, якой была партызанская кухня.

Унікальная калекцыя самаробнай партызанскай зброі, якая захоўваецца ў музеі, сведчыць аб тым, колькі ж сярод народных мсціўцаў было вынаходнікаў! Заглянуўшы ў імправізаваную зброевую майстэрню, можна ўбачыць самаробную партызанскую гармату. Яе ствол быў зняты з падбітага савецкага танка і ўсталяваны на колы ад сеялкі. Такая гармата, якая стаяла на ўзбраенні партызанскага атрада «Іскра» брыгады «Разгром» Мінскай вобласці, удзельнічала ў шматлікіх аперацыях. А 16 ліпеня 1944 года народныя мсціўцы ўзялі яе з сабой на парад партызанаў, які праходзіў ужо ў вызваленым Мінску.

У штабной зямлянцы камандзір распрацоўвае план баявой аперацыі, радыст запісвае зводкі Саўінфармбюро, а вучань лясной школы побач вучыць урокі. На сцяне вісіць сцяг Мінскага партызанскага злучэння, зроблены з дзіцячай коўдры. Самыя простыя рэчы — ніткі, палатно, фарбы — у гады вайны былі ў дэфіцыце. Самаробныя партызанскія сцягі — адна з самых каштоўных калекцый музея.

Партызанскія зямлянкі былі і міні-шпіталямі. Тут медыкі не толькі апрацоўвалі раны і рабілі перавязкі, а і праводзілі аперацыі. Нярэдка яны карысталіся тым, што было пад рукой. Напрыклад, нажоўкай, якой ампутаваў канечнасці ўрач партызанскай брыгады «Разгром».

Адважны лётчык

На тэрыторыі акупаванай Беларусі дзейнічала 8 аэрадромаў і 9 пляцовак для высадкі грузаў. У якасці адной з іх выкарыстоўвалася возера Вячэлле. Менавіта адтуль падчас аперацыі «Зорачка» Аляксандр Мамкін перавёз у савецкі тыл выхаванцаў Полацкага дзіцячага дома №1, якія павінны былі стаць донарамі для нямецкіх салдат. У ноч з 10 на 11 красавіка 1944 года лётчык дзявяты раз прыляцеў за імі. Пасадзіўшы дзесяць дзяцей і іх выхавальніцу, ён узляцеў, але быў атакаваны нямецкім знішчальнікам.

Лінію фронту авіятар перасёк ужо на палаючым самалёце. Па інструкцыі ён павінен быў выскачыць з парашутам, але не зрабіў гэтага. Гарэлі адзенне і шлемафон, плавіліся лётныя акуляры, ногі Аляксандра абвугліліся да касцей, але ён здолеў пасадзіць самалёт. Выйшаў з кабіны і страціў прытомнасць. Праз некалькі дзён героя не стала... Многія з тых дзяцей, якіх ён выратаваў, узялі яго прозвішча. Аб подзвігу Аляксандра Мамкіна нагадваюць кадры з кінахронікі, на якой лётчык саджае дзяцей у кабіну самалёта.

Партызанскія забавы і лясныя школы

У такія рэдкія паміж дыверсіямі гадзіны партызаны часу не марнавалі. Ігралі на музычных інструментах, спявалі, малявалі. Работы партызанскіх мастакоў — Мікалая Абрыньбы і Мікалая Гуціева — можна паглядзець і цяпер. Дарэчы, першую сваю выставу творцы арганізавалі ў партызанскім атрадзе.

На фотаздымку — навучэнцы лясной школы. Нягледзячы на познюю восень, дзеці працягваюць вучыцца пад адкрытым небам. Сядзяць на зямлі, на ёй жа і пішуць. Калі з'яўлялася магчымасць здабыць паперу, хлопцы і дзяўчаты самі рабілі чарніла з чарніц і журавін або настойвалі жалуды, дабаўляючы ў іх іржавы цвік. Гільзы ад патронаў служылі лічыльнымі палачкамі, а званок, які збіраў навучэнцаў на ўрокі, быў зроблены з гільзы ад снарада. Падлеткі былі актыўнымі ўдзельнікамі партызанскага руху. Усе дзеці Барыса Цельпука — 4 сыны і 5 дачок — ваявалі ў партызанскім злучэнні Каржа. Іх паляўнічая стрэльба знаходзіцца побач з папругай і кабурой Героя Савецкага Саюза Марата Казея, кажушком дзесяцігадовага партызана Ігара Слімборскага.

Са старшакласнікаў і настаўнікаў адной з расонскіх школ стварыў падпольную групу і Пётр Машэраў, які ў гады вайны ўзначаліў партызанскі атрад імя Шчорса, быў камісарам брыгады імя Ракасоўскага, сакратаром падпольнага камсамольскага абкама ў Вілейскай вобласці. Асабістыя рэчы, узнагароды і дакументы Героя Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы змешчаны ў асобнай вітрыне.

Кароль засад і самая маштабная дыверсія за гады вайны

У экспазіцыі, дзе расказваецца пра баявую дзейнасць партызанаў у 1943—1944 гадах, можна ўбачыць кабель, які злучаў групу армій «Цэнтр» з Берлінам. Толькі ў кастрычніку—снежні 1943 года сувязь была парушана 779 разоў! Нямецкія ўзнагародныя крыжы былі захоплены партызанамі атрада «Буравеснік». Каралём засад, як называлі народныя мсціўцы Міхаіла Мармулёва, падчас аблавы на шашы Шацк — Валяр'яны былі забіты 36 гітлераўцаў, дзесяць з іх — высокія чыны адміністрацыі.

Малюнак мастака Немагая «Узрыў эшалона на станцыі Асіповічы» нагадвае пра хрэстаматыйны подзвіг падпольшчыка і партызана Фёдара Крыловіча, які замініраваў варожы эшалон, што ішоў у бок Курска. Падчас выбуху і пажару, які імгненна ўзнік, былі знішчаны адразу чатыры ваенныя эшалоны з боепрыпасамі і тэхнікай. Дарэчы, згарэлі новенькія «Тыгры». Гэта была самая маштабная дыверсія за ўсю Вялікую Айчынную вайну.

Шматнацыянальны характар партызанскага руху

Карціна мастака Міхаіла Савіцкага «Пераход славакаў да партызанаў» адлюстроўвае інтэрнацыянальны характар партызанскага руху. Побач — бюст Героя Савецкага Саюза Яна Налепкі, чэхаславацкага афіцэра, які разам з салдатамі перайшоў да партызанаў. Усяго на баку народных мсціўцаў на тэрыторыі Беларусі ваявала каля 4 тысяч замежных антыфашыстаў.

Многія беларусы, якія з розных прычын апынуліся на чужой тэрыторыі, удзельнічалі ў еўрапейскім руху Супраціўлення. Сярод іх — Людміла Кашачкіна, якая аказвала медыцынскую дапамогу ў партызанскім атрадзе імя Сталіна ў Францыі. Яе манікюрны набор, запальнічка, пёравая ручка і хустачка захоўваюцца ў музеі. Барацьба супраць акупантаў набыла шырокі размах і ў Югаславіі, Польшчы, Чэхаславакіі, Італіі.

* * *

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў тыле ворага актыўную барацьбу з гітлераўцамі вялі 997 партызанскіх атрадаў, аб'яднаных у 213 брыгад і 258 самастойных атрадаў. За тры гады акупацыі беларускія партызаны пусцілі пад адхон 11128 эшалонаў, 34 бронепоезды, падарвалі і знішчылі 18700 аўтамашын, спалілі і разграмілі 5529 мастоў, падарвалі звыш 300 тысяч рэек, разбурылі больш чым 7300 кіламетраў ліній сувязі, знішчылі 305 самалётаў, 1355 танкаў і бронемашын, 438 арудзій, 939 складоў, разграмілі 948 штабоў і гарнізонаў. Народныя мсціўцы вельмі дапамаглі Чырвонай Арміі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі — гэта быў фронт у тыле ворага.

Больш чым 140 тысяч партызанаў і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, 88 патрыётаў сталі Героямі Савецкага Саюза. За мужнасць і гераізм, праяўленыя мінчанамі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і вялікую ролю ў арганізацыі партызанскага руху ў Беларусі 26 чэрвеня 1974 года Мінску было прысвоена ганаровае званне «Горад-герой». Такім чынам, Мінск стаў адзіным у гісторыі горадам, які носіць высокае званне за партызанскі і падпольны рух. Няма больш і такой краіны, якую называлі б партызанкай.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Ірына ЗАХАРО, навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі партызанскага руху Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА

Зала № 6. «Нацысцкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі»

Зала № 5. «Карэнны пералом у ходзе вайны. Савецкі тыл»

Зала № 4. «Пачатак Вялікай Айчыннай вайны»

Зала № 3. «Дарога вайны»

Зала № 2. «Свет напярэдадні і ў першыя гады Другой сусветнай вайны»

Зала № 1.  «Мір і вайна»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.