Вы тут

Абгрунтаваныя чаканні


Другі Расійска-Беларуска-Аўстрыйскі форум, які праходзіць у Мінску ў гэтыя дні, з'яўляецца важным фарматам міжнародных зносін ва ўмовах з'яўлення ў Еўропе розных інтэграцыйных фарматаў, перш за ўсё еўрапейскага і еўразійскага. Вядома, камусьці можа падасца незвычайным падбор удзельнікаў — партнёрамі па форуме велізарнай Расіі выступаюць Беларусь, якая ўваходзіць у Еўразійскі эканамічны саюз, і Аўстрыя (Еўрапейскі саюз), але менавіта ў гэтым і сэнс мерапрыемства — знайсці падставы для супрацоўніцтва, а не процістаяння ЕС і ЕАЭС.

Асабліва гэта важна ў цяперашняй сітуацыі, калі ў Еўропе фактычна складваецца абстаноўка часоў «халоднай вайны» паміж Расіяй і ЕС, а ўзаемныя санкцыі замяняюць сабой нармальныя формы дыялогу. Роля Беларусі ў развіцці кааперацыі еўразійскага і еўрапейскага інтэграцыйных праектаў удала сфармуляваў прэзідэнт Палаты эканомікі Аўстрыі Крыстаф Ляйтл, удзельнік форуму. На яго думку, «роля Беларусі — роля сувязнога звяна, свайго роду моста паміж ЕС і ЕАЭС, паміж гэтымі буйнымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі, каб ствараць стабільныя ўмовы функцыянавання эканомік, каб ЕС і ЕАЭС сапраўды станавіліся бліжэй».

Нагадаем, што першы трохбаковы эканамічны форум Беларусі, Расіі і Аўстрыі прайшоў 14 лістапада 2014 года ў Вене. Асноўнымі яго ўдзельнікамі былі прадстаўнікі буйнога бізнесу з усіх трох краін, а ўсяго ў яго рабоце прыняло ўдзел 170 прадпрыемстваў і арганізацый. Парадак дня ўключаў пытанні развіцця гандлёвага, вытворчага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва краін-удзельніц.

Падчас цяперашняга форуму спектр пытанняў стаў больш спецыялізаваным, ахапіўшы найбольш важныя сферы. Асаблівая ўвага надаецца энергетыцы, інфраструктуры і лагістыцы, сельскай гаспадарцы і вытворчасці прадуктаў харчавання. Немалаважныя для ўдзельнікаў форуму і перспектывы ўзаемадзеяння бізнес-асацыяцый трох краін-удзельніц.

Вядома, ёсць цікавасць і да іншых патэнцыйных сфер супрацоўніцтва. У аўстрыйскіх прадпрыемстваў ёсць вялікі аўтарытэт і ў такіх галінах бізнесу, як ахова здароўя, электроніка і машынабудаванне, што цікава для Беларусі і Расіі з прычыны мадэрнізацыі эканомікі.

Важна памятаць і пра тое, што Аўстрыя, нягледзячы на адносна невялікую колькасць насельніцтва, супастаўную з беларускім, з'яўляецца буйным фінансавым цэнтрам Еўропы. Гэта звязана з імперскімі часамі, калі ў Вену, былую сталіцу спачатку Аўстрыйскай, а потым Аўстра-Венгерскай імперыі, сцякаліся велізарныя фінансавыя патокі з правінцыі. Пасля краху Аўстра-Венгерскай імперыі банкі з назапашанымі раней актывамі працягнулі паспяхова развівацца, адыгрываючы ўсё больш важную ролю ў фінансавай сістэме Еўропы.

Тое, што ў наступным годзе пройдзе і трэці форум, хутчэй за ўсё ў Расіі, не выклікае пытанняў. Гэтаму спрыяе як пазітыўная атмасфера правядзення мерапрыемства, якая абяцае рэалізацыю сур'ёзных праектаў з высокай нормай прыбытку яго ўдзельнікам, так і падбор арганізатараў. Мерапрыемствы арганізаваны Федэральнай Палатай эканомікі Аўстрыі, Беларускай і Расійскай гандлёва-прамысловымі палатамі, а гэта найважнейшыя праваднікі інтарэсаў нацыянальнага бізнесу ў сваіх краінах. Прыемна адзначыць і сур'ёзную падтрымку ў арганізацыі форуму з боку знешнепалітычных міністэрстваў усіх трох краін.

Ёсць падставы для значных пазітыўных перамен нашых адносін з ЕС. Еўрасаюз занадта доўга незаслужана сурова ставіўся да нашай краіны. А ва ўмовах, калі Беларусь набыла важнае геапалітычнае значэнне не толькі як мост паміж ЕС і ЕАЭС, але і як вельмі значная ва ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу дзяржава, дрэнныя адносіны з Беларуссю цалкам супярэчаць нацыянальнай бяспецы краін ЕС. Ва ўмовах новых адносін, прызначаных нівеліраваць ранейшыя праблемы, узнікае шмат магчымасцяў для кааперацыі. Прыемна, што аднымі з першых імі спяшаюцца скарыстацца менавіта аўстрыйскія і расійскія бізнесмены, з якімі ў беларускіх прадпрыемстваў існуе доўгая гісторыя супрацоўніцтва.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.