Вы тут

Як я карову «прапіла»


...Света па жыцці была аптымісткай, трохі авантурысткай і цудоўнай арганізатаркай. Не скажу, што мы з ёй блізка сябравалі (яна за мяне маладзейшая), але ж адносіны былі добрыя. Я часта забягала да яе не толькі як да галоўнай бухгалтаркі з нейкімі вытворчымі пытаннямі. Часцяком заходзіла проста так — пагаманіць, душу, як кажуць, адвесці.

Дык вось адчыняю аднойчы дзверы, а яна мне адразу:

— Іванаўна, ты ці заўважыла — даўно ў нас ніякіх свят не было!.. Дык чаму б твой юбілей не адзначыць?.. Мы з дзяўчатамі ўсё прадумалі... Зараз — твая чарга.

Ну вось... А я ж чакала, што ўсе забудуцца, што неяк пранясе. Бо зарплаты ў калгасе тады малыя былі (ды і тыя выплачвалі месяцы праз два). Адпаведна — грошай ва ўсіх як кот наплакаў... А ў мяне да таго ж і дочкі студэнткі — вучы іх як хочаш, дапамагай. У людзей надзея хоць на кароў была: здавалі малако дзяржаве, за яго плацілі... У нас жа і гэтых прыбыткаў не стала: захварэла карміцелька — лячылі-лячылі яе ды ўсё без толку — прыйшлося здаць.

Думаю я вось гэтак, а ўголас Свеце кажу:

— Павер: не да юбілею мне...

Тая ў адказ:

— Іванаўна, я нічога не ведаю і ведаць не хачу! Да таго ж — мы ўжо скінуліся, грошы сабралі, падарунак купілі... На табе спіс гасцей...

Глянула ў яго і ледзь не самлела: 50 чалавек там — усе галоўныя і не галоўныя спецыялісты, бухгалтэрыя, сельскі Савет, брыгадзіры паляводчых брыгад... З раёна некалькі асоб...

І што з гэтым рабіць?

Ад думак аж галава пухне...

Праўда, якраз тады грошы за карову прыйшлі. Вырашыла: ат, была ні была (іншага ж выйсця нямашака) — закупіла правіянт, наняла кухарку...

Пагулялі, карацей, «па поўнай праграме»: і елі, і пілі, і спявалі, і танчылі...

Назаўтра зайшла да Святланы, а там па-ранейшаму дым каромыслам: жанчыны абмяркоўваюць, як было, што было, з кім... Рагочуць, аж заходзяцца! Урэшце кажуць:

— Дзякуй, Іванаўна! Такое свята ўсім зрабіла! Мы так пагулялі!..

Я ў адказ:

— Яшчэ б... Калі карову прапілі...

Сказала і сказала — ціха, жартам, сама сабе. Думала, ніхто не пачуў. Аж не. Праз дзень-другі прыходзіць да мяне Святлана:

— Я ўсё прадумала, — кажа, — і нават узгадніла. Кароў са статка калгас, вядома ж, не прадае, але добрым працаўнікам і ў выключным выпадку праўленне можа пайсці насустрач. У цябе карова хварэла? Хварэла. Ты здала яе не ад добрага жыцця? Не ад добрага... Ёсць сведкі, ёсць дакументы. Застаецца толькі заяву напісаць... А выплачваць будзеш потым — пакрысе, з кожнай зарплаты...

Карацей, у хуткім часе на падворку ў нас з'явілася новая карміцелька.

Ці шкадавала тую я? Вядома ж... А вось грошы — не, бо юбілей і сапраўды прайшоў добра: ёсць што ўспомніць — і мне, і, спадзяюся, людзям.

Соф'я Курцін, г.п. Лынтупы, Пастаўскі раён.

«Быў час, быў век, была эпоха...»

Згадзіцеся, праўду пісаў наш класік: многае раней было па-іншаму — неба вышэйшае, рэчкі глыбейшыя, лясы багацейшыя, а ўжо марозіва — і куды таннейшае (28 капеек!), і, як сведчыць рэклама, нашмат смачнейшае...

Што ўжо казаць пра людзей?! Мы і сапраўды не такія былі, як цяперашняя моладзь: больш наіўныя і рамантычныя, больш духоўныя, чыстыя... Кажуць, у тыя часы ўзімку адзін падлетак свой дзень народзінаў адсвяткаваў і да бацькоў, з пытаннем: вы, маўляў, казалі, што дзяцей у капусце знаходзяць альбо бусел прыносіць. А як жа я — адкуль узяўся? На дварэ ж зіма, адпаведна — ні буслоў, ні капусты...

Не чула, што яму адказалі «продкі», але добра помню, як маю суседку па студэнцкім інтэрнаце адлічылі некалі з інстытута: не за прагулы, не за дрэнную паспяховасць — яна «заляцела», як той казаў.

Цяпер цяжарныя дзяўчынкі нават у школы ходзяць. І нічога — вучацца.

Пра тэлевізар я наогул маўчу. Маці маёй каляжанкі неяк гаварыла, што зусім па-іншаму сваё жыццё пражыла б, калі б некалі пабачыла тое, што паказваюць цяпер... (Хоць як на мой розум — дык многага і не варта было б паказваць!)

Ёсць, карацей, свае мінусы, свае плюсы. Але ж гэта так — уступ да маёй гісторыі. А цяпер — яна сама.

Я тады жыла ў студэнцкім інтэрнаце, вучылася на другім курсе інстытута. І, здаецца ж, нідзе не парэзалася, не загнала стрэмку, але палец на руцэ... Спачатку ён засвярбеў, потым патаўсцеў, як тая сардэлька, потым стаў сінець... Факт, што нашуся я з ім як поп з гармонікам, бо ні посуд памыць, ні падлогу (дзяўчаты ўжо касавурацца)... А далей — болей: канспекты пісаць не магу, спаць... І да доктара ісці баюся.

Не ведаю, колькі б так цягнулася, калі б не наша інтэрнацкая медсястра. Згледзела яна мяне ў калідоры (а можа, і сумысля падышла — можа, дзяўчаты яе падаслалі?) і, глянуўшы на «больку», як усходзіцца: ты што, маўляў, сабе думаеш, з глузду з'ехала — хочаш без пальца застацца ды на правай руцэ, а то і без рукі, калекай?! Марш у паліклініку!..

Паслухала. Іду туды — нібы на Галгофу, бо там жа не толькі палец трэба паказваць, там перш-наперш трэба флюараграфію прайсці. І гінеколага. З першым — ніякіх праблем, кожны год праходзіла, ведаю, а вось другое...

Паперку (тое накіраванне) трымаю ў руцэ ды сама сабе думаю: «Не, не была я раней у гэтага доктара і зараз не пайду». І цягу з паліклінікі. А пакуль да варот дайду, — усе словы медсястры ўспомняцца, зноў жа на палец свой «налюбуюся» (раптам сапраўды адрэжуць?) і назад вярнуся...

Колькі вось так маячыла — ад дзвярэй да варот — ужо не помню. Факт, што... зраўлася пры гэтым: так мне страшна было! А потым (і вось такая — твару аніякага...) прыплялася-такі пад дзверы гінеколага.

Чарга, убачыўшы мяне, паважліва расступілася — прапусціла наперад (гора ж у дзяўчыны!)

Як не сваімі нагамі заходжу ў кабінет. Гінеколаг — камень з душы — жанчына! І таксама чалавек, відаць: адразу ж насустрач. Пытае:

— Што з табой, мілая? Ну не плач так... І не бойся — я нікому нічога не скажу!

Тут я і наогул уголас зараўла: падумала, што ж тут такое робяць, каб потым пра гэта яшчэ і нікому не расказваць?

Насілу доктар супакоіла мяне, папрасіла раздзецца.

Я ўзялася блузку расшпільваць...

І на крэсла садзілася няправільна.

Карацей, гінеколаг вельмі доўга са мной праваждалася. А потым задала некалькі пытанняў, паглядзела і што называецца рукамі развяла. Маўляў, нічога не разумею: чаго ж ты так убіваешся, калі ніякіх прычын няма?..

Толькі тады, крыху пасмялеўшы, я паказала ёй... хворы палец.

Вось такія мы былі ў свае 18, 20, а то і 50 гадоў. Не тое, што цяпер у 15.

Г.У., г. Смаргонь.

Крадзеным сыты не будзеш

З канца верасня дзве тысячы... (ці так важна, якога года?) трое ўжо не вельмі маладых сяброў з невялікага беларускага гарадка сталі думаць, як ім зімаваць. Ні ўласных лецішчаў, ні родзічаў у вёсцы ніхто з іх не меў, грошай на тое, каб садавіну ды гародніну купіць на рынках — таксама...

Хтось падказаў: непадалёк, на палетках прыгараднага калгаса, пасля ўборкі засталося шмат морквы. І нікому як быццам яна не патрэбна, «дрэнна ляжыць». Разведалі сябрукі, дзе канкрэтна тое поле знаходзіцца, і аднойчы на веласіпедах накіраваліся на промысел.

Недзе праз паўгадзіны «здабытчыкі» былі на месцы. Веласіпеды пакінулі на ўзлеску, а самі пашыбавалі ў поле да ледзь прыкметных у прыцемку куч маркоўнага бацвіння. Па дарозе ўбачылі, што морква там таксама была. І нямала...

Збіралі (а недзе і выбіралі...) яе спехам, ледзь не навобмацак — не разглядаючы, складалі ў мяшкі. У паўзмроку заўважылі, што гэтым жа «промыслам» непадалёк займаюцца дзве кабеты. Павесялелі: не мы адны! Таму хутка ў лепшым настроі і з досыць важкім здабыткам пакіравалі да веласіпедаў, а потым — і ў бок горада. Але пры гэтым не расслабляліся.

— Нельга, хлопцы, — даводзіў Васіль, — сцеражонага Бог сцеражэ. Я чуў — па сельскіх дарогах даішнікі ездзяць: правяраюць, ці не вязе хто крадзенае.

— Не можа такога быць, — не верыў яму Міхась, — мала што чалавек можа везці? За руку ж не злоўлены? Не! Значыць, не злодзей... Калі што — неяк адбрэшамся.

Трэці з сябрукоў, Уладзя, у гэта верыў і не верыў, бо метраў праз сто сказаў:

— Хлопцы, вы сабе едзьце, а я вунь за тыя кусцікі збочу... Потым даганю вас.

Як сказаў, так зрабіў: веласіпед з ладным мяшком на багажніку пакінуў у высокай траве на ўзбочыне, сам шмыгануў у лазняк і там затрымаўся. Хлопцы праз колькі метраў сталі, каб яго пачакаць... Як раптам бачаць — фары машыны бліснулі, пачуўся гул... А ў страху ж вочы па яблыку: Васіль з Міхасём — з дарогі, куляй... Веласіпеды ў траву, самі таксама. Ляжаць і, здаецца, не дыхаюць, бо абодвум падалося, што на тым аўтамабілі, апроч фар, яшчэ і міліцэйская мігалка свеціцца. А гэта ж «капец»... Поўны... Тым больш што машына яшчэ здалёк стала прытарможваць — і якраз там, дзе збочыў Уладзя, дзе застаўся яго веласіпед з морквай і дзе ў любое імгненне мог з'явіцца ён сам.

— Ну ўсё, нам канцы, пагарэлі! — жахнуўся Міхась, бо ў святле аўтамабільных фар добра бачыў, што Уладзя (машыны ён не чуў ці што?) як нічога ніякага, на хаду зашпіляючы дзягу, сунецца ў бок дарогі.

— Добры вечар! — гукнуў яму кіроўца машыны.

Уладзя стаў як укапаны.

— Вы не скажаце, — працягваў мужык, — на Старынкі я правільна еду? Гэта туды?

— Т-т-т-уды, — так і не паспеўшы ачомацца, рукой паказаў сябрук.

Машына тут жа кранулася з месца і праз колькі імгненняў знікла ў цемры. Хлопцы, з палёгкай уздыхнуўшы, выйшлі на дарогу.

Уладзя — таксама, але крыху пастаяўшы, пабег назад у кусты...

І потым як ні ўгаворвала яго жонка матануцца з тымі ж сябрамі і ў той жа калгас па буракі ці капусту, не ўгаварыла: не паехаў і ўсё. Крадзеным, сказаў, сыты не будзеш.

С. Васільчук, г. Узда.

Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?