Вы тут

Аб бедным «танкісце» замоўце слова...


Пра матрыярхат, паламанае крэсла і сенцы без падлогі.

Аператар мабільнай сувязі запусціў новы тарыфны план і разгарнуў з гэтай нагоды шырокую рэкламную кампанію. З вялікіх білбордаў і малых лістовак на цябе — хочаш ты таго ці не — проста вывальваецца танк. Абяцанні аператара спакуслівыя: гуляць у гэтыя самыя «танкі» цяпер можна і на смартфоне, прычым добры адрэзак часу бясплатна, дакладней, за кошт абаненцкай платы. Да таго ж кожны, хто падключыцца, атрымае баявую машыну ў падарунак...

Убачыўшы гэту рэкламу, я тут жа са спачуваннем падумала пра некалькіх сваіх знаёмых, у якіх мужы-«танкісты». Цяпер яны будуць мець магчымасць «ваяваць» не толькі седзячы за камп'ютарам, але і трымаючы ў руках тэлефон. Смешна? Толькі на першы погляд, здалёк. «Мой таксама гуляе. Адрываеш — раве як шалёны, на дзяцей асабліва. Да кампа падысці магу толькі раненька. Вочы расплюшчыў — ужо сядзіць. Вельмі цяжка адарваць. Апошнім часам магу адарваць толькі дзякуючы рамонту ў новай кватэры. Пераехаць не можам ніяк таму, што там няма «Танкаў» пакуль... Што рабіць — не ведаю. Некалькі разоў яму казала, што ён не бачыць рэальнага жыцця, што, нягледзячы на тое, што ён дома, яго няма з намі. Што мне даводзіцца ўсё цягнуць самой, а дапамогі і падтрымкі я не адчуваю, а бо ў нас трое дзяцей, мне вельмі нялёгка бывае. Часам здаецца, што ён разумее, пачынае дапамагаць у чымсьці, потым зноў зрываецца. У меру гуляць не атрымліваецца — усё ці нічога. Капец поўны...»

Падобных споведзяў (ці крыкаў душы?) на жаночых форумах — сотні. Гэтаксама як і парад, як блізкага чалавека ад гэтай залежнасці ратаваць. Досыць банальных, трэба сказаць. Кшталту найміце таго, хто заблакіруе ўваход у сістэму, зацікаўце мужа чым-небудзь іншым, папрасіце яго што-небудзь зрабіць па гаспадарцы. Мая прыяцелька папрасіла свайго «танкіста» пабыць з чатырохмесячным сынам, пакуль яна сходзіць у магазін. Вярнуўшыся, убачыла карціну: малое, прывязанае ў «кенгуру», скача і гугукае ў таты на жываце, тата — скача і гугукае за камп'ютарам. «Ваюе» яе «танкіст» адмыслова: лаецца, нават ламае мэблю — камп'ютарнае крэсла доўга такіх скокаў не вытрымлівае...

Нехта скажа: у нашых мужчын занадта спакойнае і мірнае жыццё, а ў іх у генах закладзена змагацца за месца пад сонцам. Вось яны і знаходзяць выйсце сваёй ваяўнічай нерастрачанай энергіі (пра гэта вельмі шмат цяпер пішуць еўрапейскія аналітыкі, шукаючы тлумачэнне, чаму ад дабрабыту і заходняга сытага жыцця тамтэйшыя мужчыны едуць ваяваць на баку тэрарыстаў). А мне здаецца, справа ў іншым. Нашым мужчынам проста не трэба змагацца ў рэальным жыцці. Месца пад сонцам і для іх, і для сям'і, і для саміх сябе адваявалі жанчыны. Спачатку агрэсіўна адсунуўшы мужчын на другі план, а пасля ласкава дазволіўшы ім назіраць за гэтай барацьбой, утульна ўладкаваўшыся на канапе. Учора быў тэлевізар і газета, сёння — камп'ютар і «танкі», заўтра — яшчэ нешта, дзе яны будуць у сваёй талерцы, моцнымі і самадастатковымі, гаспадарамі становішча, дзе іх не будуць «дзяўбсці» за няўвагу да сям'і, за малую зарплату, за непрыстасаванасць да жыцця. Пры гэтым дэмастратыўна забіваючы цвікі, камандуючы дзецьмі, цягнучы некалькі ставак на працы (маўляў, а што мне беднай рабіць, калі мой лайдак толькі за камп'ютарам і прападае).

Наўрад ці такая статыстыка існуе, але я амаль упэўнена: сярод заўзятых «танкістаў» пераважная большасць — людзі сямейныя. На халастых не вісіць стапудовай гірай адчуванне вінаватасці і ўласнай нікчэмнасці — гэты цяжар дастаецца ім у нагрузку пад гукі вальса Мендэльсона. Халастыя хутчэй гэтыя самыя «танкі» ці нешта падобнае спраграмуюць, пагуляюць крыху дзеля забавы і ператвораць у камерцыйны праект, які дазволіць рабіць немалыя грошы на жаданні тысяч мужчын адарвацца ад рэальнасці, у якой на бытавым узроўні ўжо поўны матрыярхат.

У гэтым плане вельмі паказальная гісторыя адбылася гадоў пяць назад з маімі знаёмымі. У іх у сенцах падлога прагніла і прагінацца пачала. Купілі новыя дошкі, а замяніць — ну ніяк рукі ў гаспадара не даходзілі. То праца, то футбол па тэлевізары, то ў хляве ўходжваецца, то на рыбалку. Жонка спачатку прасіла тую падлогу замяніць, потым пачала бубнець (як вы здагадваецеся, безвынікова). Тады, уздыхнуўшы цяжка (з гэтым нашым вечным жаночым: «а што мне, беднай, рабіць...»), пакуль муж у горад па справах ездзіў, сама тую падлогу старую садрала і новыя дошчачкі акуратна — адна да адной — прыбіла.

Што, вы думаеце, зрабіў яе гаспадар, вярнуўшыся? Сварыцца не стаў, каяцца — таксама. Проста ўзяў сякеру і гэтыя дошчачкі акуратна — адна ад адной — пааддзіраў і на месца паклаў. Тыдні два ў сенцах па лагах скакалі, пакуль МУЖЧЫНА не ВЫРАШЫЎ, што трэба падлогу нарэшце пакласці, і за пару гадзін гэтага не зрабіў. Яго палавіна моўчкі пакорліва чакала, і гэта была навука ёй на ўсё астатняе жыццё.

У іх дома стаіць добры камп'ютар, ёсць і планшэт. Ці гуляе муж у «Танкі»? «Што яму, больш рабіць няма чаго?!» — з непрыхаванай гордасцю адказала яго «палавінка»...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».