Вы тут

Эксперты канстатавалі поспех


Напярэдадні ў сталіцы завяршылася 79-я Генеральная асамблея Міжнароднай электратэхнічнай камісіі, падчас якой на некалькі дзён Мінск сабраў больш за 1200 экспертаў з усяго свету. Прадстаўнікі розных краін адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі, а таксама ацанілі Беларусь як партнёра, які развіваецца і мае вялікія перспектывы ўжо ў найбліжэйшай будучыні.

Магчымасць прадэманстраваць патэнцыял

Размаўляючы з некаторымі гасцямі форуму, можна было пачуць шмат падзяк у бок арганізатараў Генасамблеі гэтага года. Таксама гасцям спадабалася наша сталіца. Прэзідэнт паўднёвакарэйскай кампаніі па выпрабаваннях і сертыфікацыі Кафонг Чоірасказаў, што калі ён упершыню прыбыў у Мінск, то змог асабіста ўбачыць вялікі патэнцыял беларускага боку.

«Беларусь — краіна з добра арганізаванай інфраструктурай. Генеральная асамблея павінна дапамагчы вам заявіць пра сябе яшчэ гучней. Для Беларусі 79-я Генасамблея — гэта вялікая падзея! Для дасягнення эканамічнага росту цяпер патрэбны інструменты, якімі сёння з'яўляюцца стандарты. Яны аблягчаюць працэдуры гандлю, а таксама забяспечваюць бяспеку і абараняюць навакольнае асяроддзе», — адзначыў Кафонг Чоі.

Згодна з яго словамі, Генасамблея з'яўляецца важнай матывацыяй, якая павінна быць фактарам, што стымулюе эканамічны рост.

«Вы толькі ўявіце, што тут сабраліся больш за 1000 дэлегатаў з усяго свету! У мінулым краіны імкнуліся да экспансіі. Цяпер мы цывілізавана пашыраем сваю тэрыторыю за кошт стварэння партнёрскіх сетак. Гэтая асамблея — магчымасць для вас прадэманстраваць свой патэнцыял да эканамічнага росту і вашы намеры гарманізавацца з сусветнымі стандартамі. З пункту гледжання карэйскага досведу, з тых урокаў, што мы атрымалі, вы не павінны ізалявацца ад сусветнай супольнасці. Вы ва ўмовах глабальнага рынку. Гэта азначае, што вашы сістэмы павінны быць гарманізаваны з глабальнымі», — падкрэсліў прадстаўнік Паўднёвай Карэі.

Дарэчы, у Карэі 97% стандартаў ужо гарманізаваны з сусветнымі. У Беларусі працэнт крыху меншы — 74%. Для Карэі гэта азначае, што кожны год яе кампаніі вырабляюць прадукцыю, якая можа без праблем пастаўляцца на сусветны рынак.

«У гэтым мерапрыемстве Беларусь, як ніколі раней, наблізілася да таго, каб уплываць на стварэнне інструментаў, дзякуючы якім адбываецца канкурэнцыя на глабальным рынку. Яна змагла сярод роўных прапанаваць сваё бачанне і свае стандарты», — выказаў сваю думку Кафонг Чоі.

Свабодна гаварыць з тымі, да каго цяжка дабрацца

Прадстаўнік амерыканскай кампаніі ў сферы прамысловай аўтаматызацыі і інфармацыі Цім Дафі быў таксама ўражаны падрыхтоўкай Генеральнай асамблеей і тым, як яна выдатна праходзіла.

«Я бачу перспектывы развіцця Беларусі ў МЭК. Правядзенне мерапрыемства на сваёй тэрыторыі — гэта своеасаблівая дэманстрацыя ўнёску краіны ў саму арганізацыю. Я чуў ад розных экспертаў, што пасяджэнні камітэтаў і падкамітэтаў прайшлі дастаткова добра. У гэтым я згодны з імі. Вельмі важна, што мы змаглі сабраць прадстаўнікоў усяго свету ў адным месцы. Для ЗША гэта таксама вельмі вялікая перавага, бо на такой глабальнай платформе мы можам дамовіцца з прадстаўнікамі розных краін і знайсці агульнае вырашэнне многіх пытанняў. Гэта таксама магчымасць сустрэцца з тымі краінамі, якія цяжка наведаць у любы іншы час», — растлумачыў прадстаўнік ЗША.

Таксама ён адзначыў, што асноўная перавага, якую атрымліваюць распрацоўшчыкі стандартаў, — гэта магчымасць уплываць на развіццё глабальнага рынку.

«Для прадпрыемстваў вашай краіны гэта ўнікальная магчымасць здабыць новыя сувязі, якія ў далейшым змогуць прасунуць вашу прадукцыю», — сказаў Цім Дафі.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».