Вы тут

Вяскоўцы скардзіцца не прывыклі?


Калі на суботнія прамыя лініі ў Магілёўскі аблвыканкам працягвае звяртацца да 30-34 чалавек на працягу трох гадзін, то ў раёнах бываюць дні, калі не паступае ніводнага званка. У сярэднім жа тэлефануюць ад аднаго да чатырох чалавек.

Першы намеснік старшыні Чэрыкаўскага райвыканкама Аляксандр Гарбачэўскі ўзгадвае, як аднойчы на яго дзяжурстве спыталіся, куды можна здаць цяля. «Мы не толькі сарыентавалі чалавека, але і дапамаглі на працягу дзвюх гадзін прадаць жывёлу, — удакладніў ён. — І гэта не адзіны прыклад, калі праблема вырашаецца ў дзень звароту. Неяк нам патэлефанаваў вясковец са скаргай, што ў кране слабы напор вады. Камунальнікі прыехалі на месца і ліквідавалі збой у працы помпавага абсталявання. Ён здарыўся ў выніку навальніцы».

Аляксандр Гарбачэўскі расказвае, што найчасцей насельніцтва раёна наракае на камунальныя праблемы, не заўсёды бывае задаволена коштам прыватызацыі жылля. Але такіх пытанняў, якія б доўгі час заставаліся адкрытымі, запэўнівае ён, няма. Звычайна яны вырашаюцца калі не адразу, то на працягу некалькіх дзён.

Чэракаўскія ўлады больш пакутуюць ад прафесійных скаржнікаў. Першы намеснік старшыні кажа, што такіх у іх як мінімум тры. Прозвішчы гэтых людзей вядомы кожнаму ў райвыканкаме. Як і тыя недахопы, на якія яны наракаюць. Бо гэта датычыцца не столькі іх асабіста, колькі нейкіх агульных момантаў, якія ўжо ўзяты на кантроль і па якіх прызначаны тэрміны выканання.

У Хоцімскім раёне на прамыя тэлефонныя лініі таксама звяртаецца мала людзей. Тут узгадалі выпадак, калі пасля моцнага дажджу патэлефанавалі з аграгарадка Бяседавічы і паскардзіліся на залітую вадой дарогу. Праблему, як паведамілі ў райвыканкаме, вырашылі тэрмінова. І нават падзяліліся тэлефонам скаржніка, каб я асабіста змагла ўпэўніцца.

Сяргей Кавалёў пацвердзіў, што дарогу сапраўды падсыпалі і праграйдавалі, але, на яго думку, праблему да канца не вырашылі. «Пакуль усё добра, — лічыць ён, — але пачнецца вясна і дарога зноў паплыве. Я тут з маленства жыву і ведаю, што кажу. Мой дом у нізіне, і 100 метраў дарогі кожную вясну апынаюцца ў вадзе. Праехаць — сапраўдная праблема. Тут трэба нешта больш грунтоўнае, чым простае грайдаванне і падсыпка, калі яе і рабіць, то не менш чым на паўметра, ды пакласці трубу, каб вада сцякала».

У аддзеле па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Магілёўскага аблвыканкама расказалі, што частка пытанняў ад насельніцтва носіць утрыманскі характар. Некаторыя звяртаюцца, напрыклад, каб іх працаўладкавалі, а калі ім прапаноўваюць нейкія варыянты, то адмаўляюцца. Але ёсць прыклады, калі людзі нарэшце атрымалі магчымасць вырашыць набалелае пытанне. Як магіляўчанка Тамара Назарава, якая жыве на вуліцы Арлоўскага. З праблемай па асвятленні тэрыторыі каля дома яна звярталася ў «Гарсвятло», але безвынікова. Пакуль не патэлефанавала на прамую лінію ў аблвыканкам. Пасля гэтага зрабілі рамонт свяцільнікаў і памянялі лямпы. Усе задаволены. Жыхарка Магілёва Ніна Іванова паведаміла ўладам, што лесвіца каля кінатэатра «Кастрычнік» у аварыйным стане. Дарожна-маставое прадпрыемства аператыўна зрабіла рамонт. Яшчэ адна магіляўчанка папрасіла, каб пры рэканструкцыі мемарыяла па праспекце Шміта адрамантавалі дарогу. Яе просьба таксама была пачута. А вось з адной бабуляй наогул кур'ёз атрымаўся. Яна звярнулася, каб да лаўкі каля яе пад'езда зрабілі спінку. Службы адразу адрэагавалі. Бабуля вельмі ўдзячная за аператыўнасць. Але пачалі скардзіцца яе суседзі, якім не падабаецца, што лаўка цяпер адрозніваецца ад іншых і гэта не вельмі добра адбіваецца на эстэтычным выглядзе двара. Вось і паспрабуй пасля гэтага дагадзіць людзям.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.