Вы тут

Што пра дашкольную адукацыю думаюць бацькі?


«Калі б вы працавалі ў Міністэрстве адукацыі і адказвалі за дашкольную адукацыю, вырашэннем якіх пытанняў заняліся б у першую чаргу?» Адказаць на гэта пытанне прапанавалі бацькам, дзеці якіх наведваюць дашкольныя ўстановы. Цікава, што бацькі на першае месца паставілі павышэнне заробкаў выхавальнікам і іх памочнікам. А матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне і фінансаванне ўстаноў адукацыі яны паставілі толькі на другое месца.

У рамках міжнароднага форуму «Развіццё сістэмы дашкольнай адукацыі: інвестыцыі ў будучыню» былі агучаны вынікі даследавання якасці адукацыйных паслуг ва ўстановах дашкольнай адукацыі і задаволенасці бацькоў гэтымі паслугамі. Рэспандэнтамі сталі 200 выхавальнікаў і 400 бацькоў, дзеці якіх наведваюць дзіцячыя садкі — з Мінска, абласных цэнтраў, сярэдніх і невялікіх гарадоў з насельніцтвам да 50 тысяч чалавек.


20-22

Пропуск у дзіцячы сад

Напрыклад, у бацькоў пацікавіліся, ці даводзілася ім пры ўладкаванні дзіцяці ў дашкольную установу дадаткова прыкладаць нейкія намаганні? Большасць бацькоў канстатавалі, што нічога дадаткова не рабілі (62%). Аднак трэць апытаных прызналіся, што ім давялося аказваць дашкольнай установе спонсарскую падтрымку. 7% паведамілі, што шукалі ўплывовых знаёмых, а 3% (яны самі або іншыя члены сям'і) былі вымушаны ўладкоўвацца на працу ў дашкольную ўстанову, каб туды прынялі іх дзіця. Як правіла, звяртацца да дадатковых мер даводзілася бацькам, якія хацелі ўладкаваць у дашкольныя ўстановы дзяцей ва ўзросце да трох гадоў.

У адпаведнасці з Кодэксам «Аб адукацыі», напаўняльнасць груп у дзіцячых садках (малодшай, сярэдняй і старшай) не павінна перавышаць 20 выхаванцаў.

Але ж ці вытрымліваецца гэты нарматыў? Адна трэць бацькоў (31%) паведамілі, што колькасць дзяцей у групе вар'іруецца ад 21 да 25 чалавек, 6% канстатавалі, што выхаванцаў у групе больш як 25 чалавек. Найбольш напружаная сітуацыя з перавышэннем напаўняльнасці груп складваецца ў дашкольных установах сталіцы, Мінскай і Брэсцкай абласцей.

Яшчэ адзін блок даследавання тычыўся якасці здароўезберагальнага асяроддзя ў дашкольнай установе. Бацькоў прасілі ацаніць іх задаволенасць наступнымі параметрамі: колькасцю вучэбных гадзін, пералікам абавязковых адукацыйных галін і разнастайнасцю адукацыйных паслуг на платнай аснове. Адзнакі бацькі выстаўлялі па пяцібальнай шкале. Большасць бацькоў паставілі «5» і «4» балы.

Пераважная колькасць бацькоў лічаць колькасць гадзін, якая выдаткоўваецца на вучэбныя, гульнявыя заняткі і адукацыйныя паслугі на платнай аснове (гурткі), аптымальнай, аднак 17% хацелі б, каб пад дадатковыя заняткі на платнай аснове адводзілася больш часу.


«Экспрэс-дыягностыка» ад бацькоў

Даследчыкаў цікавіў таксама стыль узаемадзеяння з дзецьмі ў дашкольных установах.

— Тут мы пачулі шмат добрага, — расказвае кіраўнік праектаў кампаніі MASMІ (менавіта гэта арганізацыя праводзіла апытанне на заказ дзіцячага фонду ЮНІСЕФ), кандыдат сацыялагічных навук Кацярына ПАЛХОЎСКАЯ. — Бацькі ацэньвалі сваю задаволенасць стаўленнем да дзіцяці выхавальніка і памочніка выхавальніка. Сярэдняя ацэнка па пяцібальнай шкале атрымалася 4,6 бала. Таксама мы ўстанавілі, што адным з асноўных паказчыкаў задаволенасці бацькоў з'яўляецца крытэрый «дзіця ходзіць у садок з задавальненнем». Гэта найлепшая «экспрэс-дыягностыка». Большасць бацькоў заявілі, што іх дзіця з задавальненнем ідзе ў сад. У сярэднім па выбарцы атрымалася 4,4 бала.

На фокус-групавых дыскусіях бацькі больш падрабязна «расшыфроўвалі» сваю думку. Вось адны з самых яркіх выказванняў.«Галоўнае — гэта стаўленне да дзяцей. Для мяне паказчык добрага педагога — настрой дзіцяці: калі яму падабаецца ў садку, калі ён ідзе туды з задавальненнем — значыць, усё там добра». «Стаўленне выхавальнікаў — гэта самы галоўны плюс. У нас загадчыца літаральна жыве гэтым садком». «Выхавальніцы вельмі класныя. Дзеці з задавальненнем ідуць у сад». «Калі чалавек любіць сваю працу, ён цалкам ёй аддаецца, і гэта адчуваецца».

Бацькоў папрасілі ацаніць, як павінны суадносіцца намаганні, якія ўкладвае ў развіццё дзіцяці сям'я, і намаганні ўстановы дашкольнай адукацыі. Большасць бацькоў не перакладаюць цалкам адказнасць за выхаванне дзіцяці на дашкольную ўстанову, а лічаць, што суадносіны павінны быць 50 на 50 або ўклад сям'і павінен быць большым. І толькі 13% бацькоў лічаць, што ўстанова дашкольнай адукацыі павінна ўкладваць больш намаганняў у развіццё і выхаванне дзіцяці, чым сям'я.

А як жа ідуць справы насамрэч? 17% бацькоў крытычна ацанілі свой уклад і прызналі, што на гэтым этапе яны ўкладваюць намаганняў менш, чым дашкольная ўстанова. Большасць лічаць, што баланс захоўваецца або што яны прыкладаюць намаганняў больш.

Яшчэ адным прадметам вывучэння сталі змест адукацыі і аснашчанасць адукацыйнага працэсу (колькасць цацак, вучэбных дапаможнікаў у групе, якасць кніг і вучэбна-метадычных дапаможнікаў у групе, колькасць гадзін групавых заняткаў, іх тэматыка, якасць адукацыйных праграм і метадычнага забеспячэння, разнастайнасць гульнявых заняткаў і гурткоў, якасць і колькасць гульнявых комплексаў на вуліцы). Выхавальнікі паставілі даволі высокія ацэнкі ўсім пералічаным паказчыкам, акрамя якасці і колькасці гульнявых комплексаў на вуліцы. Тут ацэнка набліжаецца да трох па пяцібальнай шкале. У сярэднім — 3,5 бала.

«Што б вам хацелася палепшыць у адукацыйных занятках і гульнях?» — пацікавіліся даследчыкі ў выхавальнікаў. З асноўных прапаноў — «часцей выкарыстоўваць сучасныя метады падачы матэрыялу, камп'ютары і электронныя сродкі навучання». Асабліва на гэтым робяць акцэнт маладыя выхавальнікі.


Адказнасць і заробкі

У бацькоў спыталі, наколькі яны задаволены поспехамі дзіцяці ў навучанні. Тыя паставілі высокія адзнакі — «5» і «4» балы. Сярэдні паказчык — 4,4 бала. Цікава, што больш за палову бацькоў цалкам задаволены прагрэсам у развіцці сваіх дзяцей за апошні год. А вось, што тычыцца падрыхтаванасці да школы дзяцей старшай узроставай групы, то тут толькі 20% бацькоў палічылі, што іх дзеці падрыхтаваныя да вучобы ў школе. Большасць ацанілі гатоўнасць на «4» і «3» балы.

Рэспандэнтам было прапанавана ацаніць узровень нагрузкі на выхавальнікаў, іх памочнікаў і ўзровень іх заробкаў. Усе канстатавалі вельмі высокі ўзровень нагрузкі і адказнасці на калектыў дзіцячага садка. Прычым бацькі ўзровень нагрузкі на выхавальнікаў і іх памочнікаў ацэньваюць нават вышэй, чым самі педагогі. А вось узровень заробкаў выхавальнікаў і іх памочнікаў бацькі ацанілі ніжэй, чым самі работнікі дзіцячых садкоў. Атрымліваецца, што бацькі больш крытычна ставяцца да памераў заробку людзей, якія выхоўваюць іх дзяцей, чым самі выхавальнікі і іх памочнікі? Між іншым, калі ў выхавальнікаў запыталіся, а які заробак яны хацелі б атрымліваць, тыя называлі суму ў 6-7 мільёнаў рублёў (апытанне праводзілася ў пачатку бягучага года).

У выхавальнікаў цікавіліся, што ўваходзіць у іх асноўныя абавязкі ва ўстанове дашкольнай адукацыі. Акрамя непасрэдных абавязкаў кшталту навучання дзяцей, правядзення гульняў, кармлення, прагулак, большасць выхавальнікаў называлі такія неўласцівыя педагогам абавязкі, як ажыццяўленне рамонтна-будаўнічых работ, арганізацыя збору грошай на ўладкаванне ўстаноў дашкольнай адукацыі, адсочванне памераў порцый у дзяцей і выкананне абавязкаў памочнікаў выхавальніка (напрыклад, мыццё посуду).


«Так быць не павінна»

Не сакрэт, што частку выдаткаў на ўтрыманне ўстановы дашкольнай адукацыі нясуць бацькі, хоць афіцыйна яны павінны кампенсаваць толькі кошт харчавання дзіцяці. Таму даследчыкі папрасілі бацькоў і выхавальнікаў ацаніць гэту сітуацыю. І тут ацэнкі вар'іраваліся — ад абуральных да больш нейтральных. Выхавальнікі часцей успрымаюць гэтую сітуацыю як абуральную і кажуць катэгарычна: так быць не павінна. А вось бацькі больш спакойна ставяцца да дадатковых выдаткаў.

Большасць казалі, што неафіцыйныя выдаткі па артыкулах «на бягучыя патрэбы», «на ўладкаванне», «спонсарская дапамога» — аптымальныя. 24% рэспандэнтаў сказалі, што афіцыйная плата, устаноўленая за харчаванне дзіцяці, завышаная. А бягучыя патрэбы ахарактарызавалі «як завышаныя» толькі 19% бацькоў.

Большасць бацькоў станоўча ацанілі работу ўстановы дашкольнай адукацыі — у сярэднім на 4,3 бала. Асноўным паказчыкам лаяльнасці бацькоў з'яўляецца гатоўнасць рэкамендаваць установу дашкольнай адукацыі іншым. Большасць апытаных бацькоў заявілі пра сваю гатоўнасць рэкамендаваць дзіцячы сад, у які ходзіць іх дзіця, іншым бацькам (4,2 бала). «Гэта высокі паказчык», — канстатуюць даследчыкі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Надзеі НІКАЛАЕВАЙ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.