Вы тут

5 міфаў пра мінеральныя ўгнаенні


Міф 1. Арганічныя ўгнаенні больш карысныя, чым мінеральныя

Хімічная формула калійнага або фосфарнага рэчыва, якое выкарыстоўваецца раслінай для харчавання, не залежыць ад крыніцы яго паходжання. Каранёвыя валасінкі раслін аднолькава паспяхова ўбіраюць як штучна сінтэзаваныя на хімічным камбінаце пажыўныя элементы, так і перапрэлыя ў суседняй кампоснай кучы.

21-12

Унясенне толькі арганічных угнаенняў не можа цалкам кампенсаваць патрэбы пладовага дрэва ў элементах сілкавання.

Так, пры недахопе азоту яблыня дае дробныя і нясмачныя яблыкі, а пры яго лішку плады змяшчаюць зашмат вільгаці, слаба афарбаваныя і несалодкія на смак.

Недахоп фосфару, калію вядзе да слабога назапашвання ў плодзе цукру. Дастатковая колькасць бору спрыяе паляпшэнню смаку і не дае садавіне трэскацца.

Магній стымулюе назапашванне вітаміну C і цукру. Дэфіцыт жа гэтых і некаторых іншых мікраэлементаў вядзе да перыядычнасці плоданашэння.

Пазакаранёвая падкормка дрэў карбамідам (мачавінай) пры багатым цвіценні прадухіліць абсыпанне завязі і захавае будучы ўраджай.

Міф 2. Пры падкормцы азотам назапашваюцца нітраты

Злучэнні азоту — абавязковая ўмова для ўтварэння зялёнай масы расліны. Каб пазбегнуць іх дэфіцыту ў глебе, можна скарыстацца азотнымі ўгнаеннямі. Іх уносяць перад цвіценнем, затым — не пазней за канец чэрвеня і позняй восенню.

За перыяд паміж унясеннем угнаенняў і зборам ураджаю пладовае дрэва паспявае трансфармаваць азотнае ўгнаенне ў зялёную масу. Тыя лішкі, што засталіся ў глебе, хутка вымываюцца вадой.

Перадазіроўка азотнымі ўгнаеннямі найбольш небяспечная. Нітраты ў плодзе будуць абавязкова — ва ўмеранай колькасці яны не шкодзяць здароўю. Небяспечны іх лішак, але яго можна пазбегнуць: дастаткова ўносіць правільна разлічаную колькасць падкормкі, дакладна прытрымліваючыся інструкцыі.

Больш бяспечна выкарыстоўваць амідныя або аманійныя формы азоту: сульфат амонію, карбамід. Пры аслабленым біясінтэзе (у пахмурнае, халаднаватае надвор'е) лепш ужываць нітратныя формы ўгнаенняў. Гэта аміячная, натрыевая, каліевая салетра.

Адначасовае ўнясенне фосфару, калію з дабаўленнем мікраэлементаў (малібдэну і жалеза) стымулюе расліну да ўтылізацыі азоту.

Міф 3. Раслінам патрэбен толькі азот, фосфар і калій

Вельмі памыляюцца тыя, хто лічыць, што расліны практычна не маюць патрэбы ў боры, марганцы, магніі і іншых мікраэлементах. Наступствы недахопу 2 г бору прыраўноўваюць да дэфіцыту 2 кг азоту. Недахоп медзі, малібдэну прыводзіць агрэст да захворвання на мучністую расу.

Дэфіцыт бору, магнію, марганцу зніжае імунітэт яблынь да чорнага раку. Дастатковая ж прысутнасць малібдэну забяспечыць нармальны сінтэз расліннага бялку са злучэнняў азоту. Глебавая раўнавага забяспечвае прысутнасць усіх неабходных элементаў у правільных суадносінах.

Міф 4. Паміж мінеральнымі ўгнаеннямі і арганікай няма розніцы

Гэтае сцвярджэнне таксама не зусім дакладнае. Правільней будзе сказаць, што ўнясенне мінеральных угнаенняў разам з арганікай узмацняе засваяльнасць пажыўных элементаў. Пры сумесным выкарыстанні неабходную колькасць мінеральных угнаенняў смела можна паменшыць у 1,5-2 разы. Кампост, перагной аслабляюць негатыўнае ўздзеянне ў выпадку перадазіроўкі мінеральных кампанентаў.

Міф 5. Комплексныя ўгнаенні змяшчаюць усе неабходныя рэчывы

«Комплексны» азначае механічнае змешванне або хімічнае злучэнне ў адной гранулы двух-трох складнікаў. Напрыклад, двухкампанентныя нітрафос, поліфасфат амонію, карбаамафос, патройнае складанае ўгнаенне магнійамонійфасфат. У любым выпадку яны не змяшчаюць поўны пералік неабходных пладовым раслінам элементаў харчавання, і падкормку трэба будзе карэктаваць.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».