Вы тут

Аляксандр Каршакевіч: «Патрыятызм быў у нас у крыві»


Пра адданасць алімпійскага чэмпіёна свайму клубу і справе.

Яго называюць найлепшым гандбалістам ХХ стагоддзя, яго ўнікальнасцю захапляліся не толькі аматары спорту, але і самі гульцы ручнога мяча. У фінальным матчы Алімпіяды-80, быўшы 21-гадовым хлопцам, ён падахвоціўся дапамагчы зборнай у вырашальны момант і... не змог. Але ўжо праз 8 гадоў спаўна рэабілітаваўся і надзеў на грудзі алімпійскае «золата». Першы беларус, які трапіў у зборную СССР па гандболе, быў сапраўдным жахам для варатароў усяго свету, выпрабоўваючы іх кідкамі, якія прыдумляў сам. Аляксандр Каршакевіч з шэрагу тых легендаў, якіх ведаюць пакаленнямі.

21-4

Мы сустрэліся з Аляксандрам Уладзіміравічам на трэніроўцы гандбольнага СКА, клуба, з якім звязана ўсё яго жыццё. Побач быў Спартак Мірановіч — чалавек, які прайшоў праз усю яго кар'еру. Ужо практычна два дзясяткі гадоў гэты дуэт стаіць на чале мінскага клуба і рыхтуе кадры для нацыянальнай зборнай.

Аб СКА

У мінскім клубе Аляксандр Каршакевіч правёў ужо больш за 30 гадоў. З ім ён стаў шасціразовым пераможцам чэмпіянатаў СССР, уладальнікам Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў, Кубка ўладальнікаў кубкаў еўрапейскіх краін і Суперкубка.

— У 77-м я пачаў трэніравацца ў СКА і па сённяшні дзень працую тут, таму з упэўненасцю можна сказаць: усё маё жыццё — гэты гандбольны клуб. Я ўклаў у яго ўсю сваю душу, калі быў гульцом, і сёння ўкладваю душу трэнера ў гандбалістаў, каб яны дасягалі высокага выніку і давалі новае дыханне клубу.

— СКА вашых часоў славіўся неверагоднай атмасферай, якая была ў камандзе.

— Мы жылі гандболам, перад адказнымі спаборніцтвамі збіраліся ўсе разам з трэнерам або па ўласнай ініцыятыве, уключалі манітор і абмяркоўвалі кожны момант гульні. Хто як можа згуляць, як зрабіць лепш, што прыдумаць. Цяпер тэхнічных магчымасцяў больш, але моладзі чагосьці не хапае, расхлябанасць нейкая ці што.

— Кажуць, ніхто тады не хацеў гуляць пад 6-м нумарам. Чаму?

— Былі такія забабоны: калі шасцёрка, значыць, «стукач», дакладвае, таму ніхто не хацеў яго браць. Цяпер гэта ўжо забыта.

— Што яшчэ змянілася за гэты час?

— Па-ранейшаму ўсе хлопцы, як і мы калісьці, стараюцца і спрабуюць дамагчыся чагосьці. Вядома, моладзь сёння, можа быць, не тая, але нікуды ад гэтага не падзецца, свет не стаіць на месцы. Новыя тэхналогіі, разнастайныя гаджэты, вядома, адцягваюць, але не ўсіх, бо хтосьці карыстаецца інтэрнэтам, каб гуляць у цацкі, а хтосьці — каб глядзець гандбол. Калі параўноўваць сучаснае пакаленне з нашым, то мы былі ўсе аддадзены гандболу, мы жылі гэтай гульнёй, а сёння — трэніроўка скончылася, і праз 5 хвілін усе ўжо з тэлефонамі. Гэта маё асабістае меркаванне, хтосьці, можа лічыць, па-іншаму.

— А калі казаць пра саму школу?

— Сёння кіраўніцтва клуба робіць шмат для развіцця. У многіх сярэдніх школах былі адкрыты гандбольныя секцыі ад СКА, так што моладзь у нас расце, з імі працуюць маладыя трэнеры, якія імкнуцца і шмат што робяць на гэтай ніве.

— Гэтак жа доўга, як і СКА, у вашым спартыўным жыцці прысутнічае Спартак Мірановіч...

— Гэта легенда гандбола, я з ім пачынаў працаваць з 1976 года, і перапынак быў толькі падчас тых 4-х гадоў, якія я гуляў за мяжой. Атрымліваецца, практычна 40 гадоў мы ўжо разам. Пад яго кіраўніцтвам я быў гульцом, сёння ён — галоўны трэнер СКА, а я яму дапамагаю. Гэта чалавек цалкам адданы свайму віду спорту, сваёй працы, з якога трэба браць прыклад, што я і раблю кожны дзень.

— Сёння можна сказаць, што ён па-ранейшаму з'яўляецца вашым настаўнікам?

— Вядома! Я не бачыў яшчэ ніводнага чалавека, які, як трэнер, змог бы быць з ім на роўных.

Аб зборнай

«Чалавек, народжаны для гандбола», — так пра Каршакевіча ў адным з інтэрв'ю сказаў яго напарнік па зборнай СССР Юрый Шаўцоў.

Сам Аляксандр пачаў займацца гандболам яшчэ школьнікам: гэта было не дзіўна, бо дзіцем ён быў актыўным. Усё атрымлівалася нядрэнна, і поспех да спартсмена прыйшоў у даволі маладым узросце. У 21 год ён ужо гуляў за зборную СССР на Алімпійскіх гульнях у Маскве. У матчы за «золата» за 5 секундаў да канца гульні гаспадары прайгравалі адзін мяч, Аляксандр Каршакевіч зрабіў кідок і пацэліў у перакладзіну, што дазволіла гульцам каманды ГДР, а не СССР, стаць уладальнікамі звання алімпійскіх чэмпіёнаў.

— Гэта забыць немагчыма, нават калі моцна захацець! Як толькі паказваюць маскоўскую Алімпіяду (не менавіта гандбол), а наогул, заўсёды чамусьці на кадрах момант, калі я не змог забіць гэты гол. Хоць забі я яго тады, усё магло б скласціся па-іншаму.

[caption id="attachment_106705" align="alignnone" width="600"]21-6 Гандбольны клуб СКА.1987 год.[/caption]

— Вы разважалі на гэтую тэму?

— Так, шмат разоў. Лік стаў бы роўным, далей дадатковы час і невядома, што там. А раптам стаў бы алімпійскім чэмпіёнам ды ў такім маладым узросце, падняў бы крылцы і закінуў гэты від спорту? А так яшчэ было да чаго імкнуцца.

— Гэта значыць, вы былі схільныя ў маладосці да «зорнай» хваробы?

— Быў момант, калі пасля чэмпіянату свету, які мы выйгралі, пачаліся паездкі, турнэ са зборнай, менш часу пачаў аддаваць трэніроўкам, стаў дзесьці паказваць сваё «я» ў клубе, а Спартак Пятровіч зрабіў проста — падчас фіналу Кубка СССР узяў і пасадзіў на трыбуну. Усё адразу стала ясна, і хваробу як рукой зняло. Наогул такая «зорнасць» страшная для спартсмена і непрымальная: нават калі ты лідар каманды, павінен весці за сабой калектыў, толькі так чалавек можа дасягнуць чагосьці ў вялікім спорце.

— Наогул трапіць у зборную СССР было марай?

— Канкурэнцыя тады была вялізная, і трапіць туды было вельмі складана. Па-першае, гэта было вялікім гонарам (дарэчы, я лічу, што і сёння выступаць за зборную Беларусі — таксама гонар). Па-другое, усім тады кіравала Масква, таму, каб прабіцца ў каманду, трэба было быць мацнейшым за сталічнага гульца на галаву. А калі ўжо прабіваўся ў склад, тады на плечы клалася вялікая адказнасць — абараняць гонар краіны.

— Вы часта паўтараеце, што тады спартсмены ў першую чаргу гулялі за Радзіму...

— У той час гэта была вельмі вялікая краіна, таму патрыятызм быў у нас у крыві. Калі іграў гімн і я стаяў на найвышэйшай прыступцы п'едэстала, заўсёды быў камяк у горле і слёзы на вачах, проста таму, што мы даказалі, што найлепшыя ў свеце. Патрыятызм ёсць і сёння, досыць успомніць нашых хлопцаў на чэмпіянаце свету ў Бразіліі — якія сабраныя яны былі пад гукі гімна, плячо да пляча.

Аб таленце

«Ён быў здольны на тое, чаго не мог зрабіць ніхто», — так Спартак Мірановіч характарызаваў свайго вучня.

Каршакевіча называлі найлепшым крайнім гандбалістам свету. У яго арсенале было галоўнае — высокая тэхніка і хуткасць. Многія варатары на сваім вопыце даведаліся, што такое «падкрутка» Каршакевіча і «парашут» савецкага гандбаліста. Дарэчы, гэтыя элементы ён прыдумаў сам.

— У камандзе ў цэнтры гуляў Ігар Кашкан, а з краю я. Спартак Пятровіч падказаў такую звязку, Ігар скідваў мяч мне ў зону, а я выконваў кідок, так і пайшло — парашут, парашут. Гэты прыём часта нас выручаў, у тым ліку на чэмпіянаце СССР. А «падкрутка» — гэта ўжо асабіста мая вынаходка: заставаўся пасля трэніроўкі на 5-10 хвілін і круціў мяч, потым ужо ў працэсе гульні мадэрнізаваў прыём.

— Ці доўга варатары не маглі справіцца з вашымі вынаходкамі?

— Першы час нават Мікалай Томін, вялікі варатар ЦСКА, у адным з інтэрв'ю сказаў, што Каршакевіч прымушаў стаць у такую позу, з якой зрабіць практычна нічога немагчыма. Сёння ўжо многія гульцы «круцяць» няблага.

— Ці праўда, што вам прапаноўвалі перайсці ў футбол?

— На трэніроўцы да мяне падышоў Эдуард Малафееў і сказаў: «Пераходзь да мяне, а то ў нас няма каму галы забіваць». Па яго выглядзе я зразумеў, што кажа сур'ёзна, але, вядома адмовіўся. Гэта быў 1982 год, я ўжо быў чэмпіёнам свету і прызёрам Алімпійскіх гульняў, таму мяняць від спорту было позна.

— А наогул, калі азірнуцца назад, вы хацелі б змяніць нешта ў сваім жыцці?

— Не, бо Алімпіяду-80 ужо не выкрасліш! Калі б у мяне была магчымасць выбраць зноўку сваю спецыяльнасць, я выбраў бы гандбол, з яго станоўчымі і адмоўнымі эмоцыямі.

Аб трэнерстве

У пачатку 90-х Аляксандр Каршакевіч з'ехаў у Германію, але яго выступленні там працягваліся нядоўга (як прызнаецца сам гандбаліст, «проста не ляжала душа, каб знаходзіцца там»). Праз 3 гады ён вярнуўся ў Беларусь і завяршыў сваю кар'еру спартсмена.

— Гады два наогул нічым не займаўся. Каб звязаць сваю працу не са спортам, нават не думаў, а потым пры вельмі добрым выпадку ў 1996-м мне прапанавалі паспрабаваць сябе ў ролі трэнера ў СКА. Так усё і закруцілася, налета ўжо будзе 20 гадоў, як я працую тут. Потым некаторы час узначальваў зборную краіны. Вядома, на плечы галоўнага трэнера падае нашмат больш адказнасці, чым на памочніка. Але кожны настаўнік хоча быць першым.

— Чаго вы хацелі б дасягнуць на пасадзе трэнера?

— Калі браць сённяшні сезон, то хацелася б трапіць у групу на кубак ЕГФ і спыніць ужо нарэшце брэсцкі гандбольны клуб (смяецца).

— Як ацэніце стан беларускага гандбола?

— Наогул у свеце сёння ён не стаіць на месцы. Мы часта спрачаемся з гульцамі на тэму таго, што раней гандбол быў «разумнейшы». Калі браць наша пакаленне, то тады, напэўна, у нас былі больш асэнсаваныя камбінацыі, але ўсё настолькі хутка мяняецца, што невядома, якім гандбол будзе заўтра.

Калі казаць пра Беларусь, то з прыходам у федэрацыю Уладзіміра Канаплёва, усё кардынальна змянілася. Гандбол у краіне пачаў расці — адкрываюцца школы, і дзеці ў іх ідуць.

Выступленні зборнай у апошнія гады нядрэнныя, на ўсіх топ-турнірах Беларусь прымае ўдзел, гэта ўжо вялікі крок наперад. Калі яшчэ праб'емся на Алімпіяду, будзе наогул выдатна.

Пра сям'ю

Не раз Аляксандр Уладзіміравіч казаў, што сямейнае шчасце прыйшло да яго значна пазней, чым спартыўнае, але сёння яно ёсць.

— У мяне выдатная сям'я, цудоўная жонка, дачка, унук, заўсёды ходзяць на ўсе матчы СКА. Асабліва унук — ён ужо, дарэчы, займаецца гандболам. Сямейнае шчасце — гэта калі муж і жонка разумеюць справу, якую робіць хтосьці з іх. Нездарма ж кажуць: мужык і жонка — найлепшая суполка. Жонка — гэта наогул залог будучыні сям'і.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Ён прымеркаваны да Года малой радзімы.

Культура

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі прыгожае імя Паўліна. 

Культура

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Гэта трэба, канешне, проста паслухаць — музыку аднаго з найдзіўнейшых сучасных беларускіх кампазітараў.