Вы тут

Настаўнік выхаднога дня


Пра тое, чаму сіротам патрэбны ўзаемаадносіны, а не цукеркі.

Па статыстыцы, у нашай краіне больш за чатыры тысячы малых выхоўваюцца ў дзіцячых дамах. І давайце шчыра: частка з іх ніколі не трапіць у сям'ю. Тая ж статыстыка сведчыць, што для дзяцей, старэйшых за 11 гадоў, шанц знайсці новых тату і маму — 0,7 працэнта. Прычыны, па якіх прыёмныя бацькі аддаюць перавагу малодшым, зразумелыя, але падлеткам клопат і блізкія людзі патрэбны не менш. Каб падтрымаць гэтую катэгорыю, установа па сацыяльнай адаптацыі дзяцей-сірот «Ніткі Сяброўства» развівае такую форму дапамогі як настаўніцтва. За падлеткам замацоўваюць дарослага, які раз на тыдзень наведвае выхаванца і праводзіць з ім час. Навошта дзіцяці патрэбен старэйшы сябар і да чаго мусіць быць гатовы настаўнік?

[caption id="attachment_106713" align="alignnone" width="600"]21-19 Ка­ар­ды­на­тар­ка пра­ек­та Анастасія ГІМ­РА і яе па­да­печ­ны Мак­сім сяб­ру­юць ужо ча­ты­ры га­ды.[/caption]

Сустрэцца раз на месяц — гэта мала

Чатыры гады таму дырэктар арганізацыі Арцём ГАЛАВІЙ, тады яшчэ проста валанцёр, трапіў у Кіеў на школу праекта па настаўніцтве:

— Там я зразумеў, што трэба вучыцца працаваць з дзецьмі адзін на адзін. Калі ты хочаш рэальна дапамагчы, вазьмі пад увагу канкрэтнага падлетка. Вядома, лягчэй прыехаць да ўсіх, паганяць з хлопцамі ў футбол. Але так не атрымліваецца закрануць асабістыя праблемы выхаванцаў.

Валанцёры адаптавалі ўкраінскую метадалогію пад нашы рэаліі і пайшлі з ёй у інтэрнатныя ўстановы. Расказалі пра дапамогу, якую гатовы аказаць. Сёння «Ніткі Сяброўства» супрацоўнічаюць з трыма сталічнымі дзіцячымі дамамі — №№5, 6 і 7. Падлеткам, што хочуць паўдзельнічаць у праекце, арганізацыя шукае настаўнікаў, якія ім найбольш падыдуць. Пяць пар ужо ўзаемадзейнічае, яшчэ каля дзесяці з'явяцца ў найбліжэйшы час.

— Трэба разумець, што падтрымка павінна быць пастаяннай. Скажы дзіцяці, абдзеленаму ўвагай, што ты наступны раз прыедзеш, — і яно будзе чакаць. Мы з самага пачатку агаворваем, што стасункі паміж настаўнікам і падлеткам павінны доўжыцца не менш за год, мінімум дзве гадзіны кожны тыдзень. Прыязджаючы раз-два на месяц, ты нічога не зменіш, — кажа Арцём.

Для людзей, якія хочуць стаць настаўнікамі (патрабаванне да ўзросту — больш за 18 гадоў), праводзяцца інфармацыйныя сустрэчы. Зацікаўленым прапануюць запоўніць спецыяльную анкету. Гэтае рэзюмэ вывучае псіхолаг і запрашае на размову (гутарка доўжыцца каля дзвюх гадзін). Чалавек таксама збірае даведкі, што ён не судзімы, не стаіць на ўліку. Потым абавязковае навучанне. На трэнінгах — яны разлічаны на адны выхадныя — будучыя настаўнікі даведваюцца пра псіхалогію дзяцей-сірот, удзельнічаюць у ролевых гульнях, каб лепш зразумець выхаванцаў. Ці гатовы чалавек стаць настаўнікам, вырашае кансіліум арганізацыі. Ёсць некалькі прычын, праз якія кандыдату могуць адмовіць. Напрыклад, калі ён самаўпэўнены і не хоча карыстацца дапамогай праекта. У складаных сітуацыях лепш звярнуцца па параду да спецыялістаў, а не самому спрабаваць вырашыць праблему метадам спроб і памылак. Іншая рызыкоўная катэгорыя — людзі з цяжкім лёсам, якія бачаць у сіротах сябе, абдзеленых і пакрыўджаных. Яны хочуць сабе дапамагчы, а не дзіцяці, і могуць толькі нашкодзіць падлетку.

Разбалаваныя спонсарамі

Часцей за ўсё ў настаўнікі прыходзяць людзі 25-30 гадоў. Валанцёры заахвочваюць далучацца да праекта болей мужчын, бо 70 працэнтаў дзяцей у інтэрнатных установах — хлопцы (дзяўчат сем'і забіраюць ахвотней). Дарослым тлумачаць: не трэба пазіцыянаваць сябе як бацькі. А сірот папярэджваюць, што да іх прыходзяць не патэнцыйныя ўсынавіцелі, а сябры, якім неабыякава, у якой сітуацыі падлеткі апынуліся. «Некаторыя малыя ў дзіцячых дамах вельмі разбалаваныя, — прызнаецца Арцём Галавій. — Асабліва ў Мінску, дзе шмат спонсараў. Дзеці нават некаторых валанцёраў спонсарамі называюць. Вядома, матэрыяльная падтрымка патрэбна. Нам, напрыклад, перад вераснем патэлефанавалі дзіцячыя дамы і папрасілі набыць канцылярскія тавары. Але ўсе гэтыя салодкія падарункі на святы... Дапамагаць лепш не цукеркамі. У большасці сірот карыес. Неяк падлічылі: у маскоўскіх інтэрнатных установах дзіця за Новы год з'ядае сем кілаграмаў цукерак! Так, трэба паляпшаць умовы — купляць добрыя ложкі, адзенне. Але што зменіцца, калі ў жыццё падлетка прыйшлі проста рэчы? Дзецям патрэбны ўзаемаадносіны. Яны адзінокія. Калі чалавек выходзіць з дзіцячага дома, веласіпед, падараваны спонсарамі, не застаецца ў яго».

Сярод былых выпускнікоў інтэрнатных устаноў шмат праблемных падлеткаў. Кожны другі пасля выхаду з дзіцячага дома здзяйсняе злачынства, кожны пяты становіцца валацугам, кожны сёмы спрабуе скончыць жыццё самагубствам. Толькі шостая частка былых выхаванцаў заводзіць сям'ю, а вышэйшую адукацыю атрымлівае ўсяго адзін працэнт. Чаму сіротам так складана наладзіць жыццё?

— Мая дачка вучыцца ў гімназіі-каледжы пры акадэміі музыкі. Настаўніца ім неяк расказала пра хлопчыка, якога адлічылі са школы. Той стаў ужываць наркотыкі, потым гандляваць імі. Зарабіў на восем гадоў за кратамі. Адседзеў, выйшаў — і зноў трапіў у турму. Дачка тады сказала вельмі добрую фразу: «Тата, калі мне штосьці прапануюць, я ў цябе спытаю». У дзяцей-сірот часам няма тых людзей, з кім яны параяцца. Яны хочуць нармальнага, шчаслівага жыцця. Але калі наступаюць крытычныя моманты, гэтыя падлеткі не знаходзяць правільнага выйсця, — тлумачыць Арцём.

Ёсць і іншы бок праблемы. Сіроты часам лічаць, што ўсе ім павінны. Мне патрэбен тэлефон — я паскарджуся, і валанцёры яго дастануць. І потым, калі дзеці вырастаюць, яны «гуляюць» з грамадствам, замест таго каб самім чагосьці дабівацца. Настаўнікам неабходна ўмець з гэтым правільна працаваць. Знайсці словы, каб запэўніць падлетка, што яму цяпер не новы тэлефон патрэбен, а, напрыклад, падцягнуць матэматыку.

«Спачатку ўсе «калючыя»

Анастасія ГІМРА, каардынатарка праекта, пачала настаўнічаць чатыры гады таму. Падапечным дзяўчыны стаў 13-гадовы хлопец. Вядома, былі спрэчкі наконт таго, ці могуць настаўнік і выхаванец быць рознага полу, але палічылі, што дзесяцігадовая розніца ва ўзросце дазваляе. Спачатку Насця і Максім сустракаліся толькі на тэрыторыі школы-інтэрната. Потым сталі выбірацца ў кіно, на хакейныя матчы, каталіся на каньках. Падлетак захапляўся футболам, таму Насця па магчымасці спрабавала падключаць яго да спартыўных мерапрыемстваў. Нейкі час Максім нават трэніраваўся ў клубе БАТЭ, але прыйшоў туды пазнавата, каб рабіць прафесійную кар'еру. Цяпер гуляе на аматарскіх матчах. І вучыцца ў каледжы на страхавога агента.

Дзяўчына ўзгадвае, што без складанасцяў не абышлося:

— Быў перыяд, калі Максім стаў мяне ігнараваць. Сіроты ў нейкі момант пачынаюць правяраць чалавека на адпаведнасць яго слоў і дзеянняў. Маўляў, ці будзеш ты мне дапамагаць, калі пачну паводзіць сябе па-іншаму. Тады я перажывала, баялася, што надакучыла. І эгаізм спрацаваў: як гэта, столькі часу прысвячаю чалавеку, а ён не звяртае ўвагі! Але потым падумала, што атрымліваю клопат з боку родзічаў, сяброў і магу аддаваць энергію, нічога не атрымліваючы ўзамен. Давер не адразу з'яўляецца. На першым этапе дзеці ўсе «калючыя», глядзяць з-пад ілба, трымаюць дыстанцыю. Але калі бачаць тваё пастаянства, што ты гатовы траціць свой час, цікавішся іх жыццём, сцяна недаверу паступова знікае.

Каб пасябраваць з падлеткам, трэба быць шчырым. Не можаш прыехаць да яго ў пэўны дзень — патэлефануй і патлумач, што табе тэрмінова неабходна вырашыць свае справы і вы ўбачыцеся іншым разам. Не давай ілжывых абяцанняў, бо дзеці ўсё запамінаюць. А калі не ведаеш, як адказаць на нейкае пытанне, прызнайся ў гэтым. «У дзіцячым доме аднойчы здарыўся няшчасны выпадак, і хлопчык з Максімавай групы памёр, — распавядае дзяўчына. — Натуральна, што ў падлеткаў быў шок. І калі Максім пытаў, чаму так адбылося, няўжо гэта справядліва, я не ведала, як адказваць. Такое цяжка патлумачыць. Я не гатова да пытанняў пра секс. Мне здаецца, не зусім карэктна, каб чалавек супрацьлеглага полу абмяркоўваў гэта. Прашу нашых хлопцаў-каардынатараў з падлеткамі паразмаўляць. Увогуле, што б вам дзеці ні расказалі, дзякуйце ім за тое, што давяраюць свае сакрэты».

З Максімам Насця бачыцца дагэтуль. І вынікі ад такога сяброўства, няхай і незаўважныя адразу, ёсць. Падлетак ведае, што такое клопат, і можа яго праяўляць да іншых. Прапануе паднесці торбу, наведвае таварыша ў бальніцы. Не баіцца штосьці спытаць у незнаёмых, хоць напачатку нават з настаўнікам з цяжкасцю размаўляў. Падлеткі вучацца самастойна прымаць рашэнні і адказваць за свае дзеянні. Карысныя навыкі для жыцця за межамі дзіцячага дома.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».