Вы тут

Вяртанне на Радзіму


Аўтары кнігі «Жыць і помніць», якая ўбачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда», наведалі пахаванні савецкіх салдат у сямі еўрапейскіх краінах і прывезлі адтуль зямлю для крыпты храма-помніка ў гонар Усіх Святых.

Доўгім і цяжкім быў шлях да Перамогі. Толькі перш чым скарыць Берлін, трэба было выгнаць ворага з роднай зямлі, вызваліць ад нацызму краіны Еўропы. На тэрыторыі дзесяці еўрапейскіх дзяржаў у жорсткі бой з гітлераўцамі ўступілі каля 8 мільёнаў савецкіх воінаў. Дзякуючы ім горад за горадам, сталіца за сталіцай падымаліся з няволі. За Бухарэст і Бялград, Будапешт і Варшаву, Вену і Прагу, Сафію і, нарэшце, за Берлін была заплачана высокая цана — на чужыне загінулі звыш мільёна савецкіх салдат...

[caption id="attachment_106759" align="alignnone" width="600"]21-35 Узяцце зямлі для крыпты храма-помніка з мемарыяльных могілак савецкіх воінаў (Германія, г. Рыза, зямля Саксонія).[/caption]

Асобныя пахаванні і нават цэлыя могілкі герояў рассеяны ад Буга да Берліна. Спачываюць удалечыні ад Радзімы і беларусы. За тым, як закладваліся першыя капсулы з зямлёй з гэтых святых месцаў у крыпце храма-помніка ў гонар Усіх Святых, з заміраннем сэрца назірала ўся краіна. Ва ўрачыстай цырымоніі прымаў удзел Прэзідэнт краіны, кіраўнікі праваслаўнай, каталіцкай, мусульманскай і іўдзейскай рэлігійных канфесій, а таксама дыпламатычных прадстаўніцтваў дзяржаў, адкуль была прывезена зямля. 39 капсул папоўнілі нішы крыпты і ў праваслаўнае свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Валанцёры руху БРСМ «Добрае сэрца» ажыццявілі ганаровую місію пасля малітвы і блаславення Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Усё гэта стала магчымым дзякуючы ўнікальнаму праекту, ажыццёўленаму пад эгідай Усіхсвяцкага прыхода Мінска з блаславення яго настаяцеля пратаіерэя Фёдара Поўнага. Аб воінах, нашых суайчынніках, якія загінулі за межамі Беларусі падчас Другой сусветнай вайны, а таксама месцах, дзе яны засталіся назаўсёды, расказваецца ў кнізе «Жыць і помніць», якая ўбачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». Гэта яе аўтары — прафесар акадэміі МУС Беларусі, ваенны гісторык Анатоль ШАРКОЎ і журналістка, перакладчыца Алена ХАРАШЭВІЧ — акрамя каштоўнай інфармацыі, прывезлі ў Беларусь зямлю са святых мясцін. Сёння яны — госці нашай рэдакцыі.

— Ці думалі вы, што на такім высокім узроўні будзе аддадзена даніна павагі палеглым на чужыне беларусам у гады Вялікай Айчыннай вайны?

А. Харашэвіч: — Праект нарадзіўся ў храме-помніку. Яго натхняльнікам стаў айцец Фёдар. Таму прадугледжвалася, што, акрамя наведвання месцаў баёў, пошуку воінскіх пахаванняў і іх вывучэння, фотазапісаў і відэаздымак, для крыпты праваслаўнага храма будзе прывезена зямля з месцаў гібелі нашых суайчыннікаў. Як дакладна адбудзецца ўшанаванне іх памяці, мы не ведалі, але меркавалі, што годна і ўрачыста, бо гэта святая зямля. Цырымоніі закладкі капсул — найвялікшая даніна павагі нашым землякам.

А. Шаркоў: — Беларускі народ вельмі пацярпеў у гады Вялікай Айчыннай вайны. І ўшанаванне памяці — у нас у крыві.

21-36

— А што тычыцца канкрэтна вашай сям'і, ці былі ў радаводзе тыя, хто не па чутках ведаў, што такое вайна?

А. Шаркоў: — Мой бацька прайшоў вайну з першага па апошні дзень. Вялікая Айчынная застала яго, афіцэра, у Полацку. На фронце быў нядоўга. Як беларуса яго накіравалі ў тыл ворага для арганізацыі партызанскага руху. Узначальваў штаб брыгады імя Кірава. Я вырас на бацькавых аповедах аб партызанскіх буднях. Ён часта расказваў, што самым галоўным было захаваць людзей. На фронце ваявалі яго браты, мае дзядзькі. Адзін не вярнуўся. І дагэтуль мы не ведаем, як склаўся яго лёс. У тых краях, дзе партызаніў бацька, народным мсціўцам дапамагаў мой дзядуля па матчынай лініі. Незадоўга да вызвалення Беларусі яго забралі ў турму ў Крупках, дзе разам з іншымі спалілі.

А. Харашэвіч: — У маёй сям'і пра вайну гаварылі мала. Ведаю, што дзед, матчын бацька, дайшоў да Польшчы. А дзед па бацькавай лініі не ваяваў. У першыя дні вайны ён застаўся без вачэй: падарваўся. І ніколі дзецьмі нас не бачыў. Мог да нас толькі дакранацца.

— Да зямлі якіх краін вы дакрануліся падчас пошуку пахаванняў воінаў-беларусаў, якія загінулі ўдалечыні ад Радзімы?

А. Харашэвіч: — Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Чэхіі, Венгрыі, Славакіі і Італіі.

А. Шаркоў: — У гэтых краінах мы хацелі не проста пабываць на месцах баёў і пахаванняў, прывезці адтуль зямлю, але і паглядзець, што робіцца там у справе ўвекавечвання памяці. Прычым мы наведалі памятныя месцы, дзе прадстаўлены ўсе катэгорыі ахвяр той вайны: забітыя ў баях вайскоўцы, ваеннапалонныя, якіх знішчылі ў фашысцкіх канцлагерах, прымусова прыгнаныя савецкія грамадзяне, што памерлі ад непасільнай працы, малалетнія вязні.

А. Харашэвіч: — Вельмі ўразіла брацкая магіла ў Дрэздэне, у якой пахаваны польскія і савецкія дзеці. У берлінскім раёне Тэгель знаходзяцца рускія могілкі, дзе сярод пахаванняў першай міграцыі, савецкіх вайскоўцаў, што загінулі падчас Другой сусветнай вайны, таксама ёсць дзіцячая брацкая магіла.

[caption id="attachment_106761" align="alignnone" width="600"]21-37 Помнік і магілы чырвонаармейцаў на воінскім пахаван ні Вермсдорф (Германія, н. п. Вермсдорф, зямля Саксонія).[/caption]

— У якой еўрапейскай краіне найбольш пахаванняў салдат Перамогі?

А. Шаркоў: — У Германіі. Акрамя таго, там больш за ўсё знакавых мемарыялаў, прысвечаных героям Другой сусветнай вайны: Трэптаў-парк, Тыргартэн, Панкоў... Мемарыяльны комплекс палеглым савецкім воінам «Зяелаўскія вышыні» нагадвае пра самую вялікую бітву Другой сусветнай вайны на нямецкай зямлі. У бітве за Зяелаўскія вышыні загінулі дзясяткі тысяч савецкіх салдат, 1-й Польскай арміі і германскага вермахта. У лістападзе 1945 года тут былі закладзены ваенныя могілкі, на якіх 196 індывідуальных пахаванняў. Ля падножжа мемарыяла спачывае каля 30 тысяч нашых воінаў. І дагэтуль на месцах баёў знаходзяць непахаваныя астанкі палеглых.

А. Харашэвіч: — Побач з Патсдамам, на Міхендорфскай шашы, знаходзяцца вялікія могілкі, дзе спачывае звыш 5 тысяч савецкіх грамадзян. Але тут пахаваны не толькі тыя, хто загінуў падчас баёў. Ваеннаслужачых, грамадзянскіх спецыялістаў, якія памерлі пры розных абставінах, тут хавалі і пасля вайны. У 1947 годзе на могілках быў пастаўлены помнік савецкім воінам. Ля падножжа помніка — мемарыяльныя пліты. На адной з іх пазначаны прозвішчы 126 загінулых салдат. Ёсць сярод іх і беларусы.

А. Шаркоў: — Найбольшая колькасць пахаванняў сканцэнтравана ў Германіі яшчэ і таму, што многія лагеры для ваеннапалонных размяшчаліся менавіта там. У лагеры Цайтхайн, напрыклад, загінула звыш 70 тысяч чалавек. Цяпер на гэтым месцы — мемарыяльны комплекс, які складаецца з чатырох могілак. У гэтых масавых пахаваннях спачывае 32 тысячы савецкіх ваеннапалонных, у тым ліку 589 ураджэнцаў Беларусі. У асноўным гэта вайскоўцы, якія трапілі ў палон у першыя месяцы вайны. Усе яны — пайменна — прыведзены ў дадатку да кнігі «Жыць і помніць».

[caption id="attachment_106762" align="alignnone" width="600"]21-38 Тут пахаваны савецкі салдат Міхаіл Гарачаў. Сваё імя
магіла пад ну ма рам 33 атрымала не так даўно (г. Астралэнка, Польшча).[/caption]

А. Харашэвіч: — У самым цэнтры Будапешта, на гарадскіх могілках Керэпешы, дзе пахаваны многія вядомыя венгерскія палітычныя, дзяржаўныя і культурныя дзеячы, а таксама нацыянальныя героі, стаіць мемарыял савецкім воінам, якія загінулі ў баях пры вызваленні Венгрыі і сталіцы ў 1945 годзе. Толькі ў брацкіх магілах пахавана каля 7 тысяч чалавек. Індывідуальна — 4898 салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, у тым ліку 21 Герой Савецкага Саюза. 456 ваеннаслужачых да гэтага часу застаюцца невядомымі. Акрамя таго, на гэтых могілках, якія лічацца аднымі з найбуйнейшых ва Усходняй Еўропе, спачываюць і савецкія вайскоўцы, што загінулі падчас Венгерскага паўстання 1956 года.

Пры вызваленні Польшчы не стала больш як 600 тысяч савецкіх вайскоўцаў. Толькі ў баях за Варшаву палегла звыш 21 тысячы салдат і афіцэраў. Усяго на тэрыторыі краіны ўлічана 644 (па некаторых звестках — 648) савецкіх воінскіх пахаванняў перыяду Другой сусветнай вайны. У іх спачывае больш за 1,3 мільёна чалавек, у тым ліку ваеннапалонных.

На тэрыторыі Славакіі знаходзіцца 12 буйных ваенна-мемарыяльных могілак, 34 брацкія і 140 асобных пахаванняў савецкіх воінаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

[caption id="attachment_106763" align="alignnone" width="600"]21-39 Чырвоная зорка на месцы падзення забітага салдата.[/caption]

— Як часта ў безыменных магіл з'яўляюцца імёны?

А. Шаркоў: — Даволі часта. І мы заўважылі, што адбываецца гэта дзякуючы сваякам палеглых салдат. Яны прыязджаюць у гэтыя краіны, знаходзяць патрэбныя пахаванні і пазначаюць гэтыя магілы або фотаздымкам, або подпісам. Не раз на гранітных плітах нам даводзілася чытаць: беларус, з Навагрудка... Напрыклад, пайменна вядомы ўсе выхадцы з Беларусі, якія загінулі ў бітве пад Монтэ-Касіна. Нашы суайчыннікі, ураджэнцы заходніх губерняў, служылі ў 2-м польскім корпусе Андэрса. У 1943—1944 гадах часці корпуса былі перакінуты ў Італію, дзе саюзнікі змагаліся з нямецкімі войскамі. Бітва за Монтэ-Касіна доўжылася 123 дні. На полі бою палегла 924 салдаты корпуса Андэрса, у тым ліку 180 беларусаў. Іх імёны — у кнізе. Увогуле ва ўсёй італьянскай кампаніі загінулі 863 нашы землякі.

А. Харашэвіч: — На брацкіх могілках савецкіх воінаў у польскім горадзе Астралэнка, што на Беласточчыне, пахавана 10625 чырвонаармейцаў. З іх вядомы толькі 765. І калі б не настойлівыя пошукі сваякоў, магіла пад нумарам 33 па-ранейшаму заставалася б безыменнай. Таблічку з імем і гадамі жыцця прывезлі сюды родныя Міхаіла Гарачава, якія жывуць у Мінску. Знайсці магілу брата і дзядзькі ім дапамог Чырвоны Крыж. У сям'і яго сястры захаваліся лісты, якія Міхаіл дасылаў з фронту. У кожным з іх ён з любоўю перадае прывітанне з перадавой. Захоўваецца ў Гарачавых і пахаванка. Увогуле, тое, што яны знайшлі магілу, — цуд. Справа ў тым, што пахаванне ў Астралэнцы зборнае: палеглых салдат прывозілі сюды з розных месцаў баёў. Тым не менш магіла пад нумарам 33 атрымала сваё імя.

— Але не ўсе могуць дабрацца так далёка, каб пакланіцца магілам сваіх продкаў. Хто іх даглядае? У якім стане пахаванні нашых воінаў, якія палеглі на чужыне?

А. Шаркоў: — Паміж многімі краінамі падпісаны дагавор па доглядзе воінскіх пахаванняў. Пры пасольствах ёсць аддзелы, якія займаюцца мемарыялізацыяй памяці. Падключаюцца да гэтай справы грамадскія арганізацыі, Чырвоны Крыж. На такія вялікія мемарыялы, як Тыргардэн або Трэптаў-парк, кіраўніцтвам Германіі, напрыклад, выдзяляецца прыкладна каля мільёна еўра ў год.

А. Харашэвіч: — У асноўным пахаванні савецкіх салдат у дастаткова добрым стане. Дагледжаны і вялікія мемарыялы, і брацкія магілы, і асобныя пахаванні. Калі нешта прыходзіць у заняпад, адбываецца рэстаўрацыя. Але, на жаль, не ўсюды. Узяць хаця б Венгрыю. На тэрыторыі мемарыяла ў горадзе Секешфехервар пахаваны астанкі 4138 савецкіх воінаў. Баі за венгерскі горад, які знаходзіцца ў 70 кіламетрах ад Будапешта, ішлі на працягу студзеня, лютага і сакавіка 1945 года. Бывала так, што кварталы горада пераходзілі з рук у рукі некалькі разоў на працягу дня. Нашы войскі неслі вялікія страты. У асноўным салдат хавалі ў тых траншэях і варонках, дзе іх напаткала смерць. Канчаткова Секешфехервар быў вызвалены 22 сакавіка 1945 года ў ходзе Венскай аперацыі. Ужо 7 кастрычніка тут адкрылі пахаванне савецкіх воінаў, астанкі якіх былі сабраны ў шмат якіх месцах горада і найбліжэйшых населеных пунктах. Пасля вываду савецкіх войск з Венгрыі ў 1989 годзе могілкі рускіх салдат пачалі прыходзіць у заняпад. На шчасце, летась яны былі адноўлены расійскім фондам «Пакаленне».

[caption id="attachment_106764" align="alignnone" width="600"]21-40 Месца пахавання савецкага байца ў замку Боры-Вар (г. Секеш фехервар, Венгрыя).[/caption]

— А ці не адбываецца таго, што мы назіралі ў той жа Прыбалтыцы? Ці ўсе помнікі воінам-вызваліцелям засталіся на сваіх месцах?

А. Харашэвіч: — На вяршыні гары Гелерт, якая з'яўляецца найвышэйшым пунктам Будапешта, стаіць абеліск, усталяваны ў 1947 годзе ў гонар вызвалення Венгрыі. Раней на ім былі выгравіраваны барэльеф ордэна Айчыннай вайны і імёны 164 Герояў Савецкага Саюза, якія ўдзельнічалі ў вызваленні сталіцы. Побач стаяла бронзавая фігура савецкага салдата са сцягам у руках, знаходзіліся пахаванні чырвонаармейцаў. Падчас Венгерскай рэвалюцыі 1956 года фігура салдата была разбурана, а пахаванні перанесены ў іншае месца. Пазней помнік аднавілі і перадалі ў музей помнікаў. Савецкая сімволіка і імёны герояў былі выдалены з абеліска назаўсёды.

І ў той жа час — супрацьлеглая сітуацыя. Амаль у самым цэнтры Прагі, на Замкавай гары, знаходзіцца магіла воіна Белякова. Проста дзіўна! Замкавая гара, Міністэрства замежных спраў, каталіцкі храм, гасцініца Ларэта і побач — немудрагелісты абеліск з чырвонай зоркай зверху. Пакідаючы Прагу ў маі 1945-га, немцы замініравалі ўсе гістарычныя аб'екты. У размініраванні ўдзельнічалі салдаты танкавай дывізіі маршала Конева, у тым ліку чырвонаармеец Белякоў. Цяжка паранены, ён лячыўся ў маленькімі шпіталі пры гарадскім манастыры. Знаходзіўся ў вельмі цяжкім стане, але кожны раз, калі ў манастырскай вежы білі куранты, яму станавілася лягчэй. Адчуваючы набліжэнне смерці, Белякоў папрасіў урачоў: «Калі я памру, пахавайце мяне непадалёк адсюль, каб я заўсёды чуў гэты цудоўны бой». Пражане выканалі просьбу воіна.

А. Шаркоў: — Яшчэ можна ўзгадаць пахаванне савецкага салдата, якое знаходзіцца ў замку Боры-Вар, што ў Венгрыі. Замак, пабудаваны вядомым венгерскім скульптарам і архітэктарам Ене Боры ў знак кахання да сваёй жонкі Ілоны, з'яўляецца адзінай архітэктурнай славутасцю горада Секешфехервар. Скульптар ствараў яго на працягу 45 гадоў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны савецкія салдаты ахоўвалі замак ад разрабавання. Аднойчы нямецкі снайпер застрэліў карэкціроўшчыка артылерыйскага агню, які дзяжурыў на адной з вежаў. Гаспадар пахаваў вайскоўца ў садзе, а на месцы, дзе ён упаў, выклаў пяціканцовую зорку з чырвоных камянёў. У выглядзе такой жа зоркі стварыў помнік, які стаіць і цяпер. На жаль, імя загінулага воіна дагэтуль застаецца невядомым. Па традыцыі, на гэтае месца зараз прыязджаюць маладыя і ўскладаюць ля помніка кветкі.

— Пахаванні савецкіх салдат часоў Другой сусветнай вайны існуюць у 49 краінах свету. Ці азначае гэта, што ваша праца працягнецца: убачаць свет новыя кнігі, а ў крыпце храма-помніка з'явіцца зямля з іншых месцаў, дзе спачываюць нашы землякі?

А. Харашэвіч: — Калі мы наведвалі мемарыял у Варшаве, да нас звярнуліся жанчына з маладой дзяўчынай. Аказалася, што апошняя прыехала да сваёй цёткі з Украіны, каб знайсці магілу свайго прадзеда. І гэта ўжо якое пасляваеннае пакаленне! Людзі шукаюць і знаходзяць. Спадзяюся, мы будзем дапамагаць ім у гэтым і далей.

А. Шаркоў: — Нават знайшоўшы патрэбную магілу, не ў кожнага ёсць сродкі, каб да яе дабрацца. Не ва ўсіх хопіць і сіл. Але кожны можа прыйсці ў храм-помнік і пакланіцца той зямлі, у якой пахаваны яго продак. У крыпце яшчэ нямала незапоўненых ніш. Таму наперадзе — шмат падарожжаў!

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фотаздымкі прадастаўлены Аленай ХАРАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».