Вы тут

Налета ў краіне адрамантуюць амаль 50 км дарог і больш за 1300 пагонных метраў мастоў


Як ідзе праца на будаўніцтве другой кальцавой аўтадарогі вакол Мінска? Колькі сродкаў выдаткоўваецца на ўтрыманне беларускіх дарог? Якія магістралі стануць платнымі і што новага чакаць у дарожнай сферы? Напярэдадні Дня аўтамабіліста і дарожніка, які адзначаецца 25 кастрычніка, на пытанні «Звязды» адказаў намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксей АЎРАМЕНКА.
21-32

— Адна з найважнейшых падзей не толькі гэтага месяца, але і года — адкрыццё першага ўчастка МКАД-2. Раскажыце пра асноўныя характарыстыкі гэтай дарогі.

— Працягласць участка ад М3 да Р28  складае 27,3 км пры агульнай працягласці першага этапу 46 км.

Узбочыны, раздзяляльная паласа і тэхналагічная праслойка зроблены ў асфальтабетонным выкананні. Такое рашэнне тэхналагічна і эканамічна апраўдана, дазваляе скараціць тэрміны будаўніцтва і, што немалаважна, візуальна выразна размяжоўвае праезную частку, раздзяляльную паласу і ўзбочыну — гэта павялічвае бяспеку руху.

Першай дарогай, дзе ў якасці дарожнага палатна ўкладваюць бетон, стала менавіта другая МКАД. Будаваць бетонныя дарогі ў Беларусі на 4% даражэй, чым асфальтавыя. Затое падчас эксплуатацыі «бетонкі» даюць істотную эканомію: без капітальнага рамонту яны абыходзяцца мінімум 30 гадоў. Увесь матэрыял для іх вырабляюць мясцовыя заводы.

Агульны кошт будаўніцтва першага этапу складзе 3,1 трлн рублёў. Фінансаванне ажыццяўлялася за кошт сродкаў бюджэту, дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця і крэдытных сродкаў ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь». Кошт будаўніцтва другога этапу ацэньваецца ў 2,3 трлн рублёў.

— Наколькі другая кальцавая будзе больш бяспечнай для людзей і наваколля?

— Дарога спраектавана ў адпаведнасці з заканадаўствам у галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў.

Больш за тое, праектам прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на арганізацыю максімальнай бяспекі дарожнага руху і аховы навакольнага асяроддзя. Напрыклад, па дарозе можна будзе бяспечна ехаць з хуткасцю 120 км/г, металічны бар'ер не дасць аўтамабілям выязджаць на сустрэчную паласу, на ўсім шляху не будзе перасячэнняў на адным узроўні з левымі паваротамі. У месцах інтэнсіўнага пешаходнага руху прадугледжаны пераходы на розных узроўнях, на скрыжаваннях з іншымі дарогамі — транспартныя развязкі ў розных узроўнях. Ад дзікіх жывёл ставяцца ахоўныя сеткавыя агароджы.

Уздзеянне дарогі на аб'екты расліннага свету будзе мінімальным, увогуле негатыўнага ўплыву на навакольнае асяроддзе не чакаецца.

— Адкрыццё якіх участкаў на чарзе?

— У адпаведнасці з графікамі выканання работ, у 2015 годзе плануецца адкрыць рух ад аўтамабільнай дарогі М3 Мінск — Віцебск да аўтамабільнай дарогі М6 Мінск — Гродна. Да 1 студзеня 2017-га мяркуецца пабудаваць участак ад аўтадарогі М6 да аўтадарогі М1/Е30 Брэст — Мінск — мяжа Расійскай Федэрацыі, і тады другое сталічнае кольца запрацуе ў поўным аб'ёме.

21-22

— Існуючыя трасы падтрымліваць таксама трэба. Як вы працуеце ў гэтым кірунку?

— Да канца 2015 года плануецца выканаць капітальны рамонт на 39 км рэспубліканскіх аўтамабільных дарог і на 1374 п/м мастоў. Бягучым рамонтам плануецца завяршыць 772 км дарог і 1457 п/м мастоў. Усяго на гэтыя работы прадугледжана сёлета накіраваць 1160 млрд рублёў.

Да канца года будзе завершана рэканструкцыя ўчастка аўтамабільнай дарогі Р21 Віцебск — мяжа Расійскай Федэрацыі (Лёзна), Р70 Княжыцы — Горкі — Леніна — мяжа Расійскай Федэрацыі (Дружная). Цалкам сёння завершана будаўніцтва пад'язных аўтамабільных дарог да АЭС.

На наступны год планы таксама грандыёзныя. На работы па капітальным і бягучым рамонтах за кошт сродкаў рэспубліканскага дарожнага фонду плануецца накіраваць 1316 млрд рублёў. Гэтыя грошы пойдуць на капрамонт 48,2 км рэспубліканскіх дарог і 1360 п/м мастоў.

На рэканструкцыю аўтамабільных дарог налета плануецца накіраваць 1065 млрд рублёў, з якіх каля паловы прадугледжаны на будаўніцтва другога этапу другой кальцавой на ўчастку ад аўтамабільнай дарогі М6/Е 28 Мінск — Гродна — мяжа Рэспублікі Польшча да аўтамабільнай дарогі М1/Е30 Брэст (Казловічы) — Мінск — мяжа Расійскай Федэрацыі (Рэдзькі).

Плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ўчастак аўтамабільнай дарогі Р16 Цюхінічы — Высокае — мяжа Рэспублікі Польшча (Пясчатка) працягласцю 5,4 км, мост праз р. Грыўда на аўтамабільнай дарозе М11/Е85 мяжа Літоўскай Рэспублікі (Беняконі) — Ліда — Слонім — Быцень працягласцю 54,8 паг. метраў, мост праз р. Ольса на км 1,428 аўтамабільнай дарогі Р79 Клічаў — Чачэвічы працягласцю 112,8 п/м.

Акрамя таго, плануецца завяршыць рэканструкцыю аўтамабільнай дарогі М5 Мінск — Гомель на ўчастку Бабруйск — Жлобін, работы на якім ажыццяўляюцца за кошт прыцягнутага крэдыту КНР.

— Колькі дарог плануецца зрабіць платнымі ў найбліжэйшы час?

— На сёння платнымі ў Беларусі з'яўляюцца ўчасткі рэспубліканскіх аўтамабільных дарог агульнай працягласцю 1189 км. Згодна з Дзяржаўнай праграмай па развіцці і ўтрыманні аўтамабільных дарог у Рэспубліцы Беларусь на 2015—2019 гады, да 2020 года працягласць платных дарог складзе 1 968 км.

Цяпер вядуцца планавыя работы ў адпаведнасці з інвестыцыйным дагаворам па ўкараненні электроннай сістэмы спагнання платы за праезд па платных аўтамабільных дарогах на новых участках аўтадарог агульнай працягласцю 323 км.

Дарэчы, з 1 лістапада прадугледжана ўвядзенне платы за праезд па новых участках дарог М5/Е 271 Мінск — Гомель (км 212 — 295), М6/Е 28 Мінск — Гродна — мяжа Рэспублікі Польшча (Брузгі) (км 211—214) , Р21 Віцебск — мяжа Расійскай Федэрацыі (Лёзна) (км 9—40, км 42—52), Р23 Мінск — Мікашэвічы (км 10—80), Р99 Баранавічы — Ваўкавыск — Пагранічны — Гродна (км 16—89, км 91—111, км 121—148), пад'езд да мяжы Рэспублікі Польшча (Бераставіца) ад аўтадарогі Р99 (на ўсім працягу).

— Якія яшчэ праекты, звязаныя з аўтамагістралямі, збіраецеся рэалізаваць у хуткай перспектыве?

— Асноўная ўвага надаецца паляпшэнню транзітнай прывабнасці Беларусі. У 2015-м працягваецца рэканструкцыя дарогі М5 на ўчастку Бабруйск — Жлобін, фінансаванне якога ажыццяўляецца за кошт ільготнага пакупніцкага крэдыту Эксімбанка КНР; работы пачаліся ў 2014 годзе і будуць завершаны ў 2016 годзе.

Яшчэ адзін перспектыўны праект галіны — гэта рэканструкцыя па параметрах І катэгорыі аўтамабільнай дарогі М6 Мінск — Гродна. Сусветны банк выдзяляе крэдыт у суме 250 млн долараў ЗША для рэалізацыі гэтага праекта. Даць старт работам плануецца ў пачатку наступнага года.

Найбліжэйшыя планы — мадэрнізацыя аўтамабільнай дарогі М10 мяжа Расійскай Федэрацыі (Селішча) — Гомель — Кобрын. Гэтая аўтадарога з'яўляецца адным са значных міжнародных транспартных маршрутаў, забяспечвае самую кароткую сувязь краін Еўрапейскага саюза, Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі і ў перспектыве ўвойдзе ў маршрут Шаўковага шляху (Заходняя Еўропа — Заходні Кітай).

Прапрацоўваецца пытанне рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі М10 на ўчастку ад Рэчыцы да Калінкавіч. Праект уключаны ў спіс пілотных праектаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

— Калі казаць пра міжнароднае супрацоўніцтва, як яно адбываецца ў аўтамабільна-дарожнай сферы?

— Мінтранс актыўна супрацоўнічае з Эксімбанкам КНР. У цяперашні час за кошт гэтых сродкаў завершана рэканструкцыя аўтамабільнай дарогі М5 на ўчастку Жлобін — Гомель і выконваюцца работы на ўчастку Бабруйск — Жлобін. Цяпер прапрацоўваецца пытанне за кошт сродкаў КНР выканаць рэканструкцыю М6 на ўчастку км 130,4 — км 197,7.

Таксама супрацоўнічаем з Сусветным банкам.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

seradzyuk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.