Вы тут

Святло душы


Нядаўна ў літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася прэзентацыя кнігі ўспамінаў пра Юльяна Пшыркова — доктара філалагічных навук, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа і проста светлага, добрага, шчырага чалавека.

Назву «Дарыў святло сваёй душы людзям і Айчыне» даў укладальнік і аўтар прадмовы доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі, прафесар, вучань Ю.С. Пшыркова Сцяпан Лаўшук. Ён, як і яго настаўнік, руплівец і працаўнік не толькі на навуковай ніве, але і на зямлі свайго дачнага ўчастка на славутай Лысай гары.

Усе аўтары выдання (а іх 28) успамінаў пра слаўнага сына Беларусі Юльяна Пшыркова адзначалі яго вялікі ўклад у развіццё айчыннага літаратуразнаўства як аднаго з заснавальнікаў акадэмічнага коласазнаўства. Ён быў першым, хто слушна ацаніў выдатную паэму «Новая зямля», даўшы бой вульгарызатарам, найперш Л. Бэндэ.

Некалькі пакаленняў беларусаў родную літаратуру вывучалі па яго падручніках і дапаможніках для сярэдняй школы.

У сваіх успамінах Серафім Андраюк адзначае: «І вось мне, даўно сівому яго вучню, думаецца, што самым вызначальным, галоўным у майго настаўніка (я не кажу былога, бо ён і цяпер для мяне настаўнік) былі душэўная дабрыня, шчырасць, чалавечнасць і адначасова прынцыповасць у сцвярджэнні і адстойванні сваіх ідэй, прынцыпаў. Гэта прыклад сапраўднага беларуса, народжанага гэтай зямлёй і вернага ёй».

Якое шчасце мець такога Настаўніка! На вялікі жаль, я не ведала Юльяна Сяргеевіча, толькі шмат добрага пра яго чула ад удзячных яму людзей. Я яго зямлячка, нарадзілася ў Чачэрску. А вось яго верную спадарожніцу жонку Нону Іванаўну помню добра.

На дачным участку мы суседзі. Якая яна агародніца, кветкавод, цудоўная гаспадыня, кулінарка, рукадзельніца, траўніца! Яны з мужам вельмі любілі збіраць грыбы і лекавыя травы. Юльян Сяргеевіч, аказваецца, ведаў 99 (!) назваў зёлак.

Іх гасцінны дом на вуліцы Светлай, 7 у Мінску быў адкрыты для добрых людзей — шматлікай радні, калег, студэнтаў, суседзяў. Толькі добрыя, удзячныя словы ва ўспамінах С. Лаўшука, А. Лойкі, В. Рагойшы і ўсіх аўтараў кнігі.

Асабліва кранулі мяне ўспаміны дзяцей Юльяна Сяргеевіча — Вольгі, Таццяны, Сяргея, унукаў.

Усё найлепшае ад бацькі і дзеда перадалося ўсім ім. І бацькоўскі дом, і дачны з агародамі і садамі ідэальна дагледжаны.

Усе дзеці і ўнукі таленавітыя і працавітыя, шчодрыя і шчырыя, гасцінныя людзі, вартыя сваіх любімых бацькоў і дзядулі з бабуляй, якія выхоўвалі іх на сваім прыкладзе, як трэба жыць сярод людзей. Галоўнае — добразычліва ставіцца да навакольных. Вольга і Таццяна — таксама цудоўныя агародніцы, кулінаркі, рукадзельніцы, шчодрыя і гасцінныя. У іх крыві — патрэба дарыць людзям дабро.

На прэзентацыі быў паказаны цудоўны фільм, таленавіта зняты Таццянай сваёй кінакамерай, якую ёй падарыў бацька.

Валянціна ЛУЦЭВІЧ-СКАРЫНКІНА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.