Вы тут

Паказвае... школьнае TV


Нават маленькая правінцыяльная школа можа быць паспяховай.

Прывіць любоў да малой радзімы праз стварэнне школьнага дакументальнага клуба вырашылі ў невялічкай базавай школе чэшскага гарадка Пабяжовіцэ. Пра тое, каму прыйшла гэта ідэя і як звычайныя школьнікі з правінцыйнага гарадка, размешчанага на мяжы з Германіяй, сталі рэпарцёрамі Чэшскага тэлебачання, расказаў дырэктар школы Уладзімір ФОЙСТ. 8631 — Наш рэгіён называецца Чэшскі лес. Яшчэ яго называюць «зялёным дахам Еўропы». Гэта цудоўная прыродная рэзервацыя захавалася дзякуючы «жалезнай заслоне». Карэнных жыхароў адсюль выселілі, але ў 90-я гады, калі «заслоны» не стала, тэрыторыя зноў пачала засяляцца. Адна з самых галоўных праблем на сённяшні дзень — высокая міграцыя насельніцтва па сацыяльна-эканамічных прычынах. Моладзь, на жаль, не затрымліваецца і з'язджае... Каб змяніць сітуацыю, сталі думаць, як прывязаць дзяцей да таго месца, дзе яны жывуць і вучацца, як устанавіць сувязь з малой радзімай, каб яны менавіта з ёй звязвалі сваю будучыню. Мэта была, але не было сродкаў для яе дасягнення, — канстатуе дырэктар. — І тут да нас дайшоў заклік дзяржаўнага тэлеканала «ČT24» далучацца да праекту «Dіgіnáves». Журналісты-прафесіяналы шукалі рэпарцёраў-аматараў, якія будуць асвятляць падзеі ў сваім рэгіёне. У нас нарадзілася смелая думка: а чаму гэтымі рэпарцёрамі не могуць стаць нашы вучні? Падалі заяўку і былі ўключаны ў праект — за шэсць гадоў ён стаў у горадзе і рэгіёне «дамашнім» і знаходзіцца ў цэнтры ўсеагульнай ўвагі. Дзякуючы далучэнню да праекта школа змагла аснасціць уласную каманду рэпарцёраў тэхнікай і праграмным забеспячэннем. Вядома, размова ідзе пра тэхніку, што была ў карыстанні, не новую, тым не менш самім яе набыць было бы праблематычна. Да таго ж прафесіяналы прадаставілі метадычную і прафесійную дапамогу пачаткоўцам. І настаўнікаў, і школьнікаў навучылі, як працаваць з камерай, як манціраваць сюжэт, расказалі пра рэдактарскую працу і журналісцкую этыку. Тэмай першага самастойнага рэпартажу стаў калядны школьны кірмаш. А ўсяго было падрыхтавана ўжо 124 рэпартажы пра падзеі ў школе і рэгіёне. Яны рэгулярна публікаваліся на сайце Чэшскага тэлебачання, а 10 з іх нават трапілі ў дзяржаўнае вяшчанне ў праграму навін, якая транслюецца на ўсю краіну. Цяпер у школе актыўна працуюць тры групы. У склад кожнай каманды ўваходзяць аператар, рэдактар, асістэнт, фатограф і кіраўнік каманды. Узрост «журналістаў» — ад 9 да 16 гадоў. З педагогаў іх працу курыруюць настаўнік інфарматыкі, педагог па тэатральным выхаванні і тэхнік. Праект працягваецца ўжо без фінансавай падтрымкі Чэшскага тэлебачання (у школу дасылаюцца толькі чахлы на мікрафон з новымі лагатыпамі канала), але па-ранейшаму школьнікі могуць атрымаць электронную кансультацыю ад прафесіяналаў. Калі, напрыклад, яны жадаюць зрабіць нейкі сюжэт, але ў чымсьці сумняваюцца, у іх ёсць магчымасць звярнуцца ў «дарослую» рэдакцыю навін, дзе ім падкажуць, як лепш увасобіць іх ідэю. — Мы вельмі цэнім гэту дапамогу, — падкрэслівае дырэктар. — Для працы каманды рэпарцёраў патрабуюцца лічбавая камера з выхадам для мікрафона, штатыў, устройства рэзервовага капіравання, камп'ютар або ноўтбук і лічбавы фотаапарат. Заключная праца, мантаж і субцітры робяцца з дапамогай праграмы Pіnnacle Studіo. Адсутнасць іншага прафесійнага абсталявання замяняе інтэрактыўная дошка: дзеці любяць збірацца побач з ёй, каб абмеркаваць мантаж відэасюжэту. Фінальная версія рэпартажу ствараецца ў выніку агульнай дыскусіі. Кожны мае права голасу... Па словах Уладзіміра Фойста, акцэнт у іх школе робіцца на праектную дзейнасць. Напрыклад, дзеці здымалі рэпартаж пра тое, як стары школьны сад ператвараецца ў экалагічны. Для гэтага трэба было вывучыць мноства матэрыялаў, разабрацца ва ўсіх нюансах экалогіі і экалагічнага выхавання. Увогуле праца школьнага тэлебачання звязана з вялікай колькасцю вучэбных прадметаў і абласцей: інфарматыкай, чэшскай мовай і літаратурай, гісторыяй, пазакласнай дзейнасцю... Юныя рэпарцёры прысутнічаюць на цікавых уроках, на школьных і пазашкольных мерапрыемствах. Створаныя імі відэасюжэты са школьнага жыцця раз на тыдзень дэманструюцца на перапынках на вялікім экране ў галоўным калідоры. Іх працу ўсе з нецярплівасцю чакаюць... — За шэсць гадоў журналістамі ў нас папрацавалі больш як 70 вучняў: яны паспрабавалі сябе ў ролі аператараў, сцэнарыстаў, рэдактараў, мантажораў і гукааператараў. Дзеці засвоілі тэхніку, праграмы для апрацоўкі відэа і фатаграфій, набылі рытарычныя навыкі...Ніякага конкурснага адбору ў рэпарцёрскую каманду мы не ладзім. Усе, хто хоча ўдзельнічаць, далучаюцца. Значэнне мае толькі гатоўнасць і жаданне дзіцяці працаваць у пазаўрочны час. Ужо ў працэсе працы высвятляецца, хто і якую функцыю будзе выконваць, што каму бліжэй, — тлумачыць Уладзімір Фойст. — Вялікі плюс — праца школьнікаў у камандзе, набыццё агульных каштоўнасцяў, але пры гэтым ёсць магчымасць рэалізацыі ўласных ідэй. У школе вучыцца хлопчык з цыганскай сям'і. Раней даводзілася пераконваць яго бацькоў, што дзіця павінна хадзіць у школу. Але як толькі хлопчык увайшоў у каманду рэпарцёраў, стаўленне бацькоў, быццам па ўзмаху чароўнай палачкі, кардынальна змянілася, і яны сталі ці не галоўнымі фанатамі школьнага сайта. «А калі бацькі заходзяць на сайт, яны могуць убачыць там і іншую карысную інфармацыю, якую адміністрацыя імкнецца давесці да іх ведама», — жартуе дырэктар. За шэсць гадоў існавання праекта ніводная падзея ў рэгіёне не засталася незаўважанай школьнымі рэпарцёрамі. — Мы зламалі стэрэатып і даказалі, што нават маленькая правінцыйная школа, якая налічвае ўсяго 250 вучняў, можа быць паспяховай і канкурэнтаздольнай, — падкрэслівае спадар Фойст. — Змянілася і свядомасць у нашых вучняў. У якасці ўзнагароды за іх дзейнасць яны атрымалі магчымасць зняць самастойны «вялікі» рэпартаж непасрэдна ў студыі Чэшскага тэлебачання. Пра Пабяжовіцэ і нашу школу даведаліся ва ўсёй Чэхіі. Пералік выгад, якія мы атрымалі ад рэалізацыі праекта, я магу працягваць бясконца: гэта ўменне вучняў працаваць з медыя, арыентацыя ў праблематыцы, выхаванне густу, павышэнне адказнасці і самаацэнкі, прыцягненне ўвагі бацькоў да школьных падзей... Да таго ж створаныя дакументальныя фільмы ўяўляюць сабой каштоўную хроніку як жыцця школы, так і ўсяго рэгіёна... А мінус я бачу толькі адзін — гэта канкурэнцыя паміж школьнікамі. Каб яе не падтрымліваць і не дапускаць, мы пастаянна мяняем у камандзе ролі... Між іншым праект «Dіgіnáves» пацягнуў за сабой новы — «Чэшскі лес — месца, дзе я жыву». Школа атрымала пад яго еўрапейскі грант. Да праекта падключыліся і тры суседнія школы. Вучні ствараюць аўтарскія фільмы пра родныя мясціны. Ідэя заключаецца ў тым, каб ахапіць як мага больш шырокі спектр тэм і ўзбагаціць школьную вучэбную праграму рэгіянальнай тэматыкай. Надзея НІКАЛАЕВА nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.