Вы тут

Апавяшчальнік у пакеце і металічны комін


Карэспандэнты «Звязды» выехалі на супрацьпажарны рэйд.

Не здзіўляйцеся, калі ў кастрычніку і лістападзе супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях завітаюць да вас дадому — у краіне праходзіць месячная акцыя «За бяспеку разам». Іх задача — праверыць, наколькі добра падрыхтавана жыллё да халадоў, вызначыць «слабыя месцы» ў доме, устанавіць, каму патрэбна, аўтаномны пажарны апавяшчальнік, правесці дадатковы інструктаж. Асабліва гэта важна напярэдадні і падчас школьных вакацый. У адзін такі рэйд адправіліся і карэспандэнты «Звязды».

12

Група рызыкі

— Распрацаваны план, згодна з якім у акцыі па абыходзе людзей з «групы рызыкі» задзейнічаны ўсе суб'екты прафілактыкі — аддзел адукацыі, РАУС, аддзел сацыяльнай абароны, служба газавага нагляду, энерганагляд, — кажа першы намеснік начальніка Барысаўскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Яшэня. — Асаблівую ўвагу мы надаем сем'ям, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Правяраем стан печаў, электраправодкі, раздаём дапаможныя ўлёткі. Па выніках акцыі плануем інфармацыю абагульніць. Там, дзе трэба дапамагчы ў рамонце абсталявання, праводкі, неабходна паставіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, — будзем аб гэтым хадайнічаць. Зараз ёсць інфармацыя пра 41 дом, дзе ёсць такая патрэба.

8

80-90 працэнтаў тых, хто гіне падчас пажару, у тым ліку і ў нас у раёне, — людзі, якія былі ў нецвярозым стане. Як правіла, іх вельмі рэдка застанеш дома, каб праверыць супрацьпажарны стан памяшкання. Калі нават і трапляем да іх, бачым, што гэтыя грамадзяне махнулі рукой літаральна на ўсё. Ільвіную долю сродкаў, якія яны здабываюць, выдаткоўваюць на алкаголь. Але працу праводзім і з імі — гэта ж таксама людзі. Яшчэ адзін вораг — нездаровы кансерватызм. Гаспадары дамоў часта адгаворваюцца, маўляў, яны гэтай печкай карыстаюцца два-тры дзясяткі гадоў і нічога не здарылася. Хоць гэтая печка ўжо ў літаральным сэнсе слова ледзь ліпіць...

Ля разваленай печы

Пазадарожнік «Лада» імчыць на поўнач ад Барысава. У старшага інжынера аддзела нагляду і прафілактыкі Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Паўла Урбановіча — цэлае дасье на кожную сям'ю, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Візіт у вёску Бродаўка аказаўся няўдалым. Гаспадароў дома мы не засталі. Таму аўтамабіль мяняе курс на іншы населены пункт — Кастрыцу, да сям'і П.

— Мы да іх едзем ужо не ўпершыню, — расказвае старшы інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Барысаўскага ГРАНС Сяргей Тарасевіч. — Дзеці там не першы месяц знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы — бачыце, якая ў нас «база даных» назбіралася. Таму і правяраем пастаянна гэты дом. Да таго ж паставілі там неяк пажарны апавяшчальнік, вось цяпер і паглядзім, як ён там працуе.

Пакруціўшыся крыху па лабірынце вясковых вуліц, пазадарожнік спыняецца ля дабротнага прыватнага дома. Тут жа выбягае маленькі вяртлявы сабака, які бясконца брэша на нязваных гасцей. На грук у дзверы выходзіць гаспадыня дома.

— Дзень добры, пажарны нагляд, — прадстаўляецца Павел Урбановіч. — А дзе ваш малы?

— У школе, дзе ж яму яшчэ быць. Ды вы заходзьце, чаго стаяць пад дажджом.

Інспектары заходзяць у сціпла абстаўлены пакой і адразу ж кідаюць позірк на столь. Аўтаномны пажарны апавяшчальнік кудысьці знік. І тут пачынаецца даволі займальны дыялог, падчас якога некалькі разоў апаноўвала жаданне схапіцца за галаву...

4

— Мы ў вас ставілі прыбор. Куды ён падзеўся?

— Ды вось жа ён, — і з гэтымі словамі гаспадыня хаты адчыняе шафу, дастае адтуль завязаны цэлафанавы пакецік, у якім і ляжыць апавяшчальнік.

— А навошта вы туды яго паклалі? Вы маеце ўяўленне аб тым, для чаго апавяшчальнік патрэбен і як працуе?

— Безумоўна, ведаю. Калі хто курыць ці яшчэ аднекуль дым ідзе, ён пішчаць пачынае. А паклалі таму, што рабілі нацяжную столь. Не псаваць жа яе.

— Ну зразумейце вы, ён жа не павінен ляжаць мёртвым грузам. Пакладзіце прыбор хаця б на шафу. На сценку павесьце. Хіба ж мала месцаў у гэтым пакоі? Ён у вас і цяпер працаваць не будзе. Батарэйкі ж няма, я бачу. Трымайце памятку аб тым, як трэба карыстацца аўтаномным пажарным апавяшчальнікам.

Інспектары пачынаюць аглядваць печы. Дакранаюся да сценкі адной з іх — яшчэ цёплая, палілі не так даўно. Праўда, дзе-нідзе на корпусе печы відаць шчылінкі. Ды і некаторыя цагліны ўнізе, акурат ля топачных дзверцаў, даверу не ўнушаюць. Здаецца, толькі крані некаторыя з іх — і ўся гэтая старэнькая канструкцыя тут жа абваліцца ўніз. Металічнага ліста перад печчу таксама няма.

5

— У вас жа печы трэба перарабляць. Чаго чакаеце? Маразы на носе. Гэтыя работы трэба было рабіць летам. А цяпер вы пакідаеце малых без цяпла... — ушчувае гаспадыню Павел Урбановіч. — Вы ж ведалі, што будзеце жыць тут. А ў вас печкі развальваюцца.

— Дык пячнік у бальніцы.

— І што, трэба чакаць, пакуль ён выйдзе адтуль? Звяртайцеся ў райвыканкам па дапамогу. Пачынайце зараз жа. Нельга ж карыстацца печкамі ў такім стане.

Павел Урбановіч знаходзіць лескі і лезе па іх правяраць стан дымахода. Назад інспектар спускаецца заклапочаны.

— У вас на гарышчы вельмі цікавая сітуацыя склалася. Невядома, калі абрынуліся цагліны. Іх хтосьці склаў і накрыў кардонам. І як вы сабраліся зімаваць з такой печчу?

— Калі вернецца муж з працы, я скажу яму, каб заняўся гэтым.

— Чаму вы так бесклапотна ставіцеся да пытанняў бяспекі? — кажа інспектар, робячы апошнія пазнакі ў лісце. — Зараз у краіне дзейнічае Дэкрэт Прэзідэнта №18. Калі вы не забяспечыце ўмовы бяспечнага пражывання няпоўнагадовых, малых у вас могуць адабраць. Вы знаходзіцеся ў сацыяльна небяспечным становішчы. І паўкрока да таго, каб дзяцей забралі, ужо зроблена. Наступны раз прыедзем да вас праз тыдзень. Каб усё дарабілі. Часу ў вас было шмат...

28-34

«Так можна і хату спаліць»

Машына інспектараў кіруецца ў вёску Жыцькава. Па іх звестках, у тамтэйшым бараку жыве яшчэ адна сям'я, становішча малога ў якой прызнана сацыяльна небяспечным. Праўда, у дакументах ёсць разыходжанне наконт месца жыхарства сям'і. І праз некалькі хвілін становіцца зразумела, чаму: барак у Жыцькаве ўжо напалову знесены. Новае жыллё сям'і выдзелілі бліжэй да райцэнтра, у вёсцы Брусы.

На шчасце, і тут гаспадар аказаўся дома. Відаць па раскладзеных рэчах, што сям'я зусім нядаўна «сядзела на чамаданах». Міжволі кідаю позірк спачатку на адну печку, пасля на другую. Абедзве топкі без дзверцаў. На драўлянай падлозе няма і слядоў ад таго, што тут калісьці быў прыбіты металічны ліст...

— А як вы паліце ў печках? — задае пытанне Павел Урбановіч.

7

— Мы толькі ўвечары адной карысталіся, каб не змерзнуць ноччу, — адказвае К. — Ды і тое пакрысе. Пазычыў у суседа лескі, зірнуў на гарышча — як быццам усё добра. З другой печчу сітуацыя незразумелая: суседзі кажуць, што там комін наогул зняты.

— Ну што ж вы. Паглядзіце, ёй нельга карыстацца. Так жа дом спаліць можна. Тут, праўда, не зразумець, і хаце колькі гадоў, і хто быў яе ранейшым гаспадаром, і колькі часу яна прастойвала... Вазьміце памятку з інструкцыяй аб тым, як бяспечна паліць у печы. А дзе ваш сын?

— У Барысаве, у сястры.

— Пакуль вы тут не скончыце ўсе работы, пакуль не запрацуе належным чынам электраправодка, малога сюды перавозіць нельга. Толькі пасля таго, як вы будзеце гатовы, інфармуйце Барысаўскі ГРАНС аб тым, што вы ўсё скончылі і гатовы малога перасяліць. Да вас прыедзе інспектар. Толькі калі ён дазволіць, тады і перасяляйце сюды хлопчыка. Ёсць чым печку адрамантаваць?

— Ёсць пячная цэгла, каля ўваходу ляжыць. Кладку весці ўмею. Ды і з электрыкай я на «ты».

9

— Ну вось вы ўсё, што трэба, умееце рабіць. Дзейнічайце. А інспектар пасля праверыць.

Калі правершчыкі выходзілі з дома, у вочы кінуўся саржавелы металічны комін. Гаспадар пагадзіўся з тым, што яго трэба як мага хутчэй замяніць на цагляны...

11

Зразумела, што ніхто не паклапоціцца пра свой дом лепш за яго гаспадара. Але ж што становіцца прычынай абыякавых адносін да сваёй жа бяспекі — прывычка ўсё адкладваць на апошні момант ці проста лянота? Ці чамусьці папулярная і цалкам памылковая думка, што трагедыя можа здарыцца з кім заўгодна, толькі не са мной? Напэўна, адказ на гэтыя пытанні трэба шукаць у нас саміх...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Надзеі БУЖАН.

schklennik@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».