Вы тут

Электронная «чыталка» супраць папяровай


Не так даўно прачытаў навіну, што за апошнія дваццаць гадоў Беларусь страціла амаль палову бібліятэк. Нічога дзіўнага: час прымушае лічыць грошы. І трымаць разгалінаваную сетку «кніжняў», што засталася ў спадчыну ад савецкай эпохі, становіцца немэтазгодна. Асабліва ў маленькіх населеных пунктах. Таму закрыццё або скарачэнне — адзінае магчымае выйсце з сітуацыі.

29-14

Як чалавек, які лічыць сябе культурным, я шчыра паспрабаваў крыху пажурыцца з гэтай нагоды. Але зразумеў, што навіна пра закрыццё бібліятэк мяне не надта ўзрушыла. Бо мая бібліятэка заўсёды са мной. Яна важыць грамаў дзвесце і лёгка змяшчаецца ў торбе. Так, электроннай «чыталкай» ужо нікога не здзівіш. Наўрад ці хто зможа аспрэчыць і той факт, што інтэрнэт па колькасці даступных тэкстаў даўно абскакаў большасць звычайных кнігасховішчаў. Гэтаксама паравоз некалі пасунуў на ўзбочыну цывілізацыі конныя павозкі, а электрычная лямпачка адправіла ў музей дзедаўскія газоўкі...

Вядома ж, многія запярэчаць, што папяровую кнігу і трымаць у руках прыемней, і чытаць лягчэй. Насамрэч гэта пытанне густу і звычкі. А яшчэ — грошай. Бо цэны ў кнігарнях часам нагадваюць нумары тэлефонаў. А вось у інтэрнэце можна задарма знайсці процьму кніг. Калі ж вы прынцыповы праціўнік «пірацтва», не бяда: можна сумленна купіць электронны тэкст за грошы — усё адно выйдзе танней. І што б там ні казалі пра цёплы шоргат старонак і водар друкарскай фарбы, матэрыяльны фактар пераважыць любыя эстэцкія дзівацтвы.

Зразумейце правільна: я не ганю звычайныя кнігі. Сам на іх гадаваўся. Але варта прызнаць, што ў іх таксама ёсць пэўныя «мінусы». Напрыклад, памер. Мая «бібліятэка ў торбе» ў папяровай рэінкарнацыі заняла б сабой паўдома. А аддаваць цэлы пакой пад кнігазбор пры сярэднестатыстычных жыллёвых умовах — гэта занадта. Таму з папяровымі кнігамі я паціху развітваюся. Тыя, што не мелі ні гістарычнай, ні культурнай каштоўнасці, даўно адправіліся на сметнік. Так, я дазваляю сабе выкідаць макулатуру, што маскіруецца пад кнігі. Сапраўдныя ж кнігі раздаю сябрам і знаёмым. Пусціў па руках нават падборку класікі, якую некалі купляў на апошнія студэнцкія капейкі і над якой тросся, бы той Габсек над сваімі капіталамі. Але ж сёння класікі ў інтэрнэце — хоць зачытайся. Прычым не толькі рускай, але і нашай, беларускай.

Ці наканавана папяровым кнігам знікнуць? Думаю, міне час, і яны будуць друкавацца невялікімі накладамі, спецыяльна для аматараў. Як выпускаюцца ў наш час грампласцінкі для тых, каму не даспадобы танны лічбавы гук. Бо ў аскепках старых тэхналогій ёсць нешта мілае сэрцу. Нешта такое, што вяртае нас да нашага мінулага. Менавіта таму ў мяне на паліцах заўсёды знойдзецца месца для некалькіх дзясяткаў папяровых кніг. Тых, што абуджаюць успаміны пра самыя яскравыя моманты жыцця. Тых, што пакінулі самы глыбокі след у свядомасці. Толкіен, Гесэ, Азімаў, Пялевін, Стральцоў...

Новая эпоха дыктуе новы падыход да захоўвання інфармацыі. І ў тым, што «лічба» выцясняе паперу, няма нічога фатальнага. Гэта выключна тэхнічнае пытанне. Не шкадуем жа мы пра тое, што чалавецтва некалі адмовілася ад бяросты і папірусу. І таму з папяровай кнігі таксама не варта рабіць фетыш. Галоўнае — гэта не матэрыял, а сам тэкст. Спалучэнне знакаў, што нараджае новыя сусветы. Носьбіт мяняецца, а напісанае застаецца.

Валянцін Бойка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».